№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марыс Леблан

Авантура Арсэна Люпэна (Une aventure d’Arsène Lupin)

П'еса

Пераклад з французскай Наталля Ярмольчык


ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

 

АРСЭН ЛЮПЭН

ДЭМБЛЕВАЛЬ, скульптар, 55 гадоў

МАРЭСКО, намеснік начальніка паліцыі

СУЎДЗЕЛЬНІК

ПАЛІЦЭЙСКІ

АГЕНТЫ ВЫШУКОВАЙ ПАЛІЦЫІ, ПАЛІЦЭЙСКІЯ

МАРСЭЛІНА, дачка Дэмблеваля

 

 

Сцэна ўяўляе майстэрню скульптара, наперадзе справа — шырма, што напалову хавае спецыяльны пакой для натуршчыкаў.

 

У глыбіні сцэны — галоўныя дзверы. Калі яны адчыненыя, то бачны вестыбюль і ўваходныя дзверы. Злева — двое дзвярэй, справа на пярэднім плане — дзверы больш масіўныя з засаўкамі і ланцужком.

 

Майстэрня не мае акна, аднак нахіленая шыба складае частку столі.

 

Пісьмовы стол, зэдлікі, стэлы, эскізы, падстаўкі, некалькі фатэляў і скураных крэслаў, сукенкі, манто і аксэсуары для натуршчыкаў. Тэлефон на стале. Статуя Купідона.

 

Калі заслона падымаецца, на сцэне нікога няма, святло выключанае.

 

Уваходныя дзверы ў глыбіні сцэны рэзка адчыняюцца. Уваходзіць Марсэліна ў бальнай сукенцы, за ёй — бацька.

 

МАРСЭЛІНА (задыхаўшыся). Ты нікога не заўважыў на лесвіцы?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (зачыняе ўваходныя дзверы на ланцужок і засаўкі). Ды не, нікога.

 

МАРСЭЛІНА. Ва ўсякім разе, за намі ішлі.

 

(Уключае святло).

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Але хто, Божа ж ты мой!

 

МАРСЭЛІНА. Нехта нас ужо чакаў ля дома мадам Вальтон-Трэмор.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Марсэліна, ты так баішся, што пачынаеш несці лухту.

 

МАРСЭЛІНА. Лухту?! Тады чаму ты прымушаеш мяне насіць гэтае калье?

 

(Заходзіць у свой пакой праз дзверы злева ў глыбіні сцэны, здымае манто і вяртаецца).

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Зірніце на яе! Дачушка, гэта легендарнае калье, што зрабіла мяне знакамітым… “Дэмблеваль? О так, гэта ж скульптар, які дорыць сваёй дачцэ смарагдавыя калье!” Толькі гэта дапамагло мне атрымаць замову на Купідона, маю найлепшую працу!

 

МАРСЭЛІНА. Яно нават не маё…

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Што ты такое вярзеш? Я пазычыў дзесяць тысяч франкаў герцагіні дэ Брэў і ўзяў гэтае калье ў заклад. Яна не зможа вярнуць мне грошы ў вызначаны тэрмін. Тым горш для яе.

 

МАРСЭЛІНА. Але яно каштуе ў дзесяць разоў больш.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Тым лепш для мяне.

 

МАРСЭЛІНА. Па-мойму, так нельга, тата.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Аяяй, грошы пад заклад! А чаго ты хацела, дачушка? Неабходна мець дадатковыя рэсурсы, бо аднаго мастацтва ў наш час недастаткова.

 

МАРСЭЛІНА. Табе лепш відаць, тата. Але я не змагу нармальна жыць, калі тваё калье будзе тут. Раней ці пазней які-небудзь злодзей…

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Заўтра ж занясу яго ў банк “Крэдзі Льёнэ”.

 

МАРСЭЛІНА. А калі прыйдуць гэтай ноччу?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Але чаму менавіта гэтай ноччу?

 

МАРСЭЛІНА. Сёння раніцай твой натуршчык, гэты рускі стары, цудоўна бачыў, як ты клаў калье ў шуфляду стала.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Праўда? Тады я пакладу яго ў іншае месца… куды заўгодна… туды, дзе дакладна не хаваюць нічога каштоўнага… Вось, глядзі, кладу ў вазу, сюды, і ніякай небяспекі…

 

(Кладзе калье ў вазу з кветкамі. Нечакана раздаецца тэлефонны званок. Яны пераглядаюцца. Яшчэ адзін званок).

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (ціхім голасам). Тэлефон…

 

МАРСЭЛІНА. Так… Дык падымі ж, тата.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Тэлефон у дзве гадзіны ночы. (Хутка падымае слухаўку). Алё… так, я… Прэфектура паліцыі?... Што? Паўтарыце, калі ласка. (З усё большым хваляваннем). Як? Што? Не можа быць!.. Алё!.. Халера, перарвалася!

 

МАРСЭЛІНА. Хто гэта?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (кладзе слухаўку). Вышуковая паліцыя. Нам пагражае крадзеж гэтай ноччу.

 

МАРСЭЛІНА. Калье! Вось бачыш! Гэта жахліва! І служкам ты якраз даў адпачынак!

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Шэсць інспектараў ужо ў дарозе пад кіраўніцтвам намесніка начальніка паліцыі Марэско, я яго ведаю асабіста…

 

МАРСЭЛІНА. А калі яны спозняцца?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. І што? Я ж тут! І потым, у нашым доме трое арандатараў.

 

МАРСЭЛІНА. А асобны ўваход для тваіх натуршчыкаў?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (праверыўшы ланцужок і засаўку). Трымай ключ.

 

МАРСЭЛІНА. Што ты робіш?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (хапае вазу і накіроўваецца ў пакой дачкі). Прыбіраю калье.

 

МАРСЭЛІНА. У мой пакой?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Так, я буду побач з табой да прыбыцця…

 

МАРСЭЛІНА. Але я не хачу. Пакінь яго тут.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (ставіць вазу на пісьмовы стол). Маеш рацыю. Да таго ж, няма лепшай схованкі. Яго будуць шукаць паўсюль, акрамя як тут. Можна супакоіцца.

 

МАРСЭЛІНА. Мне ўсё роўна. Галоўнае не ў маім пакоі.

 

(Дэмблеваль выключае святло, і кожны з іх ідзе ў свой пакой. На сцэне нікога няма. На момант яе залівае чароўнае месяцовае святло, што трапляе праз шкло ў столі. Раптам чуецца лёгкі шум зверху. Адзін з квадрацікаў святла рухаецца, і робіцца бачнай тоўстая вяроўка, якая пакрысе спускаецца, хістаючыся то ў адзін, то ў другі бок. Яе канец спыняецца за два метры ад падлогі. І адразу ж па ёй ўніз спаўзае цень).

 

ЛЮПЭН (шукае выключальнік). Адчыніце, калі ласка!.. Крышачку святла! (Уключае святло. Люпэн апрануты як бандыт: доўгая блуза, капялюш, рудая барада веерам. Ён бярэ люстэрка з туалетнага століка і глядзіцца ў яго). Ну ў цябе і кацяло-ок! Ды ты рыхтык шпана! Шпана Люпэн. Ого, рэвальвер, ледзь не забыў! Та-ак… Ух ты, гэта што? Пульверызатар?

 

СУЎДЗЕЛЬНІК (вызірае са слыхавога акенца). Люпэн!

 

ЛЮПЭН. Чаго?

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Вы здурнелі!

 

ЛЮПЭН. Чаму?

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Святло!

 

ЛЮПЭН. Табе перашкаджае?

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Так!

 

ЛЮПЭН. Ну, закрый вочы.

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Але…

 

ЛЮПЭН. І рот.

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Патрон…

 

ЛЮПЭН. Скажыце, калі ласка! Займіся лесвіцай, Якаў.

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Чаму вы называеце мяне Якавам?

 

ЛЮПЭН (разглядаючы фотаздымак). Табе не зразумець. [1] (Сам сабе, накіроўваючыся да пісьмовага стала). О! Паглядзіце толькі, гэта ж тая маладая асоба, якую я заўважыў на балі ў Вальтон-Трэмор… Выбачаюся, мадэмуазэль, абставіны вымагалі так вось някідка, па-рабочаму, апрануцца. Бедная дзяўчынка, мы забярэм твае смарагды… Ах, калі б масла не каштавала так дорага… (Ставіць партрэт назад). Так, паводле плана старога рускага… (Называе месцы). Вестыбюль… калідор перад пакоем маленькай… ахвяры… Тут лесвіца для натуршчыкаў… (Падымае заслону). А тут іх пакой для пераапранання… Вось і пісьмовы стол… Усё правільна. (Дастае з кішэні мяшэчак са звязкай ключоў). Пісьмовы стол… трэцяя шуфляда, казаў стары рускі.

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Так, патрон.

 

ЛЮПЭН. Пачнем. Выкраданне смарагдаў, драма ў пяці актах, музыка Люпэна. Уступае ўверцюрны, удасканалены Арсэнам ключ… (Адчыняе шуфляду). Ёсць!.. Лёгка, без напружання… А табе, табе гадоў пяцьдзясят спатрэбілася б, каб знайсці!.. Ого! Ну і ну!

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Што?

 

ЛЮПЭН. Трэцяя шуфляда пустая.

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. А астатнія?

 

ЛЮПЭН (раз’юшаны, паварочваецца да дзвярэй пакоя). Вось жа скаціна! Бывае ж! Хвалюешся тут, задніцу падстаўляеш — і на табе, задніца!

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Змываемся!

 

ЛЮПЭН (паставіўшы нагу на лесвіцу, пасля некаторага вагання). Ай не, гэта было б занадта па-дурному. (Абшуквае пісьмовы стол). Гэты баязлівец мусіў пакінуць яго тут!

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Пападземся!

 

ЛЮПЭН. Хопіць! (Задумваецца, потым рашуча). Якаў!

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Што, патрон?

 

ЛЮПЭН. Падымай лесвіцу!

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Што?

 

ЛЮПЭН. Рабі што кажу.

 

(Лесвіца падымаецца).

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. І што далей?

 

ЛЮПЭН. Заставайся і цікуй. Сачы за бульварам. Калі ты мне спатрэбішся, я свісну! Давай! (Падыходзіць да выключальніка, выключае святло і шэпча). Тры ўдары… (Стукае тры разы па падлозе). Заслона! (Забягае за заслону і хаваецца, сочачы праз шчыліну. Дзверы пакоя адчыняюцца, з іх высоўваецца галава Дэмблеваля. Ён усхваляваны. Уключае святло).

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (дачцэ, што з’яўляецца ў дзвярах свайго пакоя, апранутая па-ранішняму). Нікога.

 

МАРСЭЛІНА. Тата, добра паглядзі.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (падыходзячы да яе). Кажу ж табе, нікога няма.

 

МАРСЭЛІНА. А дзверы?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (праходзіць праз сцэну да дзвярэй вестыбюля). Ды няма нікога.

 

МАРСЭЛІНА. Калье…

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (бярэ са стала вазу). За гэта я спакойны, усё на месцы. (Дастае калье і кладзе назад). І я прашу цябе, спакайней! (Выходзяць, Дэмблеваль выключае святло). Перастань мяне палохаць!

 

ЛЮПЭН (уключае святло і падыходзіць да стала. Бярэ вазу і разглядае калье). Ён такі мілы! За ягоныя турботы я пакіну яму вазу і кветкі. (Кладзе ў кішэню калье, вяртаецца да трыногі, кліча суўдзельніка). Псс! (Паўза). Ды што ж гэта такое… Псс!.. Якаў!..

 

СУЎДЗЕЛЬНІК (высоўваючыся, разгублена). А? Патрон?

 

ЛЮПЭН. Дзе ты быў?

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. На іншым баку… Там людзі ўнізе, яны званілі… з паўтузіна чалавек.

 

ЛЮПЭН. Хутчэй, ліфт мне сюды. (Суўдзельнік спускае вяроўку). Ну давай жа… я чую шум… Ну, што там? (Раздаецца званок у дзверы).

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. Трымайцеся за вяроўку.

 

ЛЮПЭН. Позна. Знікні.

 

СУЎДЗЕЛЬНІК. А як жа вы, патрон?

 

ЛЮПЭН. Выкручуся… варушыся давай. (Выключае святло. Шкло застаецца адсунутым, Люпэн хаваецца за шырмай. Дэмблеваль выходзіць з пакоя і ўключае святло).

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Але ж там сапраўды шумяць. Мабыць, паліцыя. Хто там? Хто там?

 

ГОЛАС. Марэско, намеснік начальніка паліцыі.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. О, урэшце можна ўздыхнуць свабодна. (Праходзіць праз сцэну, адчыняе дзверы ў глыбіні і ідзе ў вестыбюль). Зараз… іду…

 

ЛЮПЭН (падбягае да дзвярэй вестыбюля і ўважліва сочыць). Марэско, намеснік… ну што ж, я гатовенькі. (Ціха кліча). Якаў… Якаў… (Перасоўвае стол, залазіць на стэлу, але адлегласць да слыхавога акенца занадта вялікая. Шэптам). Далёка!.. Але я не дам сябе злавіць!.. Што калі пакласці каменьчыкі на месца?..

 

(Павагаўшыся некалькі імгненняў, ён накіроўваецца да дзвярэй у глыбіні сцэны і замыкае іх на ключ. Чуваць нейкая мітусня, дзверы трасуцца).

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (крычыць з-за дзвярэй). Там нехта ёсць! Не ламайце мне дзверы, ідзіце па слесара!

 

(Літаральна за імгненне Люпэн пазбаўляецца ад блузы і капелюша, кідае іх на стол і на падлогу каля стэлы і хаваецца за шырмай. Уваходзяць Марэско і паліцэйскія. Дэмблеваль уключае святло. Люпэн схаваны за шырмай, на ім звычайнае адзенне. Ён зняў рудую бараду, прысеў і спакойна здымае грым з твару).

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (ашалела). Дзе ён?

 

МАРЭСКО. Схаваўся.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Вось як! Паглядзіце ў маім пакоі, Марэско, ён можа быць толькі там. Праходзьце.

 

МАРЭСКО (адчыняе дзверы). Нікога… Можа, за шырмай? (Праходзіць праз сцэну; Люпэн вітаецца ўзмахам рукі, але Марэско заўважае толькі стол і стэлу). Не, тут няма… глядзіце…

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Неверагодна.

 

МАРЭСКО. Тым не менш… стол… трынога… так і ёсць. Ён збег праз дах.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Але як ён сюды трапіў?

 

МАРЭСКО. Гэтак жа.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Занадта высока!

 

МАРЭСКО. Глядзіце… У яго былі суўдзельнікі… слыхавое акенца ўсё яшчэ адчыненае… Ці можна падняцца на дах?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Трэба спусціцца ўніз і папрасіць у кансьержа службовую лесвіцу. Гэты чалавек ужо далёка, калі ён сапраўды трапіў сюды гэткім спосабам.

 

МАРЭСКО. Мой сябра, ды вы сляпы. (Паказвае на блузу). А гэта? Што гэта такое? Вашая?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Не.

 

МАРЭСКО. Халера! Гэта ж ягоная блуза… Ён кінуў яе, каб лягчэй збегчы… А вось і капялюш, дакладна такі, як апісваў стары рускі.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Які стары рускі? Мой натуршчык?

 

МАРЭСКО. Так, яго падабралі на вуліцы п’янага да непрытомнасці, ён і прагаварыўся.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Ён і ёсць суўдзельнік?

 

МАРЭСКО. Суўдзельнік чалавека, якога мы шукаем ужо некалькі дзён… рудая барада… гэта адзін з самых небяспечных бандытаў. Дзякуючы рускаму мы ведаем, што крадзеж быў запланаваны на гэтую ноч… Калье, відаць, скрадзена...

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (спакойна). Не.

 

МАРЭСКО. Так-так… смарагдавае калье, што ляжыць у замкнутай шуфлядзе стала.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (іранічна). Стол вось гэты, безумоўна!

 

МАРЭСКО. Магчыма.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Ну не. Знайшлі дурня!..

 

МАРЭСКО. Але ж у вас ёсць смарагдавае калье.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Так. І цудоўнае!

 

МАРЭСКО. І дзе яно?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. У надзейным месцы, у бяспецы ад любых замахаў. Я адказваю за гэта.

 

МАРЭСКО. І ўсё ж дзе яно?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Пад самым вашым носам.

 

МАРЭСКО. Дэмблеваль!

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (паказвае пальцам). Там, у вазе. Усё вельмі проста. Вы цудоўна разумееце, што ніякі злодзей ніколі не здагадаецца. (Глядзіць у вазу, агаломшана). О Божа!

 

МАРЭСКО. Што такое?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Яно знікла! (Падае на крэсла). Трэба бегчы… трэба яго схапіць!.. (Ускоквае і спяшаецца да пакоя дачкі). Марсэліна! Калье!

 

Уваходзіць Марсэліна.

 

МАРСЭЛІНА. Як такое магчыма?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Казаў жа я табе! А ты хацела калье…

 

МАРСЭЛІНА. Але хто яго скраў?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (з усё большым хваляваннем). Чалавек з барадой… з рудой барадой… бандыт… забойца!

 

МАРЭСКО. Супакойцеся, я вас прашу. Жорж, Дзюпюі, падыміцеся наверх.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Так! Падыміцеся наверх! Вы што, думаеце, ён іх там чакае?

 

МАРЭСКО. І тым не менш…

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (тупаючы ў шаленстве). Ды ну! А дом побач? Гатэль графа Дрэ, дахі сумежныя!

 

МАРЭСКО. Ну што ж… хадзем!

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (тым самым тонам) Сад гатэля? Там можна пераскочыць праз сцяну.

 

МАРЭСКО. Мы яго апярэдзім.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (тым самым тонам). Не, для гэтага трэба прагуляцца праз увесь бульвар. Божа, гэта невыносна!

 

МАРЭСКО. А гэтыя дзверы…

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. За імі лесвіца для маіх натуршчыкаў.

 

МАРЭСКО. Куды яна вядзе? На бульвар?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Не, на плошчу. Марсэліна, дай ключ.

 

МАРСЭЛІНА. Ён у маім пакоі.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Ладна, не турбуйся. (Падае ў крэсла). Гэта толькі падаўжае дарогу… Э-э, можа быць… не ведаю…

 

МАРЭСКО (паліцэйскім). Варнье, на плошчу, уніз да выхаду. Дзюпюі, бяжы ў камісарыят на вуліцы Нэмур і прывядзі чалавек шэсць. Без сумневу, у яго ёсць суўдзельнікі.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (падымаецца з крэсла і паказвае на слыхавое акенца). А калі гэты тыпус вернецца праз яго… мая дачка…

 

МАРЭСКО. О, для гэтага няма ніякіх падставаў, але хай мадэмуазэль лепш не выходзіць з пакоя… Мадэмуазэль, не адчыняйце дзвярэй нікому, акрамя бацькі і мяне. Зрэшты... (Аднаму з паліцэйскіх). Гантран, застаешся тут. І страляй, калі трэба будзе: гэта адзін з самых небяспечных бандытаў.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Нягоднік, забойца… Хутчэй, Марэско, хутчэй, ідзіце першы, я замкну.

 

Сыходзяць усе, акрамя Гантрана. Увесь гэты час Люпэн сядзіць спакойна. Ён зняў грым, пачысціў пазногці, расчасаў сваю фальшывую бараду і паклаў яе ў кішэню, потым пачаў забаўляцца з касметыкай, шкляначкамі парфумы, пісталетам-пульверызатарам, прыладай для завіўкі валасоў. Потым энергічна падняўся, гатовы дзейнічаць. Інспектар зачыніў дзверы ў глыбіні сцэны. Ён падыходзіць да краю сцэны, накіроўваецца да лесвіцы для натуршчыкаў, праходзіць за шырмай і вяртаецца ў цэнтр. Люпэн абыходзіць шырму ў той самы час, што і інспектар, які яго не заўважае. Вярнуўшыся на ранейшае месца, Люпэн хвілінку разважае, потым на дыбачках набліжаецца да інспектара, які скручвае цыгарэту, заціскае яму рот сурвэткай, якую знайшоў за шырмай, паварочвае яго тварам да сябе і наводзіць на яго рэвальвер, трымаючы за дваццаць сантыметраў ад твару.

 

ЛЮПЭН. Рукі ўгору, не варушыся, я не зраблю табе нічога кепскага. (Інспектар спрабуе вызваліцца і пачынае рохкаць). Ды змоўкні ты! (Шукае нешта ў кішэні і выцягвае адтуль маленькую шкляначку). Крыху хлараформу… Гэта цябе крыху ахалодзіць… (Ад хлараформу інспектар засынае). Цудоўненька, разумны хлопчык. Вось табе ў падарунак яшчэ крыху парфумы. (Наводзіць пісталет-пульверызатар на інспектара і пырскаецца). Спі, баю-бай. (Цягне яго да пакоя Дэмблеваля. Адчыняе дзверы). Ідзі, ідзі спацькі… (Хутка вяртаецца, адчыняе дзверы ў глыбіні сцэны, бяжыць да дзвярэй вестыбюля і выцягвае свае інструменты, каб узламаць замок. Аднак спыняецца, прыслухоўваецца і шэпча). Толькі гэтага не хапала! Сцягнулі мае рабочыя інструменты, ты паглядзі! (Вяртаецца, зачыняе дзверы майстэрні, ідзе да дзвярэй пакоя для натуршчыкаў). Што ж такое!.. Трэба ключ… Так, што тут?.. А тут?.. Замкнёна… канец! Думай, думай! (Азіраецца па баках, быццам дзікі звер, пасля сядае за стол). Як жа так, Люпэн!.. (Заўважае побач тэлефон, думае, глядзіць на выхад з пакоя натуршчыкаў, потым на дзверы пакоя Марсэліны). Так, канечне, можна, але патрэбен ключ. (Паўза). А зрэшты, чаму б не? (Глядзіць на гадзіннік). Чвэрць гадзіны засталася, гэтага хопіць. (Падымае слухаўку, ціхім, але спакойным і ўладным голасам). 648.75 (Паўза). Алё! Злучыце з нумарам 648.75. (З хваляваннем). Ну што рабіць, нічога іншага не застаецца… Алё! Наглядчыца, мне патрэбная наглядчыца… (Паўза). Наглядчыца? Гэта ты, Караліна? Слухай мяне ўважліва, дарагая. (Раздражнёна). Богам прашу, ні слова! Слухай… Сыдзі зараз з працы. Вазьмі машыну. Едзь у нашае месца. Там будуць Бернар і Грыфін. Перадай ім, што я замкнёны ў кватэры скульптара Дэмблеваля. Інспектары чакаюць унізе і на плошчы, каля выхаду з пакоя для натуршчыкаў. Няхай заменяць іх і чакаюць мяне. Праз дзесяць хвілін… Што? Калі там будуць і іншыя, хай прыходзяць усе… праз дзесяць хвілін! (Кладзе слухаўку, глядзіць на гадзіннік, потым ідзе да дзвярэй пакоя, слухае і пачынае настойліва грукаць у дзверы). Хутчэй адчыніце, гэта я, Марэско, прашу вас! Вельмі тэрмінова! Вазьміце ключ ад пакоя для натуршчыкаў. (Дзверы адчыняюцца, выходзіць Марсэліна, і ў яе вырываецца прыглушаны крык).

 

ЛЮПЭН (жорстка і ўладна). Ні слова! Так, гэта я! (Перашкаджае ёй зачыніць дзверы, вядзе яе на сцэну, яна дрыжыць).

 

МАРСЭЛІНА. Хто вы?

 

ЛЮПЭН. Ні слова!.. Чакайце… не спрабуйце зразумець, я вам зараз усё растлумачу. (Спалоханая Марсэліна апускаецца долу). І безумоўна, безумоўна, нічога не бойцеся… я не хачу вам ліхога.

 

МАРСЭЛІНА. Але мсье…

 

ЛЮПЭН. Цішэй, прашу вас… нельга, каб пачулі вас альбо мяне. (Ідзе зачыніць дзверы ў глыбіні сцэны). З вельмі сур’ёзнай прычыны. Нельга, каб ведалі, што я тут, побач з вамі, што я прыйшоў да вас. (Усё больш упэўнена, быццам нарэшце знайшоў патрэбныя словы). Так, да вас! Сёння вечарам вы былі на балі ў доме Вальтон-Трэмор… Я вас убачыў… О! І гэта не першы раз… Я хадзіў за вамі паўсюль… падчас закупаў…

 

МАРСЭЛІНА (здзіўлена слухае). Падчас закупаў… але я не хаджу на закупы!

 

ЛЮПЭН. Так-так, падчас закупаў у крамах… І кожны раз, калі вы наведвалі тэатр…

 

МАРСЭЛІНА. Ніколі!

 

ЛЮПЭН (увесь час азіраецца вакол). О! прашу вас, не перапыняйце мяне… у нас усяго дзесяць хвілін… я так доўга шукаў магчымасці пагаварыць з вамі! Нашмат больш часу, чым маю цяпер! І вось нарэшце сёння ўвечары… гэты баль у Вальтон-Трэмор… яны ж мае сябры… чароўная жанчына… Увесь час… мы ж у адным клубе, яе муж і я…

 

МАРСЭЛІНА. Але ж яна ўдава!

 

ЛЮПЭН (у тым жа духу, вельмі жарсна). Так, з таго часу як яе муж памёр… Але ж перад гэтым ён мусіў мяне прадставіць! І вось я тут, гляджу на вас… (Набліжаецца). О! Вы не маглі мяне бачыць… я хаваўся… я страшэнна сарамлівы. Я не насмельваўся падысці... І тады я падумаў... і прыйшоў наўздагад… і загрымеў у гэтую справу з крадзяжом… Сёння ўвечары… я хацеў убачыць вас… пагаварыць з вамі… я ўжо сыходжу... Так, я пайду праз хвіліну… Вы ж пагодзіцеся, што мяне не павінныя тут убачыць… Я сыду праз гэтыя дзверы… Іншых жа няма… ужо іду… іду… Вы ж разумееце мяне?

 

МАРСЭЛІНА (з недаверам разглядае яго). Ды не… Не, я вас не разумею… Я вярнулася разам з бацькам.

 

ЛЮПЭН. І што?

 

МАРСЭЛІНА (яе падазрэнні ўзмацняюцца). Мы ж зачыніліся… І як тады вы… як?..

 

ЛЮПЭН. Ну, гэта няважна.

 

МАРСЭЛІНА (адыходзіць). Ды не, важна… Вы прыйшлі разам з гэтым чалавекам!

 

ЛЮПЭН (абурана). Чалавекам з рудой барадой!

 

МАРСЭЛІНА (падаецца назад). Пакіньце мяне… я хачу…

 

ЛЮПЭН (затрымлівае яе, груба). Вы куды? (Яна спыняецца. Паўза. Ён бярэ сябе ў рукі і спрабуе яе супакоіць). О! Прашу мяне прабачыць… даруйце… (Употай глядзіць на гадзіннік і шэпча). Ах каб цябе чэрці… (Далей гаворыць вельмі ціхмяна, наўздагад, не слухаючы сябе і самому сабе супярэчачы). Ну так, я прыйшоў з гэтым чалавекам… (Марсэліна спрабуе адысці да дзвярэй, што ў глыбіні сцэны). Не, не, не бойцеся, я не ягоны суўдзельнік… О не! Такі нягоднік! Апошні з нягоднікаў… Але я даведаўся пра ягоныя планы і скарыстаў магчымасць, каб прыйсці… Я хацеў мець нейкую вашую рэч… не калье… гэта ён яго ўзяў, клянуся… але мне патрэбнае што-небудзь… што заўгодна… Ваш партрэт… так, трымайце, я яго ўзяў, вось ён… я яго вам вяртаю… Вы бачыце, што я сумленны чалавек… Бачыце ж… Бачыце… (Паціху ён супакойвае яе, і яна яго слухае насуперак сваёй волі, у той час як Люпэн, па-ранейшаму няўважлівы да сваіх словаў, адрывіста працягвае. Роля, якую ён грае і ягоная паспешлівасць набываюць нейкую пераканаўчасць). Я вас прашу, выганіце мяне, адпраўце за дзверы… прашу… інакш я нагавару вам такога, чаго вам не варта чуць… Я і хацеў бы замаўчаць, ды не магу… Я вас кахаю… Я думаю толькі пра вас і так рады, што вы гэта ведаеце… і што вы пагадзіліся мяне выслухаць… і я вам выкажу ўсё, усё сваё каханне, сваю бясконцую пакуту, свой смутак ад таго, што больш ніколі вас не ўбачу, і сваё апошняе “бывай”, таму што ўсё скончана, і гэтая жудасная хвіліна… Ах! Я кахаю вас… кахаю… Дайце ж мне ключ! (Словы ап’яняюць Марсэліну, гучанне гэтага голасу затуманьвае яе розум, яна ўзрушаная. На імгненне яна страчвае пачуццё рэальнасці. Практычна не ўсведамляючы гэтага, яна аддае ключ).

 

ЛЮПЭН. Дзякуй… О, вялікі дзякуй… (Адыходзіць, трыюмфуючы, і шэпча). Фу ты! Нарэшце! (Накіроўваецца да дзвярэй, але, уставіўшы ключ, вяртаецца, глядзіць на Марсэліну, якая сядзіць, апусціўшы галаву на рукі. Ён спыняецца, здагадваецца, што дзеецца ў яе душы, і падыходзіць, таксама ўсхваляваны). Нічога не гаварыце, малю вас (паўза) і даруйце мне… (Скаваныя рухі, усхваляваны голас). Жыццё… Ніколі не ведаеш… абставіны кідаюць цябе то ўправа, то ўлева… асабліва ўлева… і аднойчы раптам глядзіш у вочы, такія як вашыя, а яны на цябе… і тады…

 

МАРСЭЛІНА (усхвалявана). Ідзіце адсюль!

 

ЛЮПЭН. Я не хачу красці вашую прыхільнасць, не хачу пакідаць вас у гэтым дурацкім вобразе закаханага рыцара. Забудзьцеся на ўсё, што я вам сказаў… гэта ўсё мана, мярзотная роля, якую я граў.

 

МАРСЭЛІНА. Ідзіце адсюль! Ну ідзіце ж!

 

ЛЮПЭН. Ох, якая паскудная штука жыццё… Гледзячы на вас, я чамусьці адчуваю сябе сумленным… Час ідзе. (Накіроўваецца да дзвярэй, за якой лесвіца для натуршчыкаў). Позна!

 

МАРСЭЛІНА. Што?

 

ЛЮПЭН. Ведаеце, не трэба мяне папракаць, калі я зманіў, каб атрымаць гэты ключ. Ваш прыгожы ўчынак абудзіў ува мне сумленне, а сумленне — гэта раскоша… Вось ваш ключ, я не магу ім скарыстацца.

 

МАРСЭЛІНА (усхвалявана). Вы вар’ят! Час жа яшчэ ёсць… О Божа, і праўда, я чую…

 

ЛЮПЭН. Ды нічога страшнага!

 

МАРСЭЛІНА (радасна). О!

 

ЛЮПЭН. Гэта проста паліцыя.

 

МАРСЭЛІНА (садзіцца ля стала, з левага боку). Божа мой!

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (уваходзіць разам з Марэско). О-о! Та-ак… і што гэта ўсё значыць?

 

Люпэн адводзіць вочы ад Марсэліны, глядзіць на дзверы для натуршчыкаў, потым на гадзіннік і раздражнёна махае рукой.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Мсье, вы хто?

 

ЛЮПЭН (вельмі нязмушана). Я якраз спрабую растлумачыць гэта мадэмуазэль. Я памыліўся паверхам.

 

(Робіць ледзь заўважны рух у глыбіню сцэны. Марэско заступае яму дарогу).

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Памыліліся паверхам? Ды я тут усіх ведаю! Вашае імя, мсье? (Люпэн дастае картку і падае яму). “Гарацый Дабры, даследчык”. (Недаверліва). Даследчык?

 

ЛЮПЭН (пацвярджае). Даследчык. Праездам у Парыжы. Я быў у гасцях у майго сябра, наверсе.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Наверсе? Там дах!

 

ЛЮПЭН (спрабуе прайсці, Марэско перашкаджае). Давайце спусцімся, і я вам растлумачу.

 

МАРЭСКО (гучна). Спачатку высветліце ўсе пытанні з мсье.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (бярэ Люпэна за рукаў). Як вы сюды трапілі?

 

ЛЮПЭН. Пешшу.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Я вас пытаю, якім чынам вы ўвайшлі.

 

ЛЮПЭН. Праз дзверы.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Гэта немагчыма. Яны былі зачыненыя. Адказвайце, мсье, дакладней, інакш… (Глядзіць на дачку). Інакш я магу западозрыць, што вам нехта адчыніў, і я хацеў бы ведаць, калі менавіта, таму што дом пад вартай. (Раптам, да дачкі). Але ж ты была тут! Ты ведаеш… ты размаўляла з ім! Ну, кажы!

 

МАРСЭЛІНА. Ладна. Так, тата.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. О-о! (Паўза. Урачыста). Мсье Марэско, гэта сямейная справа, яна не датычыць паліцыі. Ну, кажы!

 

ЛЮПЭН (перапыняючы). Не, мадэмуазэль, я не магу… не, нізашто ў свеце. (Паварочваецца). Імя на гэтай картцы не маё. Маё больш скандальнае, але ўсё адно гэта імя чалавека па-свойму сумленнага, чалавека, які лепш заб’е вас абодвух (пагрозлівы жэст у бок мужчын), чым зробіць хоць найменшую шкоду жанчыне (кланяецца Марсэліне). Я прыйшоў сюды не для таго, каб заляцацца да мадэмуазэль… Аднак прызнаю, што пасля таго, як я меў гонар з ёй пазнаёміцца, цалкам магчыма, што я вярнуся толькі каб папрасіць яе рукі.

 

МАРЭСКО (падыходзячы). Тады, мсье, навошта вы тут?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Марэско, як можна, пакіньце свае здзекі! Я ж вам кажу, гэтая гісторыя не датычыць паліцыі.

 

ЛЮПЭН. Ну і што вам трэба?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (іранічна). Магчыма, вы хочаце прымусіць нас думаць, што вы прыйшлі па калье.

 

ЛЮПЭН (які дастаў яго загадзя). Дык вось жа яно, на стале.

 

МАРЭСКО. Што?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (набліжаючыся). Злодзей!

 

ЛЮПЭН. Во няўдзячны!

 

МАРЭСКО. Стойце-стойце! Прыкметы апісваюць чалавека з рудой барадой. Ага, вось і яна!

 

ЛЮПЭН (паказвае на фальшывую бараду). Барада.

 

МАРЭСКО. Так, гэта яна! А дзе паліцэйскі, якога я пакінуў на варце?

 

ЛЮПЭН. Ох, ён так стаміўся, што я адправіў яго паспаць.

 

МАРЭСКО. Ага-а… Дык хто вы ўсё ж такі?

 

ЛЮПЭН (падае картку). Трымай, жандарм.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ і МАРЭСКО (чытаюць). Арсэн Люпэн!

 

ЛЮПЭН. Божа ж мой, ну канечне, гэта я! Раблю што магу. (Марэско бяжыць да дзвярэй вестыбюля. Люпэн кланяецца Марсэліне). Мадэмуазэль, тут зараз грубасці будуць тварыцца, магчыма, пральецца кроў, гэта не вельмі прыгожа… (Адчыняе дзверы яе пакоя). Прашу вас.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (штурхае дачку). Ідзі ж!

 

(Яна спыняецца ў дзвярах, вагаецца і праходзіць, здаецца, нават не зірнуўшы на Люпэна. Ён праводзіць яе позіркам).

 

ЛЮПЭН (рэзка, Дэмблевалю). А ты ўпэўнены, ты яе бацька?

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Што-о? Вы аб чым?

 

ЛЮПЭН. Я кажу, што фізічна немагчыма, каб такі чалавек, як ты, быў бацькам такой дзяўчыны, як яна (рэзка павярнуўшыся да Марэско). Ну ўсё, што там засталося? Спадзяюся, ты не зусім адзін. (Садзіцца за стол і дастае цыгарэту).

 

МАРЭСКО. Мае людзі на даху. Іншыя ля лесвіцы, іх не так шмат, калі ты сапраўды Люпэн. Камісарыят папярэджаны, здавайся.

 

ЛЮПЭН (закурваючы). Вартаўнікі мёртвыя. Я кажу гэта толькі таму, што я ветлівы чалавек.

 

МАРЭСКО (наводзячы на яго рэвальвер). Здавайся, кажу табе.

 

ЛЮПЭН (водзіць рукой, нібы кіруючы рэвальверам). Крыху ўправа… яшчэ… а цяпер крыху вышэй.

 

МАРЭСКО. Хопіць жартаў! Здаешся?

 

ЛЮПЭН. Мабыць, трэба.

 

МАРЭСКО. Зброю! (Люпэн аддае яму пісталет-пульверызатар, які Марэско хутка кладзе ў кішэню, нават не паглядзеўшы).

 

ЛЮПЭН. Асцярожна, ён зараджаны.

 

МАРЭСКО. За мной.

 

ЛЮПЭН (пстрыкае запалкай). Хоць на край свету.

 

(Марэско пагрозліва набліжаецца).

 

ЛЮПЭН (дэманструе запалку, якая ўжо гарыць). Першага, хто наблізіцца, застрэлю.

 

МАРЭСКО. Тым горш для цябе. Я страляю.

 

ЛЮПЭН. Ты не адважышся.

 

МАРЭСКО. Раз… два…

 

ЛЮПЭН. Я ў доміку!

 

МАРЭСКО (ашаломлены). Што?

 

ЛЮПЭН (устаючы). У доміку я, кажу. І цяпер… (сурова) калі бязлітасны лёс нясе мне смерць, я прашу заўважыць, што калье ўсё яшчэ вунь там, на стале.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Маё калье…

 

МАРЭСКО. Але…

 

ЛЮПЭН. Выбачаюся, я ўжо казаў, што ў доміку? (Дэмблевалю). Мсье, калі гэтае калье, насуперак усяму, што я думаў, належыць вам…

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Я яго набыў у герцагіні дэ Брэў.

 

ЛЮПЭН. А-а! Чуў я пра гэтую гісторыю. Бруднавата, скажам так… Прынамсі, я за гэта калье не адказваю. Тут прысутнічаюць такія тыпусы…

 

МАРЭСКО (рашуча). З гэтым трэба канчаць! (Зноўку наводзіць на яго пісталет).

 

ЛЮПЭН (кідаецца за статую Купідона). Апусці зброю, інакш застануцца толькі аскепкі.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ (ашалела кідаецца на Марэско). Вар’ят! Мая статуя!

 

ЛЮПЭН (трасе статую). Ну давай жа!

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Стойце! Марэско, пакіньце гэтага чалавека. Ён вярнуў калье.

 

ЛЮПЭН (адступае да дзвярэй, за якой лесвіца для натуршчыкаў). Во-во, Марэско. І потым, паглядзі на сябе: ты выглядаеш поўным дурнем. Справа, што прымусіла мяне раскрыцца, зробленая. (Стук у дзверы побач з лесвіцай для натуршчыкаў). Ого, стукаюць, падмога да цябе прыйшла. Неверагодна, ты паклікаў усю жандармерыю. А давай я табе дапамагу. Ці, дакладней нават, нам траім. (Заводзіць руку за спіну. Бачна, што ў ёй ключ. Ён якраз насупраць дзвярэй для натуршчыкаў, на першым плане).

 

МАРЭСКО. Хопіць словаў… Кайданкі!

 

ЛЮПЭН. Чорт, гэта ўжо забаўна!

 

МАРЭСКО. Ну што яшчэ? Чаго ты хочаш?

 

ЛЮПЭН. Павагі!

 

МАРЭСКО. Усё?

 

ЛЮПЭН (устаўляе ключ). Паважнай адлегласці паміж намі.

 

МАРЭСКО. А што, калі не?

 

ЛЮПЭН. А калі не, то я збягу. (Паварочваецца і адчыняе дзверы. Двое паліцэйскіх заступаюць яму дарогу). Дурні, дайце прайсці! (Яго адхіляюць ад дзвярэй, падыходзіць Марэско. Яны зачыняюць дзверы, Люпэн адбіваецца і прыхіляецца да сцяны).

 

МАРЭСКО (заходзіцца ад смеху). Пракол, Люпэн! Па-мойму, гэтым разам…

 

ЛЮПЭН (рашаючыся на нешта). Маеш рацыю… Я ўліп…

 

МАРЭСКО (радасна). Во-во!

 

ЛЮПЭН. Толькі давай па пратаколе. Крыху ветлівасці не зашкодзіць.

 

МАРЭСКО (паліцэйскім). Дзякуй, хлопцы. Варту папярэдзілі?

 

АДЗІН З ПАЛІЦЭЙСКІХ. Так, нашы прачасалі бульвар разам з вашымі падначаленымі.

 

МАРЭСКО (Дэмблевалю). Адчыніце ім.

 

ДЭМБЛЕВАЛЬ. Іду-іду. (Выходзіць, двое паліцэйскіх бяруць Люпэна пад рукі).

 

МАРЭСКО. Ну што, не ўсё так кепска, а, Люпэн?

 

ЛЮПЭН. Гэта міла, але будзе лепш.

 

МАРЭСКО. Што? Яшчэ не ўсё?

 

ЛЮПЭН. Ды не, усё-ўсё. Зрэшты, турма — гэта ўсяго толькі прамежак часу… паміж уваходам і выхадам.

 

МАРЭСКО. Пачнем з уваходу, ты не супраць?

 

ЛЮПЭН (смяецца). Не вельмі абнадзейвае.

 

МАРЭСКО (аднаму з паліцэйскіх). Бяжы, знайдзі фіякр, мы цябе нагонім.

 

ЛЮПЭН. Без праблем. У мяне аўтамабіль. На рагу бульвара. Шафёр — Эрнэст дэ Баціньёль.

 

МАРЭСКО. Ну што ж, тады ў дарогу! (Калі ён паварочваецца спінай, двое паліцэйскіх, што трымаюць Люпэна, хапаюць за рукі яго. Агаломшаны, ён супраціўляецца). Што такое? Што ўсё гэта значыць? (Паўза, ён глядзіць на іх, глядзіць на Люпэна і ўскрыквае). Халера, гэта ж суўдзельнікі! (Ён рэзка адштурхоўвае іх, кідаецца да дзвярэй ў глыбіні сцэны). Хлопцы, хлопцы, сюды! (Адчыняе дзверы. У вестыбюлі — шэсць чалавек у паліцэйскай форме. Дэмблеваль і паліцэйскія — каля іх, з кляпамі, прывязаныя да крэслаў). Ах, бандыты!

 

ЛЮПЭН. Мая персанальная варта. Контрвышуковая паліцыя… Прыгажунчыкі, га?

 

(На знак Люпэна адзін з “паліцэйскіх” звязвае Марэско нейкімі лахманамі. Люпэн звяртаецца да другога).

 

Ты што, мяне не пазнаў?

 

ПАЛІЦЭЙСКІ. Не, шэф, я новенькі, ды і цёмна было… І потым, Караліна сказала, што вы будзеце…

 

ЛЮПЭН. З рудой барадой? Мая памылка. (Паварочваецца да палонных). Ну ўсё, я пайшоў. Чароўнае відовішча! Вось бы гэта на памяць захаваць! (Выцягвае з кішэні невялічкі фотаапарат і магніевую ўспышку і рыхтуецца здымаць). Захапляльная кампазіцыя!.. Та-ак, Марэско, без грымасаў, калі ласка… ой, як добра, мой ты таўстун, прымі задуменны выгляд… Дэмблеваль, усмешачку… цудоўна, а цяпер замерлі ўсе… Оп-ля! Ёсць!.. Здымак на першую паласу!

 

Дзверы рэзка адчыняюцца, і ўрываецца агент з крыкам “Паліцыя!” Паніка, разгубленасць.

 

ЛЮПЭН (спакойна). Кругом! Па лесвіцы для натуршчыкаў і на выхад! (Паліцэйскія выбягаюць. Званок у дзверы ў вестыбюлі). Марэско, схадзі адчыні, ці што. (Крычыць). Не ўваходзіць! Дзе мае прычындалы? Марэско, ты куды падзеў мае лахманы? (Званкі працягваюцца). Хвіліначку, халера пабяры, вы ж не хочаце, каб я выйшаў на вуліцу без капелюша! Дзе тут у цябе быў плашчык, нічога такі плашчык... А, вось і ён! Дзякуй! Не расстройвайся. (Праз дзверы для натуршчыкаў уваходзіць адзін з суўдзельнікаў у форме). Шэф, аўто пад’ехала!

 

ЛЮПЭН. Іду. (Кланяецца і выходзіць. Звязаныя марна спрабуюць вызваліцца. Люпэн вяртаецца, быццам штосьці забыў, і спакойна забірае калье з кішэні Дэмблеваля). Цяпер, калі я ведаю, што яно не зусім тваё, сумленне мяне не мучыць. Разумееш, даброты, здабытыя злом, выгады не прынясуць ніколі і нікому… ну хіба што мне. (Паварочваецца, каб сысці).

 

МАРЭСКО (які здолеў вызваліць адну руку, цэліцца ў яго з пісталета-пульверызатара, што аддаў яму Люпэн, і страляе). Атрымай, шэльма!

 

ЛЮПЭН. Ух, дзякуй! Яшчэ! Мне вельмі падабаецца гэтая парфума. Парфума Караліны... Да сустрэчы, мсье… Без крыўдаў жа, праўда? Забудзем мінулае. Я цябе вельмі люблю… недзе ў глыбіні душы.

 

Выходзіць. Марэско і Дэмблеваль, напалову звязаныя, напалову з кляпамі, мычаць, круцяцца ў розныя бакі, як ашалелыя. Статуя Купідона падае.

_________________________________________________________________

[1] Займіся лесвіцай, Якаў... Табе не зразумець. — Люпэн жартаўліва намякае на лесвіцу са сну святога Якава, якая злучае неба і зямлю: “І ўбачыў у сне: вось лесвіца стаіць на зямлі, а верх яе кранае неба; і вось анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй. І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім…” (Быццё, 28:12—13; пераклад Васіля Сёмухі).

 

 

 

Пераклад з французскай – Наталля Ярмольчык © 2012

Чытайце таксама

Ўістан Х’ю Одэн

Ўістан Х’ю Одэн

Англа-амерыканскі паэт і эсэіст. Лічыцца найвялікшым паэтам ХХ стагоддзя.

Карла Калодзі

Карла Калодзі

Італьянскі пісьменні і журналіст, аўтар знакамітай гісторыі пра Пінокіё

Іосіф Бродскі

Іосіф Бродскі

Расійскі і амерыканскі паэт, эсэіст, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры

Мікола Зэраў

Мікола Зэраў

Украінскі літаратуразнаўца, паэт, майстра санэтаў, перакладчык на ўкраінскую і рускую

785