I.6. ‹Да Агрыпы›
Здолеў Варый бы, птах песень Меоніі,
Перамогам тваім годную ўздаць хвалу,
Апісаць, як вадзіў конна ды хвалямі
Войскі лютыя ў бітвы ты.
Мне ж, Агрыпа, ні моц вашую слаўную,
Ні Пеліда ў вайне сілу няўступную,
Ні ў дарозе марской хітрасць Улíсаву,
Ні Пелопаў нялюдскі дом
Не спяваць; замалы я для вялікага.
Сорам кажа, ды з ім згодная мірная
Муза: нельга мне твой бляск альбо Цэзараў
Ганьбіць вершаў нязграбнасцю.
Хіба варты мой спеў Марса даспешнага,
Мерыёна ў клубах пылу траянскага,
Ці Тыдыда, што стаў роўны багам самім
Праз апеку Паладзіну?
Я застоллі пяю, грозныя дзеі дзеў,
Што на хлопцаў ідуць, вострачы кіпцікі.
Вольны зноў ці гару новым агнём — адно,
Легкадумны заўсёды я.
_______________________________________________________________________
Форма: другая асклепіядава страфа (тры малыя асклепіядавы вершы + гліканэй).
Марк Віпсаній Агрыпа — рымскі вайскавод, паплечнік і сябар імператара Аўгуста.
Луцый Варый — паэт, сучаснік і сябар Гарацыя і Вергілія.
Птах песень Меоніі — г.зн. эпічны паэт, паэт гамэраўскай традыцыі (ад падання аб меанійскім паходжанні Гамэра).
Пелід — Ахіл, сын Пелея, герой Траянскай вайны.
Нашчадкі Пелопа мелі між сабою доўгую зваду, праз якую ўчынілі шмат вусцішных злачынстваў.
Мерыён — герой Траянскай вайны, удзельнічаў у фінальным узяцці Троі.
Тыдыд — Дыямед, сын Тыдэя, герой Траянскай вайны. Карыстаўся асабліваю прыхільнасцю Афіны Палады, праз заступніцтва якой быў у выніку далучаны да несмяротных багоў.
I.11. ‹Да Леўканоі›
Ты выпытваць пакінь, грэх тое знаць, колькі табе ці мне,
Леўканоя, багі судзяць жыцця; і вавілонскія
Лічбы ты не трывож: лепей нашмат зносіць усё як ёсць.
І ці многа шчэ нам наканаваў зімаў Юпітэр, ці
Толькі тую, што б'е шумна цяпер хваляй тырэнскаю
Скáлы, — мудраю будзь, віны цадзі, хвіляй кароткаю
Рэж надзей даўжыню; прэч між размоў квапны ўцякае час.
То хапай гэты дзень — веры няма дням, што ідуць за ім.
_______________________________________________________________________
Форма: пятая асклепіядава страфа (усе радкі — вялікі асклепіядаў верш).
Вавілонскія лічбы — адсылка да варажэнняў, імаверна гараскопаў.
Ранейшыя беларускія пераклады:
А. Жлутка ("Тутэйшыя", 1989).
I.23. ‹Да Хлоі›
Ты ўнікаеш мяне, Хлоя, бы ланечка,
Што шукае ў гарах дзікіх пужлівую
Маці, ў жаху дарэмным
Ад павеваў ды шолахаў.
Толькі ветрык задзьме, лісце кранаючы,
Ці зялёнай луской яшчаркі жвавыя
Мільгануць у ажынах —
Сэрца й ногі ў яе трымцяць.
Ды не тыграм, павер, я да цябе іду,
Не гетульскім ільвом, не разарву, не з'ем —
Час табе не за маці,
За мужчынам хадзіць услед.
_______________________________________________________________________
Форма: трэцяя асклепіядава страфа (два малыя асклепіядавы вершы + ферэкратэй + гліканэй).
Гетульскі — тут: сінонім афрыканскага.
II.10. ‹Да Ліцынія Мурэны›
Каб слушней, Ліцынію, жыць, у далеч
Мора не імкніся, але ж, уцёкшы
Ад вятроў марскіх, унікай таксама
Скалаў бярэжных.
Хто сабе сярэднюю мудра выбраў
Залатую сцежку, пазбегне роўна
І страхі гнілой, і зайздросных іншым
Пышных пакояў.
Першымі найбольшыя ломіць вецер
Сосны, ды найдужыя горай гінуць
Вежы, найкрутую гару шукае
Ў буру маланка.
Ў бедах спадзяецца, ва ўдачы — помніць
Муж, разумны сэрцам: аднойчы доля
Зменіцца; ліхую зіму наслаўшы,
Той жа Юпітэр
І вясну прышле. Калі дрэнна сёння —
Гэта не навек. І струну кранае
Часам Апалон, і збуджае Музу,
Стрэлы адклаўшы.
Смела ды бадзёра глядзі ў нягодзе
Кожнай, а калі спадарожны подых
Цераз меру дзьме — падбірай разважна
Ветразь напяты.
_______________________________________________________________________
Форма: малая сапфічная страфа (тры малыя сапфічныя вершы + адоній).
Ліцыній Мурэна — швагер Гарацыева сябра і дабрадзея Гая Мецэната. Пазней быў пакараны смерцю па абвінавачанні ў змове супраць Аўгуста.
Ранейшыя беларускія пераклады:
А. Жлутка ("Тутэйшыя", 1989).
III.9. ‹Размова з Лідыяй›
— Покуль мілы я быў табе,
Так, што іншы ніхто шыю зіхоткую
Ўзяць у смелы не мог абдым —
Шчасцем роўны не быў мне і персідскі цар.
— Покуль іншым ты полымем
Не ўспалаў ды не ўзнёс Хлою над Лідыяй —
Ззяла Лідыя славаю,
Зацьмявала я ймём Íлію рымлянаў.
— Я ў палоне фракíянкі
Хлоі — пекна пяе, з ліраю ўмелая.
Я і смерць за яе прыму,
Толькі б лёсы былі з мілай лагоднымі.
— Узаемным пячэ агнём
Калаід мяне, сын Орніта з Турыяў,
Я двукроць за яго памру,
Толькі б лёсы былі з юным лагодныя.
— Што ж, як вернецца даўняе,
Зноў Венера скуе бронзавым нас ярмом?
Што, як Хлою бялявую
Зрыну, й Лідыі зноў дзверы адчыняцца?
— Хай за неба яснейшы ён,
Ты ж лягчэйшы за луб ды каламутнейшы
За няўціш Адрыятыкі —
Жыць з табою хачу, ўмерці хачу з табой.
_______________________________________________________________________
Форма: чацвертая асклепіядава страфа (гліканэй + малы асклепіядаў верш + гліканэй + малы асклепіядаў верш).
Ілія — адно з імёнаў легендарнай Рэі Сільвіі, маці Ромула і Рэма.
Турыі — горад на поўдні Італіі, старажытная грэцкая калонія.
ІІІ.17. ‹Да Элія Ламіі›
Высокі родам Элію, даўняга
Нашчадак Лама — Ламіям колішнім
Імя ён даў, і ўсе калены
Дому, як запісы цвердзяць згодна,
Таго лічылі продкам, хто сценамі
З усіх найпершым, кажуць, фармійскімі
Валодаў ды зямлёй, дзе льецца
Лíрыс ва ўдзелы Мары́кі-німфы,
Такім абшарам, — заўтра паднімецца
Нямірны Эўр, і лісцем засцелюцца
Гаі, а бераг — бескарысным
Зеллем марскім, калі ў тым вароне,
Дажджоў вяшчусе, верыш ты. Загадзя
Рыхтуй сухія дровы; бо заўтра ўжо
Віном і парсючком усцешыш
Генія ў коле вясёлай дворні.
_______________________________________________________________________
Форма: алкеева страфа (два алкеевы адзінаццаціскладовікі + алкееў дзевяціскладовік + алкееў дзесяціскладовік).
Луцый Элій Ламія — сябар Гарацыя.
Лам — міфічны цар людажэраў-лестрыгонаў. Пачатак верша, гледзячы па ўсім, жартаўлівы — свайго кшталту пародыя на легендарныя генеалогіі.
Форміі — горад у Італіі на поўдзень ад Рыму.
Лірыс — рака ў тых жа краях.
Марыка — лакальная багіня, шанаваная блізу горада Мінтурны.
Эўр — грэцкае боства шчодрага на непагоду ўсходняга ветру і сам гэты вецер.
Геній — боства, звязанае з канкрэтным чалавекам, месцам, родам ці рэччу. Тут размова мусіць ісці пра нейкае свята, адзначэннем якога адрасат верша і ўсцешыць пэўнага генія.
III.30. ‹Да Мельпамэны›
Помнік я збудаваў: стойкі над бронзу ён,
А вяршыня ўзрасла над пірамідаў высь;
І ні сівер ліхі, ні ўсепажэрны дождж
Не разбураць яго, ні чарада гадоў
Незлічоных ды бег часу няўпыннага.
Не, памру я не ўвесь: частку найлепшую
Не здабудзе труна. Буду расці хвалой
Век, пакуль на стары схіл Капітолія
Ходзіць першасвятар з дзевай маўкліваю.
Скажуць там, дзе шуміць Áўфід раз'юшаны,
Там, дзе колісь царом бедны вадою Даўн
Люду грубаму быў: з нізкіх узнесены,
Першым я пакарыў слову Італіі
Эалійскі напеў. Годнасцю гэтаю
Ганарыся ды мне голаў з ухвалаю,
Мельпамэна, вянчай дэльфскімі лаўрамі!
____________________________________________
Форма: першая асклепіядава страфа (усе радкі — малы асклепіядаў верш).
Мельпамэна — адна з дзевяці музаў.
Пакуль... з дзевай маўкліваю… — г.зн. пакуль вярхоўны жрэц і старэйшая весталка разам узыходзяць на Капітолій для сумеснага ўдзелу ў ахвярапрынашэннях; а значыць, у разуменні Гарацыя, пакуль стаіць Рым.
Аўфід(цяпер Афанта) — рака ў Апуліі.
Даўн — легендарны ўладар Апуліі. Абедзве прасторавыя адсылкі, такім чынам, адносяцца да родных краёў Гарацыя, ствараючы (з улікам адсутнасці ў першасных рукапісах пунктуацыі) неадназначнасць разумення, якая захоўваецца ў перакладзе: магчыма, належыць чытаць "Скажуць: там, дзе шуміць Áўфід раз'юшаны..." і, адпаведна, адносіць прасторавыя адсылкі да самога Гарацыя, а не да ягоных будучых чытачоў.
Першым я... — памеры грэцкай лірыкі ў лацінскай паэзіі ўжываў яшчэ Катул, аднак менавіта Гарацый дэталёва распрацаваў і завяршыў гэтае пазычанне стылю. Цікава заўважыць, што, у адрозненне ад пазнейшых пераймальнікаў (напрыклад, Міцкевіча, адпаведны верш якога пранізаны яўным палітычным пафасам), Гарацый бачыць сваю заслугу і падмурак сваёй несмяротнасці не ў чым іншым, як у працы над паэтычнаю формаю.
Ранейшыя беларускія пераклады:
М. Багдановіч,
А. Хадановіч (ARCHE 3/2001).
пераклад з лацінскай — Антон Францішак Брыль
© Антон Францішак Брыль, пераклад, каментар, 2012