№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Жанна Луіза Отэрдаль

Прынц без ценю (Prinsen utan skugga)

Казка

Пераклад са шведскай Алеся Башарымава


Сёлета споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння вядомага шведскага мастака і ілюстратара Ёна Баўэра, які нарадзіўся 4 чэрвеня 1882 году. А вядомы ён найбольш сваімі чароўнымі ілюстрацыямі да штогадовых зборнікаў казак “Сярод томтэ* і троляў” (Bland tomtar och troll), якія працягваюць выдавацца і цяпер.

Першая такая кніга з ілюстрацыямі Баўэра выйшла ў 1907 годзе. Хутка яго прызналі найлепшым ілюстратарам казак у Швецыі.

Прывабныя жаночыя вобразы ён часцей за ўсё пісаў са сваёй жонкі Эстэр, якую вельмі любіў. Іх каханне было ўзаемным, але неўзабаве пасля вяселля выявілася, што яны хочуць рознага ад жыцця. Ён Баўэр любіў гуляць па лесе, збіраючы ідэі для сваіх малюнкаў, і ўвесь аддаваўся творчасці, а Эстэр больш падабалася бываць у таварыстве яе стакгольмскіх сяброў.

У лістападзе 1918 году сям’я Баўэраў перасякала на пароме возера Ветэрн: яны перасяляліся ў новы дом у Стакгольме. Раптам пачаўся шторм, паром перавярнула, і ўсе, хто быў на ім, патанулі. Так загінулі Ён Баўэр, яго жонка Эстэр і іх трохгадовы сын Бенгт.

 

Жыў неяк прыгожы малады прынц. Вясёлы, зграбны, ён быў уцехаю і гонарам свайго каралеўства. А найлепшым у ім было тое, што меў ён спагадлівае і чулае сэрца. Ніколі ён не заставаўся абыякавым да чужой бяды, а калі бачыў боль і пакуты, то стараўся суцішыць іх. Таму ва ўсёй краіне панавалі здаволенне і заможнасць. Як толькі прынц выходзіў прагуляцца на плошчу або выязджаў на сваім белым кані, вакол адразу ж збіраўся народ, каб прывітаць яго. Маленькія дзяўчаткі кідалі яму кветкі, хлопчыкі крычалі “ўра”, а прынц махаў усім рукой і ўсміхаўся так міла, што нават самыя хмурыя не маглі не ўсміхнуцца ў адказ.

У караля з каралеваю была і дачушка, маленькая прынцэса, вельмі кволенькая і бледная. Было ёй не больш за пяць гадкоў. Яна рэдка выходзіла на двор і звычайна сядзела ля акна ў абабітым залацістай скурай высокім фатэлі, на спінцы якога красавалася карона з сапраўднага золата. Седзячы перад акном, яна перабірала кветкі, якія прынц нарваў для яе ў каралеўскім садзе, і часам стомлена ўсміхалася і сумна ківала дзецям, што гулялі на двары. Калі-нікалі прынц выязджаў разам з ёю ў маленькай брычцы, у якую запрагалі надзвычай мілых маленькіх конікаў са срэбнай збруяй і плеценымі лейцамі з чырвонага ядвабу. Але хоць і коні, і брычка цалкам належалі маленькай прынцэсе, яны ўсё адно не цешылі яе.

Яна была задужа хворая і нямоглая, каб радавацца шчыра. У людзей шчаміла сэрца, калі яны бачылі, якая прынцэса няшчасная і слабенькая.

А цяжэй за ўсё было каралю й каралеве: яны вельмі цешыліся сваім здаровым, жыццярадасным сынам, але яшчэ больш любілі яны сваю хворую, гаротную дачушку. Яны спыталі парады ва ўсіх лекараў з сямі каралеўстваў, атрымалі безліч мазяў і кропляў з усіх куткоў зямлі, але дарэмна. Прынцэса ўсё марнела і чэзла, і было падобна, што хутка яна пакіне гэты свет. Каралева дні і ночы сядзела ля ейнай пасцелі, скрушны кароль зусім закінуў дзяржаўныя справы, а малады прынц пакутліва разважаў, як можна ўратаваць маленькую сястрычку.

Неяк уначы прынц і каралева сядзелі пры ложку хворай дзяўчынкі. Ля дзвярэй на варце стаяў паж, але ён заснуў, сціснуўшы сваю маленькую шпагу. Дзве стомленыя камерысткі, што сядзелі па абодва бакі каміна, таксама важылі носам і ўрэшце праваліліся ў такі глыбокі сон, быццам і не збіраліся ніколі прачынацца. У пакоі было ціха і спакойна, чулася толькі дыханне паснулых, і каралева, што ўжо некалькі сутак не заплюшчвала вачэй, нарэшце адкінулася на спінку крэсла і заснула таксама. Не спаў толькі прынц. Сон не змог яго, ён сядзеў усё такі ж бадзёры і сачыў за месяцовым промнем, што падаў праз акно на бледны тварык маленькай прынцэсы і рабіў яго яшчэ больш празрыстым.

Прынц сядзеў так доўга, што ногі яго здранцвелі. Тады ён ціха падняўся і падышоў да акна. Паглядзеўшы на зоркі, прынц зразумеў, што блізіцца поўнач, — і тут акурат затрубіў у ражок начны вартаўнік. Прынц азірнуўся, каб праверыць, ці не прачнуўся хто ад гэтых гукаў, але ніхто нават не паварушыўся. Тады ён памкнуўся сесці на сваё месца, але раптам заўважыў, што яно ўжо занятае.

Злева ад пасцелі, каля ўзгалоўя, сядзеў нехта ў шэрым плашчы з нізка насунутым на твар капюшонам.

“Смерць”, — падумаў прынц і здрыгануўся ад адной думкі, што зараз незнаёмец забярэ яго маленькую сястрычку. Але тут чужынец прыўзняў галаву і, кінуўшы на прынца дзіўны скосы позірк, сказаў:

— Я не Смерць. Хіба ты не бачыш, што я не маю ані касы, ані пясочнага гадзінніка? Я той, хто збірае цені. Калі ты аддасі мне свой цень, хвароба адступіць ад тваёй сястры, і яна вырасце найпрывабнейшай прынцэсай.

— Мой цень? — здзівіўся прынц і зірнуў на свой доўгі чорны цень, што перасякаў асветленую месяцам падлогу. — Навошта ён табе?

— Гэта мая таямніца, — адказаў незнаёмец, зноў кінуўшы на прынца хуткі позірк. — Ну? Або ты свой цень аддасі мне і твая сястра акрыяе, або пакінеш сабе цень, а сястрыцы — яе хваробу. Дарэчы, Смерць не так ужо і далёка: я сустрэў яе ля гарадской брамы.

Прынц зірнуў на бледную сястрычку, зірнуў на свой доўгі чорны цень.

Ён не мог прыгадаць, каб цень калі-небудзь прынёс яму нейкую шкоду або карысць, ды і пра іншых ён такога таксама ніколі не чуў. Дык чаму ён тады не зможа без яго жыць? Няўжо ён зноў убачыць сваю сястрычку здаровай і дужай? А якая будзе радасць каралю з каралеваю! І народ будзе казаць: “Вось ідзе наш велікадушны прынц, які ўратаваў сястру, аддаўшы свой цень!”

— Не-не! — перапыніў яго думкі чужынец. — Умовай нашага абмену будзе тое, што ты ніколі ў жыцці не раскажаш, што адбылося гэтай ноччу. Варта табе гэта зрабіць, як твая сястра ўпадзе мёртвай.

— Ты што, чытаеш мае думкі? — сказаў прынц. — Як жудасна! Не падабаецца мне гэта... Але я прыму тваю прапанову. Вазьмі мой цень і ўратуй сястрычку. Абяцаю, я ніколі нікому і слова не скажу пра нашую дамову.

— Значыць, вырашана, — сказаў чужынец і падняўся з крэсла, сам худы, як той цень.

Потым, схіліўшыся да падлогі, ён спрытна схапіў прынцаў цень, засунуў яго ў торбу на плячы і ўмомант знік невядома куды.

Прынц здзіўлена азірнуўся. Усё было па-ранейшаму, усе спалі, і пясок у пясочным гадзінніку не спыняў свайго бегу. Адзінай зменаю было тое, што, як ні круціўся прынц у святле месяца, ён не мог угледзець і знаку ценю.

— Нічога! — супакоіў сябе прынц. — Урэшце, якая ад ценю карысць? Галоўнае, каб мой таямнічы госць стрымаў сваё абяцанне, і тады я буду шчаслівы ўсё жыццё і без усялякіх ценяў.

Ён нахіліўся, каб паглядзець на дзяўчынку, і здзіўлена адхіснуўся. Яна была зусім да сябе не падобная. Бледныя шчокі заліў здаровы румянец, на паўадкрытых, раней бяскроўных, а цяпер паружавелых вуснах блукала сонная ўсмешка. Дзяўчынка дыхала спакойна і роўна, нібы самае здаровае дзіця ў свеце, што салодка спіць, нагуляўшыся і набегаўшыся за дзень. Прынц так узрадаваўся, што і думаць забыў пра свой цень. Ён апусціўся на крэсла, закрыў далонямі твар і заплакаў.

Наступным ранкам чуткі пра маленькую прынцэсу, што цудам акрыяла за ноч, узрушылі замак, горад і ўсю краіну. Кароль з каралевай не маглі паверыць вачам, калі бачылі, як яна бегае па залах палаца, па садзе — яна, што за ўсё жыццё ледзьве магла прайсці па падлозе. А калі прынц хацеў пакатаць яе ў брычцы, яна прасіла, каб ён дазволіў ёй самой трымаць лейцы, і крычала:

— Но, но, мае коні! — так, што далёка было чуваць.

Дзеці весела махалі ёй, і яна прыўздымалася ў брычцы і кідала ім разынкі і пернікі.

Усе так захапіліся прынцэсай, што ніхто не заўважыў, што прынцаў цень знік. Ды што хаваць, ён і сам на гэта не зважаў. Але праз нейкі час, звыкшы да таго, што прынцэса здаровая, прынцу пачало здавацца, што вакол яго неяк нязвыкла пуста. Асабліва вечарамі, калі цені астатніх рабіліся такімі даўжэзнымі. Прынц не любіў, калі сонца свяціла ў спіну, і намагаўся заўсёды рухацца яму насустрач, каб не нагадваць сабе, што ён аддаў свой цень і што цяпер ён не такі, як усе.

Аднаго вечара прынц, як звычайна, ехаў на сваім белым кані, а дзеці, як вялося, радасна віталі яго. Яму было так лёгка, так вольна гэтым вечарам — зусім як раней, — што ён нават забыў пра свае пакуты. Але раптам, акурат тады, калі ён нахіліўся, каб пасадзіць аднаго з хлапчукоў у сядло, нейкі тонкі галасок у натоўпе ўзрушана крыкнуў:

— Гляньце, гляньце! У каня ёсць цень, а ў вершніка няма!

І ўмомант гэты крык падхапілі сотні здзіўленых галасоў:

— У каня ёсць цень, а ў вершніка няма! У каня ёсць цень, а ў вершніка няма!

“Ну ўсё, — падумаў прынц. — Гэта канец”. Ён прышпорыў каня і стралой памчаў назад да замка.

Наступнага дня ўвесь горад гаварыў толькі пра тое, што прынц праз нейкае чарадзейства згубіў свой цень. Як гэта ні было дзіўна, усе нібыта забыліся, што ён заўсёды быў для іх прыгожым, любым прынцам, якога яны гатовыя былі насіць на руках. А цяпер яны толькі ламалі галовы, разважаючы, якія каралеўствы прынц мог набыць за свой цень або якія выгоды атрымаць з яго. А што ён штосьці атрымаў, сумневу ні ў кога не выклікала.

Народ размаўляў пра гэта на кожным рагу, а па хуткім часе дзеці пачалі паказваць на яго пальцам, калі ён зрэдку наважваўся кудысьці выехаць. Што хаваць, некаторыя нават кідалі ў яго камяні і лаяліся брыдкімі словамі яму ўслед. Ад гэтага прынц зрабіўся такім панурым, што не пазнаць, а прынцэса, гледзячы на гэтыя перамены ў ім, увесь час плакала.

Аднойчы прынц заўважыў, што нават на ягоных бацьку і маці перакінулася гэтая непрыязнасць і падазронасць да яго, і тады ён вырашыў назаўсёды пакінуць свой дом і падацца ў шырокі свет. І вось прыйшоў ён да караля з каралевай, каб развітацца.

— Дарагія мае бацька і маці, — сказаў ён, — я бачу, што вы таксама незадаволеныя мною. Таму я хачу пайсці адсюль, каб больш не назаляць вам. Няхай мая сястра атрымае каралеўства замест мяне. Дзякуй — і бывайце!

Калі кароль і каралева пачулі гэтыя словы, ім зашчымела ў сэрцы, і каралева расплакалася.

— Але скажы, мой любы, мой дарагі сыне, — сказала яна, — чаму ты зрабіўся не такім, як усе? Дзе твой цень?

— Мой цень знік, — горка вымавіў прынц, апусціўшы вочы.

Пачуўшы гэта, кароль раззлаваўся.

— Знік! — выпаліў ён. — Знік! Гэта і немаўляці бачна! Але куды ён знік? Вось што хацелася б ведаць.

— Гэтага я не ведаю сам, — сказаў прынц. — Мне вядома толькі тое, што яго больш няма.

— Ты самы ўпарты і няўдзячны хлопец, які толькі хадзіў па гэтай зямлі! — падняўся з трону раз’юшаны кароль. — Прэч з майго каралеўства, і каб нагі тваёй тут больш не было!

Няшчасны прынц нізка пакланіўся бацькам і перш чым сысці з палаца пацалаваў сястру і адрэзаў пасмачку яе валасоў на памяць.

Ён сышоў так далёка, што больш не чуў вакол роднай мовы , і прайшоў яшчэ тры каралеўствы. У чацвертым каралеўстве ён натрапіў на дзікую дуброву.

— Тут і спынюся, — сказаў ён сам сабе. — Буду жыць між дрэваў і дзікіх звяроў. Магчыма, яны будуць больш міласэрныя, чым людзі.

Шмат дзён мінула, як з’ехаў прынц, і нарэшце бацькі яго пачалі шкадаваць пра сваю жорсткасць.

— Канечне, наш сын страціў свой цень, — казаў кароль. — Але, па шчырасці, хіба гэта нешта значыць? Наадварот, прынц акурат і мусіць неяк вылучацца з натоўпу. Хто ведае, магчыма, гэта нейкая магутная фея паказвае сваю прыхільнасць да яго? Я зараз жа адпраўлю людзей на пошукі. Няхай шукаюць і ў нашым каралеўстве, і ва ўсіх суседніх краях. Не думаю, што ён забрыў кудысьці далёка, каб яны не маглі яго знайсці.

— Ах, Вашая Вялікасць, — уздыхнула каралева, — канечне, нам трэба вярнуць нашага сына, іначай не будзе больш ніводнага светлага дня ў маім жыцці.

Пяць сотняў вершнікаў найперш адправілі на пошукі ва ўладаннях караля, а таксама ў найбліжэйшых землях з загадам як мага хутчэй прывезці прынца дадому.

Дзень змяняў дзень, месяц сплываў за месяцам. Калі мінуў год, большасць вершнікаў вярнулася, але ніхто нават краем вока не бачыў прынца, нават слова пра яго не пачуў. А праз тры гады вярнуўся апошні вершнік. Болей чым за сотню міляў ад мяжы яму сустрэлася дзіця, якое сцвярджала, нібыта бачыла юнака без ценю. Але куды той юнак падаўся далей, дзіця не ведала, і ўсе далейшыя роспыты былі дарэмныя.

Гэтымі сведчаннямі кароль з каралеваю і муcілі задаволіцца.

Маленькая прынцэса тым часам падрасла і ператварылася ў чароўную дзяўчыну. І ўсё ж яна ніколі не знала сапраўднай радасці. Яна не магла забыць свайго брата, заўжды такога вясёлага, такога мілага з ёю, і ўвесь час разважала, што можна зрабіць, каб вярнуць яго. І аднойчы яна прыйшла да бацькоў і прысела, як звычайна, на лавачку ля іх ног.

— Я бачыла такі дзіўны сон гэтай ночы, — пачала яна. — Быццам я зноў маленькая і хворая дзяўчынка, а мой мілы брат, якога мне ніколі не забыць, сядзіць пры маёй пасцелі. Мая маці, а таксама ўсе служкі ў пакоі паснулі, і толькі ён не спаў. І тут з’явіўся нехта ў шэрым плашчы і дамовіўся з братам, што зробіць мяне здаровай, калі брат аддасць яму свой цень. Што вы думаеце, любыя тата і мама, пра гэты сон?

Кароль з каралеваю збялелі як палатно ад страху, пачуўшы гэты расказ. Калі ж прынцэса скончыла, каралева павольна кіўнула, і буйныя слязіны скаціліся па яе шчоках.

— Цяпер я ўспомніла, — сказала яна. — Ноч, пасля якой ты акрыяла. Служкі пазасыналі, і я не наважылася іх будзіць, а потым і сама заснула. Прыблізна ў тыя дні мы і заўважылі, што цень прынца знік. Ісціна адкрылася нам у тваім сне, маё дзіця.

Кароль абвясціў пра сон прынцэсы ва ўсіх храмах краіны, і хутка народ зусім забыўся, што быў нейкі іншы час, чым той, калі яны любілі і захапляліся сваім прынцам. На кожным рагу цяпер спрачаліся, як трэба яго шукаць, але прынцэса пайшла да свайго бацькі і сказала:

— Дазволь мне адправіцца ў шырокі свет і адшукаць брата, які столькі праз мяне нацярпеўся.

Кароль убачыў, што яна цвёрда вырашыла зрабіць гэта, і зразумеў, што адмаўляць ёй не мае сэнсу. Кароль хацеў адправіць з ёй вялікую дружыну, але прынцэса папрасіла дазволу ісці самой. Яна апранулася ў шэрае даматканае сукно і лапцікі з бяросты, як бедная пастушка, пакінуўшы сабе толькі жамчужныя каралі, якія насіла колькі сябе памятала.

— Мне было толькі пяць гадкоў, калі знік мой брат, — сказала яна. — Ён можа не пазнаць мяне. Але калі ён убачыць мае каралі, з якімі любіў гуляць, то зразумее, што я ягоная сястра.

Развітаўшыся, яна сышла, а кароль і каралева з гарадскога валу глядзелі заплаканымі вачыма, як яна знікае за пагоркамі.

Прынцэса праходзіла мілю за міляй і ўрэшце пакінула свой край. Каго б яна ні сустрэла — кожнага распытвала пра прынца без ценю. Але паколькі ніхто такога не бачыў і нават ніколі не чуў, каб у кагосьці не было ценю, шмат хто лічыў яе вар’яткай. Часта яны са спагады частавалі яе малаком і лустай хлеба і дазвалялі пераночыць у стозе сена, але ніхто з іх не мог навесці яе на след. І ўсё ж прынцэса не адчайвалася.

Неяк пад ноч яна прыйшла да пахіленай лясной хацінкі, пагрукалася ў дзверы і ўвайшла. Ля агню стаяла гарбатая старая з чырвонымі вачыма, такая зморшчаная, што ёй было ніяк не меней за сотню гадоў.

— Вечар добры, матуля! — прывіталася прынцэса. — Вы столькі пражылі на свеце, вы, канечне, вельмі мудрая! Скажыце, вы калі-небудзь чулі пра прынца без ценю?

Старая паглядзела на прынцэсу чырвонымі вачыма і кіўнула.

— Вось як, значыць, сястрычка дабралася, — сказала яна. — Я так і думала, што ты прыйдзеш, хаця, канечне, доўга давялося чакаць.

Пачуўшы, што старой вядома, хто яна такая, прынцэса так узрадавалася, што абняла яе.

— Матулька, даражэнькая! — усклікнула яна. — Пакажыце мне дарогу да майго брата, я дам вам за гэта ўсё, што пажадаеце!

Але старая сказала, што ўсё зусім не так проста. Дарогу да прынца мог паказаць толькі ягоны ўласны цень, але прынц аддаў яго чалавеку ў шэрым плашчы, а той чалавек жыве на краі свету.

Тады прынцэса папрасіла паказаць ёй дарогу на край свету.

— А што ты мне за гэта дасі? — спытала старая.

— Усё, што захочаце, дарагая матуля! — адказала прынцэса, якой здавалася, што ніякая цана не будзе занадта вялікай.

— Аддай мне сваю прыгажосць, — сказала старая.

Прынцэса пагадзілася. Старая тройчы правяла сваёй кашчавай рукой па яе твары, і хараство прынцэсы знікла ў адзін момант. Вочы зрабіліся бляклымі і непрыгожымі, шчокі — бледнымі, рот — шырокім, як у жабы, а мяккія залацістыя валасы ператварыліся ў заблытаныя касмылі. Прынцэса ўздыхнула, убачыўшы сябе ў аскепку люстэрка, які старая падала ёй, але адразу ўсміхнулася зноў.

— Як добра, што мае жамчужныя каралі са мной, бо іначай як мой брат паверыць, што я яго сястра?

Старая дастала са свайго куфра шэры клубочак.

— Кінь яго перад сабой, калі пойдзеш зранку далей, і ён пакажа табе дарогу на край свету!

Прынцэса падзякавала і, выспаўшыся, наступным ранкам зрабіла як раіла старая. Клубок каціўся перад ёй так, каб яна паспявала за ім ісці, а калі ёй хацелася адпачыць, яна хавала яго ў кішэню, і заўжды клубок адразу даваўся ёй у рукі. Так ішла яна дзень за днём і ўрэшце нават лік гэтым дням згубіла і не магла ўявіць, колькі міляў яна пакінула за сабой. Яна ведала толькі адно: дарога да краю свету вельмі, вельмі нялёгкая.

Аднойчы, калі прынцэса ішла праз лясны гушчар, з зарасніку раптам выскачыў троль, схапіў клубок і з рогатам пачаў махаць ім над галавой. Бедная прынцэса злякалася не на жарт.

— Дабрыдзень, спадар Троль, — дрыготкім голасам сказала яна. — Вярніце мой клубочак! Без яго мне не знайсці майго брата.

Яна апусцілася перад тролем на калені і горка расплакалася.

— А ты мне што дасі? — зарагатаў троль.

— Усё, што папросіце, — адказала прынцэса, бо і цяпер ёй здавалася, што ніякая цана завялікай не будзе.

— Аддай мне сваю маладосць! — сказаў троль.

Ён тройчы правёў па галаве прынцэсы, і яна адчула, як яе працяў дзіўны холад, як цела нібы здранцвела, а скура пакрылася зморшчынамі. Тады троль аддаў ёй клубочак. Але калі прынцэса кінула яго перад сабой, то адчула, што не можа ісці нават напалову так хутка, як раней.

— Клубочак, родненькі, — прасіла яна, — не каціся так хутка! Я цяпер старая, я не магу ісці так хутка.

Паслухмяны клубочак адразу ж пачаў каціцца павольна, каб прынцэса магла паспець за ім. Цяпер ёй даводзілася спыняцца і адпачываць значна часцей, чым раней, і часам ёй здавалася, што падарожжа ніколі не скончыцца.

Але ўрэшце яна выйшла да шырокага блакітнага мора. У мора ўразаўся мыс, на якім высіўся замак. Перад замкавай брамай клубок спыніўся, і прынцэса зразумела, што гэта і ёсць край свету і тут жыве той шэры чалавек. Яна пагрукала ў дзверы сваімі старымі, скручанымі пальцамі, і збіральнік ценяў сам выйшаў адчыніць ёй.

— А, дабралася, значыць, — сказаў ён. — Я чакаў. Але не думай, што я аддам табе братавы цень за так.

— Што вы, — сказала прынцэса. — Маё падарожжа гэтым мяне так не балавала, каб мне штосьці задарма даставалася. І я разумею, што вы хочаце атрымаць тое, што далі мне ў ноч, калі мой брат страціў цень. Дык вазьміце сабе маё здароўе, і няхай цень майго брата прывядзе мяне да свайго сапраўднага гаспадара.

Шэры чалавек паклаў далонь на галаву прынцэсы, і яна адчула, як авалодвае ёй хвароба.

“Каб мяне толькі ногі дацягнулі да брата”, — падумала прынцэса. І ў той самы момант перад сабой на зямлі яна ўбачыла ягоны цень. Гэта быў цень зграбнага, стройнага юнага прынца — такога, якім яна яго запомніла ў маленстве. Бязгучна і павольна слізгаў цень па зямлі, а старая хворая жанчына, спатыкаючыся, ішла следам.

Доўгім было падарожжа, але вось аднаго дня яны выйшлі да празрыстага ручая. Прынцэса вельмі хацела піць і з вялікай цяжкасцю схілілася над струменьчыкам, каб наталіць смагу. Але калі яна ўбачыла ў вадзе свой адбітак, свой старэчы, змардаваны твар, то ў жаху адхіснулася. Яна доўга сядзела, сашчапіўшы рукі, і маўчала. Потым павярнулася да ценю і сказала:

— Я не магу цяпер адкрыць брату, хто я такая. Для яго будзе занадта балюча ведаць, што я — яго маленькая сястрычка, якую ён так любіў. Добры цень, абяцай не выдаваць мяне свайму гаспадару!

Прынцэсе здалося, што цень крыху нахіліў галаву, нібыта кіўнуў у адказ, і яна супакоілася.

Калі яны прайшлі яшчэ немавед колькі міляў і прынцэса ледзь рухалася ад знямогі, яны апынуліся ў густой дуброве. Цень ціха слізгаў па зялёнай траве, а прынцэса ішла следам, хоць кожны крок адгукаўся ў ёй такім болем, што хацелася выць. Нарэшце цень спыніўся перад прысадзістым буданом, зробленым са сплеценага голля. На парозе сядзеў малады мужчына з сумным тварам і карміў дзікіх лясных звяроў, што сабраліся вакол яго. Цень асцярожна наблізіўся да яго ззаду, і прынцэса пазнала свайго брата. Яна падышла да яго і назвала па імені.

Прынц здзіўлена падняў на яе вочы.

— Хто ты, што ведаеш маё імя? — спытаў ён. — Ужо шмат гадоў ніхто яго не вымаўляў.

— Можаш зваць мяне добрай незнаёмкай, — адказала прынцэса. — Я прыйшла з прывітаннямі з твайго дому і тваёй краіны. Цябе чакаюць там, як чакаюць і твайго даравання.

— Я пакінуў сваю краіну, бо ў мяне няма ценю, — змрочна адказаў прынц, — і мне ніколі яго не вярнуць, таму і я ніколі не вярнуся на радзіму.

— Твой цень паказаў мне дарогу да цябе, — адказала незнаёмка. — Азірніся!

Пасля гэтагаІ прынцэса расказала, як кароль і каралева сумавалі па сыне, як яны раскайваліся ў сваёй жорсткасці і як доўга яны спрабавалі яго адшукаць. Але яна не згадвала пра сястру прынца, і хоць ён мноства разоў пытаўся пра яе, прынцэса спрытна пераводзіла гаворку на іншае. Прынц так і не атрымаў адказу на свае пытанні. Урэшце ён вырашыў наступным ранкам адправіцца на радзіму са сваім ценем і з гэтай старой. Ён дазволіў ёй пераночыць у сваім будане на пасцелі з моху і свежага лісця, а ранкам пасадзіў на прыгожага высакароднага аленя, каб ногі яе маглі адпачыць. Уладкоўваючы яе як след на спіне аленя, ён заўважыў у яе на шыі жамчужныя каралі.

— У цябе гэткія ж каралі, якія былі ў маёй малодшай сястры! — усклікнуў ён. — Раскажы мне пра яе, пакуль мы ідзем праз гэты лес!

Прынцэса падумала: “Мне не будзе спакою ад братавых пытанняў, калі я сама не пакладу ім канец”. І таму яна гучна сказала:

— Твая сястра даўно памерла.

Пачуўшы гэта, прынц закрыў твар далонямі і заплакаў.

— Цяпер мне ясна, — сказаў ён, — чаму мой цень змог вярнуцца. Аднак лепей бы мне да самай смерці жыць у выгнанні і не мець ценю, толькі б ведаць, што мая сястра жывая і шчаслівая.

Не паспеў прынц сказаць гэтыя словы, як прынцэса адчула, што здароўе вяртаецца да яе, і зразумела, што шэры чалавек больш над ёю не ўладны.

Праз нейкі часНеўзабаве яны прыйшлі ў нейкі змрочны лес, і прынцэса ўспомніла, што акурат тут ёй сустрэўся троль. Хутка яна заўважыла яго ў зарасніку: троль махаў ёй, нібыта чагосьці хацеў.

— Спусці мяне на зямлю, — папрасіла яна прынца. — Хачу павітацца са сваім тутэйшым даўнім знаёмым.

Прынц зняў яе з аленя, а сам прысеў пачакаць. Калі ж яна вярнулася, ён ледзь пазнаў яе. Ейныя крокі былі лёгкімі і пругкімі, яна сама ўскочыла на спіну аленя і ўсміхнулася прынцу ўсім сваім страшэнна непрыгожым, але маладым тварам. Толькі прынц адкрыў рот, каб спытаць, як незнаёмка перапыніла яго:

— Мой даўні знаёмы хацеў вярнуць пазыку, — сказала яна. — Ну што ж, цяпер можам ехаць далей.

Яшчэ праз некаторы час яны падышлі да разбуранай хаткі, дзе жыла стогадовая старая. Прынцэса саскочыла з аленя і ўвайшла, каб вярнуць шэры клубочак, што так дапамог ёй.

Калі яна выйшла, прынц вачам не паверыў. На месцы няшчаснай страхалюднай і кудлатай дзяўчыны з жабіным ротам перад ім стаяла выкшталцоная красуня.

Нічога, акрамя сукенкі з даматканага сукна, берасцяных лапцяў і жамчужных караляў, не нагадвала пра яго нядаўнюю спадарожніцу. Яна падышла і падала яму рукі.

— Мой любы брат, — сказала яна. — Цяпер мне вярнулі ўсё! Ты пазнаеш сваю сястру?

І прынц, які пачаў ужо разумець, што да чаго, абняў сястру, і абое заплакалі ад шчасця.

— Як мог бы я адчуваць радасць на радзіме без маёй сястрычкі? — казаў прынц, перабіраючы жамчужынкі ў каралях, як рабіў гэта калісьці. — Цяпер мы больш ніколі не расстанемся.

І ён паказаў сястры залацістую пасмачку, якую адрэзаў ад яе валасоў перад тым як сысці прэч і якую верна захоўваў усе гэтыя доўгія гады.

Яны зноў рушылі ў дарогу, а калі прыйшлі дадому, ім так узрадаваліся, што нікога больш не хвалявала, ёсць у прынца цень або не.

__________________________________________________________________________

*Томтэ — у шведскіх народных вераваннях істота, якая ахоўвае гаспадарку, падобная да пенатаў і лараў у рымскай міфалогіі, дваравых і дамавікоў у славянскай, браўні ў шатландскай або хайнцэльмэнхенаў у нямецкай. Часцей за ўсё томтэ апісваюць як маленькага дзядочка ў вопратцы з саматканага палатна і ў чырвоным каўпаку. Нярэдка ў абліччы томтэ нешта выразна паказвае на яго звышнатуральную існасць (напрыклад, ён можа мець празмерна доўгую белую бараду або адзінае вока, размешчанае на ілбе).

Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава © 2012

Чытайце таксама

Вальтэр Скот

Вальтэр Скот

Вядомы празаік, паэт і гісторык, шатландзец з паходжання, знакаміты перадусім сваімі гістарычнымі раманамі

Станіслаў Ігнацы Віткевіч

Станіслаў Ігнацы Віткевіч

Польскі мастак, фатограф, драматург, празаік, эсэіст, філосаф, тэарэтык мастацтва. Віткацы

Грэгары Корса

Грэгары Корса

Амерыканскі паэт і мастак, адзін з яркіх прадстаўнікоў Біт-пакалення

Філіп Топал

Філіп Топал

Нарадзіўся 12 чэрвеня 1965 году ў Празе

1425