№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Беатрыкс Потэр

Казка пра трусіка Пітэра (The Tale of Peter Rabbit)

Казка

Пераклад з ангельскай Алеся Башарымава


Жылі-былі чатыры трусікі, і звалі іх

Флопсі,

Мопсі,

Ватны Хвосцік

і Пітэр.

Жылі яны разам з маці пад каранямі вялікай-вялікай піхты, што расла на пясчаным схіле.

— Ну, мае любыя, — сказала старая місіс Труска аднойчы ўранку, — хочаце — на поле бяжыце, хочаце — па сцяжынцы скокайце, толькі не хадзіце на гарод містэра Мак-Грэгара! З вашым таткам там здарыўся няшчасны выпадак: ён трапіў у пірог містэра Мак-Грэгара.

— А цяпер бяжыце, ды глядзіце, не ўкляпайцеся ў бяду! А я пайшла па справах.

Старая місіс Труска ўзяла кошык і парасон і пайшла праз лес да пекара. Яна купіла ў яго бохан чорнага хлеба і пяць булачак з разынкамі.

Флопсі, Мопсі і Ватны Хвосцік былі паслухмянымі трусачкамі. Яны паскакалі па сцежцы назбіраць ажынаў.

А вось Пітэр — той заўжды любіў пасваволіць! Ён пабег проста да гароду містэра Мак-Грэгара і праціснуўся пад веснічкамі.

Спачатку ён пагрыз крыху салаты і фасолевых стручкоў, потым з’еў некалькі радысак.

Пітэру было ўжо даволі млосна, але ён захацеў яшчэ закусіць пятрушкай і пайшоў яе шукаць.

Вось ён абмінуў цяплічку з гуркамі… І каго б вы думалі ён там убачыў? Так, гэта быў не хто іншы, як містэр Мак-Грэгар!

Містэр Мак-Грэгар стаяў на карачках і высаджваў маладую капусту. Але ўбачыўшы Пітэра, ён адразу ж ускочыў і кінуўся за ім. “Хапайце злодзея!” — крычаў ён на ўвесь голас, размахваючы граблямі.

Пітэр страшэнна перапужаўся. Ён забыў дарогу да веснічак і насіўся па ўсім гародзе.

Ён згубіў адзін чаравік у капусце, а другі — дзесьці ў бульбе.

Цяпер ён быў босы і таму пабег на ўсіх чатырох. Так было значна хутчэй! Мне здаецца, ён цалкам мог бы збегчы, калі б, на сваё няшчасце, не трапіў у сетку, што атачала кусты агрэсту, і не зачапіўся за яе сваімі вялікімі гузікамі.

Меднымі гузікамі на ягонай блакітнай куртачцы, яшчэ зусім новай.

Пітэр ужо развітваўся ў думках з жыццём і ліў горкія слёзы, калі ягоныя ўсхліпы пачулі спагадлівыя верабейкі. Вельмі ўсхваляваныя, яны падляцелі да трусіка і пачалі яго суцяшаць і падбадзёрваць.

Тут з’явіўся містэр Мак-Грэгар. Ён хацеў накрыць Пітэра сітам, але той схітрыўся спрытна выслізнуць з куртачкі і паскакаў прэч.

Ён кінуўся ў кладоўку і заскочыў у бляшаную лейку. Лепшага схову і не трэба было б, калі б не столькі вады ў лейцы.

Містэр Мак-Грэгар не сумняваўся, што Пітэр хаваецца дзесьці ў кладоўцы — магчыма, пад гаршчкамі для кветак.

Ён пачаў іх акуратна пераварочваць і зазіраць пад кожны.

І тут Пітэр як чхне — “ап-ап-чхііі!” Містэр Мак-Грэгар адразу ж кінуўся да яго.

Ён хацеў прыціснуць Пітэра нагой, але той выскачыў праз акенца, перакуліўшы тры гаршчкі з раслінамі.

Акенца было занадта маленькае для містэра Мак-Грэгара, ды і стаміўся ён ужо бегаць за Пітэрам. Таму ён вярнуўся да працы.

Пітэр прысеў адпачыць. Ён зусім запыхаўся і ўвесь калаціўся ад страху. Куды яму цяпер ісці, ён нават не ўяўляў.

Да таго ж ён вельмі прамок у лейцы.

Неўзабаве ён рушыў з месца — скок-паскок! — не вельмі хутка, каб паспець разгледзець усё навокал.

Ён убачыў дзверы ў сцяне, але яны былі зачыненыя, а праціснуцца пад імі такі тоўсты трусік не змог бы.

Старая мыш то забягала пад дзверы, то зноў выбягала на каменны ганак: яна цягала гарох і боб для сваёй сям’і, што жыла ў лесе.

Пітэр спытаў у яе дарогу да веснічак, але яна несла ў зубах такую вялікую гарошыну, што не змагла адказаць.

Яна толькі пахітала яму галавой. Пітэр заплакаў.

Потым ён паспрабаваў адшукаць дарогу на іншым баку гароду, але толькі яшчэ больш заблукаў.

Неўзабаве ён апынуўся ля стаўка, дзе містэр Мак-Грэгар звычайна набіраў ваду ў лейкі. Белая кошка сядзела ля вады і назірала за залатымі рыбкамі. Яна сядзела ціха-ціха, толькі кончык яе хваста раз-пораз торгаўся, нібыта жывы.

Пітэр пабаяўся загаварыць з ёй і вырашыў хуценька знікнуць, бо яму даводзілася чуць пра катоў ад стрыечнага брата, трусіка Бэнджаміна.

Пітэр паскакаў назад да кладоўкі, але раптам зусім побач ён пачуў удары матыкі — шурх, шарх, шарх, шурх! Ён хуценька схаваўся пад хмызам.

Але нічога страшнага не адбылося, таму ён вылез адтуль, залез у тачку і асцярожна выглянуў з яе. І адразу ж убачыў містэра Мак-Грэгара, які капыліў грады з цыбуляй. Ён стаяў задам да Пітэра, і за ім былі веснічкі!

Пітэр асцярожна спусціўся на зямлю і з усіх ног пабег па простай сцяжынцы за кустамі чорнай парэчкі.

Калі ён выскачыў з-за кустоў, яго заўважыў містэр Мак-Грэгар. Але Пітэру было не да яго. Ён праслізнуў пад веснічкі і нарэшце знік у лесе.

З куртачкі і боцікаў Пітэра містэр Мак-Грэгар потым зрабіў пудзіла, каб дразды не лёталі на гарод.

Пітэр ні разу не спыніўся і не азірнуўся, пакуль не дабег да самага дому пад вялікай піхтай.

Ён так стаміўся, што ў нары адразу ж плюхнуўся на мяккі пясочак і прыкрыў вочы.

Маці Труска тым часам гатавала ежу. Яна спытала ў Пітэра, куды падзелася ягонае адзенне. Гэта была ўжо другая куртачка і другая пара чаравікаў за апошнія пару тыдняў!

На жаль, мушу прызнацца, што тым вечарам Пітэр пачуваўся не вельмі добра.

Маці паклала яго ў ложак, зварыла рамонкавай гарбаты і загадала Пітэру выпіць.

“Прымаць адну сталовую лыжку перад сном”, — сказала яна.

А Флопсі, Мопсі і Ватны Хвосцік атрымалі на вячэру хлеб, малако і салодкія ажыны.

Размалёўкі да казкі можна спампаваць тут.

Пераклад з ангельскай – Алеся Башарымава © 2012

Чытайце таксама

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Чак Паланюк

Чак Паланюк

Амерыканскі пісьменнік, аўтар "Байцоўскага клубу"

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

1820