№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Алешандры Радрыгеш

Дом (O condomínio)

Апавяданне

Пераклад з партугальскай Кацярына Мазурэнка


Гэта быў стары будынак з каменю, з забруджаным фасадам. Тут жыў чалавек, які аднаго дня прачнуўся старым і праз страх памерці невядомым вырашыў напісаць гісторыю асабістага жыцця. Узяў чыстыя лісты паперы ды набытую ў антыкварнай краме друкарку “Фасыт”. З дня ў дзень ён пісаў без перапынкаў на чытанне, сон ці ежу. Ён пісаў пра маленства й юнацтва, пра каханне і шлюб, дзяцей, якія кудысьці з’ехалі, і вечнасць; пісаў пра самарэалізацыю і працу, грошы й адзіную сустрэчу з прэзідэнтам. Як скончыў, упершыню прачытаў напісанае; спачатку чалавек быў задаволены і стылем, і сюжэтнай лініяй, нават падкрэсліваў памылкі, каб пазней выправіць.

Але паступова, з кожнай хвілінай, на яго пачала наплываць усё большая незадаволенасць – што тая змрочная хмара ў яго галаве. Ужо сутонела, калі перагарнулася апошняя старонка. Ён доўгі час курыў і глядзеў у акно на старых, якія беглі услед падлеткам па вуліцы. Калі вярнуўся да друкаркі, то акуратна склаў усе аркушы ў дасканалы стос, зверху паліў спіртам, а потым назіраў, як блакітнае полымя знішчала ўсё. Апасля чалавек спаліў усе чыстыя лісты, пакінуўшы цэлым толькі адзін, уставіў яго ў друкарку і дрыжачымі рукамі напісаў: Я НЕ ЖЫЎ.

У доме таксама жыла Вера, срэбная жанчына. Кожнага дня яна вярталася дадому з плямамі фарбы, якія вадкасць для выдалення макіяжу не выводзіла з твару. З пафарбаваным у срэбра целам Вера ў вопратцы Статуі Свабоды нерухома стаяла на п’едэстале ў цэнтры – так яна зарабляла на жыццё. Калі нехта кідаў грошы, яна ўзбуджалася і выказвала падзяку выключна мімікай. Яе рэверансы вымушалі плакаць дзетак, чырвоныя ружы, што клаліся да ног жанчынаў, расчульвалі сямейныя пары, часам яна затрымлівала мужчыну, які спяшаўся ў офіс. Калі яна на доўгі час нерухомела на п’едэстале, то адчувала смагу і жаданне схадзіць у прыбіральню, яе цягліцы сутаргава сціскаліся ў прыступах болю, а ногі дрыжалі, бо ёй ужо было за шэсцьдзесят; але Вера ўсё стаяла, нават калі грошай болей не кідалі.

На паверсе, дзе перагарэў калідорны ліхтар, жыве Лукас, чалавек-кола. Аднаго дня ён выйшаў у калідор, скруціўся ў кола і пакаціўся. Ён хістаўся і стукаўся аб сцены, бо мяса ды косці – не сталь ды гума. Суседзі паклікалі псіхіятра, той агледзеў Лукаса і сказаў: “Ён не вар’ят, ён толькі страціў напрамак жыцця, як шмат хто з людзей”. Псіхіятр зрабіў укол і прызначыў заспакаяльнае. Наступнага дня Лукас адчыніў дзверы і з’явіўся перад усімі. Суседзі выйшлі, каб паглядзець на яго і павіншаваць з тым, што ачуняў. Падзякаваўшы, Лукас дайшоў да канца калідора, вярнуўся ў пачатак; потым ізноў да канца, ізноў у пачатак і яшчэ раз; выцягнуў з кішэні складзены аркуш і нешта запісаў. Адным рухам ён правёў уяўную лінію між сценаў, пасля ізноў дайшоў да пачатку калідора, скруціўся, адштурхнуўся й пакаціўся. Ён іншы раз калываўся, але болей не стукаўся, марудна, але ўпэўнена перасякаючы калідор.

У доме сабраліся навукоўцы й рэпарцёры – паглядзець на дзіўнюткі надпіс, што з’явіўся на апошнім паверсе. На тым месцы, дзе аблезла фарба, узніклі словы на невядомым дыялекце, дзве пераплеценыя крамзолі і невыразны малюнак. Газеты сцвярджалі, спасылаючыся на двух навукоўцаў, што гэтыя іерогліфы месцяць у сабе сакрэт вечнага шчасця. Таго ж дня натоўп цікаўных штурхаўся ў калідоры – хацелі пабачыць сакрэт. Пхаючы адно аднаго, мужчыны і жанчыны маглі затрымацца толькі на хвіліну, каб паглядзець на сцяну. Нехта, расчараваны, сыходзіў, нехта плакаў, іншыя, нібыта перад цудам, станавіліся на калені. Эзатэрыкаў і скептыкаў запрашалі на тэлевізійныя праграмы, там яны выказвалі меркаванні, якія супярэчылі адно аднаму.

Другога дня нейкі высокі франт сеў на парэнчы ля ліфта і пачаў гандляваць жаночымі кофтачкамі ды фотаздымкамі сакрэту. Трэцяга дня з’явіўся латок са свечкамі, якія меліся асвятляць людзям іх шляхі. Адзін жыхар нацягнуў вяроўку і адгарадзіў надпіс. Адзін чалавек ледзь мог прайсці на астатняй прасторы. Льга было спыніцца, стаць на калені і памаліцца перад тым, што стала вядома як “святая сцяна”. Адзін з жыхароў пачаў прадаваць на ўваходзе квіткі. Чацвертага дня сіндык дому звярнуўся да правілаў і пераканаўся, што там нічога не сказана пра дзеянні гэткага кшталту. Жыццё ператварылася ў пекла: навалы наведвальнікаў не маглі стрымаць ні дзверы, ні папярэджанні не гаманіць; людзі кідалі смецце проста на падлогу, бо нікому дагэтуль не прыйшло да галавы паставіць на калідоры сметніцы.

На сходзе жыхары падзяліліся на тых, хто скардзіўся, і на тых, каму была даспадобы гэтая сітуацыя. Ладзілі галасаванне, але праз тое, што задаволеных і незадаволеных атрымалася роўная колькасць, нічога не вырашылі. Фарбу, пэндзлі і цэбар паводле ўласнай ініцыятывы прынёс на апошні паверх сіндык. Уначы ён адзін зафарбаваў сцяну. Наступнага дня газеты паведамілі пра тое, што сталася, і перад домам зноўку сабраўся натоўп. Усе хацелі пабачыць сакрэт. Некаторыя падымалі з зямлі палкі і дэманстравалі зброю, каб запалохаць сіндыка.

Жыхары грукалі ў ягоныя дзверы. Спачатку ён казаў, што ўсё ўжо даўно вырашана, потым паглядзеў у акно: натоўп павялічыўся і запаланіў усю вуліцу насупраць. Лукас прыкаціў да кватэры і загадаў, каб ён зрабіў усё так, як было. Іншыя жыхары надта баяліся і паўтаралі тое самае, і тады сіндык адчыніў дзверы і сказаў: “Ідзіце і глядзіце сакрэт”. Фарба была свежая, таму яе было лёгка здзерці. Як скончылі, гоман прабег па калідоры, людзі глядзелі на сакрэт, але ніхто не схіліў каленяў, бо не ўбачыў цуда. Там, дзе колісь былі незразумелыя словы і сімвалы, цяпер было напісана: “Сакрэт шчасця – гэта міраж”.


© Alexandre Rodrigues, 2009.

Пераклад з партугальскай – Кацярына Мазурэнка © 2009

Чытайце таксама

Ганна Сілівончык

Ганна Сілівончык

Беларуская мастачка

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Дар'я Трайдэн

Дар'я Трайдэн

Святлана Макаравіч

Святлана Макаравіч

Адна з найбольш яскравых і спрэчных постацяў у сучаснай славенскай літаратуры

807