№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дэса Мук

Абалдзець якія ідэальныя (Blazno resno popolni)

Пераклад са славенскай Надзея Кахновіч


Кніга добрых манераў для падлеткаў,
прыдатная таксама ў нашай Сонечнай сістэме

Калі мы ідэальныя?

Мы ідэальныя, калі нараджаемся. Так кажуць нашыя бацькі, калі, пачырванелыя, схіляюцца над калыскай, прыдуркавата касавурацца на нас, а сліна капае нам на коўдрачку.


— Гляньце, ці ж гэта не ідэал?! — буркуюць яны. — Гэтыя пальчыкі, а носік, а вочкі!.. Найчысцейшы ідэал!


З гадамі гэтая ідэальнасць выпарыцца, быццам яе ніколі не было. Сёння ўжо няма і следу тых шчаслівых ідыётаў над калыскай. Цяпер толькі чуеш: “І адкуль толькі ўзяўся гэты чортаў шкоднік? Ва ўсім свеце такога жаху няма!”


І ты не можаш уцяміць, чаму цяпер усё раптам перавярнулася — бо гэта ж ты, самы сапраўдны, стары добры ідэал з той калыскі.


Так, гэта непрыемныя загадкі, праз якія я пакутавала ўсё дзяцінства. Адкуль гэтыя перамены? Чаму, скажам, сваякі раптам перасталі клікаць нас у госці, нібыта мае вясёлыя гульні ў заапарк з іх пабелкай і новымі шпалерамі былі нечым празмерным? Чаму мае бацькі заўсёды так нерваваліся, калі яшчэ да канца абеду мусілі выцягнуць мяне з рэстарана? І чаму яны не перастралялі суседзяў, калі тыя патрабавалі, каб мы перасяліліся на іншы кантынент?


Усё крышачку прасвятлілася для мяне толькі на парозе сталасці. Мы з сяброўкай упершыню паехалі на канікулы ў гатэль. Нам было так цудоўна, так цудоўна, што мы забылі своечасова вызваліць пакой. І калі ўвечары ў добрым настроі туды вярнуліся, нас ужо чакала вахцёрка. З чырвоным як бурак тварам, яна зашыпела, каб мы тут жа вызвалілі пакой, бо новыя госці не могуць у яго засяліцца. Пасля яна панеслася назад на вахту. З крыкам я рынулася за ёй.


— ШТО-О-О-О?! Што ты пра сябе думаеш, карова ты недакормленая?! Мяне ніхто не выкіне прэч! Я патрабую дырэктара!


Не памятаю, што яна адказала. Аднак тады па калідоры гатэля лёталі вазоны, люстры падалі са столі, і па ўсім беразе чуўся наш рык уперамешку з завываннем паліцэйскай сірэны. Мая сяброўка, якая ўвесь час сціпла стаяла ўбаку і намагалася ўхіляцца ад папяльнічак, што лёталі вакол, у момант зацішша міла прамовіла:


— Калі ласка, прабачце нам, шаноўная спадарыня вахцёрка. Мая сяброўка крыху нервовая і… Ведаеце, мы гэта незнарок, у вас тут так добра, што мы забылі пра ўсё. Нам вельмі шкада, што так атрымалася.


Я ўжо хацела бурна ўзбунтавацца, але мяне спыніла перамена на абадраным твары вахцёркі. З-пад ускудлачаных валасоў пракралася самая мілая і шчырая ўсмешка ў свеце.


— Праўда? Але ж мне і падалося, што вы незнарок. І вы, нябога, такая нервовая…


Яна кінулася мне на шыю, пачала абдымаць са слязьмі на вачах, і, чорт вазьмі, у мяне на вачах з’явіліся адна ці дзве слязінкі.


З-за крэслаў пачалі выпаўзаць спалоханыя госці, пляскаючы нам у ладкі. Да іх далучыліся паліцэйскія, пажарнікі і ратавальнікі, якія якраз падаспелі. А пасля мы да раніцы танчылі польку на чарапках. З вахцёркай мы застаемся сяброўкамі дагэтуль, і ў тым гатэлі мяне заўсёды сустракаюць як пачэснага госця. І ўсё гэта дзякуючы аднаму толькі слову: “ПРАБАЧЦЕ”. А што б яшчэ было, калі б мы ўжылі “дзякуй” і “калі ласка”!


Я пачала ўсведамляць, што бонтон аплачваецца! Калі б у Славеніі культывавалі добрыя манеры, да нас бы паломнічалі прэзідэнты самых важных дзяржаваў, малілі б нас зрабіцца іх саюзнікамі і гарантавалі б, што палічаць за гонар падарыць нам некалькі мільярдаў даляраў, бо мы такі мілы і прыемны народ. І ўсім было б добра!


Калі я шукала персанажа для гэтай кнігі, я не знайшла ніводнага ідэальнага героя. Дзіця, якое заўсёды ахайнае, мілае, спакойнае, дагодлівае і… такога дзіцяці на нашай планеце НЯМА! Таму я прывезла яго з іншай планеты, дзе ўсе дзеці нараджаюцца добра выхаванымі. Рэч у тым, што ў іх арганізме ёсць спецыяльныя залозы бонтону. У нармальных умовах яны вылучаюць рэчыва, якое выклікае добрыя паводзіны, гэтаксама як мы дыхаем. Героя з гэтай планеты завуць Фелікс. Тое, што вы прачытаеце далей, — ягоныя прыгоды на Зямлі.

 

Пра знаёмства, альбо Фелікс прадстаўляецца

Гадзіннік прабіў поўнач. У дзіцячым пакоі цёмна, але пад коўдрай два светлыя кружкі шалёна бегаюць туды-сюды. Заля і Марцін паміж стосаў паперак ад з’едзеных шакаладак і цукерак употай чытаюць коміксы з ліхтарыкамі. Сярод начной цішыні іх збівае з панталыку пачцівы голас:


— Прабачце, што непакою вас і з’яўляюся без папярэджання, аднак праз аварыю на лятучай талерцы я мусіў часова прызямліцца на вашай дзіцячай пляцоўцы.


Марцін і Заля разявілі раты так, што цукеркі павывальваліся. На падваконні стаяла вельмі незвычайная карлікавая істота, якая прадставілася:


— Мяне завуць Фелікс, я паходжу з сёмай планеты суседняй Сонечнай сістэмы.


Марцін і Заля ўсё яшчэ прыдуркавата пазіралі на яго і не заўважалі ружовых ручак, пададзеных для прывітання.

 

 

А што па правілах добрага тону ў такой сітуацыі зрабілі б вы?

а) саштурхнулі б яго з падваконня;


б) сказалі б: “Не грузі, фраер! Хутка валі назад на сваю планету, а калі не, атрымаеш у лыч!”


в) паціснулі б яго ружовую руку і прамовілі: “Вельмі прыемна. Я Марцін Годніч з Любляны, гэта мая сястра Заля Годніч”. Потым руку паціснула б сястра, кажучы: “І мне вельмі прыемна”;


Марцін і Заля пад уплывам моцнага шоку мімаволі зрабілі ўсё правільна. Калі б яны памыліліся, Фелікса ўжо не было б у гэтай кнізе, бо ён адчуў бы сябе непатрэбным і ўцёк у іншае месца.


Паколькі ў творах для дзяцей, асабліва ў павучальных, мы не можам пазбегнуць дарослых, то і ў нашую гісторыю іх прывабілі гучныя галасы з дзіцячага пакоя. Фелікс прыгожа прадставіўся бацькам і растлумачыў сваё становішча. Было відавочна, што ў яго сур’ёзныя праблемы.

 

Што зрабілі б вы на яго месцы?

а) кінуліся б абутыя на ложак са словамі: “Мяне не будзіць, і на сняданак я хачу кіло бананаў!”


б) сказалі б: “Я спадзяюся, вы дазволіце мне пабыць у вас некаторы час. Абяцаю, што са мною не будзе клопатаў, і я буду дапамагаць вам у хатніх справах”.


в) дасталі б пісталет і зараўлі: “Увага! Да сцяны! Цяпер тут загадваю я!”


Паколькі Фелікс, як мы ведаем, — дзіця, што нарадзілася добра выхаваным, ён выбраў правільны адказ і прыйшоўся дарослым даспадобы. А вас, што не ў стане вызначыцца, не пераносяць нават вашыя ўласныя бацькі.

 

Раніцай пазнаеш чалавека

Нягледзячы на тое, што раніца для Залі і Марціна мусіла быць вельмі неспакойнай — не кожны дзень прачынаешся ў пакоі з іншапланетнікам, — яны ўсё роўна моцна спяць. Мама прыходзіць іх будзіць кожныя пяць хвілін. Пагражае, просіць, плача на каленях… Марцін стогне: “Яшчэ адну хвіліначку”, — і нацягвае коўдру на галаву. Заля шэпча: “Мама, але ж я ўжо не сплю”, — а вочы шчыльна заплюшчаныя і твар нерухомы. І калі мама праз паўгадзіны прыходзіць у адчай і, нервовая, прыгнечаная, расстроеная, ідзе, трасучыся, на працу, за справу бярэцца бацька.


Ён драматычна прачытае лекцыю пра чалавечыя абавязкі, пра спазненне ўвогуле і пра партызан, якія кожны дзень спалі ўсяго некалькі секунд. І толькі калі ён згадае, што з новымі роварамі нічога не атрымаецца, на абодвух ложках крыху бліснуць вочы з-пад павек. Нарэшце і бацька, змучаны, ідзе на працу трасучыся, што для хірурга надта нядобра — раптам адрэжа каму які орган.


А Фелікс? Ён ужо даўно на нагах і, павіснуўшы на люстры, задаволена заканчвае ранішнюю гімнастыку.


— Як гэта ты з раніцы — і ў такім добрым настроі?! Фу! — жахаецца Марцін.


— І як ты так лёгка прачынаешся сам? — з папрокам пытаецца ў яго Заля.


— Прабачце, — адказвае Фелікс. — Гэты дзень падаецца мне ОК і мне хочацца бачыць яго з пачатку да канца. Гэта супер, што ў маім жыцці ёсць магчымасць рана ўстаць і рабіць тое, што я люблю, але яшчэ раней зрабіць тое, чаго не хочацца.


Марціну і Залі ўсё гэта падаецца занадта складаным для іх ранішніх мазгоў. Фелікс працягвае:


— Дый бацькам я б не вельмі падабаўся, калі б яны мусілі будзіць мяне цэлую гадзіну, і потым яны, магчыма, не купілі б мне крыштальнага марозіва і гравітацыйнай жуйкі з нябачнай налепкай. Яны б увесь дзень разважалі, хто вінаваты, што я раніцай такі нязносны, замест таго каб усім разам сесці ў ракету ды паляцець на экскурсію.


Заля і Марцін так задумаліся, што на момант перасталі пазяхаць.

Дарэчы, а што з вашым пазяханнем перад іншымі людзьмі і іншапланетнікамі?

 

а) калі вам даводзіцца пазяхаць, вы робіце гэта ціха, прыкрываючы рот рукой;


б) вы адкрываеце рот, як бегемот, каб усе добра пабачылі вашыя ўнутраныя органы, і пры гэтым гучна равяце;


в) падчас голаснага і працяглага пазяхання вы яшчэ грунтоўна і нават дзіка пацягваецеся, пры гэтым чапляеце некалькі чалавек побач, збіваеце з палічкі гадзіннік або лямпу.

 

Непатрэбная ванная

Марцін і Заля яшчэ з папярэдняга раздзела ляжаць у ложку і раздумваюць, як пазяхаць правільна. У ваннай нешта шчабеча, быццам там пасяліўся гібрыд канарэйкі з крыштальнай жырандоляй. Гэта Фелікс падчас ранішніх працэдур напявае народныя песні сваёй радзімы. Калі ён выходзіць, выгляд у яго цудоўны. Блішчыць як толькі народжаны парсючок і пахне ваніллю. Марцін і Заля з пагардай пазіраюць на гэтую адсталасць.


— І як толькі ты можаш быць такім бессаромна чыстым ды яшчэ і вясёлым, — уздыхае Заля. Разам з Марцінам яны з агідай ідуць у ванную. Цяпер з яе даносяцца зусім іншыя гукі. Секунду ці дзве чуваць шум вады і “фу… брррр… бу-ху-ху… буэ!” І вось яны зноў тут — рыхтык такія ж, як былі: нудныя, памятыя, з заспанымі вачыма, толькі ў Марціна праз увесь твар цягнецца белая рыска там, дзе ён выпадкова правёў вільготнай рукой. Змрочна ён кажа Феліксу:


— Мяне вельмі цікавіць, што ты рабіў у ваннай цэлых дзесяць хвілін? Мы думалі, што за гэты час ты пабяліў столь, замяніў плітку і пазалаціў трубы!


— Я ўсяго толькі памыўся, як і кожную раніцу! — растлумачыў Фелікс. — А ўвечары прыму ванну. Не магу дачакацца!


Марцін і Заля ледзь не званітавалі ад думкі пра пакутлівае намаканне ў ванне, а калі Фелікс сказаў, што няма нічога лепшага, чым разагрэтым, калі скура задаволена ўсміхаецца, залезці ў свежую піжаму і на духмяную прасціну, яны нарэшце не вытрымалі. Пабеглі ў прыбіральню.


Дагэтуль я не згадвала пра чыстку зубоў. З глыбокай верай у славенскае дзіця я сапраўды спадзяюся, што хаця б адзін з вас ведае правільны адказ на наступнае пытанне:

Як правільна чысціць зубы?

а) не будзем звяртаць на іх увагі і пачакаем, пакуль яны ў нас выпадуць, бо даглядаць пратэзы прасцей;


б) тры разы на дзень, альбо прынамсі раніцай і ўвечары тры хвіліны шчоткай з пастай чысцім зубы кругавымі рухамі. Рэгулярна наведваем стаматолага;


в) тры разы на дзень сёрбаем кока-колу; у суботы і нядзелі на цэлы дзень запускаем зубы ў салодкае.

 

Як стаць апошнім франтам

— Вам не падаецца, што я мушу апрануць нешта зямное, каб ісці з вамі ў школу? Я не люблю прыцягваць увагу! — уздыхае Фелікс, чухае сябе па трубках на патыліцы, і яго конус на макаўцы сінявата чырванее.

Дык гэта ж супер! Марцін і Заля ўжо штурхаюцца ля шафы з адзеннем. Гэта ўсё роўна што атрымаць жывую ляльку! Фелікс, трасучыся, стаіць перад расчыненай шафай і трымаецца за сэрца. З неверагодна бліскучымі вачыма ён выдыхае:


— О! Што гэта?


— Што?


— Гэтыя цудоўныя рэчы вось тут. Можна? — ён нясмела цягне руку, якая ад узрушанасці робіцца ўжо насычана фіялетавай.


— Гэта гальштукі! — пагардліва пырскае Марцін. — Іх носяць толькі апошнія калгаснікі і крэтыны!


— Гальштукі?! Якая цудоўная назва! Іх носяць? Як адзенне? Ох, як бы я хацеў быць крэтынам!


Ён замілавана здымае чырвоны гальштук з вялікімі сінімі кропкамі і прыціскае яго да сэрца.


— Як вы думаеце, я таксама магу яго насіць? Гэта найлепшая рэч, якую я бачыў у жыцці…


— І не думай надзяваць яго пры нас! — крычыць Заля і адбірае ў яго гальштук. — Усе аднакласнікі будуць з нас здзекавацца!


У Фелікса жаласна апускаюцца рукі. Ён робіцца бледна-ружовым. Амаль белым.


— Ты хочаш сказаць, што пры вас мне нельга надзець таго, што мне падаецца такім прыгожым?


— Толькі дапатопным адсталым прыдуркам гальштукі падаюцца прыгожымі! Яны ж зусім не модныя!


— Ды іх носяць апошнія фраеры ды франты, толькі маміны сынкі ды беднякі. У нас з братам усё з Італіі! Ведаеш, так трэба… інакш цябе зжаруць жыўцом! — павучае яго Заля.


— Можа, тады мне лепш не ісці ў школу? — прыгнечана кажа Фелікс.


— Не балбачы! Мы ж ужо пераканалі цябе, што ты будзеш выглядаць як франт! — крычаць яны і кідаюцца ў вялізны стос шмацця ў шафе. Фелікс задумліва аглядае іх джынсы, сукеначкі ды кашулькі з наклёпкамі, якія ледзь-ледзь прыкрываюць шматлікія плямы ад кетчупу ды маянэзу. Ён пачынае разумець, што дзіркі, адарваныя гузікі, распоратыя швы ды плямы таксама модныя. Колькі іх! Упершыню з таго часу як прыляцеў на зямлю, ён згадвае сваю маму і старанна прышытыя латкі на каленях скафандра.

 

Як паводзіцца з дворнікамі

Залі Фелікс падаецца вельмі прыгожым у джынсах з дзіркамі на каленях і чорнай кашулі з надпісам I’M BAD. Яна дзелавіта аглядае яго з усіх бакоў і пры гэтым старанна калупаецца ў носе. Фелікс задумваецца, што ж гэта так глыбока трапіла ў іх ноздры, што ніяк нельга выцягнуць. Можа, вавёрка? Пры гэтым ён не можа не заўважыць пазногцяў Залі, на якіх праз слой лаку па-здрадніцку ззяе чорная рыска. Ён пытаецца: “Дарэчы, а як справы з пазногцямі на вашай планеце?”

Як?!

а) гадуем іх да 7 сантыметраў — так яны будуць найбольш прыдатныя для калупання ў носе, адкрывання бляшанак і боек адзін на адзін;


б) старанна падгрызаем пазногці да жывога, бо яны спажыўныя і змяшчаюць шмат вітамінаў; скрупулёзна высмоктваем увесь бруд з-пад пазногцяў, бо ён — найлепшае асяроддзе для шкодных бактэрый.


в) падстрыгаем нажнічкамі і падпілоўваем пілачкай да падушачак, клапоцімся, каб пазногці, як і рукі ўвогуле, заўсёды былі чыстымі.


У дзвярах звініць званок.


— Хто там? — крычыць Марцін.


— Дворнік… — чуе ён саладзенькі голас за дзвярыма.


— Што-о-о?! Мы яшчэ не разбілі ніводнай шыбы, мы толькі ўсталі!


— У двары прыпаркаваная… хм… нейкая машына з мігалкамі… нейкі транспарт… Магчыма, гэта вашае?


— Мая лятучая талерка… — шэпча Фелікс.


— Паклапаціцеся лепш пра сябе! — раве Марцін праз замочную шчыліну.


— Мне падалося… Я толькі хацеў… Што гэта тут адбываецца?! Сярод пясочніцы нельга паркавацца! Я іду клікаць міліцыю!


— Не грузі, чувак! Ідзі куды хочаш, а я іду клікаць дзядзьку, які працуе ў мэрыі!


Фелікс хутка адпіхвае Марціна і адчыняе дзверы. Дворнік няўпэўнена вагаецца, пабачыўшы іх, аднак усё роўна прыслухоўваецца да таварыскага іншапланетнага голасу.


— Даруйце нам, спадар дворнік, — спяшаецца Фелікс. — Лятучая талерка насамрэч мая, аднак я не збіраўся паркавацца няправільна. Праз аварыю я мусіў часова прызямліцца на вашай дзіцячай пляцоўцы. Я зараз жа перацягну талерку на месца для паркоўкі.


Пасля гэтага Фелікс і дворнік ажно да наступнага раздзелу расчулена абдымаюцца, на ўсе лады выказваюць сваю прыхільнасць і абяцаюць адзін аднаму ўсебаковую падтрымку.

 

Алё, містэр Ідэал слухае


Фелікс і дворнік усё яшчэ абдымаюцца, і ўжо страшна: а раптам цалавацца пачнуць? У калідоры звініць тэлефон. Заля бярэ слухаўку і кажа:


— Хэй! Чаго табе?


Пасля яна збольшага маўчыць, толькі часу ад часу абыякава буркае: “Го-оніш!” І так некалькі гадзін. Раптам яна ажыўляецца.


— Шо-о-о?!! Дзе ты іх бачыла? Яны трымаліся за ручкі?! Свіння! І як ёй не сорамна! Яна ж ведае, што я з ім хаджу!


Чырвоная як бурак, яна кідае слухаўку і ўтаропліваецца спачатку ў Марціна, а потым у Фелікса, які з цікавасцю за ёй назірае.


— Дык вось! Ты, Фелікс, патэлефануеш Кармэн! Твайго голасу яна не пазнае! — і яна ўжо ўпіхвае слухаўку ў руку Феліксу і набірае нумар. — Ты скажаш толькі “Сука!” і пакладзеш трубку! — паказвае яна яму.


У трубцы чуецца вясёлы дзявочы голас.


— С-с-с-с-с… — пакутуе Фелікс. Гэтае слова ніяк не хоча выйсці з яго вуснаў, зубы з усёй моцы стрымліваюць язык. Раптам у яго пачынае моцна балець галава, а ў вачах цямнее. Яго бонтонскія залозы вылучаюць антылаянкавую атруту. Фелікс адчувае, што вось-вось яму будзе канец! Зусім змакрэлы, ён адкладае слухаўку і асядае.


— Не магу! — стогне ён.


Калі добра падумаць, і ў нашым арганізме прысутнічаюць антылаянкавыя залозы. Канечне, яны ўжо добра так атрафаваліся, бо падчас лаянкі мы часцей за ўсё адчуваем асалоду. Аднак яны абуджаюцца, калі ў лаянцы мы закранаем чалавека, які шмат для нас значыць. І калі праклёны, як рапухі, будуць сыпацца з нашых вуснаў, мы сапраўды вычарпаем чыю заўгодна прыхільнасць. Таму прапаную наступнае практыкаванне: станьце перад люстэркам і з пачуццём паўтарайце: “Сука!” — а таксама ўсе астатнія брудныя словы і праклёны, якія ведаеце, і рабіце так, пакуль не страціце прытомнасць і, суцешаныя, не паваліцеся на падлогу.


Паколькі большую частку гэтага раздзела нехта некаму тэлефанаваў, вам не пазбегнуць наступнага тэсту.

Як правільна тэлефанаваць, каб пакінуць добрае ўражанне?

а) правілаў увогуле няма, бо тэлефон прызначаны выключна для забаваў: прынамсі дванаццаць гадзін штодзень мы праводзім ля тэлефона і дэманструем знаёмым і незнаёмым сваю геніяльнасць; а тэлефонны рахунак хай будзе штрафам для бацькоў, якія прымушаюць нас рабіць дамашнія заданні;


б) на тэлефонны званок адказваем: “Алё, гэта кватэра такіх і такіх, слухаю”; калі ж тэлефануем мы, то кажам: “Добры дзень, гэта такі і такі, ці мог бы я паразмаўляць з такім і такім?”

 

Гэты пацешны лёгенькі ліфт

Нарэшце Фелікс пакідае бяспечную кватэру Годнічаў. Калі Заля зачыняе свае дзверы, адчыняюцца суседнія, і з іх выглядвае вострая, як спіца, суседка. Яе зыркія вочы ўпіваюцца ў Фелікса.


— ОоОоОо! — спявае суседка. — А вашыя бацькі пра гэта ведаюць?


— Нармалёк.


— Ды ну?! У статуце хатняга камітэту прапісана ўсё, што датычыць хатніх жывёлаў. Гэтая канечне не можа знаходзіцца ў блоку! І чаму не на вяроўцы? Яна ў вас увогуле прышчэпленая?


— Прабачце! Безумоўна, я прышчэплены! Гэта абавязкова перад кожным міжгалактычным палётам! Ці дазволіце мне прадставіцца… Маю гонар…


Аднак паказаць свой гонар ён не змог. Суседка захрыпела і, непрытомная, павалілася перад дзвярыма. І ведаеце што? Так ёй і трэба! А чаго яна не павіталася?!


Годнічы жывуць на другім паверсе, аднак Заля і Марцін тут жа кідаюцца да ліфта.


— Давай крыху пакатаемся! Будзе дзіка весела, пабачыш!


 І вось яны ўжо ў кабіне. Фелікс з цікавасцю разглядае ліфт знутры. Сцены запэцканыя і брудныя, спісаныя маркерам. Бачна, што нехта ўжо спрабаваў іх адчысціць. Надпісы: “ВЫ ЎСЕ ДЭБІЛЫ” і “СМЕРЦЬ ДВОРНІКУ”.


На апошнім паверсе ў ліфт уваходзіць мужчына, які, зірнуўшы на дваіх Годнічаў, робіцца нейкім стомленым, прыгнечаным і на некалькі гадоў старэйшым. Нягледзячы на гэта, ён пачціва вітаецца з Феліксам. Ад яго імені і імені ўсіх, чыё жыццё скарачаецца на некалькі гадоў, калі ў ліфце яго дому гаспадараць такія дзеткі, складаю наступны тэст:

Як мы паводзімся ў ліфце?

а) на ўваходзе ў ліфт прапускаем старэйшых, інвалідаў, жанчын і малых дзяцей; пачціва вітаемся з усімі прысутнымі, нават калі мы з імі не знаёмыя; пытаемся, на які паверх яны едуць, і кажам, куды збіраемся мы. Не псуем ліфт, не курым у ім і не засмечваем яго;


б) пры кожнай нагодзе заціскаем дзвярыма нагу або пальцы таму, хто хоча ўвайсці; малых дзяцей палохаем, спыняючы ліфт паміж паверхамі; як мага часцей затрымліваем ліфт на апошнім паверсе, не даючы дзвярам зачыніцца;


в) як толькі заўважаем, што да ліфта бяжыць пажылы чалавек, які нясе нешта цяжкае, або маці з немаўлём, чакаем, а пасля перад самым іх носам зачыняем дзверы і едзем.


Дарогай Марцін зрабіў яшчэ некалькі драпін на паштовых скрынях, і яны канчаткова выйшлі з пад’езду. Фелікс ступіў з дому на вуліцу — і аслупянеў. Колькі людзей! Шырока і шчыра ён усміхаецца кожнаму, хто праходзіць побач, і спяшаецца ўсіх прывітаць, але ніхто не адказвае яму ўзаемнасцю. Часцей за ўсё на яго пазіраюць з агідай, толькі дзве мамкі, якія пхаюць наперад свае вазкі, спачувальна ўсклікваюць:


— Няшчасныя бацькі!


І з палёгкай дадаюць:


— Добра яшчэ, што гэты бядак не наш! Ух, які ж ён брыдкі!


Шчырая ўсмешка на твары Фелікса, якую ён для іх падрыхтаваў, застывае. Што яны мелі на ўвазе? Яму мама заўсёды казала, што ён найпрыгажэйшае дзіця ў свеце!


Марцін і Заля, баронячы, становяцца перад ім і паказваюць перапужаным мамам языкі.


— Як міла! — ускліквае Фелікс. — А я і не ведаў, што вы вітаецеся так сардэчна!


Яны спыняюцца перад суседнім домам. Марцін засоўвае два пальцы ў рот. Чуваць такі пранізлівы свіст, што ў найбліжэйшага мінака разрываецца слыхавы апарат. Фелікс хаваецца ў квяцісты хмыз і калі пэўны час нічога не адбываецца, зноў вылазіць вонкі. Дарэмна! Бо назад яго пагоніць грозны індзейскі крык. Каты ў паніцы выскокваюць са сметніц, а з балкона падае непрытомная жанчына, што развешвала бялізну. Ад дому ім насустрач імчыцца нешта маленькае і чырвонае. Зносіць прыпаркаваныя ровары, сметніцы і малых дзяцей, раздушвае ўсе ружы на клумбе і нарэшце спыняецца перад Заляй і Марцінам. Гэта Пэтэр. На роліках.


— Здароў, банда! Ідзем сёння ў школу або прагульваем? — пытаецца ён і толькі тады заўважае Фелікса, які вылазіць з хмызоў. Як праходзіла іх сустрэча, вы даведаецеся з наступнага раздзелу. А пакуль вось вам дамашняе заданне: пашукайце ўсе правілы добрых паводзінаў, якія парушаліся ў гэтым раздзеле. Калі вы знойдзеце хаця б пяць, вас пачнуць свабодна выпускаць на вуліцу час ад часу.

 

Смаркач

Калі вы старанна рабілі дамашняе заданне з папярэдняга раздзелу, ваш адказ будзе прыблізна такі: няправільна было рабіць гучныя заўвагі пра выгляд мінакоў, паказваць язык і крывіць грымасы, свістаць, крычаць, ездзіць на роліках, скейтах і роварах (пра мапеды няма і гаворкі) па клумбах і дзіцячых пляцоўках, пагражаючы небяспекай іншым дзецям, жывёлам і раслінам. А калі вы звяртаеце ўвагу на знішчэнне паштовых скрыняў, хоць гэта і не датычыць паводзінаў на вуліцы, вы імкліва набліжаецеся да моманту, калі вас выберуць прэзідэнтам або кім вы толькі пажадаеце.

 

© Desa Muck, 2012

Пераклад са славенскай – Надзея Кахновіч © 2012

Чытайце таксама

Караль Жэра

Караль Жэра

Беларуска-польскі пісьменнік і педагог

Сэфі Ата

Сэфі Ата

Нігерыйская пісьменніца, драматург. Жыве ў ЗША, піша па-ангельску

Ілля Камінскі

Ілля Камінскі

Амерыканскі паэт, літаратурны крытык, перакладчык.

Франц Кафка

Франц Кафка

Адзін з найвыбітнейшых нямецкамоўных пісьменнікаў ХХ стагоддзя

933