№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Анна Валенберг

Жамчужныя каралі (Drottningens halsband)

Казка

Пераклад са шведскай Алеся Башарымава


Сёлета споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння вядомага шведскага мастака і ілюстратара Ёна Баўэра, які нарадзіўся 4 чэрвеня 1882 году. А вядомы ён найбольш сваімі чароўнымі ілюстрацыямі да штогадовых зборнікаў казак “Сярод томтэ* і троляў” (Bland tomtar och troll), якія працягваюць выдавацца і цяпер.

Першая такая кніга з ілюстрацыямі Баўэра выйшла ў 1907 годзе. Хутка яго прызналі найлепшым ілюстратарам казак у Швецыі.

Прывабныя жаночыя вобразы ён часцей за ўсё пісаў са сваёй жонкі Эстэр, якую вельмі любіў. Іх каханне было ўзаемным, але неўзабаве пасля вяселля выявілася, што яны хочуць рознага ад жыцця. Ён Баўэр любіў гуляць па лесе, збіраючы ідэі для сваіх малюнкаў, і ўвесь аддаваўся творчасці, а Эстэр больш падабалася бываць у таварыстве яе стакгольмскіх сяброў.

У лістападзе 1918 году сям’я Баўэраў перасякала на пароме возера Ветэрн: яны перасяляліся ў новы дом у Стакгольме. Раптам пачаўся шторм, паром перавярнула, і ўсе, хто быў на ім, патанулі. Так загінулі Ён Баўэр, яго жонка Эстэр і іх трохгадовы сын Бенгт.

 

У парку, што раскінуўся ля каралеўскага замка, сядзела юная прыдворная дама Эстэла і плакала.


У замкавай зале, дзе ішоў баль і гралі музыкі, плакаць было няёмка, таму яна схавалася тут, у цені, на зялёнай, парослай імхом лаўцы, каб ніхто не бачыў яе. Прыхіліўшыся галавой да ствала вялікага дрэва, яна заплюшчыла вочы, і буйныя слёзы каціліся па шчоках ёй на калені.

Але раптам дзяўчына раскрыла вочы, пачуўшы амаль няўлоўны дзіўны гук — ці то сіплае карканне, ці то хрыплы рогат. Перад ёю з’явілася старая ведзьма.


— Прыгожымі слязьмі плачаш ты, мілае дзіця, — прамовіла ведзьма.


Эстэла так перапужалася, што ўскочыла і кінулася была прэч, але ведзьма ўхапілася за яе падол і спыніла дзяўчыну.


— Думаеш, я не ведаю, чаму ты плачаш? — пракерхала старая. — Думаеш, не ведаю, чаму так смутна ў цябе на душы? Не хто іншы вінаваты ў гэтым, як малады кароль, што не хоча з табой танчыць.


— Ён мяне не заўважае… — усхліпнула прыдворная дама. — З усімі астатнімі дамамі ён танчыць, а са мной не, бо яны проста адціскаюць мяне, і я не магу праз іх прабіцца: я ж такая маленькая!


Ведзьма ўхмыльнулася і задаволена пацерла бараду.


— Вядома, вядома… — сказала старая. — А ведаеш, я б магла дапамагчы табе зрабіць так, каб кароль-прыгажун запрасіў цябе на танец.

— Ах, калі ласка, зрабіце гэта! — са слязьмі на вачах папрасіла Эстэла.


Ёй так падабаўся гэты малады прыгожы кароль!


Але ведзьма задумліва пахітала галавой. Яна, безумоўна, магла б дапамагчы, але была не вельмі ўпэўненая, што ёй так ужо хочацца гэта рабіць. Вось калі б Эстэла дазволіла зрабіць жамчужыны са сваіх слёзаў…


— Жамчужыны са слёзаў? — здзіўлена перапытала прыдворная дама.


— Так-так, у цябе ж такія чыстыя і надзвычай буйныя слёзы…


Ведзьма дастала з кішэні вугольчык і намалявала некалькі мудрагелістых загагулінаў пад вачыма Эстэлы.


— Ану паплач, паглядзім, што атрымаецца, — загадала старая.


Эстэла заміргала і моцна зажмурыла вочы. Дарэмна! Ніводнай слязінкі не з’явілася. Яна не магла прымусіць сябе плакаць. Але ў ведзьмы знайшоўся сродак. Яна павярнула вугольчык іншым канцом, на якім мігцеў чырвоны агеньчык.


Эстэла ўскрыкнула ад пякучага болю: ведзьма дакранулася да яе шыі гарачым вугольчыкам. На вачах дзяўчыны выступілі слёзы. Вялікія кроплі застылі і раптам пакаціліся па шчоках, цяжкія, белыя і бліскучыя.


— Гожыя, гожыя, — прыгаворвала ведзьма, збіраючы іх. — Сапраўдныя, непадробныя жамчужыны, акурат такія, якія я збіраю ў сваім вялікім куфэрку… З іх атрымаюцца найлепшыя ўпрыгожанні да нашага шабасу! Калі ты мне дазволіш забраць усе твае слёзы, я зраблю так, каб кароль запрасіў цябе на танец.


Прыдворная дама здрыганулася.


Усе яе слёзы! Які жах!


— І я ніколі больш не змагу плакаць? — спытала Эстэла.


— Так, ніколі. Але што з таго? Хіба гэта такая радасць — плакаць?


Прыдворная дама адступіла. Незразумела чаму ёй раптам здалося, што ёсць у гэтым нешта жудаснае — не ўмець плакаць.


Але старая ведзьма рушыла следам.


— Ведаеш, я, бадай, магла б табе дапамагчы не толькі з гэтым, — сказала яна. — Магчыма, я магла б зрабіць так, каб ты спадабалася маладому каралю і каб ён узяў цябе за жонку.


— Ах! — радасна выдыхнула прыдворная дама.


У сваіх летуценнях яна не наважвалася і думаць пра гэта. Але цяпер сэрца яе так распалілася, што, здавалася, яна не знойдзе спакою, пакуль ведзьма не зробіць яе жонкаю маладога караля.


— Калі так, можаш забіраць усе мае слёзы, — сказала яна.


Ведзьма аж падскочыла ад радасці. Яна пасадзіла Эстэлу на замшэлую лаўку і разаслала на яе каленях свой фартух. Яна пачала казытаць Эстэлу гарачым вугольчыкам, які так апякаў, што бедная дзяўчына стагнала ад болю. Слёзы цяклі з яе вачэй бясконцымі струмянямі, але пакуль яны каціліся па дзявочых шчоках, то ператвараліся ў найчароўнейшы белы жэмчуг, які са звонам падаў у фартух. Эстэла праплакала гадзіну, праплакала дзве, і вось жамчужыны-слёзы пачалі меншаць, а потым і ўвогуле зніклі.


— Ну вось, — задаволена сказала ведзьма, прыняўшы фартух, і пачала гуляць з жамчужынамі, прапускаючы іх паміж пальцаў, — цяпер яны ўсе мае! Настала твая чарга атрымаць абяцанае.


Яна апусцілася на зямлю і, дастаўшы з кішэні клубок і голку, нанізала на нітку частку жамчужын. Потым паднялася і абвязала нізку вакол шыі Эстэлы.


— Ты добра паплакала, цяпер добра пасмяешся, — сказала ведзьма. — І не бойся згубіць свае каралі: ты ніколі не зможаш развязаць вузел або падраць нітку.


Эстэла трывожна схапілася за каралі. Ёй зрабілася страшна, бо ведзьма пасміхалася неяк нядобра… Але як дзяўчына ні цягнула нітку, тая не паддавалася.


— Ну што, падабаюцца табе твае новыя каралі? Яны табе пасуюць. Ну, бывай, — развіталася ведзьма.


З гэтымі словамі старая завязала ў фартух свой жэмчуг і пакульгала ў бок гор да сваёй пячоры, а збянтэжаная Эстэла занурылася ў роздум. Яна так і не зразумела, ці атрымала тое, што абяцала ёй ведзьма. Калі б толькі Эстэла магла наважыцца, яна б пабегла за старой і нагадала б пра абяцанне. Але ёй не хапіла смеласці. Эстэла вярнулася ў замак і далучылася да прыдворных дам, што згуртаваліся за тронам каралевы-ўдавы.


Баль працягваўся, але кароль пакуль не танчыў, а стаяў аточаны дамамі і жартаваў з імі. Дамы смяяліся пасля кожнага яго слова. Раптам ён змоўк, да чагосьці прыслухоўваючыся.


— Хто гэта так прыгожа смяецца? — спытаў малады кароль. — Нібы жамчужынкі перакочваюцца.


Дамы пераглянуліся. Безумоўна, кожная з іх хацела атрымаць такую пахвалу, але ніводная не была ўпэўненая, што кароль меў на ўвазе менавіта яе.


Не атрымаўшы адказу, кароль зноў пачаў жартаваць, а дамы засмяяліся. Але цяпер кароль уважліва прыслухоўваўся, і калі зноў пачуў той жамчужны смех, дык заўважыў, што гэта смяецца маленькая прыдворная дама, што схавалася за спінамі астатніх. Здавалася, раней ён яе не бачыў.


— Падыдзі, — махнуў ён дзяўчыне, бо хацеў паглядзець на тую, што так прыгожа смяецца.


І спытаў:


— Як цябе зваць?


— Эстэла, — са шчаслівай усмешкай адказала маленькая прыдворная дама. Цяпер яна зразумела, што старая ведзьма ўсё ж такі дапамагла ёй, бо кароль нарэшце заўважыў яе.


Кароль узяў Эстэлу пад руку і павёў танчыць. Калі яны спыніліся, каб адпачыць, ён усяляк дасціпнічаў, каб рассмяшыць яе. Яна была такой прыгожай, калі смяялася, а жамчужыны ў яе на шыі пры гэтым так падскоквалі і пазвоньвалі, што можна было падумаць: чароўны смех ліўся з іх, а не з вуснаў дзяўчыны.


Цэлы той вечар малады кароль танчыў толькі з Эстэлай, і наступны вечар таксама. А на ранак пасля таго ён пайшоў да сваёй маці-каралевы і сказаў, што хоча пабрацца шлюбам з маленькай прыдворнай дамай.


Каралева спужалася, міністры спужаліся, увесь народ спужаўся. Хіба можна каралю браць за жонку звычайную прыдворную даму?! Але кароль прывык атрымліваць тое, што хацеў, і гэтым разам таксама атрымаў сваё. Не мінула і тыдня, як Эстэла зрабілася каралеваю.


А самым дзіўным было тое, што ўсе, хто так баяўся гэтага шлюбу, хутка ўпадабалі маладую каралеву — так іх зачароўваў яе вясёлы, заразлівы жамчужны смех. Яны падхоплівалі яго і радаваліся разам з Эстэлай. Радасць разносілася з замка па ўсёй краіне. А якой жа вялікай зрабілася тая радасць, калі праз год Эстэла падарыла каралю сына! Нікому не даводзілася бачыць мілейшага дзіцяці.


Але праляцеў яшчэ год, і пачаліся беды. Неўраджай і хваробы прыйшлі ў каралеўства, і шмат людзей цягнулася да каралеўскага замка, каб паскардзіцца на сваю нястачу. Кароль, маладая каралева і старая каралева-ўдава шчодра абдорвалі бедакоў. Іхнае гора так кранала караля, што ён суцяшаў іх як мог, казаў ім ласкавыя словы, а ягоная маці плакала разам з няшчаснымі. А маладая каралева не плакала. І аднойчы, калі бедны селянін расказваў, як паміраў з голаду разам з жонкай і дзецьмі, Эстэла не стрымала свайго ціхага жамчужнага смеху.


Жаль да селяніна перапоўніў яе сэрца і рыданнямі хацеў вырвацца вонкі, але горкі плач сарваўся з яе вуснаў смехам.


Селянін збянтэжыўся. Ён падумаў, што каралева здзекуецца з яго. Усе прыдворныя здзіўлена ўперыліся ў яе. Кароль нахмурыўся, і як толькі яны засталіся адны, спытаў жонку, чаму яна смяялася з таго гаротніка.


— Я задумалася пра іншае, — адказала Эстэла, бо не насмелілася расказаць, як прамяняла свае слёзы на смех. А раптам муж падумае, што яна вядзьмарка?


З той пары яна пазбягала сустрэч з няшчаснымі, а людзі не наважваліся расказваць пры ёй сумныя гісторыі, бо варта было ім пачаць свой аповед, як каралева сыходзіла прэч.


Пра яе папаўзлі нядобрыя чуткі. Казалі, што ў яе зусім няма сэрца, што яна хоча толькі смяяцца ды весяліцца. Урэшце погалас дайшоў да караля, і ён пачаў баяцца: што, калі ў Эстэлы сапраўды няма сэрца?


А неўзабаве ў яго самога здарылася вялікая бяда. Яго добрая маці, каралева-ўдава, захварэла і памерла. Ён так затужыў, што нават не хацеў пакідаць пакоя, дзе яна ляжала ў труне, асветленай полымем мноства свечак. Але яго жонка не хацела туды заходзіць. Яна баялася, што кароль здзівіцца, не ўбачыўшы слёз на яе вачах. Або яшчэ горш — што яна не зможа стрымаць сваіх рыданняў, якія вырвуцца жахлівым рогатам.


Але ўсё ж Эстэла мусіла туды нарэшце ўвайсці, бо кароль паслаў па яе, каб яна развіталася з добрай каралевай-удавой. Калі Эстэла наблізілася да труны, ён уважліва ўгледзеўся ў яе нерухомы твар, у яе вочы, на якіх не выступіла ані слязінкі.


— Мой смутак і смутак каралеўства — гэта не твой смутак, — сказаў ён.


Эстэле зрабілася так горка ад гэтых словаў, што, як яна ні змагалася са сваім сэрцам, журба ўсё ж выйшла з яго звонкім жамчужным смехам.


— Прэч! — у гневе і роспачы крыкнуў кароль. — Каб мае вочы цябе не бачылі!


І ёй давялося збегчы і схавацца ў сваіх пакоях. Яна кідалася то туды, то сюды, у адчаі рвучы свае чароўныя каралі.


Ах, каб яна толькі магла пазбавіцца гэтых караляў, што змушаюць яе смяяцца тады, калі яна найменш гэтага жадае! Яна б згадзілася анямець, каб толькі расстацца з гэтым смехам. Але рыданні так душылі яе, што яна проста заходзілася смехам. А за дзвярыма стаялі прыдворныя і слухалі, як яна смяецца сама сабе.


Яны з жахам пераглядаліся і перашэптваліся. Нядобра гэта, калі маладая каралева паводзіць сябе так дзіўна. Прыдворныя разносілі па ўсім замку чуткі пра тое, што каралева апанаваная нячыстым.


Гэтыя словы дайшлі да караля, і хоць ён не хацеў даваць ім веры, але не мог пазбавіцца думак пра гэта і доўгі час не мог нават глядзець на сваю жонку. І ўсё ж каханне ўрэшце перамагло, і Эстэла зноў была побач з маладым каралём.


Але неўзабаве новая бяда спасцігла іх. Маленькі прынц моцна захварэў, і лекары баяліся, што ён памрэ, як і каралева-ўдава.


Неяк увечары, калі кароль з каралевай сядзелі каля яго ложка, ён перастаў іх пазнаваць і не адказваў, калі яны звярталіся да яго.


— Божа, злітуйся! — вымавіў кароль. — Па-мойму, душа пакідае яго.


Пачуўшы гэта, Эстэла забылася пра асцярогу, і плач, які яна апошнім часам так старанна стрымлівала, вырваўся з яе грудзей гулкім смехам.


Кароль усхапіўся. Цяпер у яго не было і ценю сумневу, што ёй авалодаў нячысты.


— Прэч адсюль! — закрычаў ён. — Варта, выкіньце яе з замка, і калі яна толькі пакажацца тут ізноў, забіце яе!


Вартаўнікі схапілі і выцягнулі каралеву з замка, адвялі ў лес і там пакінулі.


І вось Эстэла, зусім адна, адрынутая мужам, адарваная ад свайго дзіцяці і дому, пабрыла цёмным лесам. Не помнячы сябе ад адчаю, яна ішла невядома куды, пакуль не ўпала на зямлю ад знямогі. Але пакуты не адпусцілі яе, наадварот, яны яшчэ больш раздзіралі яе сэрца, і гаротны плач, вырываючыся з грудзей, ператвараўся ў шалёны смех. Але цяпер не было ніякіх прычынаў стрымліваць яго…


Раптам у хмызняку ля скалы нешта зашамацела, і адтуль паказалася пачварная ведзьміна галава. Ногі прывялі Эстэлу акурат да яе пячоры.


— Нідзе ад цябе не схаваешся! Хочаш перастаць смяяцца? — сказала ведзьма і пагразіла кулаком маладой каралеве.


Пазнаўшы старую, Эстэла адчула надзею і ўкленчыла перад ведзьмай.


— Прашу, вярні мне мае слёзы, і больш я ніколі цябе не патурбую! — маліла яна. — Вярні мне слёзы, каб я магла паплакаць над маім хворым дзіцем!


Ёй здавалася, што самае прыемнае ў жыцці — умець плакаць.


— Я не магу вярнуць табе слёзы, — сказала ведзьма. — Ты зможаш ажывіць крыніцы сваіх слёз толькі тады, калі нехта заплача, пачуўшы твой смех.


“Яна яшчэ й здзекуецца”, — падумала няшчасная каралева.


Ашалеўшы ад скрухі і адчаю, яна засмяялася яшчэ больш дзіка, чым раней, так што старая ведзьма схапілася за вушы і бесперастанку крычала, каб Эстэла ішла прэч. Але Эстэла не магла спыніцца і толькі смяялася, смяялася…


Але ўрэшце яна змоўкла.


— Што ж, — вымавіла яна, падымаючыся, — я сыду, калі ты дапаможаш мне хаця б зірнуць апошні раз на майго сына, пакуль ён яшчэ жывы.


У ведзьмы так разбалеліся вушы, што яна згадзілася б на што заўгодна, абы не чуць гэтага смеху.


— Ну, магу пазычыць табе адзін з маіх плашчоў-ценяў, — сказала яна і знікла ў пячоры.


Хутка яна з’явілася з цёмна-шэрай газавай накідкай і ахінула ёй Эстэлу так, што тая цалкам схавалася пад матэрыяй.


— Ну вось, — сказала старая. — Можаш ісці ў замак. Проста пагрукай у браму або дзверы, каб адчынілі паглядзець, хто прыйшоў. Цябе ніхто не ўбачыць, бо ты цяпер выглядаеш як звычайны цень. Калі адчыняць, прабярэшся за дзверы і пойдзеш куды табе трэба. Але сцеражыся, бо калі засмяешся, цень спадзе з тваіх плячэй!


— Вядома, я буду асцярожнай, — запэўніла маладая каралева.


І пабегла прэч. Яна вельмі баялася не паспець.


Калі яна дабралася да замка, усё адбылося так, як і казала ведзьма. На яе грукат вартаўнікі адчынялі брамы і дзверы, марна азіраліся навокал, шукаючы таго, хто хацеў увайсці, і не зважалі на цёмны цень, які тым часам шмыгаў за дзверы. Так яна і дабралася да пакоя маленькага прынца.


Дзіця, як і раней, нерухома ляжала ў сваім залатым ложку, а побач на лаве сядзеў кароль. Ён адправіў лекара і сядзелак, бо хацеў сам ахоўваць сон дзіцяці. Але ад стомы кароль схіліў галаву да падушак, і Эстэле падалося, што ён спіць.


Яна нахілілася да хлопчыка і шэптам паклікала яго. Ён не адказаў. Яна пагладзіла сына па шчацэ. Але не было і знаку, што ён жывы. Яна прыклала вуха да яго грудзей, але не змагла пачуць, як б’ецца сэрца.


Яна падумала, што маленькі прынц памёр, і адразу ж забылася на сябе і на ўвесь свет ад невыноснага адчаю. Жамчужны смех сарваўся з яе вуснаў, але яна не заўважыла гэтага. Яна не заўважыла таксама, што накідка спаўзла з яе плячэй чорнай змяёй і знікла ў самым цёмным куце пакоя. Яна не заўважыла нават, што кароль падняўся з лавы і стаяў там, утаропіўшыся ў яе.


Ён бачыў, як, нібы ад плачу, дрыжаць яе вусны, бачыў, як калоціцца і трымціць яе цела, як яна заломвае рукі ў адчаі, а між тым жамчужны, чысты смех ліецца з яе горла… І раптам ён пачуў, які глыбокі боль, якая туга прарэзваецца праз гэты звонкі смех.


— Эстэла, — ціха сказаў кароль.


Яна спалохана ўздрыгнула і кінулася прэч, але спынілася: нешта дзіўнае было ў твары караля. Яго вочы набрынялі слязьмі, і цяпер гэтыя буйныя слёзы ціха каціліся па яго шчоках.


— Даруй мне, — сказаў ён, цалуючы яе руку.


Эстэла прытулілася да яго.


Тут з яе вачэй паліліся слёзы, і ў той жа час нітка караляў разарвалася сама сабой. Чароўныя жамчужыны абрынуліся дажджом на твар маленькага прынца і расталі, зрабіўшыся зноў слязьмі, з якіх былі створаныя. Яны абудзілі здранцвелага хлопчыка: ён расплюшчыў вочы і ўбачыў каралеву.


Выцягнуўшы ручкі, ён сеў у ложку, ружовашчокі і цалкам здаровы.


Маладая каралева ўсміхнулася, абняла сына і заплакала ад шчасця, бо цяпер яна магла плакаць і ад радасці, і ад гора. Але жамчужны смех знік, і яна не тужыла па ім. Умець смяяцца было зусім не так прыемна, як умець плакаць.

________________________________________________________________

*Томтэ — у шведскіх народных вераваннях істота, якая ахоўвае гаспадарку, падобная да пенатаў і лараў у рымскай міфалогіі, дваравых і дамавікоў у славянскай, браўні ў шатландскай або хайнцэльмэнхенаў у нямецкай. Часцей за ўсё томтэ апісваюць як маленькага дзядочка ў вопратцы з саматканага палатна і ў чырвоным каўпаку. Нярэдка ў абліччы томтэ нешта выразна паказвае на яго звышнатуральную існасць (напрыклад, ён можа мець празмерна доўгую белую бараду або адзінае вока, размешчанае на ілбе).

Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава © 2012

Чытайце таксама

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст

Мэцью Дзікман

Мэцью Дзікман

Амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review 2008 году

Антоніё Табукі

Антоніё Табукі

Аўтар раманаў, апавяданняў, нарысаў, тэатральных сцэнараў, куратар італьянскага выдання твораў Фэрнанду Пэсоа.

1814