1.
А іншыя з сыноў Лоса ўзвялі Імгненні й Хвіліны й Гадзіны
Й Дні й Месяцы й Гады й Калены й Перыяды: дзіўныя збудаванні;
А ў кожным Імгненні ложак з золата для спачыну,
(Імгненне роўнае адному ўдару пульсу),
І паміж кожных двух Імгненняў чувае дачка Бэўлы,
Каб тых, хто ў ложках, карміць з мацярынскаю ласкай.
А ў кожнай Хвіліне — лазурны шацёр ядвабных апонаў,
А ў кожнай Гадзіне — залатая брама ва ўмелай разьбе,
А ў кожнага Дня і Ночы — медныя сцены ды ўваход з адаманту,
Што ззяе нібыта сапфір ды пакрыты прыдатнымі знакамі;
А ў кожным Месяцы — срэбная каланада, высока ўзнесеная,
А ў кожным Годзе — непрыступныя муры й высокія вежы,
А ўкруг кожнага з Каленаў — роў з мастамі залатымі й срэбнымі,
А кожныя Сем Каленаў атачоныя Агністым Полымем.
І Сем Каленаў роўныя Двум Стагоддзям.
І ў кожнага ёсць Вартаўнік — у Імгнення, Хвіліны, Гадзіны, Дня, Месяца й Году.
Усё ўчынілі чароўныя рукі Чатырох Элементаў,
І Варта, Анёлы Провіду, у чуванні вечна.
Ўсякі час, які менш ад удару пульсу,
Роўны цягам і коштам Шасці Тысячам Год.
Бо за гэты Перыяд вершыцца Справа Паэта; і ўсе найбольшыя
Дзеі Часу пачатыя й зачатыя за такі Перыяд,
За міг, што меншы ад аднога ўдару пульсу.
2.
У Шасці Тысячах Год узыходжу, сыходжу; бо ні Імгнення Часу
Не губляецца, як ані Дзеі ў Прасторы не прамінае,
А ўсё застаецца: уся тканіна Шасці Тысяч Год
Застаецца нязменнаю; хоць на Зямлі, дзе Шатан
Паў і быў адсечаны, усё марнее й нікне з вачэй.
Але ад мяне й маіх не знікае, мы — варта ўсяму.
Пакаленні людзей праносяцца ў плыні часу,
А наканаваныя рысы твараў — нязменныя, тыя ж, вечна.
3.
Адмаўленне — Прывід. Чалавечая сіла развагі:
Фальшывае цела: Накіп на маім несмяротным
Духу; Самасць, якую трэба заўсёды скідваць і нішчыць,
Каб Твар майго Духа ачысціўся ў Самапазнанні
Каб умыцца вадою Жыцця: каб змыць Нялюдскае,
Я прыходжу ў Самазнішчэнні, ў нязмерным Натхненні,
Каб змагчы Разумовыя Довады Вераю ў Збаўцу,
Каб сарваць рызманы прагнілай Памяці сілай Натхнення,
Каб атрэсці ад Бэкана, Лока і Ньютана ўбор Альбіёна,
Каб зняць з яго прыкрыя зноскі і апрануць ва Ўяўленне.
4.
Нябёсы — неўміручы шацёр, і ўзвёў яго Лосаў род;
І Абшар, які чалавек азірае вакол свайго жылля,
Ўзышоўшы ў доме сваім на страху, ці ў садзе сваім на гару
Дваццаці пяці локцяў у вышыню, той Абшар — ягоны Сусвет,
На крэсах якога — усходы й захады, і хмары хіляцца ўніз,
І ўнізе іх сустракае мора і плоская зямля.
І небазор не сягае далей, але ўмацаваны тут,
З усіх бакоў, і два канцавоссі ў залатых утулках бягуць,
А калі чалавек пакіне жыллё, то ягонае неба за ім
Пойдзе паўсюль, і плакаць па страце будзе кожны сусед:
Вось лад Абшару, што званы Зямлёй, і вось ягоная мера.
А што да фальшывай мроі, якую яўляюць развагі,
Да Шара, што коціцца ў Пустаце, — гэта насланне Ульра.
Таго не ведае ні мікраскоп, ні тэлескоп: змяняючы
Прапорцыі ў Органах Успрыняцця, Прадметаў яны не кранаюць.
Бо любая прастора, большая за згустак людской крыві, —
Уяўная, і створаная молатам Лоса.
Любая ж прастора, меншая за згустак крыві, адкрываецца
Ў Вечнасць, ад якой раслінная Зямля — адно што цень.
Ўільям Блэйк
Мілтан (Milton)
Пераклад з ангельскай Антон Францішак Брыль
Пераклад з ангельскай – Антон Францішак Брыль © 2013