№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ціт Макцый Плаўт

Збаночак (Aulularia)

Пераклад з лацінскай Антон Францішак Брыль


Дзейныя асобы


          Лар, боства-апякун Эўкліёнава дома. Ён прамаўляе пралог.

          Эўкліён, стары афінянін

          Стафіла, яго старая рабыня

          Эўномія, афінянка

          Мегадор, стары афінянін, брат Эўноміі

          Піфодык, яго раб

          Кангрыён, кухар

          Анфрак, кухар

          Ліканід, малады афінянін, сын Эўноміі

          Страбіл, яго раб

          Федра, дачка Эўкліёна

          Музыканткі

 

Сцэна: Афінская вуліца, на ёй дамы Эўкліёна і Мегадора, паміж імі вузкая вулка, перад імі алтар.

 

         

Пралог

Прамаўляецца Ларам.

 

         Каб вам не думаць, хуценька прадстаўлюся:

         Я — Лар, заступнік дома — дома гэтага,

         Адкуль я й выйшаў. Бачылі? Во ў ім жыву

         Гадоў ужо нямала, дапаможцам быў

5        Яшчэ гаспадаровым бацьку й дзеду я.

         І дзед мяне калісь упрошваў потайкі,

         Каб скарб ягоны я сцярог. Бо золата

         Ўсярэдзіне агменя ён цішком зарыў.

         Адметны жмінда быў ён: паміраючы —

10       І тое падзяліцца не наважыўся,

         Без грошыка пакінуў сына ўласнага —

         Абы і той не ўбачыў прыхаванае.

         Зямлі шматочак толькі й даў у спадчыну,

         Каб сыну жыць у працы й горкай беднасці.

15       І вось памёр ён — той, хто скарб даверыў мне.

         Я прыглядаўся: можа, будзе сын яго

         Пачцівейшы са мною за сквалыжніка?

         Аж не, ўсё меней шанаваў і ён мяне,

         Ганараваў дарамі ўсё радзей, радзей...

20       Яго бярог я так жа; то і ён памёр.

         А сын ягоны — гаспадар цяперашні;

         Ён бацькі з дзедам варты што да нораву.

         Але дачку ён мае. А яна штодня

         То ладан, то віно мне, то яшчэ хоць што

25       Падносіць; і гірлянды дорыць мне. То вось,

         Дзеля яе адкрыў я Эўкліёну скарб,

         Каб замуж выдаў ён лягчэй дачку сваю.

         Яе бо згвалціў хлопец роду знатнага.

         Ён знае, хто дзяўчына, а сама яна

30       Яго не знае; бацька ж ні пра што не чуў.

         Зраблю я, каб старэча, што жыве вунь там,

         Яе прыйшоў пасватаць; гэта трэба мне,

         Каб у мужы здабыць ёй юнака таго.

         Стары, што да дзяўчыны прыйдзе сватацца —

35       Ён дзядзька хлопца, што ўначы няславу ёй

         Тады зрабіў на свяце на Цэрэрыным.

         Гэ! Эўкліён ізноўку ў доме лаецца,

         Рабу старую гоніць, каб не зыркала.

         Ён, пэўна, глянуць хоча, што не скралі скарб.


         

Акт першы


         З дому з’яўляецца Эўкліён, выпіхваючы Стафілу.

 

         Эўкліён

40       Кыш, кыш! Каму сказаў я! Прэч адсюль, а ну!

         Бач, так вачамі па кутах і гойсае!

 

         Стафіла

         Нашто бядачку б’еш?

 

         Эўкліён

                                               Каб бедавалася!

         Бо гадаўцы й жыццё да твару гадкае.

 

         Стафіла

         Ну з дому хоць навошта зноў выпіхваеш?

 

         Эўкліён

45       Я шчэ й тлумачыць мушу, мех ты кухтальны?

         Ды ля дзвярэй не трыся, прэч давай. Ты бач,

         Ледзь ногі суне. Ох жа, дачакаешся!

         Вось Геркулес мне сведка, як вазьму дручок,

         Дык поўзаць перастанеш чарапахаю!

 

         Стафіла

50       Ой, лепей бы ўжо ў долю дасталося мне

         На вісельні гайдацца, чым табе служыць.

         

         Эўкліён

         Мармыча штось, паганка. Ўсё сабе наўме.

         Ух, вылупіла вочы, так і выдраў бы!

         Тады б не падглядала днямі цэлымі.

55       Шчэ дáлей адыдзі! Шчэ дáлей. Шчэ. Aга!

         Вось там каб і стаяла.  Толькі зрушся мне

         На пальчык, на пазногцік з месца гэтага!

         Без дазвалення толькі азірніся — ўсё,

         Да кáта па навуку мігам выпраўлю!

60      Такой зладзейкі, як старая гэтая,

         За ўсё жыццё не бачыў. Ох і страшна мне!

         Бо выдумае, шэльма, нешта хітрае

         Дый вынюхае, дзе схаваў багацце я.

         У пройды ж вочы нават на патыліцы!

65       Пайду зірну ўжо, ці на месцы золата.

         Авохці, гэта ж колькі мне трывогі з ім!

 

           Выходзіць.

 

         Стафіла

         Ды што з гаспадаром такое робіцца?

         Якая дур глузды яму парушыла,

         Хто б расказаў мне? З дому дзесяць раз на дзень

70       Мяне, бядачку, выганяе гэтак вось.

         З чаго — не ўцямлю, ўзяў ды з’ехаў з розуму.

         Ўначы вачэй не закрывае, ўдзень сядзіць,

         Нібы шавец кульгавы, ў доме поседам.

         І шчэ надумаць трэба, як няславу скрыць

75       Дачкі гаспадаровай — роды блізка ўжо.

         І што паробіш? Пэўна, застаецца мне

         Адзін ратунак. У пятлю залезу я

         Ды літараю “І” павісну доўгаю.

 

            Зноў уваходзіць Эўкліён.

 

         Эўкліён

         Во, з лёгкаю душою зараз выйшаў я!

80       Усё як мае быць у доме, бачыў сам.

         Ты ўнутр ідзі, пільнуй там добра.

 

         Стафіла

                                                                       Праўда што,

         Пільнуй! А тое ж, пэўна, дом скрадуць у нас!

         Бо іншай працы тут не бачу злодзеям:

         Паўнютка ўсё пустэчы з павуцінамі!

 

         Эўкліён

85       Дык што ж, дзеля цябе цяпер Юпітэру

         Царом Піліпам, Дарыем зрабіць мяне?

         Хачу пры павуцінах варту, порхаўка!

         Я бедны! Што ж, трываю! Так судзіў мне лёс!

         У дом ідзі, замкніся. Ненадоўга я.

90       Глядзі, чужых у дзверы не пускай зусім.

         А як агню папросяць? Патушы хутчэй,

         Каб і нагоды не было хадзіць сюды.

         Агонь убачу — то святла не ўбачыш ты.

         Вады захочуць — адкажы, сышла вада.

95       А нож, сякеру ці таўкач са ступкаю —

         Суседзі ж вечна гэта ўсё выпрошваюць —

         Нядаўна, скажаш, рабаўнік унёс у нас.

         Як гаспадар не ў доме — то няма чаго

         Абы каму цягацца. Хоць сама б сюды

100     Прыйшла Фартуна — ў дзверы не пускай яе.

 

         Стафіла

         Фартуна, мусіць, і не стане грукацца.

         Наш дом яна мінае, не ўваходзячы,

         Штораз.

 

         Эўкліён

                       Ідзі ўжо, змоўкні!

 

         Стафіла

                                                    Змоўкла, йду.

 

         Эўкліён

                                                                                  Замкні

         На ўсе завалы дзверы ды чакай мяне.

         

            Стафіла знікае ў доме.

 

105     Ох, ненавіджу з дому адыходзіць я!

         Душа баліць! А трэба, не адмовішся.

         Тут абвясціў старóста нашай курыі,

         Што ўсім дадуць па дзве манеты срэбныя.

         То ясна: не яўлюся на раздачу я —

110     І ўцяміць кожны, што хаваю золата!

         Ну праўда ж, дзіўна чалавеку беднаму

         Падачкай, хоць і дробнай, так пагрэбаваць.

         Вось колькі ні хаваю ад усіх пра скарб,

         А ўсе нібыта знаюць — і вітаюцца

115     Прыязней, чым дагэтуль, і на вуліцы

         Спыняюцца, сустрэўшы, і руку трасуць,

         Пытаюцца пра справы, пра здароўечка.

         Пайду ўжо, як сабраўся. А пасля — дамоў

         Як найхутчэй вярнуся, без маруджання.

         

            Выходзіць.

Пераклад з лацінскай – Антон Францішак Брыль © 2013

Чытайце таксама

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Чарлз Букоўскі

Чарлз Букоўскі

Амерыканскі паэт і празаік, прадстаўнік "бруднага рэалізму"

Саламея Пільштынова

Саламея Пільштынова

Аўтарка дзённіка-кнігі “Авантуры майго жыцця”

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

1323