№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вільгельм Гаўф

Гісторыя Альмансора (Die Geschichte Almansors)

Апавяданне

Пераклад з нямецкай Ігар Крэбс


О гаспадару! Людзі да мяне расказвалі дзівосныя гісторыі, якія чулі ў чужых краінах, я ж мушу з сорамам прызнацца, што не ведаю нічога, вартага вашай увагі. Аднак калі гэта вас не знудзіць, я апавяду вам пра незвычайны лёс аднаго з маіх сяброў.

На караблі алжырскіх піратаў, з якога вы літасціва мяне вызвалілі, быў юнак майго ўзросту, які, як мне здавалася, нарадзіўся не дзеля нявольніцкай вопраткі. Астатнія няшчасныя на караблі былі людзьмі грубымі, жыць побач з імі было непрыемна, мовы іншых я не разумеў, таму кожную вольную хвіліну, калі яна надаралася, праводзіў з тым юнаком. Ён называў сябе Альмансорам, і вымаўленне выдавала ў ім егіпцяніна. Мы бавіліся прыемнымі размовамі і аднойчы вырашылі расказаць адзін аднаму свае гісторыі. Як высветлілася, гісторыя майго сябра яшчэ неверагоднейшая за маю.

Бацька Альмансора быў высакародным чалавекам і жыў у егіпецкім горадзе, якога мой спадарожнік не назваў. Дні дзяцінства Альмансор пражыў у радасці і шчасці, акружаны ўсім бляскам і ўсімі прыемнасцямі, што ёсць у свеце. Пестуном ён, аднак, не быў і адукацыю атрымаў рана: бацька, чалавек мудры, прывучаў сына да дабрадзейнасці і запрасіў яму ў настаўнікі знакамітага вучонага, які даў юнаку ўсё, што мусіць ведаць малады чалавек. Альмансору было каля дзесяці, калі ў краіну з-за мора прыйшлі франкі і пачалі супраць ягонага народа вайну.

Бацька хлопчыка, напэўна, чымсьці франкам не дагадзіў, бо аднаго дня, калі ён збіраўся на ранішнюю малітву, яны прыйшлі да яго і запатрабавалі ягоную жонку ў залог адданасці франкскаму народу, а калі той адмовіўся, гвалтам забралі да сябе ў лагер ягонага сына.

На гэтых словах шэйх раптам закрыў твар, і ў зале незадаволена загаманілі.

— Як, — крычалі сябры шэйха, — як насмеліўся гэты юнак так безразважна развярэджваць раны Алі-Бану замест таго, каб загойваць іх? Як можа ён распальваць ягоны боль замест таго, каб суцішваць?

Наглядчык за рабамі таксама разгневаўся на бессаромнага юнака і загадаў яму маўчаць.

Юны нявольнік вельмі здзівіўся і запытаўся ў шэйха, што ў ягоным аповедзе выклікала незадаволенасць гаспадара. Шэйх падняў галаву і прамовіў:

— Супакойцеся, сябры. Адкуль ён можа ведаць пра мой сумны лёс, не прабыўшы пад гэтым дахам і трох дзён? Няўжо сярод ліхадзейства, што чынілі тыя франкі, нехта не мог зазнаць такой жа долі, што і я? Магчыма, той Альмансор… але лепш, мой сябра, расказвай далей!

Малады нявольнік пакланіўся і працягнуў:

— Значыць, Альмансора адвялі ў лагер франкаў. Пачуваўся ён там збольшага добра. Адзін з военачальнікаў паклікаў хлопчыка ў намёт і забаўляўся яго адказамі, якія яму перакладаў тлумач. Военачальнік сачыў, каб Альмансору не бракавала ежы і вопраткі, але туга па бацьку і маці рабіла хлопчыка вельмі няшчасным. Ён праплакаў шмат дзён, аднак слёзы яго тых людзей не краналі. Калі лагер знялі, Альмансор думаў, што яму дазволяць вярнуцца дадому, але марна: войска перамяшчалася, ваявала з мамелюкамі, і юны Альмансор быў вымушаны ўвесь час цягацца з франкамі. Калі ж ён маліў палкаводцаў і военачальнікаў адпусціць яго дадому, тыя адмаўляліся і казалі, што ён павінен заставацца закладам вернасці свайго бацькі. Так ён правёў у паходзе нямала дзён.

Аднойчы хлопчык заўважыў, што ў войску пачаліся хваляванні: казалі пра зборы, адступленне, пагрузку на караблі. Альмансор бязмерна радаваўся, што зараз, калі франкі выправяцца да сябе, яго вызваляць. Войска разам з коньмі і фурманкамі пацягнулася назад да мора, і нарэшце паказаліся караблі, што стаялі на якары. Салдаты пачалі грузіцца на судны, але настала ноч, і на караблі паспела трапіць толькі невялікая частка. Альмансор кожную хвіліну чакаў, што яго вызваляць, і не хацеў засынаць, аднак урэшце глыбокі сон адолеў яго. Ён думаў, што франкі падмяшалі яму нешта ў ваду. Прачнуўшыся, ён убачыў, што ў яго маленькі пакойчык зазірае светлы дзень — але ж засынаў ён у іншым месцы. Хлопчык саскочыў з ложка, але ўпаў, бо падлога гайдалася: здавалася, усё рухаецца і танчыць вакол яго. Ён сабраўся з духам і, трымаючыся за сцены, выбраўся з пакоя.

На яго абрынуўся незвычайны шум і свіст: ён ніколі не бачыў і не чуў нічога такога, а таму не ведаў, спіць ён ці не. Нарэшце ён знайшоў невялікую лесвіцу, з цяжкасцю праціснуўся наверх — і які ж яго ахапіў жах! Вакол не было нічога, акрамя неба і мора: ён быў на караблі! Хлопчык пачаў енчыць, ён хацеў, каб яго вярнулі назад, ледзь не скочыў у мора, каб плыць на радзіму. Аднак франкі яго ўтрымалі, а адзін камандзір паклікаў да сябе, паабяцаў, што калі Альмансор будзе паслухмяны, то хутка вернецца на радзіму, і растлумачыў, што даставіць яго дадому было нельга і пакінуць самога — таксама, бо тады б ён мог памерці.

Аднак слова свайго франкі не датрымалі: карабель плыў шмат дзён і калі нарэшце прыстаў да берага, то гэта быў не Егіпет, а Франкістан! Падчас доўгага плавання і яшчэ ў лагеры Альмансор трошкі навучыўся разумець мову франкаў і размаўляць на ёй, і гэта вельмі прыдалося яму ў краіне, дзе ягонай мовы ніхто не ведаў. Яго доўга везлі ўглыб краіны, і паўсюль народ збягаўся паглядзець, бо салдаты казалі, што гэта сын егіпецкага караля, якога той адправіў у Франкістан вучыцца.

Але казалі гэта салдаты толькі дзеля таго, каб народ паверыў, што яны перамаглі Егіпет і заключылі з ім надзейны мір. Пасля шматдзённага падарожжа па краіне яны прыбылі ў вялікі горад, які і быў іх мэтай. Там юнака перадалі доктару, што ўзяў яго да сябе і пачаў вучыць усім традыцыям і звычаям Франкістана.

Перадусім Альмансор мусіў нацягнуць франкскую вопратку, вельмі вузкую, нязручную і зусім не такую прыгожую, як ягоная егіпецкая. Потым яму забаранілі рабіць паклоны скрыжаваўшы рукі, а калі ён хацеў выказаць камусьці павагу, трэба было адной рукой зняць пачварны чорны фетравы капялюш, які насілі ўсе мужчыны і які надзелі і на яго, а другую адвесці ўбок і шоргнуць правай нагой. Акрамя таго, яму забаранілі сядзець, скрыжаваўшы ногі згодна з прыемным усходнім звычаем, і ён быў вымушаны сядаць на высокія крэслы ды звешваць ногі ўніз. Ежа таксама прынесла яму нямала цяжкасцяў: усё, што ён хацеў данесці да рота, цяпер даводзілася спачатку праколваць жалезным відэльцам.

Доктар быў чалавекам лютым і суворым і ўвесь час хлопчыка мучыў. Калі той, напрыклад, забываўся і казаў наведніку “Салам алейкум”, доктар біў хлопца палкай, бо казаць трэба было “Votre serviteur!” [1]Яму таксама не дазвалялася думаць, размаўляць ці пісаць на сваёй мове, заставалася на ёй хіба што марыць. Магчыма, Альмансор зусім бы яе забыў, калі б у горадзе не жыў чалавек, які яму дапамог.

Гэты быў стары, але вельмі вучоны чалавек, які разумеў шмат усходніх моваў: арабскую, персідскую, копцкую, нават кітайскую — усяго патрошку. Ён лічыўся ў той краіне цудам вучонасці, і яму плацілі вялікія грошы, каб ён вучыў мовам іншых. Гэты чалавек некалькі разоў на тыдзень клікаў да сябе маладога Альмансора, частаваў рэдкай садавіной і іншымі прысмакамі, і юнаку здавалася, што ён дома. Стары быў вельмі незвычайным. Ён замовіў для Альмансора вопратку, якую ў Егіпце носяць высакародныя людзі, і захоўваў яе ў сябе дома ў асобным пакоі. Калі Альмансор прыходзіў, стары пасылаў аднаго з прыслужнікаў па ўбранне і загадваў юнаку апранацца згодна з традыцыямі сваёй краіны. Пасля яны пераходзілі ў “маленькую Аравію”, як называлася адна з залаў у доме вучонага.

Зала была ўпрыгожаная штучна выгадаванымі дрэвамі пальмамі, бамбукамі, маладымі кедрамі ды кветкамі, што сустракаюцца толькі на Усходзе. Персідскія дываны высцілалі падлогу, пры сценах ляжалі падушкі, і нідзе не было ніводнага франкскага крэсла ці стала. На адной з падушак сядзеў стары вучоны, але выглядаў ён зусім не так, як звычайна: на галаве — турбан з тонкага турэцкага шаліка, сівая прычэпленая барада звісала да пояса і выглядала як годная натуральная барада паважнага чалавека. Апроч таго, на ім была мантыя, пашытая з парчовага хатняга халата, шырокія турэцкія шаравары, жоўтыя пантофлі, і, хаця звычайна ён падаваўся чалавекам міралюбным, у такія дні ён вешаў на сябе турэцкую шаблю, а за пояс засоўваў кінжал са штучнымі каштоўнымі камянямі. Яшчэ ён курыў люльку ў два локці даўжынёй, і яму прыслужвалі апранутыя ва ўсё персідскае людзі, твары і рукі ў паловы з якіх былі пафарбаваныя ў чорнае.

Спачатку ўсё гэта падавалася юнаму Альмансору вельмі дзіўным, але хутка ён заўважыў, што гадзіны, у якія даводзілася падладжвацца пад прыдумкі настаўніка, былі карыснымі для яго самога. Калі ў доктара нельга было вымавіць і аднаго егіпецкага слова, тут строга забаранялася мова франкская. Пры ўваходзе Альмансор мусіў павітацца, стары “перс” яму вельмі ўрачыста адказваў, потым падаваў знак сесці побач і пачынаў размову на сумесі персідскай, арабскай, копцкай і ўсіх астатніх моваў. Гэта называлася вучонай усходняй гутаркай. Побач з ім стаяў прыслужнік, ці “раб”, як ён называўся ў такія дні, і трымаў вялікую кнігу. Кніга гэтая была слоўнікам, і калі старому не хапала словаў, ён ківаў рабу, імгненна знаходзіў у слоўніку тое, што трэба, і вяртаўся да размовы.

Рабы прыносілі ў турэцкім посудзе шарбет ды іншыя ласункі, і калі Альмансор хацеў зрабіць старому прыемнасць, дастаткова было сказаць, што ў таго ўсё ўладкавана як на Усходзе. Альмансор вельмі добра чытаў па-персідску, і для старога гэта было галоўнай перавагай. Ён меў шмат персідскіх рукапісаў, якія даваў чытаць юнаку, уважліва паўтараў за ім услед і такім чынам вучыўся правільнаму вымаўленню.

Для няшчаснага Альмансора гэта былі радасныя дні: стары настаўнік ніколі не адпускаў яго без падарунка, часта вельмі каштоўнага, і хлопец ішоў дадому з грашыма, ільняной тканінай ці іншымі неабходнымі рэчамі, якіх доктар не хацеў яму даваць. Так хлопец пражыў у краіне франкаў некалькі гадоў, але ягоная туга па радзіме ніколі не сцішвалася. Калі яму споўнілася пятнаццаць, здарылася тое, што моцна паўплывала на ягоны лёс.

Сваім каралём і ўладаром франкі выбралі галоўнага палкаводца, таго самага, што шмат разоў размаўляў з Альмансорам у Егіпце. Юнак пра гэта не ведаў, аднак але па ўрачыстасцях, што шырока ладзіліся ў вялікім горадзе, здагадаўся, што адбываецца нешта важнае. Аднак ён і ўявіць не мог, што кароль — гэта той самы военачальнік, якога ён бачыў у Егіпце, бо той быў яшчэ зусім малады. Аднойчы Альмансор ішоў адным з мастоў цераз шырокую раку, што цякла праз горад, і заўважыў чалавека ў простай салдацкай вопратцы, які нахіліўся над парэнчамі і назіраў за хвалямі. Аблічча чалавека падалося яму знаёмым. Альмансор хутка прабегся па пакоях сваіх успамінаў, і як толькі ён адчыніў брамау ў егіпецкую палату, то раптам успомніў, што гэта той самы палкаводзец, з якім ён часта размаўляў у лагеры і які заўсёды добразычліва аб ім клапаціўся. Сапраўднага імені палкаводца ён не ведаў, а таму набраўся смеласці, падышоў да яго і назваў так, як таго называлі паміж сабой салдаты. Скрыжаваўшы рукі на грудзях згодна са звычаямі свае краіны, ён прамовіў:

— Салам алейкум, Petit Caporal! [2]

Военачальнік здзіўлена павярнуўся, востра зірнуў на юнака, падумаў і адказаў:

— Святыя нябёсы, ці магчыма гэта? Ты тут, Альмансор? Як пачуваецца твой бацька? Як справы ў Егіпце? Што прывяло цябе сюды?

Не вытрымаўшы, Альмансор горка заплакаў і прамовіў:

— Дык ты не ведаеш, што зрабілі са мной гэтыя сабакі, твае суайчыннікі, Petit Caporal? Ты не ведаеш, што я ўжо шмат гадоў не бачыў краіны сваіх продкаў?

— Не магу паверыць, — сказаў той, і ягоны твар спахмурнеў. — Не магу паверыць, што яны пацягнулі цябе з сабой.

— Ах, дзіва што, — адказаў Альмансор. — У той дзень, калі вашыя салдаты грузіліся на караблі, я бачыў айчыну апошні раз. Яны забралі мяне з сабой, і капітан, якога расчуліла мая бяда, плаціць за мой пражытак ненавіснаму доктару, што б’е мяне і морыць голадам. Але слухай, Petit Caporal, — даверліва працягваў ён, — гэта добра, што я цябе сустрэў, бо ты можаш мне дапамагчы.

Чалавек, да якога ён звяртаўся, усміхнуўся і спытаў, як жа ён можа дапамагчы.

— Ведаеш, — сказаў Альмансор, — было б несумленна нечага ў цябе прасіць — раней ты ставіўся да мяне вельмі добразычліва, але я ведаю, што ты — чалавек бедны, бо нават калі ты быў военачальнікам, то ніколі не апранаўся так прыгожа, як іншыя. Цяпер у цябе, калі меркаваць з мундзіра і капелюша, таксама не найлепшыя часы. Але нядаўна франкі выбралі сабе султана, і ты, без сумневаў, ведаеш набліжаных да яго людзей, можа, якога янычара-агу, ці рэйс-эфендзі, ці капудан-пашу, праўда ж?

— Але, — адказаў яго суразмоўца. — І што далей?

— Ты мог бы закінуць за мяне слоўца, Petit Caporal, каб яны папрасілі султана франкаў мяне вызваліць. Тады мне спатрэбіцца толькі трошкі грошай на падарожжа праз мора. Але ты мусіш мне паабяцаць не казаць нічога ні доктару, ні арабскаму прафесару.

— А што за арабскі прафесар? — спытаў той.

— Ах, гэта незвычайны чалавек, пра яго я раскажу табе іншым разам. Калі яны нешта пачуюць, я з Франкістана не з’еду. Дык ты згодны закінуць за мяне слоўца агу? Скажы шчыра!

— Хадзем са мной, — сказаў чалавек, — магчыма, я змагу табе дапамагчы ўжо цяпер.

— Цяпер? — выгукнуў у страху юнак. — Нізашто, інакш доктар мяне паб’е! Трэба спяшацца дадому.

— Што ў тваім кошыку? — спытаў военачальнік, затрымліваючы яго.

Альмансор пачырванеў і спачатку не хацеў паказваць, але ўрэшце сказаў:

— Бачыш, Petit Caporal, тут я павінен рабіць працу, якую робіць апошні раб майго бацькі. Доктар — скупы чалавек, кожны дзень ён пасылае мяне на рынак па агародніну і рыбу, і я павінен купляць гэта ў брудных рынкавых жанчын, бо там на некалькі медзякоў танней, чым у нашай частцы горада. Зірні, я кожны дзень павінен ісці дзве гадзіны па гэты кепскі селядзец, па гэты пук салаты, па гэты кавалачак масла. Ах, ведаў бы пра гэта мой бацька!

Суразмоўцу бяда хлопчыка ўсхвалявала, і ён адказаў:

— Хадзем са мной — і суцешся! Доктар не зробіць табе шкоды, нават калі не пад’есць селядца ды салаты! Супакойся і пайшлі!

З гэтымі словамі ён узяў Альмансора за руку і павёў за сабой. І столькі ў яго паводзінах было ўпэўненасці, што хлопец падпарадкаваўся, хаця ад думкі пра доктара ў яго калацілася сэрца. Так ён і ішоў з салдатам шматлікімі вуліцамі, трымаючы ў руцэ кошык, і дзівіўся, што ўсе людзі здымалі перад імі капелюшы, спыняліся і глядзелі ім услед. Ён расказаў пра сваё здзіўленне спадарожніку, аднак той засмяяўся і нічога не патлумачыў.

Нарэшце яны дайшлі да шыкоўнага палаца, да якога і скіраваўся военачальнік.

— Ты жывеш тут, Petit Caporal? — спытаў Альмансор.

— Так, — адказаў той, — і я хачу правесці цябе да свае жонкі.

— Ах, ты хораша жывеш! — зазначыў Альмансор. — Напэўна, султан даў табе тут бясплатныя пакоі?

— Маеш рацыю, гэтае жытло ў мяне ад імператара, — адказаў спадарожнік і павёў яго ў палац.

Яны падняліся шырокай лесвіцай. У гожай зале военачальнік загадаў Альмансору пакінуць кошык, і яны ўвайшлі ў шыкоўны пакой, дзе сядзела на канапе жанчына. Чалавек загаварыў з ёй на нейкай замежнай мове, пасля чаго яны разам доўга смяяліся, і жанчына задала Альмансору шмат пытанняў пра Егіпет па-франкску. Нарэшце Petit Caporal сказаў юнаку:

— Ведаеш, што мы зробім? Я хачу зараз жа адвесці цябе да імператара і пагаварыць з ім на твой конт.

Альмансор вельмі спалохаўся, але падумаў пра свой гаротны стан і пра сваю радзіму.

— Няшчасным, — сказаў ён, — Алах дае вялікую мужнасць у гадзіну бяды, і ён не пакіне мяне, беднага хлопчыка. Так, я хачу пайсці да імператара. Але скажы, Caporal, ці павінен я ўпасці перад ім ніц? Ці павінен я крануцца ілбом зямлі? Што мне рабіць?

Абое ізноў засмяяліся і запэўнілі, што гэтага рабіць не трэба.

— Ён жахлівы і велічны? — пытаўся юнак далей. — У яго доўгая барада? Агністы позірк? Скажы, як ён выглядае.

Ягоны праваднік зноўку засмяяўся і адказаў:

— Лепш я ўвогуле не буду яго апісваць, Альмансор, каб ты сам яго пазнаў. Падкажу табе толькі адну прыкмету: калі ён з’явіцца ў імператарскай зале, усе паважліва здымуць капелюшы. Той, хто ў капелюшы застанецца, і ёсць імператар.

З гэтымі словамі ён узяў хлопчыка за руку і рушыў з ім да імператарскай залы. Чым далей Альмансор ішоў, тым гучней калацілася ягонае сэрца, а калі яны наблізіліся да дзвярэй, у хлопца задрыжалі калені. Слуга адчыніў дзверы, за якімі стаялі паўколам каля трыццаці мужчынаў, усе багата апранутыя, з золатам і зоркамі — так у краіне франкаў звычайна апраналіся самыя знатныя агі і пашы пры каралях, і Альмансор падумаў, што яго несамавіта апрануты праваднік — мабыць, самы нязначны сярод іх. Усе агалілі галовы, і Альмансор пачаў шукаць таго, хто не зняў капелюша. Але дарэмна. Усе трымалі капелюшы ў руках, значыць, імператара сярод іх не было. Тады позірк юнака выпадкова ўпаў на правадніка — у таго капялюш быў на галаве!

Юнак быў вельмі ўражаны і збянтэжаны. Ён доўга ўглядаўся ў свайго суразмоўцу і, здымаючы капялюш, сказаў:

— Салам алейкум, Petit Caporal! Наколькі я ведаю, я не султан франкаў, а значыць, мне мець на галаве капялюш не належыць. Але ў капелюшы застаўся толькі ты, Petit Caporal. Дык няўжо ты імператар?

— Ты адгадаў, — прамовіў той, — і, акрамя таго, я твой сябар. Сваё няшчасце прыпісвай не мне, а няўдаламу збегу абставінаў, і будзь упэўнены, што з першым жа караблём ты паплывеш на радзіму. Зараз жа вяртайся да маёй жонкі, раскажы ёй пра арабскага прафесара і пра ўсё, што ты ведаеш. Селядцы і салату я адпраўлю доктару, а ты да ад’езду застанешся у маім палацы.

Так сказаў чалавек, які быў імператарам. Альмансор упаў перад ім ніц, пацалаваў ягоную руку і папрасіў прабачэння, што не пазнаў яго, бо той імператарам дакладна не выглядаў.

— Маеш рацыю, — адказаў той з усмешкай і даў знак ісці, — калі ты ўсяго некалькі дзён імператар, на ілбе гэта не напісана.

З таго дня Альмансор жыў радасна і шчасліва.

Ён яшчэ некалькі разоў наведаў арабскага прафесара, пра якога расказваў імператару, але доктара ўжо больш не бачыў. Праз некалькі тыдняў імператар паклікаў хлопца да сябе і паведаміў, што карабель, на якім ён хоча адправіць яго ў Егіпет, гатовы зняцца з якара. Альмансор не памятаў сябе ад радасці. Яму хапіла некалькі дзён, каб падрыхтавацца да падарожжа, і з сэрцам, поўным удзячнасці, багата нагружаны скарбамі і падарункамі, юнак выправіўся да мора і сеў на карабель.

Аднак Алах пажадаў працягнуць выпрабаванне, загартаваўшы ягоную мужнасць няшчасцем, і не дазволіў хлопцу ўбачыць родны бераг. Іншы франкскі народ — ангельцы — вёў у той час вайну на моры супраць імператара. Яны захоплівалі ўсе караблі, якія маглі перамагчы, і здарылася так, што на шосты дзень плавання карабель, на якім знаходзіўся Альмансор, быў акружаны і абстраляны ангельскімі суднамі. Давялося здацца, і каманду перасадзілі на маленькі карабель, што паплыў разам з іншымі далей. Але на моры гэтак жа неспакойна, як у пустэльні, дзе разбойнікі нападаюць на караваны, рабуюць і забіваюць. Туніскі капер напаў на маленькае судна, калі падчас шторму тое адстала ад вялікіх караблёў, захапіў яго і адправіў усю каманду на рынак рабоў у Алжыры.

Альмансор трапіў не ў такое жорсткае рабства, як хрысціяне, бо быў прававерным мусульманінам, але любая надзея пабачыць радзіму і бацьку цяпер знікла. Пяць гадоў ён пражыў у нейкага багацея, вымушаны паліваць кветкі і даглядаць сад. Калі той памёр, не пакінуўшы спадчыннікаў, ягоную маёмасць расцягнулі, слугаў падзялілі, і Альмансор трапіў у рукі гандляра рабамі. Гандляр акурат тады рыхтаваў карабель, каб у іншым месцы прадаць тавар даражэй. Лёс пажадаў, каб я сам быў рабом гэтага гандляра і трапіў на той жа карабель, што і Альмансор. Там мы пазнаёміліся, і ён расказаў мне сваю дзівосную гісторыю. Аднак калі мы прычалілі, я стаўся сведкам спаўнення волі Алаха: мы высадзіліся на беразе ягонай айчыны, і рынак, дзе нас публічна выставілі на продаж, быў рынкам у яго родным горадзе! О, гаспадару, скажу пра гэта каротка — яго набыў ягоны дарагі бацька!

Шэйх Алі-Бану задумаўся над гісторыяй, якая яго мімаволі захапіла: ягоныя грудзі ўздымаліся, вочы палалі. Часам ён ледзь не перапыняў юнага нявольніка, але канец аповеду яго, падалося, не задаволіў.

— Цяпер яму, кажаш, быў бы дваццаць адзін год? — пачаў ён распытваць апавядальніка.

— Ён майго ўзросту, гаспадару, дваццаць адзін ці дваццаць два.

— І які горад ён назваў месцам свайго нараджэння? Ты пра гэта нічога не казаў.

— Калі я не памыляюся, — быў адказ, — гэта Александрыя.

— Александрыя! — усклікнуў шэйх. — Гэта мой сын! Дзе ён?! Ты хіба не казаў, што яго клічуць Кайрам? У яго карыя вочы і цёмныя валасы?

— Так і ёсць! У моманты шчырасці ён называў сябе не Альмансорам, а Кайрамам!

— Але скажы мне нарэшце дзеля Аллаха... ягоны бацька купіў яго на тваіх вачах, так, як ты расказаў? Ён назваў пакупніка бацькам? Значыць, гэта ўсё ж не мой сын!

— Ён сказаў мне: “Няхай будзе блаславёны Алах пасля такіх доўгіх няшчасцяў — гэта рынкавая плошча майго роднага горада”. Праз пэўны час з-за рогу з’явіўся знатны чалавек, і тады Альмансор усклікнуў: “О, які каштоўны падарунак нябёсаў — вочы! Я яшчэ раз убачыў майго шаноўнага бацьку!” Чалавек той падышоў да нас, агледзеў усіх і ўрэшце купіў героя маёй гісторыі. Тады той звярнуўся да Алаха з малітвай падзякі і прашаптаў мне: “Зараз я вяртаюся ў палаты шчасця, бо мяне купіў мой уласны бацька”.

— Значыць, гэта не мой сын, не мой Кайрам! — з болем прамовіў шэйх.

Тут юнак не вытрымаў — з ягоных вачэй паліліся слёзы радасці, ён упаў ніц перад шэйхам і ўсклікнуў:

— І ўсё ж гэта ваш сын, Кайрам, Альмансор, бо яго купілі менавіта вы!

— Алах, Алах! Цуд, які вялікі цуд! — усклікнулі прысутныя і праціснуліся бліжэй.

Шэйх жа знямела глядзеў на юнака, які падняў да яго прыгожы твар.

— Мой сябар Мустафа! — звярнуўся шэйх да старога дэрвіша. — Мае вочы заслалі слёзы, і я не бачу, ці захаваліся на гэтым твары рысы маці, да якое падобны мой Кайрам. Падыдзі бліжэй і паглядзі на яго!

Стары падышоў, доўга глядзеў на юнака, потым паклаў руку яму на лоб і сказаў:

— Кайрам! Як гучала выслоўе, якое ты атрымаў ад мяне і забраў з сабой у лагер франкаў у той нешчаслівы дзень?

— Мой дарагі настаўнік! — адказаў юнак, кранаючыся вуснамі рукі старога. — Яно гучала так: “Хто любіць Алаха і мае чыстае сумленне, той і ў пустэльні няшчасця не самотны, бо мае двух спадарожнікаў, якія яго суцешаць і падтрымаюць”.

Стары ўдзячна падняў вочы да неба, прыціснуў юнака да грудзей, перадаў яго шэйху і сказаў:

— Вазьмі яго! Як дакладна вядома, што ты дзесяць гадоў па ім смуткаваў, так дакладна і тое, што гэта твой сын Кайрам.

Ад радасці і шчасця шэйх не помніў сябе. Ён бесперапынна ўглядаўся ў рысы юнака, у якіх, без сумневаў, пазнаваў вобраз страчанага сына. Усе прысутныя раздзялілі ягоную радасць, бо любілі шэйха, і кожны пачуваўся так, нібыта сёння яму самому быў падораны сын.

Спевы і весялосць напоўнілі залу, як у дні радасці і шчасця. Юнак мусіў яшчэ раз, больш падрабязна, расказаць сваю гісторыю, і ўсе ўзнеслі хвалу арабскаму прафесару і імператару, як і ўсім астатнім, хто клапаціўся пра Кайрама. Госці пачалі разыходзіцца толькі ноччу, і кожнага шэйх шчодра адарыў на памяць пра гэты радасны дзень.

Шэйх прадставіў свайму сыну чатырох маладых людзей і запрасіў іх часта яго наведваць. Было вырашана, што з пісарам юнак будзе чытаць, з мастаком — выбірацца ў невялікія падарожжы, з купцом — спяваць і танчыць, а чацверты будзе ладзіць пры двары забавы. Іх таксама шчодра адарылі, і яны, шчаслівыя, пакінулі дом шэйха.

— Каму мы павінныя за ўсё гэта дзякаваць? — гаварылі яны паміж сабой. — Каму яшчэ, як не старому? Хто мог такое ўявіць, калі мы стаялі перад гэтым домам і гаманілі пра шэйха?

— А мы ж маглі не прыслухацца да павучанняў старога, — сказаў другі, — ці наогул выставіць яго на смех. На ім была ірваная бедная вопратка — хто б мог падумаць, што гэта мудры Мустафа?

— Дык цудоўна! Хіба не тут мы гучна абмяркоўвалі свае жаданні? — прамовіў пісар. — Адзін з нас хацеў вандраваць, другі — спяваць і танчыць, трэці — бавіць час у добрай кампаніі, а я — чытаць і слухаць гісторыі. Хіба не ўсе нашыя мары здзейсніліся? Я магу чытаць усе кнігі шэйха і набываць любыя, якія захачу.

— А мне дазволена ўпрыгожваць ягоны стол, ладзіць ягоныя найлепшыя забавы і самому ў іх удзельнічаць, —сказаў другі.

— А я ў любы момант, як з’явіцца ў мяне такое жаданне, магу паслухаць спевы і ігру на струнных альбо паглядзець на танец, пайсці да шэйха і папрасіць у яго рабоў.

— А я? — усклікнуў мастак. — Да гэтага дня я быў бедны і не мог нават выйсці з горада, а зараз змагу падарожнічаць куды захачу.

— Так, — прамовілі яны разам, — добра, што мы паслухаліся старога, а інакш хто ведае, што з намі сталася б!

І, сказаўшы так, яны, шчаслівыя, пайшлі дадому.

______________________________________________

[1] Votre serviteur — Да вашых паслугаў (фр.).

[2] Petit Caporal — Маленькі Капрал (фр.). Мянушка Напалеона І.

Пераклад з нямецкай – Ігар Крэбс © 2013

Чытайце таксама

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

Алан Аляксандр Мілн

Алан Аляксандр Мілн

Ангельскі пісьменнік, стваральнік Віні-Пуха

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску

Эмі Лоўэл

Эмі Лоўэл

Амерыканская паэтка, літаратурны крытык, выдавец

914