№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Кен Кізі

Палёт над гняздом зязюлі (One Flew Over the Cuckoo's Nest)

Пераклад з ангельскай Аляксей Знаткевіч
"Амерыканка" - літаратурная серыя, што аб'ядноўвае кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Падтрымайце серыю, зрабіўшы перадзамову на краўдфандынгавай платформе "Вулей"!


Віку Лавэлу,
які сказаў мне, што цмокаў не бывае,
а потым прывёў мяне ў іхныя логавішчы.
 
...гэты – ў поле, той – на гулі,
гэты – над гняздом зязюлі.
(Зь дзіцячай лічылкі)
 

ЧАСТКА І

Яны ўжо там.

Чорныя ў белай уніформе падняліся раней за мяне, каб заняцца сэксам у калідоры і прыбрацца, пакуль я іх не засьпеў.

Мыюць падлогу, калі я выходжу з палаты, усе трое змрочныя і злыя на ўсё – на раніцу, на шпіталь, на людзей, побач зь якімі даводзіцца працаваць. Калі яны так ненавідзяць, лепей не трапляць ім на вочы. Крадуся ў кедах уздоўж сьцяны, ціхі, як пыл, але іх адмысловыя чуйныя прыборы ловяць мой страх. Яны падымаюць галовы, усе трое адначасна; вочы на чорных тварах блішчаць колкім сьвятлом радыёлямпаў з-пад панэлі старога прыймача.

– Зыр, братва, Мятла ўжо тут. Доўгая Мятла – Правадыр Вар’ятаў. Давай, Правадыр, варушыся.

Тыц мне ў рукі швабру, паказваюць, дзе сёньня трэба мыць, і я іду. Адзін зь іх вытнуў мяне швабрай ззаду па нагах, каб прысьпешыць.

– Гы, зыр, як чэша. Дылда такі, мог бы яблык куснуць, мне на галаву паклаўшы, а слухаецца, як дзіцёнак.

Сьмяюцца, а потым я чую за сабой шушуканьне, яны стулілі галовы. Гудуць чорныя мэханізмы, гудуць нянавісьць, сьмерць ды іншыя таямніцы шпіталю. Яны не спрабуюць прыцішыць сваіх сакрэтаў, калі я побач, бо думаюць, што я глуханямы. Усе так думаюць. Мне хапае хітрасьці, каб іх надурыць. Калі індзейская палова крыві мне чым і дапамагала ў маім клятым жыцьці, дык тое хітраваць, дапамагала ўсе гэтыя гады.

Мыю падлогу ля ўваходу ў аддзяленьне, калі з другога боку ў дзьверы ўторкваецца ключ. Ведаю, што гэта Вялікая Сястра, бо асяродкавіна замка прылягае да ключа мякка, хутка і спрактыкавана – адчуваецца вялікі досьвед. Сястра ўваходзіць, упускаючы ў памяшканьне холад, замыкае за сабой дзьверы, і я бачу, як ейныя пальцы спаўзаюць па адпаліраванай сталі – пазногці таго ж колеру, што й вусны. Густа-аранжавыя. Нібы кончык паяльніка. Ці то пякучыя, ці то ледзяныя – нельга зразумець, якія, нават калі яна дакранецца да цябе.

Яна нясе лазовы кошык – племя ампкуа прадае такія ля шашы ў гарачыя жнівеньскія дні – кошык з канаплянай ручкай, падобны да скрынкі з інструмэнтамі. Колькі яе памятаю, яна заўсёды зь ім ходзіць. Ён сплецены няшчыльна, і можна пабачыць, што ўнутры. Там няма пудраніцы, памады ці іншых жаночых штучак. Гэты кошык месьціць тысячу розных дэталяў, якія яна хоча сёньня скарыстаць у працы: колцы і шасьцерні, шрубы, адпаліраваныя да жорсткага бляску, маленькія пігулкі, якія зіхацяць, як фарфор, шпрыцы, шчыпцы, абцугі, скруткі меднага дроту...

Яна зьлёгку ківае мне, праходзячы міма. Уціскаюся ў сьцяну, учапіўшыся ў швабру, пасьміхаюся, спрабую як мага больш заблытаць ейныя прыборы, не даю ёй пабачыць маіх вачэй: калі заплюшчыць вочы, пра цябе менш даведаюцца.

У сваёй цемры чую, як ейныя гумавыя абцасы чвякаюць аб кахлю ў калідоры, як брынкаюць рэчы ў кошыку ў такт крокам. У яе цяжкая хада. Расплюшчваю вочы, калі яна ўжо амаль адолела паўкалідору, вось-вось заверне ў Сястроўню, дзе цэлы дзень будзе сядзець за сталом, глядзець у вакно і занатоўваць усё, што адбываецца цягам васьмі гадзінаў у пакоі за шклом. Ад думкі пра гэта яе твар робіцца лагодным і задаволеным.

І тут... Яна заўважае чорных. Тыя ўсё яшчэ стаяць разам, шэпчуцца. Не пачулі, як яна ўвайшла ў аддзяленьне. Цяпер адчуваюць ейны позірк, але позна. Раней трэ было думаць, ці варта гуртавацца і шушукацца перад самым ейным прыходам. Зьбянтэжаныя чорныя твары шугаюць уроссып. Яна прыгінаецца і рушыць на іх – тыя трапілі ў пастку ў канцы калідору. Сястра ведае, пра што яны размаўлялі, бачу: яна гэтак разьюшылася, ажно не кантралюе сябе. Зараз парве чорных вырадкаў на шматкі, гэтак разьюшылася. Яна пачынае разьдзімацца і надзімаецца так, што сьпіна вылузваецца зь белай уніформы, а рукі выцягваюцца, як тэлескапічныя вуды, і цяпер імі можна абхапіць усіх траіх разоў пяць-шэсьць. Яна азіраецца, круціць агромністай галавой. Нікога не відаць, толькі стары Мятла Бромдэн, індзеец-мяшанец, хаваецца за швабру, ён ня можа гаварыць і не пакліча на дапамогу. Таму Сястра ўжо ня стрымліваецца, намаляваная ўсьмешка перакручваецца, расьцягваецца ў адкрыты выскал, а сама яна працягвае расьці, яна ўжо памерам з трактар, такая вялікая, што я адчуваю пах мэханізмаў усярэдзіне, быццам пах рухавіка, які працуе зь перагрузкай. Стойваю дух, думаю – божачкі, гэтым разам яны ня спыняцца! Гэтым разам яны назапасілі зашмат нянавісьці, цераз край, парвуць адно аднаго на шматкі, перш чым самі ўцямяць, што робяць.

Але як толькі яна хапае чорных сваімі тэлескапічнымі рукамі, а тыя пачынаюць поркаць ёй чэрава дзержакамі ад швабраў, з палатаў высыпаюць пацыенты, каб зірнуць, што тут за валтузьня, і Сястра вымушаная набыць ранейшы выгляд, каб яе не пабачылі ў жахлівай сапраўднай сутнасьці. Не пасьпяваюць пацыенты працерці вочы, каб ацаніць гэты вэрхал, – перад імі зноў галоўная мэдсястра, якая роўна ўсьміхаецца, як заўсёды спакойная, і кажа чорным, што нягожа вось так стаяць і тачыць лясы, бо сёньня ж ранак панядзелка і сапраўды трэба шмат зрабіць у першую раніцу тыдня...

– ...Панядзелак – дзень цяжкі, вы ж ведаеце, хлопцы...

– Угу, міс Брыдар...

– ...і ў нас сёньня даволі шмат працэдураў, так што калі вашая сяброўская размова можа пачакаць...

– Угу, міс Брыдар...

Яна спыняецца і ківае пацыентам, якія падышлі ды пазіраюць на ўсё счырванелымі і апухлымі ад сну вачыма. Надзяляе кожнага кіўком. Дакладны, аўтаматычны жэст. Яе твар гладкі, пралічаны і дасканалы, як у дарагой лялькі-галыша, скура колеру сьвежай эмалі, сумесь белага і крэмавага, ярка-блакітныя вочы, маленькі нос, маленькія ружовыя ноздры – усё спалучаецца, акрамя колеру вуснаў і пазногцяў, а таксама памеру грудзей. На фабрыцы памыліліся, прыладзіўшы гэтыя вялікія, вельмі жаноцкія грудзі да вырабу, які інакш быў бы бездакорным прадуктам. Гэта заўважна яе засмучае.

Народ усё яшчэ стаіць у спадзеве дазнацца, чаго яна ўзьелася на чорных, таму яна прыгадвае, што бачыла мяне, і кажа:

– І паколькі сёньня панядзелак, хлопцы, чаму б нам не пачаць тыдзень на высокай ноце, пагаліўшы беднага містэра Бромдэна першым, а то ў пакоі для галеньня пасьля сьняданку мітусьня будзе. Пабачым, ці можна хоць часткова пазьбегчы... эээ... беспарадку, які звычайна выклікае містэр Бромдэн, праўда?

Пакуль яны паварочваюць галовы, каб паглядзець, дзе я, даю нырца ў каморку для швабраў, рэзка зачыняю за сабой дзьверы і стойваю дух у цемры. Перад сьняданкам – найгоршы час, каб галіцца. Пад’еўшы, ты робісься мацнейшым і больш пільным, і вырадкі, якія працуюць на Камбінат, ужо ня могуць так лёгка падсунуць табе адну са сваіх машынак замест электрабрытвы. Але калі галіцца перад сьняданкам, як яна часам мяне прымушае, – а палове на сёмую раніцы ў пакоі з абсалютна белымі сьценамі і белымі мыйніцамі, і доўгія лямпы на столі не пакідаюць спадзеву ценям, і твары вакол цябе, крычаць, увязьненыя ў люстэрках, – тады якія ты маеш шанцы супраць іхнай машынкі?

Стаю ў каморцы і прыслухоўваюся, сэрца б’ецца ў цемры, а я спрабую адагнаць страх, перанесьціся думкамі ў іншае месца – спрабую думаць пра мінулае, згадаць нешта пра вёску і пра вялікую раку Каламбію, згадаць, як аднойчы мы з Татам палявалі на птушак у кедравым гаі пад Дэлзам... Але, як заўсёды, калі я спрабую вярнуцца думкамі ў мінулае і схавацца там, блізкі страх прасочваецца праз успаміны. Адчуваю, што найменшы з чорных ідзе па калідоры, вынюхвае мой сполах. Разьдзімае ноздры, як чорныя коміны, яго завялікая галава рэзка круціцца сюды-туды, ён уцягвае паветра, смокча страх з усяго аддзяленьня. Ён ужо злавіў мой пах: чую, як чмыхае. Ня ведае, дзе я схаваўся, але прынюхваецца, палюе. Спрабую не варушыцца...

(Тата кажа мне сядзець ціха, бо сабака зьветрыў птушку недзе зусім паблізу. Мы пазычылі пойнтэра ў аднаго знаёмага ў Дэлзе. Усе вясковыя сабакі – нікчэмныя дварнякі, кажа Тата, толькі й могуць, што трыбуху жэрці, гультаі, але гэны сабака тутака – ён мае інстык! Нічога не адказваю, але ўжо бачу на нізкарослым кедры птушку, што скукожылася ў шэры ком пер’я. Сабака бегае вакол камля, бо для яго зашмат паху, каб дакладна паказаць, дзе здабыча. Птушка ў бясьпецы, пакуль яна не варушыцца. Яна даволі добра трымаецца, але сабака ўсё вынюхвае і кружляе, усё гучней і бліжэй. Тады птушка не вытрымлівае, пер’е ўздыбліваецца, і яна выпырхвае з кедра пад зарад Татавага драбавіка.)

Перш чым я пасьпяваю зрабіць дзясятак крокаў ад каморкі, найдрабнейшы з чорных і адзін зь вялікіх хапаюць мяне і цягнуць у галільню. Я не адбіваюся і не раблю шуму. Калі крычыш, табе ж горш. Стрымліваю крык, трываю, пакуль яны не дабіраюцца да скроняў. Ня ўпэўнены, што гэта адна зь іхных машынак, а не электрабрытва, але вось яна дабіраецца да скроняў, і я ўжо не магу стрымацца. Якая ўжо тут можа быць сіла волі. Гэта як... кнопка, яе націснулі, Паветраная Трывога, Паветраная Трывога, мяне ўключылі так гучна, што гэта ўжо ня гук, усе крычаць на мяне, захінаюць рукамі вушы за шкляной сьцяной, вакол кружляюць твары, іх вусны рухаюцца, але гуку няма. Мой гук паглынае ўсе астатнія. Зноў уключаюць туман-машыну, і на мяне пачынае падаць сьнег, халодны і белы, як вяршкі, такі густы, што я нават мог бы ў ім схавацца, калі б мяне не трымалі. Скрозь туман я ня бачу і на дваццаць сантымэтраў, і адзінае, што чую, акрамя ўласнага ляманту, гэта воклічы Вялікай Сястры, якая нясецца па калідоры, зьмятаючы пацыентаў з дарогі плеценым кошыкам. Чую, што яна блізка, але ніяк не магу суняцца. Выю, пакуль яна не прыбягае. Мяне трымаюць, а яна закалочвае мне ў рот кошык з усім зьмесьцівам і прапіхвае яго ўнутр дзержаком ад швабры.

(Ганчак з усяе моцы брэша ў тумане, бегае, спалоханы і разгублены, бо нічога ня бачыць. На зямлі няма сьлядоў, акрамя ягоных уласных, і ён водзіць ува ўсе бакі халоднай чырвонай гумкай носа, але адзіны пах, які ён адчувае, – пах уласнага страху. Страху, які прапякае яго, як пара.)

Мне будзе пячы так сама, калі я нарэшце апавяду пра ўсё гэта: пра шпіталь, пра яе, пра астатніх... і пра Макмэрфі. Я столькі маўчаў, што зараз гэта з ровам пальецца зь мяне, як паводка, і вам падасца, што той, хто расказвае такое, трызьніць і шалее. Божачкі, вам падасца, што гэта надта жахліва, каб адбыцца насамрэч, надта жудасна, каб быць праўдай! Але прашу вас... Мне дагэтуль цяжка захоўваць ясны розум, калі я думаю пра гэта. І ўсё ж яно праўда, нават калі гэтага й не было.

 

 

Калі туман расьсейваецца, я бачу, што сяджу ў дзённым пакоі. Гэтым разам мяне не здалі ў Шок-Блок. Памятаю, што мяне выцягнулі з галільні і замкнулі ў ізалятары. Ня памятаю, ці я сьнедаў. Відаць, не. Магу прыгадаць раніцы, калі мяне зачынялі ў ізалятары, і чорныя прыносілі туды ежу – нібыта для мяне, але зьядалі ўсё самі, так што ўсе трое наядаліся, а я ляжаў на засцаным матрацы і глядзеў, як яны падчышчаюць лустай смажанага хлеба рэшткі яечні. А часам яны прыносілі халодную кашу і прымушалі мяне есьці, нават не пасаліўшы.

Гэтай раніцы я папросту ня памятаю. У мяне напхалі да халеры штучак, якія яны называюць пігулкамі, так што я нічога ня цяміў, пакуль нарэшце не пачуў, як адчыніліся дзьверы ў аддзяленьне. Гэта значыць, што ўжо прынамсі восьмая гадзіна, то бок я, відаць, паўтары гадзіны быў у адключцы ў ізалятары; тэхнікі маглі прыйсьці і ўсталяваць усё, што загадае Вялікая Сястра, а я нават здагадвацца ня буду, што мне паставілі.

Чую шум ля дзьвярэй у аддзяленьні, недзе на калідоры, куды не магу зазірнуць. Гэтыя дзьверы ўпершыню адчыняюць а восьмай, а потым яны адчыняюцца і зачыняюцца тысячу разоў за дзень, шых, лясь. Штораніцы мы сядзім шэрагамі з двух бакоў дзённага пакою, перамешваем пасьля сьняданку кардонкі складанак, прыслухоўваемся да таго, як ключ уваходзіць у замок, і чакаем, што гэта нам прынясе. Больш асабліва няма чаго рабіць. Часам у дзьвярах з самай раніцы зьяўляецца малады практыкант, каб паглядзець, як мы паводзімся да прыёму лекаў. Яны гэта называюць дэ-пэ-эл. Часам некага наведвае жонка на высокіх абцасах, прыціскаючы сумачку да жывата. Часам гэта вывадак школьных настаўніц, якіх вядзе на экскурсію ёлупень з аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю. Ён заўсёды пляскае ў вільготныя далоні і кажа, як ён рады, што псыхіятрычныя шпіталі выкаранілі ўсе нялюдзкія мэтады зь мінулага:

– Якая бадзёрая атмасфэра, праўда ж?

Ён мітусіцца вакол настаўніц, якія ад страху зьбіліся ў купку, і пляскае ў далоні:

– О, калі я згадваю мінулыя дні, гэты бруд, кепскую ежу, нават жорсткае абыходжаньне, так-так, о, я ўсьведамляю, шаноўныя паненкі, які плён далі нашыя намаганьні!

Хто б ні зьявіўся ў дзьвярах, звычайна гэта расчараваньне, але заўсёды ёсьць шанец на нешта іншае, і калі ключ уваходзіць у замок, усе галовы падымаюцца, быццам іх разам пацягнулі за вяровачку.

Гэтым ранкам замкі бразгочуць дзіўна; ля дзьвярэй не звычайны наведнік. Чуваць голас ахоўніка, нэрвовы і нецярплівы:

– Хто на прыёме, расьпішыцеся за новенькага!

Чорныя ідуць туды.

Новенькі. Усе спыняюць гульню ў карты ды "манапольку" і паварочваюцца да дзьвярэй. Звычайна ў гэты час я б якраз падмятаў у калідоры і пабачыў бы, каго прывезьлі. Але сёньня, як я вам ужо тлумачыў, Вялікая Сястра загнала ў мяне сто пудоў рознай дрэні, і я нават у крэсьле варухнуцца не магу. Звычайна я першы бачу новенькага, як ён увальваецца ў дзьверы, сунецца ўздоўж сьцяны і стаіць, спалоханы, а чорныя расьпісваюцца за яго і вядуць у душ, дзе яго разьдзяваюць і пакідаюць дрыжаць ля адчыненых дзьвярэй, пакуль яны ўтрох бегаюць па калідоры, шукаюць вазэлін.

– Нам трэ вазэлін, – кажуць яны Вялікай Сястры. – Для градусьніка.

Яна акідвае іх позіркам:

Яшчэ б ён вам непатрэбны, – і дае ім трохлітровы слоік. – Але памятайце, хлопцы, не гуртуйцеся там.

Потым я бачу, як двое ці ўсе трое ў душавым пакоі з новенькім намазваюць градусьнік вазэлінам слоем з палец, мармычуць: “От так, пацан, от так”. А потым яны зачыняюць дзьверы і адкручваюць да ўпору ўсе душы, так што нічога не чуваць, акрамя шалёнага сычэньня вады на зялёнай кахлі. Звычайна я ў калідоры і бачу ўсё акурат так.

Але гэтым ранкам мне даводзіцца сядзець у крэсьле і адно чуць, як яго прымаюць. Нават ня бачачы, я ведаю, што гэта не звычайны новенькі. Ня чую, каб ён спалохана соўгаўся ўздоўж сьцяны, а калі яму кажуць пра душ, ён не дае згоды слабым ціхім “так”; ён адразу ж адказвае гучным і рэзкім голасам, што і так ужо мыты-перамыты, чысты, як халера ясная, дзякуй.

– Мяне зранку памылі ў судзе, а ўчора ўвечары ў каталажцы. Хрыстом-Богам клянуся, яны б мне і па дарозе сюды ў таксоўцы вушы вымылі, калі б там лазьня была. Я табе кажу, як мяне кудысьці перавозяць, дык шаруюць напярэдадні, пасьля і падчас пераезду. Для мяне ўжо гук вады як сыгнал, што трэба транты зьбіраць. Ды адксьціся ты ад мяне з гэным градусьнікам, Сэм, дай мне хвілінку агледзець новае жытло; я ж ніколі раней ня быў у інстытуце мазгазнаўства.

Пацыенты зьбянтэжана пераглядаюцца, потым ізноў глядзяць на дзьверы, адкуль па-ранейшаму чуваць голас. Ён гаворыць гучней, чым трэба, калі чорныя недзе побач. Такое ўражаньне, што ён наверсе, над імі, што ён плыве на вышыні мэтраў сорак і гукае тых, хто стаіць на зямлі. Гэта голас кагосьці вялікага. Чую, як ён ідзе па калідоры, і яго хада таксама належыць камусьці вялікаму – ён дакладна ня соўгаецца; на яго абцасах жалеза, і ён б’е ім аб падлогу, як падковамі. Зьяўляецца ў дзьвярах, спыняецца, засоўвае вялікія пальцы ў кішэні; ногі шырока расстаўленыя; ён стаіць там, а ўсе глядзяць на яго.

– Здароўкі, братва.

Над яго галавой на нітцы вісіць папяровы кажан – застаўся з Гэлаўіну, – новенькі падымае руку і пстрычкай пасылае фігурку круціцца.

– Нішцяковы восеньскі дзянёчак.

Ён гаворыць крыху як Тата, гучным і магутным голасам, але выглядае па-іншаму. Тата быў чыстакроўны індзеец – сапраўдны правадыр, цьвёрды і бліскучы, як прыклад стрэльбы. Гэты хлопец руды, з доўгімі бакенбардамі і кудламі, якія вылазяць з-пад кепкі, так і просячыся пад нажніцы. Ён такі ж шырокі, як Тата быў высокі: шырокі ў падбародзьдзі, у плячах, у грудзях, з шырокай зубялявай гарэзьлівай усьмешкай. Ён таксама цьвёрды, але не як Тата – хутчэй, як бывае цьвёрдым бэйсбольны мяч пад абшарпанай скурай. Па яго носе і шчацэ бяжыць шнар, зь якога яшчэ не зьнялі швоў – нехта добра яго апрацаваў у бойцы. Новенькі стаіць і чакае, а калі бачыць, што ніхто не спрабуе яму адказаць, пачынае сьмяяцца. Ніхто ня можа дакладна сказаць чаму, бо нічога сьмешнага не адбываецца. Але ён сьмяецца ня так, як той для сувязяў з грамадзкасьцю. Свабодны і гучны сьмех выплывае з шырокага выскаленага рота, разыходзіцца ўсё далей, плёхаючыся аб сьцены палаты. Ня так, як сыты сьмех таго ёлупня. Гэты гучыць па-сапраўднаму. Раптам да мяне даходзіць, што я чую сьмех упершыню за шмат гадоў.

Новенькі стаіць, пазірае на нас, гойдаецца ў цяжкіх чаравіках і ўсё сьмяецца ды сьмяецца. Ён пакінуў вялікія пальцы ў кішэнях, а астатнія пераплёў на жываце. Бачу якія велічэзныя і спрацаваныя ў яго рукі. Усім у палаце – пацыентам, мэдпэрсаналу, усім – мову заняло ад яго і ад ягонага сьмеху. Ніхто не спрабуе яго спыніць, не спрабуе нічога сказаць. Ён сьмяецца дасхочу, а потым заходзіць у дзённы пакой. Нават калі ён не сьмяецца, вакол яго лунае водгульле сьмеху, як вакол вялікага звона, які толькі што суцішыўся – водгульле ў яго вачах, у тым, як ён усьміхаецца і ўпэўнена крочыць, у тым, як ён размаўляе.

– Мяне завуць Макмэрфі, братва, Эр-Пэ Макмэрфі, і я заўсёды рады згуляць на інтэрас. – Ён падміргвае, напяваючы радок зь песьні: – …і дзе б я ня ўбачыў картаў стос, я стаўлю… грошы… там, – і зноў сьмяецца.

Ён падыходзіць да століка, дзе гуляюць у карты, чапляе раздачу аднаго з пацыентаў сваім тоўстым загрубелым пальцам і касавурыцца на яе, ківаючы.

– Ага, я дзеля таго і прыехаў у ваш балаган, каб наладзіць вам, кураняткі, рушняк і весялуху за гульнёвым сталом. У Пэндэлтоне, на "хіміі", ужо нікога не засталося, каб мне жыцьцё расквеціць, во я й перавёўся, цяміце? Сьвежая кроў спатрэбілася. А-ёй, толькі паглядзіце, як гэнае птушанятка карты трымае, сьвеціць на ўвесь раён, анягож! Я вас, дзетачкі, як авечачак абстрыгу.

Чэзўік зьбірае свае карты. Руды працягвае яму руку для прывітаньня.

– Здароў, братка, у што гуляем? У тысячу? Дык ня дзіва, што вы тут нават не спрабуеце картаў хаваць. У вас што, нармалёвай тальлі няма? Ну, ладна, не праблема, я тут на ўсялякі выпадак сваю прыхапіў, тутака ня проста стандартная размалёўка – паглядзіце на карціначкі, га? Усе розныя. Пяцьдзясят дзьве позы.

У Чэзўіка і так ужо вочы на лоб павылазілі, а тое, што ён бачыць на картах, яшчэ падлівае алею ў агонь.

– Глядзі, не запэцкай; спакуха, мецьмем яшчэ досыць часу, нагуляемся ўдосталь. Люблю гуляць сваёй калодай, бо звычайна праходзіць прынамсі тыдзень, перш чым астатнія зьвяртаюць увагу хаця б на масьць

На новенькім рабочыя штаны і кашуля з папраўчай фэрмы; сонца выпаліла іх да белі разбаўленага вадой малака. Ягоны твар, шыя і рукі – колеру дубленай бычынай шкуры, ад доўгай працы ў палях. У кудзерах заблыталася чорная матацыклетная кепка, а праз руку ён перакінуў скураную куртку. Боты ў яго шэрыя, пыльныя і такія цяжкія, што высьпяткам можна пераламаць чалавека напалам. Ён адыходзіць ад Чэзўіка, здымае кепку і выбівае зь яе аб сьцягно сапраўдную буру пылу. Адзін з чорных усё кружляе вакол яго з градусьнікам, але ён для іх занадта хуткі; ён ужо ў кампаніі вострых пацыентаў, ён пачынае абыходзіць усіх, паціскае ім рукі, таму чорны не пасьпявае пацэліць. Тое, як новенькі размаўляе, яго падміргваньне, гучны голас, фарсістая хада – усе гэта нагадвае мне гандляра машынамі ці быдлам альбо прадаўца на нейкім перасоўным кірмашы – такі дзядзька ў яркай паласатай кашулі з жоўтымі гузікамі стаіць перад каляровымі сьцяжкамі, што трапечуць ад ветру, і прыцягвае погляды, нібы магнітам.

– Тут бачыце, якая штука: я на "хіміі" ўлез у парачку разборак, калі ўжо казаць вам чыстую праўду, і мяне суд прызнаў псыхапатам. Ну ня буду ж я спрачацца з судом? Без праблемаў апошні цэнт можаце ставіць, што не. Калі можна ўцячы з гэных клятых гарохавых палёў, дык я буду кім толькі іх душачкі пажадаюць: псыхапатам, шалёным сабакам ці ваўкалакам – бо мяне ня дужа пакрыўдзіць, калі я больш да сьмерці матыкі ня ўбачу. Мне сказалі, што калі зашмат б'есься і баб дзярэш, дык ты псыхапат, але ж гэта ня дужа да праўды падобна, як мяркуеце? Хто калі чуў, каб мужыку было зашмат дзюркі?

– Здароў, братка, як цябе клічуць? Мяне Макмэрфі, і я гатовы зараз жа паставіць два баксы, што ты мне ня скажаш, колькі маеш ачкоў на руках, эээ, не падглядай. Два баксы, ну што? Халера, Сэм, ты можаш хоць паўхвілінкі пачакаць і ня тыцкаць у мяне гэным сваім градусьнікам?

 

 
Прачытайце іншыя ўрыўкі з выданняў  літаратурнай серыі "Амерыканка":
 
Чарлз Букоўскі, Чытво. Пераклаў Ігар Кулікоў. 
Чак Паланюк, Байцоўскі клуб. Пераклаў Сярж Мядзведзеў. 
Маргарэт Этвуд, Пенелапіяда. Пераклалі Вольга Калацкая і Марыя Мартысевіч. 


Пераклад з ангельскай – Аляксей Знаткевіч © 2013

Чытайце таксама

Роберт Фэргюсан

Роберт Фэргюсан

Шатландскі паэт Роберт Фэргюсан нарадзіўся 5 верасня 1750 году ў сям’і Ўільяма Фэргюсана, бухгалтара банка брытанскай ільняной кампаніі ў Эдынбургу, і яго жонкі Маргарэт і быў адным з трох іх дзяцей, што засталіся ў жывых

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

Джэром Клапка Джэром

Джэром Клапка Джэром

Ангельскі пісьменнік-гумарыст, драматург, пастаянны супрацоўнік часопіса “Панч”.

Тадэвуш Бароўскі

Тадэвуш Бароўскі

Польскі паэт, адзін з самых уплывовых празаікаў паваеннага часу

3258