№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргій Жадан

Каханне й пяшчота (Любов і ніжність)

Апавяданне

Пераклад з украінскай Алег Жлутка


Ты заўсёды робіш выбар паміж тым, што табе падабаецца, і тым, што табе патрэбна... Зоркамі рок-н-ролу кіруе сэкс, пасажырамі метрапалітэна — каханне й пяшчота. Нядаўна ў мяне была размова з дзвюма разумнымі, прыгожымі, рэалізаванымі жанчынамі. Загаварылі пра каханне. Я трымаўся класікі, маўляў, “и море и Гомер всё движимо любовью”.


Яны ж, аднак, выказалі неспадзяваны для мяне скепсіс, сцвярджалі, што сёння ўсё далёка не так і што нашае ўспрыманне свету “движимо” каханнем хіба ў апошнюю чаргу. А кіруюць намі пераважна патрэбы нашмат менш паэтычныя — улада, грошы, кар'ера. І няма ад гэтага ратавання.


Я паспрабаваў запярэчыць.


— Ну пачакайце, — гаварыў. — Вось вы кажаце, кар'ера. Па-вашаму, для чаго сучасны чалавек робіць кар'еру? Ясна, для кахання.


— Ды ладна! — не пагаджаліся яны. — Кар'еру ён робіць для таго, каб купіць мерсэдэс.


— Ну добра, — адступаў я. — Але ж мерсэдэс яму патрэбны дакладна для кахання.


— А мерсэдэс яму патрэбны для кар'еры! — дабівалі яны мяне.


— Ну добра, — адступаў я яшчэ далей. — Магчыма, я сапраўды крыху ідэалізую нашых сучаснікаў. Магчыма, сапраўды выдаю жаданае за сапраўднае. Зрэшты, мне падабаецца іх ідэалізаваць. Хай гэта нават пярэчыць суворай рэчаіснасці.


З тым і разышліся. А я прыгадаў такое.


Быў у мяне прыяцель — надта неабавязковы, каб скончыць інстытут, і дастаткова вясёлы, каб неяк маркоціцца з гэтай нагоды. Свой першы рок-гурт ён сабраў яшчэ ў старэйшых класах. У інстытуце супрацоўнічаў з рознымі складамі, а пасля таго як яго канчаткова выгналі з аўдыторый, вырашыў узяцца за справу сур'ёзна.


Ён сабе думаў недзе так: зоркі рок-н-ролу маюць адну вялікую перавагу над усімі іншымі, а менавіта шчодры й некантраляваны сэкс. Сэкс кіруе ўсімі намі, ён робіць нашыя вочы сінімі ад жадання ды стомленымі ад нерэалізаванасці.


Ён дадае рэзкасці нашым рухам і ўпэўненасці — нашым галасам. Ён ператварае нас з недасведчаных пацаноў у каралёў панку, ён дорыць нам пачуцце палёту й забыццё падзення, ён варты таго, каб навучыцца рыфмаваць. Гэтым я й займуся, падумаў ён і пачаў збіраць чарговы склад.


Яны гралі даволі часта. Прыбытку гэта не прыносіла. Больш за тое — асабіста я здзівіўся б, калі б гэта прыносіла прыбытак.


Затое паступова, ад канцэрта да канцэрта, ад сезона да сезона, да іх хадзілі хай нешматлікія, але ўсё ж дастаткова кранутыя прыхільніцы, прысутнасць якіх на канцэртах апраўдвала сам факт іх правядзення. Ён ім падабаўся. Яны яму таксама.


Мабыць, на гэтым і трымаецца незалежная музыка, калі я ўсё слушна разумею. Колькасць прыхільніц нават пачала паступова ўзрастаць.


Мяне гэта дзівіла, але і цешыла: як здорава, думаў я сабе, нарэшце ён навучыўся спалучаць прыемнае з карысным, то бок зносіны з цікавымі людзьмі і сэкс з цікавымі людзьмі. Удалы пачатак трывалай кар'еры, думаў я сабе.


Аднак усё скончылася іначай. На якімсьці этапе бясконцага плавання паміж харкаўскімі клубамі ён раптам пазнаёміўся з ёй. Ёй катэгарычна не падабалася яго музыка, яго прычоска і выраз ягонага твару. На тым яны й сышліся.


Нейкі час ён спрабаваў зацягнуць яе ў ложак, потым проста хацеў растлумачыць сэнс тэкстаў, якія спявае, потым пастрыгся, потым завязаў з шоў-бізнэсам.


Прадаў гітару, вярнуў пазыкі ўладальнікам клубаў, распусціў калектыў і пераехаў да яе. Улетку яны выязджалі на роварах за горад. Узімку, калі было халодна, ён праводзіў яе метрапалітэнам на працу, вяртаўся дамоў і займаўся хатняй гаспадаркай.


Многія дзівіліся, як так. Многія гаварылі: трэба ж — не вытрымаў, зламаўся. У яго ўсё магло атрымацца, у яго складалася кар'ера. Яму толькі трошкі не пашчасціла. Яму проста не хапіла цярпення, вось і ўсё, гаварылі многія. Але не я.


Я ведаў, у чым рэч, я яго разумеў. Усё проста: абіраючы сваю дарогу, ты разам з тым адмаўляешся ад усяго, што на гэтай дарозе не можа трапіцца ў прынцыпе. Ты заўсёды робіш выбар паміж тым, што табе падабаецца, і тым, што табе патрэбна.


Найлепей, вядома, каб гэты выбар нічога ў тваім жыцці не змяняў. Але так амаль ніколі не бывае. Зоркамі рок-н-ролу кіруе сэкс, пасажырамі метрапалітэна — каханне й пяшчота.

Пераклад з украінскай – Алег Жлутка © 2013

Чытайце таксама

Зінаіда Бандарына

Зінаіда Бандарына

Беларуская паэтка.

Саламея Пільштынова

Саламея Пільштынова

Аўтарка дзённіка-кнігі “Авантуры майго жыцця”

Мікіта Славінскі

Мікіта Славінскі

Аўтар твора "Запіскі доктара Брылеўскага"

Эмі Лоўэл

Эмі Лоўэл

Амерыканская паэтка, літаратурны крытык, выдавец

1171