№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Варанянка (Kråkskinnsmajsa)

Пераклад са шведскай Алеся Башарымава

Жыў калісьці кароль, і была ў яго жонка нечуванае прыгажосці, і любіў ён яе як сваё жыццё.

Доўга жылі яны ў шчасці і радасці, але аднойчы каралева захварэла. З кожным днём ёй рабілася толькі горш, і кароль з вялікім смуткам і болем чакаў яе смерці.

Неяк раз, калі кароль не мог знайсці сабе месца ад журбы і скрухі, яго паклікалі да каралевы, якая хацела пагаварыць з ім перад смерцю. Калі ён увайшоў у пакоі жонкі, то знайшоў яе такой змарнелаю, што амаль не змог разабраць яе словаў. Але каралева ўзяла яго за руку і папрасіла, каб ён паабяцаў, што не ажэніцца другі раз, а калі ажэніцца, дык толькі з прынцэсай, якая будзе так падобная да яе, што ніхто не заўважыць розніцы. Кароль ахвотна пагадзіўся на гэта і пакляўся каралеве выканаць яе просьбу.

Каралева памерла, і калі мінуў год жалобы, прыдворныя, якія хацелі, каб кароль ажаніўся зноў, пачалі прыносіць яму прыгожыя карціны з партрэтамі самых вабных прынцэс, але ніводную з іх ён не жадаў зрабіць каралевай.

Так мінуў нейкі час, а прыдворныя ўсё ўгаворвалі караля ўзяць сабе новую жонку. Яны так назойліва яго пра гэта прасілі, што ўрэшце ён адказаў ім, што калі і ажэніцца яшчэ раз, дык толькі з уласнай дачкою, бо яна як ніхто іншы падобная да сваёй маці.

— Што ж, — сказалі прыдворныя, хоць ім не надта гэта спадабалася. Яны хацелі, каб каралеваю ўсё ж стала прынцэса з іншага краю.

Калі прынцэса даведалася, што бацька хоча ажаніцца з ёй, то не ведала куды падзецца ад сораму і што рабіць, каб пазбегнуць гэтай бяды. Яна выплакала ўсе вочы, пакуль урэшце не знайшла выйсце.

Яна выпрасіла ў караля абяцанне падарыць ёй тры рэчы да таго, як яны згуляюць вяселле. Кароль так любіў яе, што пагадзіўся падарыць ёй усё, што яна захоча. Тады прынцэса папрасіла тры сукенкі: першая мусіла быць са срэбра, другая — з золата, а трэцяя — з жэмчугу. Але пашыць іх — работа не малая, таму вяселле ўвесь час адкладалася з тыдня на тыдзень.

Нарэшце прынцэса атрымала ўсе свае сукенкі, і дзень урачыстасці быў прызначаны. Але перад самым вяселлем яна папрасіла караля аб новай ласцы: яна хацела, каб ён загадаў пашыць для яе яшчэ адну сукенку, якая ўся мусіла быць з варанячых скурак. Да сукенкі яна папрасіла шапачку, абшытую галовамі варон. Кароль згадзіўся і на гэта, і прынцэса атрымала што хацела. Але кароль так баяўся за яе, што прыставіў да яе дзвярэй варту.

Але марнай была тая пільнасць, бо ўночы, калі ўсе паклаліся спаць, прынцэса адправіла да ахоўніка сваю дружку з кубкам віна, падмяшаўшы перад тым у пітво моцныя зёлкі, ад якіх ахоўнік хутка заснуў. Разам з дружкай, якая несла ўсе яе прыгожыя строі, прынцэса выслізнула на двор, і яны з усіх ног кінуліся да марскога берага. На вадзе іх чакаў прыгожы карабель, пра які прынцэса падбала загадзя. І вось паплылі яны на караблі куды вочы глядзяць — далёка-далёка, у іншае каралеўства.

Акурат наступнага дня кароль і прынцэса мусілі пабрацца шлюбам. Але калі ўранку дружкі прыйшлі ў пакой прынцэсы, каб апрануць яе ў вясельныя строі, той нідзе не было. У страшнай роспачы кароль загадаў шукаць яе паўсюль, не абмінаючы ніводнай дарогі і ніводнай сцежкі, і паабяцаў вялікую ўзнагароду таму, хто знойдзе яго нявесту. Але прынцэса знікла бясследна, і ўсе вярталіся да караля ні з чым.

Тым часам прынцэса прыплыла ў іншае каралеўства, дзе жыў прынц, якога яна ўжо некалі бачыла і які ёй вельмі падабаўся. Ды і сама яна падабалася прынцу. Прыплыўшы ў яго каралеўства, яна спыніла судна між дзвюма прыбярэжнымі скаламі, такімі высокімі, што ніхто не мог бы заўважыць карабель з сушы. І вось прынцэса сышла на зямлю. Усе свае дарагія ўборы яна схавала ў цёмным лесе ля берага, а сама пераапранулася ў сукенку з варанячых скурак і рушыла да каралеўскага двара.

Дабраўшыся да палаца, яна зайшла ў кухню і спытала, ці не знойдзецца для яе працы.

— Не, — адказаў кухар, — у нас і без цябе служак хапае. Але ты так прыгожа мовіш, што я цябе пакіну, заставайся. Будзеш насіць вугаль на кухню. Толькі якая ж ты брыдкая! Табе нельга паказвацца ў каралеўскім двары. Вугаль будзеш прыносіць з самага ранку, пакуль ніхто не прачнуўся. Калі прыдворныя ўбачаць, якую страшыдлу я тут прытуліў, мне мала не падасца.

Праз некалькі дзён прынцэса папрасіла ў кухара, каб той дазволіў ёй схадзіць у царкву на нядзельную службу.

— Што табе там, брыдкая Варанянка? Ты сваім выглядам усіх распужаеш, а мне бяды потым не абярэшся.

— Я буду асцярожнай, ніхто мяне не заўважыць, — сказала дзяўчына.

— Ну што ж, ідзі ўжо, раз так, — дазволіў кухар.

Дзяўчына паспяшалася ў лес і паклікала дружку. Тая прынесла срэбную сукенку і апранула гаспадыню. У валасы прынцэсы яна ўпляла серабрыстыя стужкі, а ногі абула ў расшытыя золатам туфлікі. І вось, убраная ў прыгожыя строі, прынцэса тройчы папляскала ў далоні, і да яе адразу ж пад’ехала прыгожая брычка. Гарачыя коні білі капытамі, з іх ноздраў выляталі языкі полымя. Прынцэса села ў брычку, і коні панеслі яе да царквы.

Калі яна прыбыла, званы ўжо склікалі вернікаў на малітву, і ўсе былі ў храме. Прынцэса таропка прайшла шырокай дарожкай да царквы, увайшла і села на лаву акурат насупраць прынца. Малады прынц не мог адвесці ад яе вачэй, і ўсе дзівіліся, хто яна такая і адкуль узялася тут. Але не паспела скончыцца служба, як дзяўчына паспешліва выйшла з храма і заскочыла ў брычку, якая адразу ж пакаціла прэч — аж іскры пасыпаліся з-пад колаў. Ніхто не паспеў ні затрымаць незнаёмку, ні ўгледзець, куды яна з’ехала, — так хутка знікла брычка з вачэй.

Вярнуўшыся дадому, прынц увесь час гаварыў толькі пра красуню-прынцэсу, што была ў храме. Ён хацеў вызнаць, адкуль яна і ці сапраўды гэта тая, пра каго ён падумаў, бо яна падалася яму вельмі падобнай да прынцэсы з суседняга каралеўства. Але ніхто не мог адказаць на яго пытанні. Тады ён загадаў, каб усе пільнавалі, куды яна з’едзе, калі яна раптам яшчэ раз прыйдзе ў храм.

Праз тыдзень Варанянка зноў адпрасілася ў кухара ў царкву і атрымала такі самы адказ, як раней. Але і цяпер ёй удалося растапіць сэрца кухара ласкавымі словамі.

— Ну добра, добра, ідзі, — сказаў ён урэшце.

Дзяўчына паспяшалася ў лес, узяла залатую сукенку і паклікала дружку. Тая апранула яе так прыгожа, што прынцэса ўся зазіхцела: у валасах — залатыя стужкі, а на нагах — расшытыя золатам туфлікі. Прынцэса папляскала ў далоні, і перад ёй адразу ж з’явілася брычка, запрэжаная гарачымі коньмі, якія рылі зямлю капытамі і выдыхалі полымя. Дзяўчына села ў брычку і паехала да царквы. Потым прайшла шырокай дарожкай да храма, увайшла і села на лаву насупраць прынца. І зноў няшчасны прынц не мог адвесці ад яе вачэй! Гэтым разам яна падалася яму яшчэ больш прыгожай, але ён не наважваўся падысці і загаварыць з ёю, пакуль ідзе служба. Калі ж служба скончылася, прынцэса хуценька выйшла з царквы, села ў брычку і, перш чым хто-небудзь паспеў заўважыць, у які бок тая з’ехала, знікла з вачэй.

Прынц вярнуўся дадому ў журбе і смутку і некалькі дзён не мог есці. Ён загадаў дванаццаці самым шпаркім вершнікам асядлаць коней і дагнаць прынцэсу, калі яна прыйдзе ў царкву яшчэ раз.

У трэцюю нядзелю Варанянка зноў угаварыла кухара адпусціць яе ў царкву, і той адказаў, як і мінулым разам:

— Ну добра, ідзі!

Дзяўчына паспяшалася ў лес, узяла жамчужную сукенку і паклікала дружку. Тая апранула яе так прыгожа, так міла, што прынцэса ўся заблішчэла: у валасах — жамчужныя стужкі, а на нагах — расшытыя золатам туфлікі. Прынцэса папляскала ў далоні, і перад ёй адразу ж з’явілася брычка, запрэжаная гарачымі коньмі, якія рылі зямлю капытамі і выдыхалі полымя. Дзяўчына села ў брычку і паехала да царквы. Потым прайшла шырокай дарожкай да храма, увайшла і села на лаву насупраць прынца. Тады прынц падняўся, падышоў да яе і загаварыў. Ён спытаў, адкуль яна, але прынцэса прыкрыла твар хусцінкай і не вымавіла ні слова ў адказ. Тады прынц убачыў зіхоткі, неверагодна прыгожы пярсцёнак на яе пальцы. Гэта было адзінае, што ён паспеў разгледзець, бо тут святар загрукаў па кафедры і зрабіў прынцу заўвагу за тое, што ён замінае службе. Юнаку давялося вярнуцца на месца, але святар ужо казаў апошняе “амінь”, і прынцэса-незнаёмка хутка выйшла з царквы і з’ехала ў брычцы. Дванаццаць спрытных вершнікаў прыпусцілі за ёй, так што пыл закурэў пад капытамі коней аж да неба, але брычка ехала так імкліва, што ніхто не паспеў угледзець, куды яна знікла.

Прынц моцна бедаваў і журыўся, што зноў упусціў прынцэсу. Ён не мог ні піць, ні есці і ўвесь час ліў слёзы. Кухар старанна гатаваў яму найлепшыя свае стравы, але прынц усё адно адмаўляўся, ні кавалачка не жадаў пакаштаваць. Ад гэтага ён урэшце зусім змарнеў і зрабіўся бледным як мярцвяк.

Аднойчы кухару прыйшоў загад напячы для прынца смачных аладак.

— Аладак? — здзівіўся кухар. — Раней ён такога не прасіў.

Але чамусьці прынцу раптам захацелася менавіта аладак, і кухар напёк цэлую гару духмяных і румяных бліноў паводле найлепшага свайго рэцэпту. Але прынц адаслаў іх назад на кухню і загадаў кухару, каб той зрабіў лепшых. Кухара ахапіла роспач: ён не ведаў, што рабіць, каб задаволіць прынца.

Калі да Варанянкі дайшлі чуткі пра гэта, яна папрасіла, каб кухар дазволіў ёй спячы некалькі блінцоў для прынца.

— Паглядзім, ці будзе ён і гэтым разам незадаволены, — сказала яна.

— Куды ўжо табе, брыдкая Варанянка! — сказаў кухар. – Але, канечне, паспрабаваць ты можаш. Ён усё адно не будзе іх есці.

Варанянка вельмі ўзрадавалася і, дастаўшы схаваны на грудзях прыгожы зіхоткі пярсцёнак, паклала яго на калоду і рассекла напапалам. Адну палову яна запякла ў бліне, а другую зноў схавала ля сэрца.

І вось прынцу прынеслі чарговы блін. Ледзьве ён пачаў есці, як на зуб яму трапіўся кавалак пярсцёнка, які Варанянка кінула ў цеста. Прынц адразу ж адправіў пасланцоў па кухара. Той прыйшоў, і прынц спытаў яго:

— Скажы, хто пёк апошні блін, што мне прынеслі?

Кухар пабаяўся прызнацца, што пякла той блін брыдкая дзяўчына, а таму адказаў: 

— Я сам яго спёк, міласцівы гаспадар.

Але прынц бачыў, як спалатнеў ад страху кухар. Ён выцягнуў бліскучы меч і прыгразіў адсекчы кухару галаву, калі той не раскажа праўды.

Тады кухар разліўся слязьмі і сказаў:

— Злітуйся, міласцівы гаспадар! Я скажу табе ўсю праўду — усё, як было. Не так даўно сюды прыбілася брыдкая з выгляду дзеўка, якая ходзіць апранутая ў варанячыя скуркі — за гэта мы празвалі яе Варанянкай. Яна вельмі прасілася да нас на службу, і хоць выглядала яна брыдка і пачварна, гаворка яе была такой складнай і прыгожай, што я не змог яе прагнаць, а ўзяў памочніцай насіць вугаль. Калі б я толькі мог падумаць, што наклікаю на сябе гэтым твой гнеў, то адразу ж паслаў бы яе куды падалей!

— Бліжэй да справы, кухар! Хто пёк гэты блін? — нецярпліва выгукнуў прынц.

— В-варанянка… — запінаючыся, вымавіў кухар.

— Дык вядзі яе сюды, мігам! — загадаў прынц.

Кухар кінуўся ўніз як падсмалены, уварваўся ў кухню і, убачыўшы Варанянку ля ачага, крыкнуў ёй, трасучы кулаком:

— Куляй да прынца зараз жа, гадкае ты стварэнне! А калі вернешся сюды з галавой на плячах, я ўжо цябе так адлупцую — век будзеш помніць!

Калі Варанянка ўвайшла да прынца, ён моцна здзівіўся яе жахліваму выгляду, але не даў сябе падмануць. Ён мякка і зычліва спытаў дзяўчыну:

— Ты тут служыш, мілае дзіця?

— Служу, — адказала Варанянка так ціха, што яе голас было ледзь чуваць, і ўсё адно ён гучаў так чароўна, што прынц ажно страпянуўся.

— Адкуль ты ўзяла кавалак пярсцёнка, які замяшала ў цеста, калі пякла мне блін?

— Гэта быў мой пярсцёнак — вось другая палова!

І тут яна скінула з сябе варанячую шапачку і варанячую сукенку.

Прынц пазнаў яе і ўсклікнуў:

— Фрэкен Адэлін!

Яму чамусьці здалося, што менавіта так завуць гэтую чароўную прыгажуню.

А калі ён раптам пазнаў у ёй прынцэсу з суседняга каралеўства, у якую быў так моцна закаханы, радасці яго не было межаў. Да яго адразу ж вярнуліся гумор і здароўе, і хутка ён ажаніўся з прынцэсай.

Але на вяселлі мяне не было.

Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава © 2013

Чытайце таксама

Джон Мэйсан Ніл

Джон Мэйсан Ніл

Ангельскі гімнограф, англіканскі святар

Стыг Дагерман

Стыг Дагерман

Шведскі празаік, драматург і журналіст, адзін з галоўных прадстаўнікоў шведскага “пакалення 40-х”

Генрых Гайнэ

Генрых Гайнэ

Нямецкі паэт, публіцыст і крытык. Апошні паэт рамантычнай эпохі і адначасова яе вяршыня

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

809