№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Каціны начальнік, або Прынцэса з Катаграда (Mästerkatten eller prinsessan av Kattenborg)

Пераклад са шведскай Алеся Башарымава

Жыла аднойчы на хутары бедная сям’я: дзед, баба ды двое дзяцей: хлапчук і дзяўчынка. Дом іх стаяў у дрымучым лесе, і далёка навокал не было больш іншага чалавечага жытла. Часцяком не ставала ў доме ежы, і вось аднойчы, калі старая зварыла на вячэру кашу, усчалася ў іх з дзедам спрэчка, каму даскрабаць рэшткі з рондля.

 Стары казаў, што ніхто так не заслужыў тое права, як ён, які працуе без адхлання цэлы божы дзень, абы ежа ў доме вадзілася. Баба ж пярэчыла, што толькі ёй належыць права даскрэбці кашу, бо гэта яна яе варыла.

 Паспрачаўшыся так нейкі час, яны пачалі пхацца ды штурхацца за месца ля ачага. Урэшце старая падскочыла да рондля і выбегла з ім на двор, а дзед схапіў чарпак, замахнуўся і ну за ёй!

 Засталіся дзеці ў хаце адны. Дні міналі за днямі, а яны ўсё чакалі, калі вернуцца бацькі. Ды марнае было тое чаканне! Відаць, згінулі старыя дзе ў лесе, вырашылі яны пад канец і пачалі дзяліць маёмасць паміж сабою. Не было ў іх больш ані чарпака, ані рондля, заставаліся толькі карова ды кот. І варажыць не трэба, што кожны карову сабе прыгледзеў. Ды хлопец быў з іх старэйшы, то й заявіў, што яго права на карову большае. Заплакала дзяўчына, ды ўсё ж давялося ёй задаволіцца катом. Вось і ўся спадчына, што засталася ёй ад бацькоў!

 Падзяліўшы набытак, яны пакінулі хату на волю лёсу і разышліся ў розныя бакі шукаць свайго шчасця. Хлопец выправіўся ў найбліжэйшы горад, прадаў карову і спусціў усе грошы. А што з ім было пасля, вам лепей не ведаць.

 Дзяўчына ж пусціла ката паперадзе сябе, каб той вёў яе куды хоча. Якая розніца, куды ісці, думала яна.

 Доўга ішлі яны так і ўрэшце прыйшлі да вялікага і прыгожага каралеўскага двара. Тут кот і кажа:

 — Калі зробіш як я навучу, ніколі не пашкадуеш.

 Вельмі здзівілася дзяўчына, што кот размаўляць умее. Яна падумала: “Калі ён умее размаўляць, дык умее і думаць. Можа, ён нават спрытнейшы за мяне. Пэўна, лепш паслухацца яго парады”.

 — Скінь свае лахманы і ўзлезь на якое-небудзь высокае дрэва, а пра астатняе я сам паклапачуся, — сказаў кот.

 Дзяўчына зрабіла як ён сказаў: зняла з сябе ўсю адзежу ды ўскараскалася на высокае дрэва. Кот жа, голасна лямантуючы, пабег да каралеўскага двара:

 — Ратуйце, ратуйце знатную прынцэсу з Катаграда!

 Пачуўшы гэта, прыдворныя моцна здзівіліся, бо ў іх краіне адвеку не бывала катоў, што ўмелі б размаўляць. Кот жа не змаўкаючы клікаў на дапамогу прынцэсе, і ўрэшце прыдворныя паспяшаліся да караля і расказалі яму ўсё.

 Кароль адразу ж загадаў паклікаць ката да яго. Той увайшоў і пакланіўся, выгнуўшы спіну крутою дугою. Ніхто з прыдворных не змог бы пакланіцца больш пачціва, чым ён! Калі кароль спытаў, што ў яго за справа, кот адказаў:

 — На чароўную прынцэсу з Катаграда падчас падарожжа напалі рабаўнікі! Абабралі яе да ніткі! І гэта адбылося тут, у вашым каралеўстве, проста перад вашым замкам!

 Каралю зрабілася вельмі сорамна, што такое магло адбыцца ў яго краіне і нават так блізка ад яго ўласнага замка. Таму ён загадаў падрыхтаваць для прынцэсы найпрыгажэйшае ўбранне і адправіў залатую карэту, каб даставіць яе да каралеўскага двара.

 Калі дзяўчына выйшла ў раскошных строях, ні ў кога не засталося і сумневу, што перад імі сапраўдная прынцэса: у яе былі найяснейшыя вочы, найпрыгажэйшы твар і найбялейшая скура ў свеце. Кароль адразу ж у яе закахаўся і захацеў ажаніцца з ёю, але яго маці, каралева-ўдава, адчувала падвох, а таму спытала прынцэсу, дзе месціцца яе замак.

 Дзяўчына адказала так, як навучыў яе кот:

 — Замак мой — у далёкім Катаградзе, у тых краях, дзе каты ўмеюць размаўляць.

 Каралева ніколі пра такія краі не чула, а таму вырашыла зладзіць прынцэсе выпрабаванне. Увечары, калі слалі пасцелі, яна загадала, каб дзяўчыне пад пярыну незаўважна паклалі гарошыну. Калі яна сапраўды прынцэса, дык не зможа яе не заўважыць.

 Але кот, які цішком шнарыў паўсюль ды прыкмячаў усё, што дзеецца або гаворыцца, расказаў дзяўчыне, што ёй у ложак падклалі гарошыну. Уранку, калі каралева пацікавілася ў госці, як ёй спалася, тая адказала так, як навучыў яе кот:

 — Ах, дзякуй, спалася мне добра, але ж не так, як у маёй пасцелі ў Катаградзе. Уначы мне здавалася, што пад пярынай у мяне гара.

 Каралева адзначыла сама сабе, што такі адказ варты сапраўднай прынцэсы, але вырашыла на ўсялякі выпадак зладзіць яшчэ адно выпрабаванне.

 Калі ўвечары прынцэсе слалі пасцель, каралева загадала пакласці ёй пад пярыну тры маленькія зярняткі. Калі яна сапраўдная прынцэса, дык не зможа іх не заўважыць. Кот і цяпер усё разнюхаў і расказаў гаспадыні. Уранку, калі каралева пацікавілася ў яе, як спалася, дзяўчына адказала так, як навучыў яе кот:

 — Ах, дзякуй, спалася мне добра, але ж не так, як у маёй пасцелі ў Катаградзе. Уначы мне здавалася, што пад пярынай у мяне тры вялізныя валуны.

 Каралева адзначыла сама сабе, што такі адказ сведчыць пра каралеўскую кроў, але вырашыла яшчэ раз выпрабаваць дзяўчыну.

 Трэцім вечарам каралева загадала засунуць пад пярыну прынцэсы конскі валасок. А кот зноў быў тут як тут — усё згледзеў, пабег да гаспадыні ды расказаў, як ёй ложак паслалі. Уранку, калі каралева пацікавілася ў яе, як спалася, дзяўчына адказала так, як навучыў яе кот:

 — Ах, дзякуй, спалася мне добра, але ж не так, як у маёй пасцелі ў Катаградзе. Уначы мне здавалася, што пад пярынай у мяне жалезны прут.

 Здавалася б, атрымаўшы такія доказы, каралева мусіла б і супакоіцца. Але клопат пра будучыню сына зрабіў яе вельмі недаверлівай. І таму яна прыдумала яшчэ адно выпрабаванне.

 Усю ноч ліў дождж, і цяпер каралева прапанавала ўсім прайсціся па садзе. Кот зразумеў, што яна нешта задумала, і пачаў церціся аб ногі гаспадыні, папярэджваючы яе, каб была ўважлівай. Выйшаўшы на двор, усе як адна прыдворныя дамы прыўзнялі падолы сваіх доўгіх сукенак, каб іх не запэцкаць, і толькі сукенка нашай дзяўчыны валаклася па зямлі. Каралева паўшчувала яе:

 — Беражыце сукенку, прынцэса!

 Кот папераджальна пацерся аб ногі дзяўчыны, і тая горда адказала каралеве:

 — А навошта? Гэта, бадай, не апошняя ў свеце сукенка. У маім катаградскім замку іх не менш за трыста.

 Іншых доказаў каралеве было не трэба. Цяпер было відавочна, што гэта дзяўчына каралеўскай крыві, і, паколькі малады кароль быў па-ранейшаму закаханы ў яе, каралева дала згоду на вяселле. Дзяўчына таксама ад вяселля адмаўляцца не стала, хаця і прымусіла караля нямала сябе ўпрошваць.

 Аднойчы за размовай з каралём яна выпадкова зірнула ў акно. І трэба ж было здарыцца, што там якраз поўным ходам праносіліся яе бацькі: спераду старая з рондлем, а ззаду дзед з чарпаком. Гэта было так забаўна, што дзяўчына не змагла стрымацца і залілася звонкім смехам. Кароль вельмі здзівіўся і спытаў яе:

 — Ах, скажыце, што ж вас так рассмяшыла, наймілейшая прынцэса?

 Кот, які ніколі не адлучаўся ад прынцэсы, папераджальна пацерся аб яе ногі, і дзяўчына зразумела, што праўду казаць нельга. І адказала так:

 — Ах, як жа мне не смяяцца, калі я думаю пра ваш замак, — ён жа ўвесь з каменю! Вось мой катаградскі замак ззяе золатам і срэбрам.

 Пачуўшы гэта, кароль дужа загарэўся паглядзець дзівосны замак, пра які столькі чуў.

 — Заўтра ж выпраўляемся ў Катаград! — сказаў ён. — Мне карціць паглядзець на ўсю яго раскошу.

 Тут гумор дзяўчыну і пакінуў. Яна ледзьве не памірала ад страху. Але кот суцяшальна замяўкаў, і яна зразумела, што ён прыдумаў нейкае выйсце.

 Аднак вярнуўшыся да сябе ў пакоі, дзяўчына разлілася горкімі слязьмі. Так, пакуль усё ідзе добра, але дзе кот знойдзе ёй замак, што ўвесь ззяе золатам і срэбрам? Тады кот, які праводзіў гаспадыню наверх, пачаў яе супакойваць.

 — Не перажывай! Пусціш мяне бегчы наперадзе, каб паказваць вам дарогу, і ўсё будзе добра!

 Што ж, дзяўчына не стала з ім спрачацца.

 Наступным ранкам усё было падрыхтавана да падарожжа. Кароль і прынцэса ўладкаваліся ў залатой карэце, абапал якой конна ехала світа. Кот жа бег наперадзе і паказваў дарогу.

 Мінуўшы тры каралеўствы, яны пад’ехалі да вялікага лугу, дзе пасвілася незлічонае мноства быкоў і кароваў. Кот, забегшы наперад, сказаў пастуху:

 — Зараз тут будзе праязджаць адзін магутны кароль. Калі ён спытае, чый гэта статак, адказвайце, што гаспадыня ўсяму — катаградская прынцэса. Калі зробіце як я кажу, атрымаеце вялікую ўзнагароду.

 Насамрэч скаціна належала багатаму асілку Перыферылерыгерыміні, але пастух, спакусіўшыся паабяцанай катом узнагародай, адказаў на пытанне караля:

 — Гэта статак катаградскай прынцэсы!

 Такі адказ каралю спадабаўся.

 Неўзабаве яны пад’ехалі да яшчэ аднаго вялікага лугу. Там узмахвалі косамі незлічоныя касцы, і мноства жанчын зграбала траву ў стажкі. Кот, забегшы наперад, сказаў касцам:

 — Зараз тут будзе праязджаць адзін магутны кароль. Калі ён спытае, чый гэта луг, адкажыце, што гаспадыня ўсяму — катаградская прынцэса. Калі зробіце як я кажу, атрымаеце вялікую ўзнагароду.

 Насамрэч луг належаў багатаму асілку Перыферылерыгерыміні, але касцы, спакусіўшыся паабяцанай катом узнагародай, адказалі на пытанне караля:

 — Гэта луг катаградскай прынцэсы!

 Кароль надзвычай узрадаваўся багаццям сваёй нявесты.

 Праз нейкі час яны пад’ехалі да шырокіх і густых ніваў, дзе безліч народу шчыравала з косамі ды сярпамі.

 Кот ізноў забег наперад, каб шапнуць слоўца жняцам ды жнеям.

 Насамрэч тыя нівы належалі багатаму асілку Перыферылерыгерыміні, але калі кароль спыніўся каля іх і спытаў, чые гэта абшары, усе адказалі як навучыў іх кот:

 — Гэта нівы катаградскай прынцэсы!

 Кароль усцешыўся прыгажосцю ніваў сваёй нарачонай і парадаваўся яе вялікаму багаццю.

 Надвячоркам яны даехалі да вялікага сяла. Тады прынцэса сказала як параіў ёй кот:

 — Тут мы пераначуем. Ката я адпраўлю наперад, каб папярэдзіў пра наш прыезд. Няхай падрыхтуюць нам добры прыём.

 Гэтыя словы падаліся каралю разумнымі. Вырашылі, што кароль, прынцэса і світа застануцца начаваць у сяле, а кот пабяжыць наперад.

 Кот рушыў далей і неўзабаве апынуўся ля вялізнага замка, што ззяў золатам і срэбрам. Там жыў жахлівы асілак Перыферылерыгерыміні. Хоць кот і ведаў пра гэта, але ўсё ж смела ўвайшоў за браму і папрасіў старога ваўка, які служыў тут вартаўніком, правесці яго да гаспадара. Ваўку, вядома ж, болей карцела паласавацца госцем, чым кудысьці там яго весці, але ён не наважыўся, баючыся гневу асілка.

 Той акурат толькі падняўся з ложка, бо, як многія асілкі, не трываў сонечнага святла, а таму ўдзень заўсёды спаў. Ён добра адпачыў і быў у гуморы. Калі стары воўк далажыў, што з ім хоча пагутарыць кот, ён рассмяяўся так, што аж замак затросся, і загадаў, каб ката тут жа да яго пусцілі.

 Воўк вёў ката праз безліч вялізных залаў, і хоць там было шмат прыдворных асілка — ваўкоў, мядзведзяў і іншых драпежных жывёл, — кот бясстрашна ішоў следам за вартаўніком. Увайшоўшы ў спачывальню асілка, ён пакорліва пакланіўся і расказаў, што яго прывяло.

 — Я аб’ехаў увесь вялікі свет, — сказаў ён, — і дзе б я ні пабываў, усюды чуў, што не нарадзіўся яшчэ той, хто ўмее змяняць сваё аблічча так, як гэта робіць вялікі асілак Перыферылерыгерыміні. Прашу вас ласкава, пакажыце мне ўзор вашага спрыту!

 Задаволены такой пахвалой і ветлівасцю ката, асілак з радасцю пагадзіўся выканаць яго жаданне, тым больш што той здзейсніў дзеля гэтага такое доўгае падарожжа. Умомант асілак перакінуўся на вялізнага льва і зароў так страшна, што замак ажно затросся, а кот, хоць і не адмовіш яму ў смеласці, куляю ўскочыў на камінную паліцу.

 Асілак рассмяяўся з яго пераляку і спытаў, ці бачыў ён калі-небудзь штосьці такое.

 — Бачыць я і не такое бачыў, — адказаў кот. — Толькі вось каб леў роў гэтак страшна — ніколі не чуў. І ўсё ж мне б вельмі хацелася, каб вы яшчэ як-небудзь паказалі сваё майстэрства.

 Асілак зноў змяніў аблічча і ператварыўся ў страшэнна вялізнага мядзведзя, які загырчаў так, што рэха адгукалася ва ўсім замку, а кот зноў заскочыў ад страху на камінную паліцу.

 Асілак рассмяяўся з яго пераляку і спытаў, ці бачыў ён калі-небудзь штосьці такое.

 — Бачыць я і не такое бачыў, — адказаў кот. — Толькі вось каб мядзведзь гырчаў так жудасна — ніколі не чуў.

 І ён папрасіў, каб асілак паказаў яму, ці можа ён ператварыцца ў якога-небудзь зусім маленькага звярка, бо гэта, безумоўна, патрабуе значна большага майстэрства. Калі ён зможа ператварыцца ў пацука, значыць, ён нашмат спрытнейшы за іншых асілкаў.

 — Што ж, — сказаў асілак. — Глядзі!

 І ў тое ж імгненне ператварыўся ў маленькага пацучка і пачаў шнарыць па пакоі. Тут кот яго цап — і задушыў.

 І адразу ж чары, якія панавалі над замкам, зніклі. Ваўкі, мядзведзі і іншыя драпежныя звяры, што жылі ў замку, змянілі аблічча і ператварыліся ў найпрыемнейшых людзей. Яны паспяшаліся да ката, каб падзякаваць за тое, што вызваліў іх, і спытаць, чым яны могуць адплаціць за дабро.

 — Хутка сюды прыйдзе мая гаспадыня, катаградская прынцэса, — адказаў кот. — Будзьце ж ёй пакорнымі слугамі.

 Усе аднадушна пагадзіліся, і кот вярнуўся да гаспадыні, а тая аддала загад ехаць.

 Убачыўшы перад сабой чароўны замак, які ззяў золатам і срэбрам, кароль і здзівіўся, і ўзрадаваўся. Але ніхто не быў такі шчаслівы, як бедная дачка хутараніна, якая раптам зрабілася сапраўднаю прынцэсай Катаграда.

 Хутка надышоў дзень яе вяселля. Свята было багатым і ўрачыстым, але ў самы яго разгар яна выпадкова зірнула ў акно і ўбачыла, як знадворку нясуцца яе бацькі: спачатку старая з рондлем, а следам стары з чарпаком. Яны шалёна хутка ўзбягалі на горы, збягалі са схілаў і калі толькі яшчэ не спыніліся, дык бегаюць і дагэтуль.

Кот, які зрабіў прынцэсе такую каштоўную паслугу, быў узвышаны да начальніка над усімі катамі каралеўства. Ён мог піць вяршкі пры каралеўскім стале, ды яшчэ і з залатога сподка. А вось ці дбаў ён пасля гэтага пра тое, каб лавіць у замку пацукоў, дакладна не вядома.

Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава © 2013

Чытайце таксама

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Аўтар адной кнігі — хто гэта? Былі выпадкі, калі пісьменнік напісаў адзін твор і замаўчаў

Аўдун Мортэнсэн

Аўдун Мортэнсэн

Нарвежскі пісьменнік і мастак.

Сільвія Плат

Сільвія Плат

Амерыканская паэтка і празаік, якую лічаць адной з галоўных прадстаўніц і заснавальніц жанру “спавядальнай паэзіі”.

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

809