№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Рэд'ярд Кіплінг

Казка пра Сланяня (The Elephant's Child)

Пераклад з ангельскай Яніна Прыстаўка


У даўнія-даўнія часы ў слана, мой дарагі дружа, не было хобата, а быў толькі чарнаваты выпуклы нос памерам з бот, якім ён мог круціць туды-сюды, але падняць нічога не мог. Аднак адзін такі слон, іншы Слон (а дакладней кажучы Сланяня) быў бязмежна цікаўным, а гэта значыць, задаваў шмат пытанняў. І жыло гэтае Сланяня ў Афрыцы, і яго бязмежная цікаўнасць запаланіла ўвесь кантынент. Яно пыталася ў сваёй высокай цёткі Страўсіхі, чаму пер’е на яе хвасце расце менавіта так, а не інакш, і высокая цётка Страўсіха лупцавала яго цяжкой-цяжкой лапай. Яно пыталася ў сваёй другой высокай цёткі Жырафы, чаму яе скура ў плямах, і другая высокая цётка Жырафа лупцавала яго цяжкім-цяжкім капытом. Але гэта не магло стрымаць яго цікаўнасць! Яно пыталася ў свайго вялізнага дзядзькі Гіпапатама, чаму ягоныя вочы такія чырвоныя, і вялізны дзядзька Гіпапатам лупцаваў яго цяжкой-цяжкой нагой. Яно пыталася ў свайго валасатага дзядзькі Павіяна, чаму ў дыняў менавіта такі смак, а не іншы, і валасаты дзядзька Павіян лупцаваў яго валасатай-валасатай лапай. Але гэта не магло стрымаць яго цікаўнасць! Яно пыталася пра ўсё, што бачыла, чула, адчувала, нюхала і чаго краналася, і ўсе ягоныя цёткі і дзядзькі лупцавалі яго. Але гэта не магло стрымаць яго цікаўнасць!

Цудоўным ранкам наконадні раўнадзенства цікаўнае Сланяня задала новае цудоўнае пытанне. Яно спытала:

— А што Кракадзіл есць на абед?

Тут усе пагрозліва і гучна сказалі яму: “Цыц!” І потым доўга-доўга лупцавалі яго без перадыху.

Калі лупцоўка скончылася, Сланяня падышло да птушкі Кола-кола, якая сядзела ў калючым хмызняку, і сказала:

— І татка адлупцаваў мяне, і матка адлупцавала мяне, усе мае цёткі і дзядзькі адлупцавалі мяне за маю бязмежную цікаўнасць, а я ўсё роўна хачу ведаць, што Кракадзіл есць на абед.

І тады птушка Кола-кола панура пракрычала:

— Ідзі да берагоў бурай бруднай бурлівай ракі Лімпопа, аточанай хіннымі дрэвамі! Там і даведаешся.

Акурат наступным ранкам, калі конадзень, як яму і наканавана, сканаў, цікаўнае Сланяня захапіла з сабой сто фунтаў бананаў (такіх кароткіх і чырвоных), і сто фунтаў цукровага трыснягу (такога доўгага і фіялетавага), і сямнаццаць дыняў (такіх зеленавата-хрумсткіх) і сказала сваім дарагім родзічам:

— Бывайце. Я іду да берагоў бурай бруднай бурлівай ракі Лімпопа, аточанай хіннымі дрэвамі, каб даведацца, што Кракадзіл есць на абед.

І ўсе зноў адлупцавалі яго на ўдачу, хаця яно вельмі ветліва прасіла гэтага не рабіць.

І пайшло яно, добра ўзгрэтае, а па дарозе сілкавалася дынямі і смеціла скуркамі, бо не магло іх падняць.

Сланяня прыйшло з горада Грэма ў Кімберлі, а з Кімберлі — у зямлю Кхама, а з зямлі Кхама рушыла на паўночны ўсход, сілкуючыся ўвесь час дынямі, пакуль нарэшце не дайшло да берагоў бурай бруднай бурлівай ракі Лімпопа, аточанай хіннымі дрэвамі, як і сказала птушка Кола-Кола.

Зразумей, мой дарагі дружа: да таго самага тыдня, і дня, і гадзіны, і хвіліны гэтае цікаўнае Сланяня ніколі не бачыла Кракадзіла і не ведала, які ён з сябе. А якой жа нястрымнай была яго цікаўнасць!

Першым, каго яно пабачыла, быў Двухколерны Скалісты Пітон, які абкруціўся вакол скалы.

— Прашу прабачэннечка, — вельмі ветліва сказала Сланяня, — але ці не даводзілася вам сустракаць Кракадзіла ў гэтых незразумелых мясцінах?

— Кракадзіла? — перапытаў Двухколерны Скалісты Пітон са злавесным смяшком. — А што яшчэ цябе цікавіць?

— Прашу прабачэннечка, — паўтарыла Сланяня, — але ці не скажаце вы мне ласкава, што ён есць на абед?

Двухколерны Скалісты Пітон тут жа раскруціўся з валуна і адлупцаваў Сланяня цапаватым лускаватым хвастом.

— Дзіўна, — сказала Сланяня, — і мой татка, і мая матка, і мой дзядзька, і мая цётка, не кажучы ўжо пра маю другую цётку Жырафу і майго другога дзядзьку Павіяна, — усе адлупцавалі мяне за маю бязмежную цікаўнасць. Думаю, цяпер здарылася тое самае.

Сланяня вельмі ветліва развіталася з Двухколерным Скалістым Пітонам, дапамагло яму зноў абкруціцца вакол валуна і пайшло далей, добра ўзгрэтае, а па дарозе сілкавалася дынямі і смеціла скуркамі, бо не магло іх падняць.

Нарэшце яно наступіла на нешта падобнае да бервяна, што ляжала на самым беразе бурай бруднай бурлівай ракі Лімпопа, аточанай хіннымі дрэвамі.

Але насамрэч гэта быў Кракадзіл, мой дарагі дружа, і Кракадзіл яму падміргнуў — вось так!

— Прашу прабачэннечка, — вельмі ветліва сказала Сланяня, — але ці не даводзілася вам бачыць Кракадзіла ў гэтых незразумелых мясцінах?

Тут Кракадзіл падміргнуў другім вокам і напалову выцягнуў з глею хвост, а Сланяня вельмі ветліва адступіла назад, бо не хацела, каб яго зноў адлупцавалі.

— Хадзі сюды, дзіцятка, — сказаў Кракадзіл. — Чаму ты пра гэта пытаеш?

— Прашу прабачэннечка, — вельмі ветліва паўтарыла Сланяня, — але ж мой татка адлупцаваў мяне, і мая матка адлупцавала мяне, не кажучы ўжо пра маіх цётак Страўсіху і Жырафу, якія могуць даць добрага выспятка, а таксама пра майго вялізнага дзядзьку Гіпапатама і майго валасатага дзядзьку Павіяна, а яшчэ пра Двухколернага Скалістага Пітона з цапаватым лускаватым хвастом, які адлупцаваў мяне мацней за усіх, а таму, калі вам усё адно не вельмі хочацца, калі ласка, не лупцуйце мяне.

— Хадзі сюды, дзіцятка, — сказаў Кракадзіл, — бо я і ёсць Кракадзіл!

І заплакаў кракадзілавымі слязьмі, каб паказаць, што гэта праўда.

Тут у Сланяняці дух заняло. Яно ўкленчыла на беразе і сказала:

— Гэта ж колькі я вас шукала! Ці не скажаце вы мне ласкава, што ў вас на абед?

— Хадзі сюды, дзіцятка, — сказаў Кракадзіл, — я шапну табе на вушка.

Сланяня нахіліла галаву да яго смярдзюча-кусучай пашчы, і Кракадзіл ухапіўся за ягоны маленькі носік, які да таго тыдня, дня, гадзіны і хвіліны быў не большы за бот, хіба што нашмат за яго карыснейшы.

— Нешта падказвае мне, — сказаў Кракадзіл скрозь зубы (вось так), — нешта мне здаецца, што сёння я пачну са Сланяняці!

Тут, мой дарагі дружа, Сланяня вельмі раззлавалася і прагугнявіла нешта накшталт:

— Пуздзідзе бяне! Бы робідзе бне балюча!

Тады Двухколерны Скалісты Пітон споўз з берага і сказаў:

— Мой юны сябра, калі ты зараз жа, рашуча і неадкладна, не пачнеш з усяе моцы вырывацца, думаю, твая сустрэча з гэтым галодным скураным чамаданам (гэта ён пра Кракадзіла) скончыцца вось у тым празрыстым ручаі, не паспееш ты і вокам міргнуць.

Двухколерныя Скалістыя Пітоны заўсёды менавіта так і размаўляюць.

Сланяня, сеўшы на заднія ногі, цягнула, і цягнула, і цягнула, і нос ягоны пачаў выцягвацца. А Кракадзіл цялёпкаўся ў вадзе, успеньваючы яе, і таксама цягнуў, цягнуў, цягнуў.

Нос Сланяняці ўсё выцягваўся і выцягваўся. Сланяня расставіла ўсе чатыры нагі і цягнула, цягнула, цягнула, а ягоны нос усё выцягваўся і выцягваўся, а Кракадзіл усё біў хвастом, як вяслом, і цягнуў, і цягнуў, і цягнуў, і з кожным штуршком нос Сланяняці ўсё выцягваўся і выцягваўся — і вох як балеў!

Раптам Сланяня адчула, што слізгае, і праз нос, які цяпер быў з пяць футаў даўжынёй, прагугнявіла:

— Я больш не багу!

Двухколерны Скалісты Пітон споўз з берага, абкруціўся двайным вузлом вакол задніх ног Сланяняці і сказаў:

— Неразважлівы і недасведчаны падарожнік, нам неабходна прысвяціць сябе барацьбе з гэтым браніраваным ваенным караблём (і тут, мой дарагі дружа, ён таксама меў на ўвазе Кракадзіла), каб той не зруйнаваў тваю будучыню назаўсёды.

Двухколерныя Скалістыя Пітоны заўсёды менавіта так і размаўляюць.

І ён цягнуў, і Сланяня цягнула, і Кракадзіл цягнуў, але Сланяня і Двухколерны Скалісты Пітон цягнулі мацней, і ўрэшце Кракадзіл з бульканнем, якое вы можаце пачуць па ўсё рацэ Лімпопа, адпусціў нос Сланяняці.

Сланяня ад нечаканасці цяжка плюхнулася на заднія ногі. Перш за ўсё яно вельмі ветліва падзякавала Двухколернаму Скалістаму Пітону, а потым паклапацілася пра свой бедны расцягнуты нос: абярнула яго прахалодным бананавым лістом і апусціла ў бурую брудную бурлівую раку Лімпопа астудзіць.

— Навошта ты гэта робіш? — спытаў Двухколерны Скалісты Пітон.

— Прашу прабачэннечка, — сказала Сланяня, — але ж надта мой нос не ў форме, і я чакаю, пакуль ён зменшыцца.

— Доўга ж давядзецца чакаць, — сказаў Двухколерны Скалісты Пітон. — Некаторыя не разумеюць свайго шчасця.

Сланяня сядзела на беразе тры дні і чакала, пакуль нос зменшыцца. Але той не зменшыўся ні на кропельку — больш за тое, Сланяня стала касавокае! Вось так, дарагі дружа, Кракадзіл выцягнуў нос Сланяняці ў самы сапраўдны хобат — такі, які мы бачым сёння ў сланоў.

Пад вечар трэцяга дня прыляцела муха і ўджаліла Сланяня ў плячо. Не разумеючы яшчэ, што яно робіць, Сланяня падняло хобат — і мусе прыйшоў канец.

— Перавага нумар адзін! — абвясціў Двухколерны Скалісты Пітон. — Маленькім носам ты б такога не зрабіла. А зараз паспрабуй перакусіць!

Не разумеючы яшчэ, што яно робіць, Сланяня сарвала хобатам вялікі пук травы, абтрэсла яго аб чатыры нагі і паклала ў рот.

— Перавага нумар два! — абвясціў Двухколерны Скалісты Пітон. —  Маленькім носам ты б такога не зрабіла. А ці не здаецца табе, што сонца занадта гарачае?

— І тое праўда, — сказала Сланяня і, не разумеючы яшчэ, што яно робіць, зрабіла хобатам вялікую зацяжку глею з берагоў бурай бруднай бурлівай ракі Лімпопа і плюхнула сабе на галаву, надзеўшы на вушы прахалодную глеістую нашлёпку.

— Перавага нумар тры! — абвясціў Двухколерны Скалісты Пітон. — Маленькім носам ты б такога не зрабіла. Гатовае цяпер да новай лупцоўкі?

— Прашу прабачэннечка, — сказала Сланяня, — але ідэя мне ў цэлым не падабаецца.

— А само адлупцаваць каго-небудзь хочаш? — пацікавіўся Двухколерны Скалісты Пітон.

— Вельмі, — адказала Сланяня.

— Ну, — сказаў Двухколерны Скалісты Пітон, — пабачыш, твой новы нос вельмі зручны для лупцоўкі.

— Дзякуй, — сказала Сланяня. — Я гэта запомню, а пакуль пайду дадому да сваіх дарагіх родзічаў і праверу на іх.

І Сланяня, гуляючы і матляючы хобатам, праз усю Афрыку пайшло дадому. Калі яму хацелася пладоў, яно зрывала іх з дрэва, а не чакала, пакуль яны ўпадуць на зямлю, як раней. Калі яму хацелася травы, яно зрывала яе з зямлі, а не ўкленчвала, як раней. Калі яго кусалі мухі, яно ламала галінку і адмахвалася ёй ад мух, а яшчэ плюхала сабе на галаву прахалодную глеістую нашлёпку, калі сонца прыпякала. Калі ісці па Афрыцы было самотна, яно напявала хобатам песні, і гучалі яны гучней за некалькі духавых аркестраў.

Сланяня наўмысна збочыла, каб пабачыць вялізнага Гіпапатама (не таго, не свайго родзіча), і з усяе моцы яго адлупцавала, каб пераканацца, што Двухколерны Скалісты Пітон меў рацыю. У астатні час яно падымала скуркі ад дыні, якімі засмеціла дарогу да Лімпопа, бо было ахайным таўстаскурым.

Адным цёмным вечарам прыйшло Сланяня да сваіх дарагіх родзічаў, скруціла хобат і спытала:

— Як маецеся?

Яны былі вельмі радыя яго пабачыць і тут жа сказалі:

— Хадзі сюды, і мы адлупцуем цябе за тваю бязмежную цікаўнасць.

— Ух! — сказала Сланяня. — Не думаю, што вы, спадарства, ведаеце, што такое добрая лупцоўка. А я вось ведаю і зараз вам пакажу.

Яно раскруціла хобат і падкінула двух сваіх дарагіх братоў дагары нагамі.

— Святыя бананы! — сказалі яны. — Дзе ты гэтаму навучылася і што з тваім носам?

— Гэты нос даў мне на берагах бурай бруднай бурлівай ракі Лімпопа Кракадзіл, — сказала Сланяня. — Я спытала ў яго, што ён есць на абед, а ён падарыў мне на памяць нос.

— Выглядае вельмі брыдка, — сказаў валасаты дзядзька Павіян.

— Але ад яго шмат карысці, — сказала Сланяня, падняла валасатага дзядзьку Павіяна за валасатую нагу і паклала ў асінае гняздо.

Потым гэтае нягоднае Сланяня доўга лупцавала сваіх дарагіх родзічаў, пакуль як след усіх не ўзгрэла. Яно выцягнула пер’е з хваста цёткі Страўсіхі, яно злавіла высокую цётку Жырафу за заднія ногі і працягнула яе праз калючы хмызняк, а вялізнаму дзядзьку Гіпапатаму гучна выдзьмула ў вуха бурбалак, калі той адпачываў пасля абеду ў вадзе. Але нікому не дазваляла крыўдзіць птушку Кола-кола.

Урэшце ўсе дарагія родзічы адно за адным паспешліва сышлі да берагоў бурай бруднай бурлівай ракі Лімпопа, аточанай хіннымі дрэвамі, каб здабыць у Кракадзіла новыя насы. Калі яны вярнуліся, ніхто нікога больш не лупцаваў.

Вось таму, дарагі дружа, усе сланы, якіх ты калі-небудзь пабачыш, а таксама тыя, якіх ты ніколі не пабачыш, маюць такія самыя хобаты, як у цікаўнага Сланяняці.

                                              Ёсць у мяне шасцёра слуг
                                              (І безліч ім падзяк),
                                              Завуць іх Што, Чаму, Калі,
                                              І Хто, і Дзе, і Як.
                                              Ганяю іх туды-сюды,
                                              На захад і на ўсход,
                                              Але пасля даю заўжды
                                              Спачынак ад турбот.

                                              Спакой з васьмі і да пяці
                                              Я ім гатовы даць,
                                              І перапынак на абед —
                                              Навошта галадаць?
                                              Аднак у кожнага — свой густ:
                                              Я ведаю дзіця,
                                              Што мае пяць мільёнаў слуг —
                                              І ім няма жыцця!
                                              Ганяюць іх па ўсёй зямлі
                                              Наўскос і напрасцяк:
                                              Мільён Чаму, мільён Калі
                                              І тры мільёны Як!*

_______________________________________________

*Верш пераклала Ганна Янкута.


Пераклад з ангельскай – Яніна Прыстаўка © 2013

Чытайце таксама

Мойшэ Кульбак

Мойшэ Кульбак

Беларуска-габрэйскі пісьменнік і перакладчык, пісаў на мове ідыш

Вірджынія Вулф

Вірджынія Вулф

Ангельская раманістка і эсэістка, адна з самых яркіх фігураў ангельскага мадэрнізму XX ст.

Ія Ківа

Ія Ківа

Паэтка, перакладчыца, журналістка.

Жан Както

Жан Както

"Чалавек-аркестр" французскай культуры, выявіўся ў разнастайных галінах мастацкай дзейнасці.

1553