№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Песня пра Гільдэбранда (Hildebrandslied)

Пераклад з ангельскай Антон Францішак Брыль

       ... Чуў я, казалі,

       Што сышліся двое      на полі між войскамі,

       Гíльдэбранд і Гáдубранд,      каб сілай цягацца,

       Сын ды бацька:      ваярскімі ўборамі

5     Грудзі закрылі,      апярэзаў мечам

       Кожны з коннікаў      даспех свой кольчаты.

       Мовіў Гíльдэбранд,      мудрасцю большы,

       Старэйшы векам —      жадаў ён даведацца

       Нямногімі словамі,      хто бацька малодшага,

10   Якога той племені      ...

       «... Хто твае крэўныя?

       Згадай аднога —      пра ўсіх дазнаюся,

       Бо люд вядомы      добра мне гэты».

       Гаварыў тады Гáдубранд,      уроджаны з Гíльдэбранда:

15   «Так казалі мне      таны тутэйшыя[1],

       Старыя гадамі,      пра даўняе помнячы,

       Што сын я Гíльдэбрандаў.      Сам жа я Гáдубранд.

       З Дытрыхам[2] разам      ды з ягонымі ратнікамі

       Ўцёк мой бацька,      быў бо гнаны

20   Адаакрам[3] раз'юшаным,      сям'ю пакінуў,

       Жонку ў доме      й доляй абыдзенага[4]

       Сына бязлетняга,      ў зямлю далёкую,

       На ўсход ад'язджаючы.      Хораша пану,

       Сяброў пазбаўленаму,      бацька служыў там.

25   Адаакру нязмірны      нязменны вораг,

       Найвярнейшым танам      стаў ён Дытрыху.

       Наперадзе ў сечах      заўсёды йшоў ён,

       Любіў змаганні,      бітвамі слаўны.

       Ён мёртвы ўжо, пэўна».      ...

30   «Стварыцель мне сведка, —      гаварыў яму Гíльдэбранд, —

       Яшчэ ніколі      такога блізкага

       Не бачыў ты родзіча».      ...

       Здымаў тут віцязь      бранзалеты вíтыя

       Манетнага золата,      што некалі даў яму

35   Ўладар над гунамі:       «Вось дар мой сябру!»

       Гаварыў тады Гáдубранд,      уроджаны з Гíльдэбранда:

       «Коп'ямі ратнікі      бяруць дарункі,

       Да джала джалам.      ...

       Гун стары ты,      хітрыш ты ўмела,

40   Затлумíць жадаеш      ды дзідаю ўдарыць,

       Бо таму ты й зажыўся,      што ў падмане ўмелы.

       Мараходы вестку      прывезлі мне верную

       З усходу сонца      пра сына Гéрыбранда:

       Мёртвы ўжо Гíльдэбранд,      у бітве загінуў».

45   Гаварыў тады Гíльдэбранд,      уроджаны з Гéрыбранда:

       «Бачу я, ратніча,      па зацным убранні,

       Што ласкаваму, пэўна,      ты служыш пану,

       Што не стаў яшчэ ты      няшчасным выгнанцам...[5]

       Божа вялікі!      Не ўхіліцца ад лёсу.

50   Шэсцьдзесят паўгоддзяў      на чужыне змагаўся я,

       І сыпалі стрэламі      ў мяне дарэмна

       Неаднойчы ворагі      ля многіх цвярдыняў.

       Цяпер жа абрыне      дзіця маё роднае

       На дол мяне мечам,      калі сам не ўсмерчу

55   Клінком сукрэўнага.      Што ж, са старэчага

       Пляча даспех ты      цяпер заслужыш,

       Возьмеш здабычу,      калі воін ты годны.

       Баязліўцам з усходу      хай называюць

       Таго нямоглым,      хто адмовіцца біцца,

60   Калі бітвы прагнеш ты.      Справа пакажа,

       Каму выхваляцца      перад людам сёння,

       Хто прыйдзе з бою      з абодвума ўборамі!»

       Пусцілі коп'і      насамперад коннікі

       З вялікаю сілаю;      засела жалеза

65   Ў дошках ліпавых.      Сышліся блізка,

       Білі гнеўна      па белых шчытах яны,

       Покуль дарэшты      не пасеклі дрэва

       Клінкамі ў кавалкі[6]      .....

 

Упершыню надрукавана ў кнізе: Бэўфульф / пер. са стараангельскай мовы Антона Францішка Брыля. — Мінск: Зміцер Колас, 2013.

 



     [1] У арыгінале паўрадкі гэтага радка не алітэруюць. Праў­да­падоб­на, віною таму памылка перапісчыка, хаця агуль­на­прынятага вы­праўлення для гэтай мер­ка­ванай па­мылкі няма. У радках 49 і 58, апроч таго, паміж звязанымі алі­тэра­цыяй паўрадкамі ў ру­ка­пісе стаяць яшчэ словы [quad Hiltibrant] — «сказаў Гіль­дэ­бранд»; у перакладзе яны прапушчаныя.

 

[2] Дытрых Бернскі — персанаж германскіх легендаў, у аснове яко­га — гоцкі кароль Тэадорык Вя­лікі (454–526).

 

[3] Адаакр (433–493) — кароль Італіі, вораг Тэадорыка, у выніку ўлас­на­ручна ім забіты.

 

[4] Сын выгнанца аказваецца абыдзены доляю ў самым прос­тым сэнсе — ён пазбаўлены спадчыны.

 

[5] Часам прапануюць бачыць тут памылку і ўкла­даць пер­шыя тры радкі рэплікі ў вусны Га­дуб­ран­да. Сэнс іх у такім разе ў тым, што ягоны су­праціў­нік не так падобны да выгнанца, як мусіў бы Гільдэбранд.

 

[6] Тут тэкст абрываецца. Са шматлікіх паралеляў у ін­шых ле­ген­дах выглядае праўдападобным, што ў стра­ча­ным фі­на­ле бацька забівае сына. У пазнейшай «Ма­лод­шай пес­ні пра Гільдэбранда» гіс­то­рыя за­вяр­ша­ец­ца прымірэннем родзічаў.

Пераклад з ангельскай – Антон Францішак Брыль © 2013

Чытайце таксама

Макс Бірбам

Макс Бірбам

Ангельскі эсэіст, парадыст, мастак-карыкатурыст, кніжны ілюстратар

Фрэнсіс Стывенс

Фрэнсіс Стывенс

Гертруд Бэраўз Бэнэт была першай буйной пісьменніцай у жанрах фэнтэзі і навуковай фантастыкі ў ЗША

Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

Культавы беларускі паэт і перакладчык

Рышард Крыніцкі

Рышард Крыніцкі

Польскі паэт, перакладчык і выдавец, прадстаўнік літаратурнай групы “Новая хваля” (Nowa Fala)

848