№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Алешандры Радрыгеш

Падарунак на Каляды (O presente de Natal)

Апавяданне

Пераклад з партугальскай Наста Гвоздзева


Марына праязджала па цэнтры на таксі, калі ўбачыла Рабэрту, які пільна ўглядаўся ў вітрыну. Яна папрасіла спыніць машыну, заплаціла і перабегла на другі бок вуліцы, пакуль транспарт прыпыніўся на чырвоны. Яна любіла жарты, таму хацела напужаць мужа, які быў настолькі засяроджаны, што не чуў, як яна падышла. Яна магла ціхенька кінуцца яму на плечы, але перад тым, як зрабіць што-небудзь, з цікаўнасці хацела паглядзець, што ж яго так прывабіла.

Вітрына апынулася вітрынай цацачнай крамы. Крама была ўпрыгожаная ў тым стылі, што паказваюць у амерыканскіх фільмах пра Каляды. У ёй было поўна дзяцей з татамі і мамамі. Новенькі імпартны цягнічок ездіў у вітрыне праміж лялек, цацачных дамкоў і мульцяшных герояў. Рабэрту, аднак, не глядзеў ані на цацкі ўнізе, ані на людзей, што стаялі па той бок вітрыны. Ягоны позірк спыніўся на ўзроўні вачэй, утароплены ў шнур, расцягнуты паміж дзвюма бакавымі сценкамі. З аднаго боку шнура сядзеў на ровары з адным колам цацачны Мікі-Маўс. Ён быў прывязаны, але калі яго адвязаць, здагадалася Марына, ён пакоціцца з аднаго канца ў другі.

Нарэшце Марына ўскрыкнула. Рабэрту падскочыў, спалоханы. Яна засмяялася, ён павярнуўся, але на ягоным твары не было здзіўлення. Выраз яго хутчэй выяўляў смутак і разгубленасць. Здавалася, ён вось-вось заплача. Так што Марына спалохалася сама.

– Што здарылася?

– Мікі-эквілібрыст, – паказаў ён пальцам, з плачам у голасе. Слёзы пацяклі з вачэй. Удваіх яны зайшлі ў кавярню, і толькі пасля двух кубачкаў, плачучы і забіраючы ўвагу іншых наведнікаў, яму ўдалося авалодаць сабой і працягнуць аповед.

– Аднойчы, калі я быў малы, – сказаў ён, – маміны калегі сабралі грошы, каб набыць падарунак для сына нейкай сакратаркі. Ён быў такога ж ўзросту, што і я, і народзіны спраўлялі якраз перад Калядамі. Маёй маме даручылі набыць што-небудзь, і яна выбрала Мікі-эквілібрыста. Але прыйшоўшы дадому, яна не схавала яго, і я знайшоў скрынку. Дома нікога не было. Я падумаў, што гэта мой падарунак на Каляды. Я выцягнуў цацку са скрыні, прымацаваў да сцяны і пачаў гуляцца. Потым маці вярнулася і растлумачыла, што гэта не для мяне. У той год мае бацькі толькі разышліся, грошай на падарункі не ставала, і я атрымаў усяго некалькі звычайных пласмасавых машынак.

Ён зноў заплакаў.

Праз тыдзень, ідучы той самай вуліцай, яна зноў убачыла Рабэрту, што стаяў перад крамай. Як і ў той дзень, ён застыў перад вітрынай, гледзячы на Мікі. Гэтым разам, баючыся новай сцэны, яна перайшла на другі бок вуліцы і пайшла далей. Ішла да гінеколага, недалёка. Амаль гадзіну чакала, пакуль яе прымуць. Калі нарэшце вызвалілася, падумала спыніць таксоўку, але аўтаматычна скіравалася да цацачнай крамы. Прайшла чатыры ці пяць кварталаў да павароту. І Рабэрту ўсё яшчэ стаяў. Якраз у гэты момант з’явіўся паліцэйскі ў форме і падышоў да яго. Мабыць, супрацоўнікоў крамы насцярожыў чалавек, які так пільна ўглядаўся ўсярэдзіну. Рабэрту паказаў дакументы, нешта сказаў, і паліцэйскі сышоў.

Калі праз тры дні ёй спатрэбілася схадзіць у цэнтр, тая вуліца адразу прыцягнула яе. Там ізноў быў Рабэрту. Марына занепакоілася. Дома муж не гаварыў пра краму, увогуле не гаварыў ні пра што, амаль не адказваў на пытанні. Яны моўчкі елі і глядзелі тэлевізар. Не кахаліся з таго дня, як сустрэліся на вуліцы. Ягоны позірк амаль заўжды быў скіраваны ў бясконцасць.

Свякроў памерла некалькі гадоў таму, і Марына пазваніла сваёй маме, якая маўкліва выслухала гісторыю, а потым сказала: “Гэта ўсё лухта, у яго, відаць, іншая жанчына”, – яна заўсёды бачыла ва ўсім здраду. Марына дачакалася, пакуль муж вечарам засне, пасля паставіла будзільнік на пятую раніцы. У цыдулцы яна патлумачыла: “Пайшла да доктара, забылася, што сёння кансультацыя”. На вуліцы было яшчэ цёмна і халодна. Аўтобус адставаў ад раскладу, але хутка даехаў да канцавога прыпынку. Вуліцы былі практычна пустыя, адзін ці два жабракі запознена прыбіралі свае ложкі, кавярні і газетныя шапікі ўжо адчыніліся, але таксама былі яшчэ пустыя, цацачная крама была яшчэ зачыненая. Жалезная заслонка прыкрывала вітрыну і цацкі. Не варушачыся, як Рабэрту, яна дачакалася першага супрацоўніка. Ён падазрона паглядзеў на жанчыну. Раней тут толькі той мужчына тырчаў, а цяпер яшчэ і гэтая.

– Я хачу купіць цацку, - сказала Марына.

Яна зайшла за супрацоўнікам, але пачакала, пакуль ён запаліць святло і падыме жалезную заслонку над вітрынай перад тым, як абслужыць яе.

– Таго Мікі, вунь там, – паказала яна.

– Эквілібрыста?

– Так.

– Выбачайце, але ён не прадаецца. Ён толькі для паказу. Гэта рэдкая цацка, зробленая больш як трыццаць гадоў таму.

– Але...

– Вельмі спачуваю. Але не магу прадаць.

– А гаспадар?

– Так, гэта ягоны Мікі.

Як толькі Марына ўбачыла гаспадара (прадавец апісаў яго), яна адразу падышла да яго.

– Я хачу, каб вы прадалі мне таго Мікі. Ад гэтага залежыць мой шлюб.

Яна ўсё расказала.

Гаспадар крамы назваў цану, досыць высокую. Памяць памяццю, але гэта рарытэт, дадаў ён. Марына ўсміхалася, выносячы з крамы скрынку. На вуліцы яна глянула на гадзіннік: пачатак дзесятай. Затэлефанавала дадому, Рабэрту не падняў: ён павінен быў ужо сысці. Прыйшоўшы, яна выцягнула Мікі са скрыні, нацягнула вяроўку паміж дзвюма сценамі і паставіла ляльку з роварам у патрэбную пазіцыю. Штуршок – і Мікі пакаціўся па шнуры з аднаго канца ў другі.

Рабэрту прыйдзе з працы толькі вечарам, але яна не была ўпэўненая, што ён пайшоў на працу. Каб нечым заняцца, яна ўзяла кніжку, два вялікіх слоўнікі і пачала перакладаць, што трапілася. Яна рабіла пераклады на замову аднаго выдавецтва, якое друкавала кніжкі па медыцыне. Цацка каштавала амаль як пераклад адной кнігі.

Яна пераклала амаль палову старонкі, але кінула і загарнула кніжку. Каб сябе заняць, прыгатавала паесці, схадзіла ў душ, прыбралася ў кватэры, вярнулася да перакладу і зноў кінула, скурыла цыгарэту (не курыла ўжо больш за два месяцы) і некалькі разоў падышла да акна паглядзець, як ездзяць машыны. Калі ўжо больш не знайшла чаго рабіць, выйшла на вуліцу, спыніла таксі і паехала да крамы. Па звычцы выйшла на квартал раней і пачала ўглядацца здаля. Мужа не бачна. Вітрына пабітая, паліцэйская машыла ля дзвярэй. Прадавец яе ўзгадаў, паведаміў: “Да нас прыйшоў чалавек, раз’юшыўся, калі я сказаў, што мы прадалі Мікі, пабіў тут усё, так, той самы чалавек, які стаяў на вуліцы, што толькі на свеце робіцца...”

Кіроўца таксі сказаў “добра”, калі яна папрасіла ехаць хучэй, але транспарт стаяў у заторы. Яна пайшла пешшу. Па дарозе дадому ёй завалодвала пакута. У кватэры яна знайшла Мікі на тым самым месцы, дзе ён спыніўся, прабягаючы па канаце. Ні гэтым вечарам, ні ў наступныя яна больш не бачыла Рабэрту.


© Alexandre Rodrigues, 2009.


Пераклад з партугальскай – Наста Гвоздзева © 2009

Чытайце таксама

Руноскэ Акутагава

Руноскэ Акутагава

Японскі паэт, празаік, эсэіст эпохі Тайсё, класік новай японскай літаратуры

Георг Гайм

Георг Гайм

Нямецкі паэт, празаік, драматург, ключавая постаць ранняга экспрэсіянізму

Інгрыд Ноль

Інгрыд Ноль

Нямецкая аўтарка дэтэктываў і трылераў

Эрнэст Сава

Эрнэст Сава

Франкамоўны пісьменнік беларускага паходжання

2045