№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Генрых Гайнэ

Дзе паляць кнігі, будуць паліць і людзей

Афарызмы

Пераклад з нямецкай Аляксей Жбанаў

Дзіўная рэч! І заўсёды гэта рэлігія, заўсёды мараль, заўсёды патрыятызм — менавіта імі ўпрыгожваюць усе непрыемныя суб’екты свае нападкі! Яны кідаюцца на нас не дзеля дробязнага прыватнага інтарэсу, не з пісьменніцкай зайздрасці, не ад прыроджанага лёкайства, але ў імя дарагога Госпада, дзеля ўратавання маральнай прыстойнасці грамадства і айчыны.

Там, дзе паляць кнігі, урэшце будуць паліць і людзей.

Для людзей, якія ведаюць толькі мінулае і будучыню і не могуць пражываць вечнасць у кожным моманце цяперашняга, — вось для іх смерць мусіць быць жудаснай! Калі ў іх адняць абедзве мыліцы — прастору і час, — яны падаюць у вечнае Нішто.

Мы маглі б падзяліць людзей усяго на дзве групы — тых, хто нас любіць, і тых, хто часта і выразна кажа нам, што нас любіць.

Мы часцей думаем пра тых, каму, прамарудзіўшы, не адказалі, чым пра тых, каму заўжды пішам вымушаны ліст ветлівасці, спрабуючы такім чынам як мага хутчэй адчапіцца ад іх.

Мы почасту дастаткова талерантныя, каб захапляцца дурнямі і дараваць злодзеям, калі толькі пра іх можна сказаць, што яны дзейнічалі паслядоўна.

Я ведаю, што нельга лепей ушанаваць вялікіх асобаў, чым асвятляючы іх хібы гэтак жа добрасумленна, як і цноты. Апяваючы Геракла, трэба таксама згадаць, што аднойчы ён зняў з сябе львіную шкуру і сядзеў за прасніцай; пры гэтым ён усё адно застаецца Гераклам.

Да рэнегатаў, перавернутых колішніх аднадумцаў, адчуваеш значна большую непрыязнасць, чым да старых ворагаў.

Народ ахвотна закідвае камянямі сваіх прарокаў, каб яшчэ больш палка ўшаноўваць іхныя мошчы; сабакі, што абрэхваюць нас сёння, заўтра даверліва ліжуць нам рукі.

Людзі заўжды робяцца кепскімі, калі кепска ставіцца да іх.

Як і ў камерцыі, рэлігіям шкодзіць манаполія; дзякуючы вольнай канкурэнцыі яны застаюцца моцнымі і толькі тады могуць дасягнуць сваёй першапачатковай велічы, калі забяспечваецца палітычная роўнасць богаслужэнняў, так бы мовіць, камерцыйная свабода багоў.

Калі Айчына — першае слова для палякаў, то Свабода — другое. Цудоўнае слова! Поруч з Каханнем — напэўна, найпрыгажэйшае.

Руку, якую пакуль непажадана адсекчы, даводзіцца цалаваць.

У літаратуры, як і ў жыцці, у кожнага сына ёсць бацька, якога ён, праўда, ужо не ведае альбо ўвогуле хацеў бы ад яго адрачыся.

Няма нічога дурнейшага, чым пытанне, які паэт больш вялікі за іншых. Полымя ёсць полымя і яго вагу нельга памераць у фунтах ці унцыях. Толькі прымітыўны гандляр прыходзіць са сваімі нікчэмнымі вагамі і хоча ўзважыць генія.

Пераклад з нямецкай – Аляксей Жбанаў © 2013

Чытайце таксама

Рышард Крыніцкі

Рышард Крыніцкі

Польскі паэт, перакладчык і выдавец, прадстаўнік літаратурнай групы “Новая хваля” (Nowa Fala)

Леў Стахоўскі

Леў Стахоўскі

Нарадзіўся ў 1911 годзе ў сям’і Міколы Стахоўскага (1879–1948), грамадска-палітычнага дзеяча і лекара

Грэгары Корса

Грэгары Корса

Амерыканскі паэт і мастак, адзін з яркіх прадстаўнікоў Біт-пакалення

Клайв Стэйплз Льюіс

Клайв Стэйплз Льюіс

А ў 1950—1956 гадах выходзіць самы знакаміты празаічны твор Льюіса — цыкл з сямі казачных аповесцяў “Хронікі Нарніі” (The Chronicles of Narnia). Менавіта “Хронікі” зрабілі Льюіса адным з класікаў жанру фэнтэзі.

2000