№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Людвіг Бехштайн

Казка пра нараджэнне казкі (Des Märchens Geburt)

Пераклад з нямецкай Яніна Прыстаўка

Быў на зямлі такі час, калі казак зусім не было, і дзеткі вельмі сумавалі, бо ў іх дзіцячым раі не ставала самага цудоўнага матылька. Жылі тады хлопчык і дзяўчынка — абодва каралеўскія дзеці, — і гулялі яны разам у шыкоўным бацькавым садзе. Сад поўніўся дзівоснымі кветкамі, яго сцяжынкі былі пасыпаныя рознакаляровым каменнем ды яскаркамі, што бляскам спаборнічалі з чароўным ззяннем на клумбах. У садзе былі халаднаватыя пячоры з гарэзлівымі крынічкамі, фантаны, вада з якіх біла да неба, цудоўныя мармуровыя скульптуры, прыгожанькія лаўкі. У басейнах плавалі залатыя і срэбныя рыбкі, у вялізных залатых птушніках пырхалі найпрыгажэйшыя птушкі, а іншыя гулялі навокал і выводзілі цудоўнымі галасамі свае спевы. Але хлопчык і дзяўчынка — каралеўскія дзеці — бачылі ўсё гэта штодзень, таму стаміліся ад ззяння камянёў, ад водару кветак, ад фантанаў, маўклівых рыбак і птушак, чыіх песняў яны не разумелі. Дзеці моўчкі сядзелі побач і журыліся. У іх было ўсе, пра што толькі могуць марыць дзеці: добрыя бацькі, каштоўныя цацкі, самая прыгожая вопратка, самыя смачныя стравы і напоі, магчымасць штодзень гуляць у раскошным садзе — але яны сумавалі, хаця не ведалі, чаму ім сумна і чаго ім не стае.

Калі да іх падышла іхная матуля-каралева, прыгожая і статная, з адкрытым тварам, і пацікавілася, чаму яны сумуюць, дзеці толькі панура ўсміхнуліся замест таго, каб з гучным смехам выбегчы ёй насустрач. Маці вельмі турбавалася, што яе дзеці нешчаслівыя, хаця маюць для шчасця ўсё і не ведаюць ніякіх турбот, а неба іх маладосці бязвоблачнае.

Каралева прысела да сваіх дзетак, хлопчыка і дзяўчынкі, абняла іх мяккімі белымі рукамі, упрыгожанымі залатымі бранзалетамі, і спытала голасам, поўным матчынага клопату і любові:

— Чаго вам не хапае, мае мілыя дзеці?

— Мы не ведаем, дарагая матуля! — адказаў хлопчык.

— Нам так сумна! — дадала дзяўчынка.

— Тут, у гэтым садзе, так прыгожа, у вас ёсць усё, што можа прынесці вам радасць. Няўжо вам ад гэтага зусім не радасна? — спытала Каралева, і з яе вачэй, што свяціліся дабрынёй, пакаціліся слязінкі.

— Усё гэта не прыносіць нам сапраўднага шчасця, — сказала дзяўчынка.

— Нам чагосьці хочацца, але мы не ведаем, чаго! — дадаў хлопчык.

Маці сумна апусціла галаву і задумалася, чаго яшчэ маглі б пажадаць яе дзеці, што ўзрадавала бы іх болей, чым раскоша саду, багатая вопратка, мора цацак, дарагія смачныя стравы і напоі, але нічога не прыдумала.

— О, калі б я сама магла зноў стаць дзіцем! — уздыхнуўшы, ціха прамармытала каралева. — Тады б я зразумела, што зробіць дзяцей шчаслівымі. Каб зразумець дзіцячыя жаданні, чалавеку самому трэба ператварыцца ў дзіця. Але я так даўно пакінула краіну дзяцінства, дзе залатыя сярод райскіх дрэваў пырхаюць птушкі, і ў некаторых з іх няма нават ног, бо яны нястомныя і ім не патрэбны зямны спакой. Ах, вось калі б сюды прыляцела такая птушка і прынесла маім дарагім дзеткам тое, што зробіць іх шчаслівымі!

Пачуўшы жаданне каралевы, адна чароўная птушка раптам застыла над ёй у блакітным небе і нібы загарэлася языкамі полымя і забліскала маланкамі. Птушка апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль яе нарэшце не ўбачыла каралева з дзецьмі. “Ах! Ах!” — закрычалі яны, ад здзіўлення не могучы вымавіць ні слова.

Неверагодная птушка лунала, апускаючыся ўсё ніжэй, пералівалася, ззяла колерамі вясёлкі, слепячы вочы, але ўсё мацней прыцягваючы позірк. Яна была такой прыгожай, што каралева і дзеці задрыжалі ад радасці, адчуваючы ветрык ад яе крылаў. Не паспелі яны выдыхнуць, як цудоўная птушка апусцілася на калені да каралевы-маці і прыветна, амаль па-дзіцячы, зірнула на дзяцей, і было ў яе вачах нешта такое, чаго дзеці не зразумелі, нешта незвычайнае, што выклікала трымценне. Дзеці не наважыліся да яе дакрануцца, але ўбачылі, што пад бліскучым пер’ем гэтай дзівоснай незямной істоты хаваюцца не заўважныя здалёк чорныя пёркі.

Дзеці доўга разглядалі цудоўную птушку, нібы хацелі захаваць яе ў памяці, але тая зноў паднялася ў вышыню — райская птушка без ног, — палунала ў паветры, паззяла і ўзляцела яшчэ вышэй, так, што ў эфіры можна было ўбачыць толькі яе бліскучае пер’е, потым яшчэ адзін залаты штрых — і яна знікла. Каралева і дзеці яшчэ доўга са здзіўленнем глядзелі ёй услед. Але — о цуд! — калі яны апусцілі вочы да зямлі, то былі ўражаныя: у маці на каленях ляжала залатое яйка, якое пакінула птушка, і яно таксама пералівалася залаціста-зялёным і залаціста-блакітным колерамі, як каштоўны камень з возера Лабрадор і як найпрыгажэйшая перліна з марскога дна. Каралеўскія дзеці радасна закрычалі, бо гэта і быў каштоўны камень, якога не хапала ім для шчасця: яйка, у чыёй чароўнай пералівістай шкарлупіне мусіць хавацца пазачасавы цуд, якога чакалі дзеці, крыніца радасці, што натоліць іх жаданні і іх сум.

Дзеці не маглі наглядзецца на цудоўнае яйка і хутка забылі пра птушку, якая яго прынесла. Спачатку яны не наважваліся да яго датыкнуцца, але ўрэшце дзяўчынка кранула яго ружовым пальчыкам і раптам ускрыкнула, а яе нявінны тварык пачырванеў: “Яйка цёплае!” Тады і хлопчык лёгка і асцярожна дакрануўся да яйка, каб праверыць, ці праўду сказала сястра. Нарэшце яго сваёй ласкавай белай рукой кранула маці, і вось што адбылося.

Шкарлупіна раскалолася на дзве часткі, і з яйка выйшла цудоўная істота. Хоць у яе былі крылы, яна не была ні птушкай, ні матылём, ні пчалой, ні страказой, але ўсіх іх нагадвала. Апісаць яе немагчыма — гэта было рознакаляровае дзіцячае шчасце, што пералівалася рознымі фарбамі, гэта было дзіця, фантазія цудоўнай птушкі, Казка. І ўжо больш ніколі не бачыла маці сваіх дзетак сумнымі, бо з імі заўсёды была Казка. Пакуль яны заставаліся дзецьмі, яны ніколі не стамляліся, а калі ў іх з’явілася Казка, упершыню палюбілі свой сад і кветкі, альтанкі і пячоры, лясы і дубровы, бо Казка іх ажыўляла і дарыла радасць, Казка пазычала дзецям крылы, і яны лёталі далёка ў бясконцым свеце, аднак адразу вярталіся дадому, варта было толькі пажадаць.

Тыя каралеўскія дзеці — гэта звычайныя дзеці ў сваім дзіцячым раі, а прырода — іх прыгожая ласкавая матуля. Бо ўсе мараць, каб фантазія чароўнай птушкай з найпрыгажэйшым залатым і чорным пер’ем спусцілася з нябёс і знесла казачнае залатое яйка.

Вось так дзеці атрымалі Казку, якая ўпрыгожвала дні іх дзяцінства, радавала іх самымі рознымі вобразамі і чарамі і падымала высока над дахамі, над усімі палацамі і замкамі. Дарослыя таксама палюбілі Казку і радаваліся яе падарункам з саду дзяцінства, а найбольш — падоранай ёй дзіцячай наіўнасці сэрца.

Пераклад з нямецкай – Яніна Прыстаўка © 2013

Чытайце таксама

Даніэла Капітанява

Даніэла Капітанява

Славацкая пісьменніца, кінасцэнарыст, майстарка дэтэктыўнага жанру

Курт Вoнэгут

Курт Вoнэгут

Амерыканскі пісьменнік, сатырык, мастак, пісаў і ў рэчышчы навуковай фантастыкі

Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін

Беларускі паэт, эсэіст, перакладчык, намінант на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры

Аксана Забужка

Аксана Забужка

Украінская паэтка, пісьменніца, літаратуразнавец, публіцыст

884