№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вільгельм Гаўф

Гісторыя пра карабель прывідаў (Die Geschichte von dem Gespensterschiff)

Казка

Пераклад з нямецкай Альгерд Бахарэвіч

Мой бацька валодаў невялікай крамай у Бальсоры; ён не быў ні бедны, ні багаты, проста адзін з тых людзей, якія неахвотна ідуць на рызыку са страху страціць тое малое, што маюць. Ён выхоўваў мяне проста і шчыра, і неўзабаве я ўжо мог стаць яму памочнікам. Акурат калі мне было васямнаццаць і калі ён толькі-толькі заключыў сваю першую вялікую ўгоду, бацька памёр — хутчэй за ўсё гаруючы, што даверыў мору тысячу сваіх залатовак. І ўсё ж я мог бы назваць яго шчасліўцам, які адышоў у лепшы свет своечасова, бо праз колькі тыдняў пасля яго смерці прыйшла вестка, што карабель, які перавозіў бацькаў тавар, патануў. Аднак маёй юнацкай адвагі гэта пахіснуць ніяк не магло. Я перавёў у грошы ўсё, што мой бацька паспеў па сабе пакінуць, і выправіўся прэч з горада, каб паспрабаваць шчасця ўдалечыні ад радзімы, а суправаджаў мяне толькі адзін стары бацькаў слуга.

Гнаныя спадарожным ветрам, мы выйшлі з гавані Бальсоры. Карабель, на якім я купіў сабе месца, кіраваўся ў Індыю. Ішоў пятнаццаты дзень нашага цалкам спакойнага падарожжа, калі капітан абвясціў, што насоўваецца бура. Твар ягоны зрабіўся заклапочаным, выдавала на тое, што ён не надта добра знаёмы з фарватэрам у гэтай частцы акіяна, каб спакойна сустрэць шторм. Ён загадаў апусціць усе ветразі, і наш карабель зусім запаволіў ход. Надышла ноч, было ясна і халодна, і капітан падумаў, што з прадвесцем буры ён памыліўся. Раптам нейкі карабель — раней мы яго не заўважалі — залунаў над морам зусім блізка ад нашага. Дзікі лямант і крыкі пачуліся з яго палубы, што нямала здзівіла мяне ў гэтую поўную страху гадзіну перад надыходам буры. А капітан — той смяротна збляднеў.

— Мой карабель загінуў! — усклікнуў ён. — Гэта імчыць на ўсіх ветразях сама Смерць!

Не паспеў я запытацца пра прычыну яго дзіўнага воклічу, як на палубу з роспачнымі крыкамі выскачылі матросы.

— Вы яго бачылі? — крычалі яны. — Цяпер нам канец!

Капітан загадаў чытаць суры з Карана і сам стаў за стырно. Аднак марна! Бура прыкметна набліжалася, і не мінула й гадзіны, як карабель затрашчаў і замёр у вадзе. Былі спушчаныя лодкі, і не паспеў апошні матрос перасесці, як карабель пайшоў на дно проста на нашых вачах, і поўным жабраком я паплыў у марскі прастор. Але канец бедствам яшчэ не надышоў. Бура грымела ўсё страшней, лодка больш не слухалася кіравання. Я моцна абняў свайго старога слугу, і мы паабяцалі адзін аднаму не разлучацца. Тым часам урэшце развіднела. Але з першым пробліскам зары вецер схапіў лодку, у якой мы сядзелі, і перакуліў яе. Нікога з маіх спадарожнікаў я больш не бачыў. Гэты ўдар ветру аглушыў мяне, і ачуняў я ў руках майго старога вернага слугі, які ўратаваўся на перакуленай лодцы і зацягнуў мяне да сябе. Бура сцішылася. Ад нашага карабля нічога не засталося, але ж непадалёк мы пабачылі іншы карабель, у кірунку якога і гналі нас хвалі. Калі мы наблізіліся, я пазнаў тое самае судна, што праплывала міма нас уначы і што так напалохала нашага капітана. Я адчуваў дзіўны жах перад гэтым караблём. Словы капітана, якія атрымалі такое жудаснае пацверджанне, непрыветны, закінуты выгляд карабля, на якім, як бы блізка да яго мы ні падплывалі, як бы гучна ні крычалі, ніхто не паказваўся, пужалі мяне. Але ж гэта была нашая адзіная магчымасць уратавацца, таму мы ўзнеслі хвалу Прароку, які такім цудоўным чынам захаваў нам жыццё.

З фарштэўня карабля звісала доўгая ліна. З усяе моцы працуючы рукамі й нагамі, мы нарэшце здолелі за яе ўхапіцца. Я яшчэ раз падаў голас, але на караблі панавала поўная цішыня. Тады мы ўскараскаліся па ліне наверх, спачатку я як маладзейшы... але які жах! Якая сцэна з’явілася перад маімі вачыма, калі я ступіў на палубу! Яе паверхня была ўся чырвоная ад крыві. Там ляжала каля трыццаці трупаў у турэцкім адзенні, а каля сярэдняй мачты стаяў багата апрануты чалавек з шабляй у руцэ, аднак твар ягоны быў увесь белы і пабіты, а ў ілбе тырчаў доўгі цвік, які і трымаў яго прыбітым да мачты — ён таксама быў мёртвы. Жах скоўваў мае крокі, мне ажно заняло дых. Нарэшце на палубу ўзабраўся і мой спадарожнік, і яго не менш за мяне ўразіў выгляд палубы, дзе не было відаць нічога жывога — толькі мноства жудасных трупаў. У страху сваім душэўным звярнуўшыся па дапамогу да Прарока, мы нарэшце наважыліся рушыць далей. На кожным кроку мы азіраліся, ці не пабачым чагосьці новага, яшчэ больш жахлівага, але ўсё заставалася як было, ніякіх прыкметаў жыцця, толькі мы і бясконцы марскі абшар. Мы нават гаварыць гучна не маглі, баючыся, што прыбіты да мачты капітан паверне да нас свае нерухомыя вочы або нехта з мерцвякоў павядзе ў наш бок галавой. Урэшце мы дайшлі да сходаў, што вялі ў сярэдзіну карабля. Нерашуча спыніўшыся там, мы паглядзелі адзін на аднаго, бо ніхто не мог вымавіць таго, што думае.

— О гаспадар! — сказаў мой верны слуга. — Тут адбылося нешта жудаснае. Аднак нават калі там, унізе, нас чакаюць забойцы, лепш аддацца іх літасці, чым далей бавіць час тут, у кампаніі мерцвякоў.

Я пагадзіўся з ім. Мы неяк сунялі дрыготку і асцярожна спусціліся, чакаючы найгоршага. Але і ўнізе панавала мёртвая цішыня, былі чутныя адно нашыя крокі. Мы сталі перад дзвярыма каюты. Я прыклаў вуха да дзвярэй і прыслухаўся — не чуваць ні гуку. Я адчыніў дзверы. У пакоі панавала бязладдзе. Адзежа, зброя, іншыя рэчы ляжалі як папала. Поўны гармідар. Каманда — або прынамсі капітан — напярэдадні, відаць, добра пагулялі, бо ўсё было перакуленае дагары нагамі. Мы пераходзілі з каюты ў каюту, з памяшкання ў памяшканне, і паўсюль бачылі багатыя запасы ядвабу, перлінаў, цукру і гэтак далей. Я дужа ўзрадаваўся, пабачыўшы такое, бо меркаваў, што калі ўжо на караблі няма нікога жывога, дык можна спакойна прысабечыць гэтае майно, але Ібрагім звярнуў маю ўвагу на тое, што мы, відаць, яшчэ вельмі далёка ад сушы і ніколі не зможам трапіць туды самі, без чалавечае дапамогі.

Мы пацешылі сябе ежаю і напоямі, якіх тут было больш чым дастаткова, і зноў падняліся на палубу. Але там ад выгляду трупаў у нас па скуры зноў забегалі мурашкі. Мы вырашылі пазбавіцца ад мерцвякоў і выкінуць трупы за борт, аднак наколькі паменшаў наш імпэт, калі мы высветлілі, што ніводнага з іх немагчыма зварухнуць з месца. Як прыкаваныя, яны ляжалі на палубе, і трэба было выломліваць дошкі, каб іх прыбраць, а для гэтага нам спатрэбіўся б інструмент. Дый капітана немагчыма было аддзерці ад ягонай мачты, мы шмат разоў спрабавалі выкруціць шаблю са здранцвелай рукі. Дзень мы правялі ў бязрадасным сузіранні, а калі пачало цямнець, я дазволіў старому Ібрагіму легчы спаць, сам жа вырашыў не класціся і застацца на палубе, каб абдумаць спосабы магчымага выратавання. Аднак калі ўзышоў месяц і я вылічыў па зорках, што цяпер прыкладна адзінаццатая гадзіна, мяне апанаваў такі неадольны сон, што я міжволі зваліўся за бочку, што стаяла на палубе. Праўда, гэта было хутчэй аглушэнне, чым сон, бо я выразна чуў, як мора б’ецца ў борт і як рыпяць і пасвістваюць ветразі. Раптам мне падалося, што я чую на палубе мужчынскія галасы і крокі. Я хацеў выпрастацца, каб зірнуць, што там адбываецца, але нябачная сіла скавала мае члены, і я быў не ў змозе расплюшчыць вочы. Галасы рабіліся ўсё выразнейшыя, здавалася, цэлая каманда весела высыпала на палубу. Мне падалося, я чую гучны голас, які аддае каманды матросам, чую, як падымаюць ветразі і нацягваюць ліны. Але маё ўспрыманне ўсё больш слабела, я праваліўся ў глыбокі сон, у якім мне чуўся адно грукат зброі. Я прачнуўся толькі тады, калі сонца ўжо стаяла высока і апякала мне твар. Здзіўлены, я агледзеўся. Бура, карабель, мерцвякі і ўсё, што я чуў уначы, падалося мне сном, а калі я падняў вочы, усё было зусім як учора. Нерухома ляжалі мёртвыя, нерухомы быў капітан, прыбіты да мачты. Я пасмяяўся са свайго сну і падняўся, каб знайсці старога слугу.

Той сядзеў у каюце, моцна задумаўшыся.

— О гаспадар! — усклікнуў ён, калі я ўвайшоў. — Лепш мне ляжаць на дне мора, чым правесці яшчэ адну ноч на гэтым зачараваным караблі!

Я запытаўся пра прычыну ягонай трывогі, і ён адказаў:

— Паспаўшы некалькі гадзін, я прачнуўся і пачаў думаць, што гэта рухаецца туды-сюды над маёй галавой. Спачатку я вырашыў, што гэта вы, але іх было прынамсі дваццаць — тых, хто бегаў па палубе, — гучалі крыкі і воклічы. Урэшце я пачуў, як нехта цяжка спускаецца па сходах. Тады я ўжо ведаў, што гэта не вы, і тут, апрытомнеўшы, пабачыў таго самага чалавека, які быў прыбіты цвіком да мачты там, наверсе, пабачыў, як ён сядзіць вунь за тым сталом, спявае і п’е, а той, у чырвоным, які валяўся паблізу, сядзеў побач і піў разам з ім.

Вось што расказаў мне мой стары слуга. Можаце паверыць, сябры мае: нядобра зрабілася ў мяне на душы, бо выходзіла, што гэта была не галюцынацыя, я ж таксама чуў тых мерцвякоў. Плыць у такой кампаніі было жудасна. А мой Ібрагім зноў глыбока занурыўся ў думкі.

— Вось што я мяркую! — усклікнуў ён нарэшце: яму прыгадалася замова, якую ён даведаўся ад свайго дзядулі, абазнанага чалавека, якому дзе толькі не даводзілася падарожнічаць. Замова дапамагала ад любых чараўніцтваў і зданяў. А яшчэ ён сказаў, што наступнай ноччу мы зможам перамагчы той ненатуральны сон, які нас адолеў, калі будзем чытаць з належнай стараннасцю суры з Карана. Прапанова старога прыйшлася мне даспадобы. У нецярплівым чаканні мы глядзелі, як апускаецца ноч. Побач з каютай была каморка, у якую мы вырашылі перабрацца. Мы прасвідравалі ў дзвярах шмат адтулін, досыць вялікіх, каб назіраць праз іх, што адбываецца ў каюце, потым замкнулі пакой знутры так добра, як толькі маглі, і Ібрагім напісаў імя Прарока ва ўсіх чатырох кутах. Так мы пачалі чакаць начных жахаў. Было зноў каля адзінаццаці, калі мяне неадольна пачало хіліць у сон. Мой спадарожнік параіў чытаць малітвы з Карана, і гэта дапамагло. Раптам зверху пачалося нейкае ажыўленне, ліны зарыпелі, на палубе пачуліся крокі, і стала выразна чуваць, як гаворыць адразу некалькі галасоў. Пэўны час мы праседзелі ў такім напружаным чаканні, слухаючы, як нехта спускаецца па сходах. Калі стары пачуў гэта, ён прамовіў малітву супраць зданяў і чараўніцтва, якой навучыўся ад свайго дзеда:

                                           З паветра бераце вы сілы,

                                           Ці з мора чорнай глыбіні,

                                           Ці з нетраў цёмнае магілы,

                                           Ці нарадзіліся ў агні —

                                           Алах ёсць панам па-над вамі,

                                           Яму слухмяныя ўсе здані.

Трэба прызнаць, я не вельмі верыў у гэты заклён, і валасы падняліся на маёй галаве, калі дзверы адчыніліся. У пакой увайшоў той мажны, ладнай паставы чалавек, якога я бачыў прыбітым цвіком да мачты. Цвік і цяпер праходзіў акурат пасярэдзіне ягонага ілба, але меч ён схаваў у похвы. За ім увайшоў яшчэ адзін, апрануты амаль з гэткай самай раскошай, яго я таксама пазнаў — ён валяўся там, наверсе. Капітан — а гэта быў, без сумневу, ён — меў бледны твар і вялікую чорную бараду і дзіка круціў вачыма, аглядаючыся вакол сябе. Мне было вельмі добра відаць, як ён набліжаецца да нашых дзвярэй, але, здаецца, дзверы, за якімі мы стаіліся, яго не надта цікавілі. Абодва ўселіся за стол, што стаяў пасярэдзіне пакоя, і завялі між сабою гучную, амаль да крыку, размову на незнаёмай мове. Размова рабілася ўсё гучнейшая і палчэйшая, пакуль урэшце капітан не грукнуў па стале так, што пакой ажно скалануўся. Другі чалавек з дзікім рогатам ускочыў і махнуў капітану рукою, запрашаючы ісці за сабой. Той падняўся, выцягнуў шаблю з похваў, і абодва пакінулі пакой. Мы пачалі дыхаць вальней, калі яны выйшлі, але страх наш трываў яшчэ доўга. На палубе рабілася ўсё больш і больш шумна. Было чутно, як там бегаюць і крычаць, смяюцца і скавычуць. Урэшце пачаўся сапраўды пякельны вэрхал, мы падумалі, што палуба зараз абрынецца проста на нас разам з усімі ветразямі, мы чулі звон зброі і лямант — і раптам павісла ціша. Калі праз некалькі гадзін мы нарэшце наважыліся выйсці, усё выглядала як раней: целы ляжалі ў тых самых позах. Усе зноў здранцвелі.

Так мы прабавілі на караблі шмат дзён. Ён увесь час плыў на ўсход, дзе, паводле маіх разлікаў, мусіла быць зямля. Аднак калі ўдзень мы пакідалі за спінай мілю за міляй, то ўначы, як мне здавалася, карабель вяртаўся туды, дзе й быў, бо калі ўзыходзіла сонца, мы ўсё яшчэ знаходзіліся ў тым самым кутку акіяна. Кожную ноч мерцвякі на ўсіх вятрах кіруюць карабель назад — іншага тлумачэння ў нас не было. Каб запабегчы гэтага, з надыходам цемры мы нацягнулі ветразі, скарыстаўшыся тым самым сродкам, што і ў каюце: напісалі на пергаментах імя Прарока, а таксама дзядулеў заклён, і абвязалі іх вакол нацягнутых ветразяў. Седзячы ў сваёй каморцы, мы са страхам чакалі, ці прынясе гэта поспех. Падавалася, што прывіды разышліся гэтым разам яшчэ мацней, але глядзі ж ты: наступнай раніцай ветразі засталіся нацягнутыя так, як мы іх пакінулі. Мы нацягнулі столькі ветразяў, колькі было неабходна, каб карабель імчаў наперад, і такім чынам адолелі за пяць дзён неблагую адлегласць.

Урэшце раніцай шостага дня мы заўважылі зусім блізка сушу і ўзнеслі хвалу Алаху і ягонаму Прароку за нашае цудоўнае выратаванне. Дзень і ноч мы плылі да сушы і вось на сёмую раніцу пабачылі нейкі горад. З цяжкасцю апусцілі ў мора якар, і як толькі ён дакрануўся дна, спусцілі на ваду шлюпку, што стаяла на палубе, і з усяе моцы павеславалі да горада. Праз паўгадзіны мы апынуліся ў вусці ракі, што ўпадала ў мора, і нарэшце выйшлі на бераг. Ля гарадской брамы мы даведаліся, як называецца места: высветлілася, што гэта індыйскі горад, што ляжыць недалёка адтуль, куды я думаў выправіцца. Мы пасяліліся ў караван-сараі і адпачылі ад нашага поўнага прыгодаў падарожжа. Я распытаў у мудрага і прыстойнага чалавека, у якім адразу пазнаў гаспадара, дзе тут можна знайсці каго-небудзь абазнанага ў чараўніцтве. Ён завёў мяне на адну з аддаленых вуліц да нічым не прыкметнага дома, пагрукаў і развітаўся, сказаўшы, што я мушу спытаць Мулея.

У доме мяне сустрэў стары чалавечак з сівой барадой і доўгім носам і запытаўся, што мяне прывяло. Я сказаў яму, што шукаю мудраца Мулея, і той адказаў, што гэта ён і ёсць. Я папрасіў у яго толькі адной парады: што мне рабіць з мерцвякамі і як зрабіць так, каб прыбраць іх з карабля. Ён адказаў, што каманда карабля была, верагодней за ўсё, зачараваная за нейкі бунт у моры, і ён мяркуе, што з чараўніцтвам можна было б зладзіць, калі перанесці іх на сушу, але гэта можна зрабіць, толькі аддзёршы іх разам з дошкамі, на якіх яны ляжаць. Карабель і ўся маёмасць, што на ім, згодна з зямным і боскім законам належаць мне, таму што гэта я знайшоў і тое, і другое. Але калі я захаваю ўсё ў таямніцы і зраблю яму маленькі падарунак з рэшты свайго багацця, сказаў Мулей, ён са сваімі рабамі дапаможа мне прыбраць мёртвыя целы. Я паабяцаў шчодра ўзнагародзіць мудраца, і мы з пяццю рабамі, узброенымі піламі і сякерамі, выправіліся да карабля. Па дарозе чараўнік Мулей не стамляўся хваліць нашую ідэю абвязаць ветразі пергаментамі з сурамі Карана. Гэта, сказаў ён, быў адзіны сродак уратавацца.

Яшчэ стаяў ясны дзень, калі мы дабраліся да карабля. Мы адразу ж прыняліся за працу, і праз гадзіну чацвёра мерцвякоў ужо ляжалі ў чоўне. Рабы мусілі завезці іх на сушу, каб закапаць там. Калі рабы вярнуліся, то расказалі, што мерцвякі спрасцілі ім працу: калі іх паклалі на зямлю, яны рассыпаліся ў пыл. Мы працягвалі адпілоўваць дошкі з трупамі, і да вечара ўсе яны ўжо ляжалі ў зямлі. Нікога не засталося на борце карабля, апрача таго, што быў прыбіты цвіком да мачты. Дарэмна намагаліся мы выцягнуць цвік з дрэва — ніякая сіла не здольная была яго зварухнуць.Я не ведаў, што рабіць: нельга ж секчы мачту, каб перавезці капітана на бераг. Але тут дапамог Мулей. Ён хуценька паслаў на сушу раба, каб той прывёз гаршчок з зямлёй. Калі раб вярнуўся, чараўнік прамовіў нейкія таямнічыя словы і высыпаў зямлю на галаву мерцвяка. Той адразу ж расплюшчыў вочы, зрабіў глыбокі ўдых — і рана на ягоным ілбе пачала кроватачыць. Цяпер мы лёгка выцягнулі цвік, і паранены паваліўся проста на рукі рабоў.

— Хто прывёў мяне сюды? — запытаўся ён пасля таго, як трохі ачуняў. Мулей паказаў на мяне, і я падышоў. — Дзякуй табе, невядомы чужынец, ты ўратаваў мяне ад доўгіх пакутаў. Пяцьдзясят гадоў плавае па гэтых хвалях маё цела, і душа мая была вырачаная кожны дзень вяртацца ў яго. Зямля нарэшце кранулася маёй галавы, і я магу мірна выправіцца да маіх прабацькаў.

Я папрасіў яго расказаць, як ён трапіў у такое жудаснае становішча, і ён загаварыў:

— Пяцьдзясят гадоў таму я быў магутны, паважаны чалавек і жыў у Алжыры. Прага да багацця пагнала мяне купіць і аснасціць карабель, каб выпраўляцца на марскі рабунак. Гэтай справай я займаўся некалькі гадоў, і вось неяк у Зантэ я ўзяў на борт аднаго дэрвіша, які хацеў плыць задарма. Я і мая каманда былі людзі не надта цырымонныя і не зважалі на святасць яго асобы, а я шмат насміхаўся з яго. Аднойчы, пасля таго як ён у сваёй святой апантанасці пачаў дакараць мяне за грэшны лад жыцця — а я тады добра выпіваў са стырнавым у сваёй каюце, — мяне ахапіў гнеў. Ашалеўшы ад словаў дэрвіша, якія я не стаў бы трываць нават ад султана, я кінуўся на палубу і ўсадзіў кінжал яму проста ў грудзі. Паміраючы, дэрвіш выкляў мяне разам з камандаю: ні я, ні мае матросы не маглі ні памерці, ні жыць, пакуль нашыя галовы не лягуць у зямлю. Дэрвіш аддаў Богу душу, мы кінулі яго труп у мора і пасмяяліся з яго праклёнаў, але ў тую самую ноч ягоныя словы спраўдзіліся. Частка маёй каманды ўзбунтавалася супраць мяне: сварка была шалёная, мае прыхільнікі былі перабітыя, а мяне прыбілі цвіком да мачты. Але і бунтаўнікоў даканалі іхныя раны, і неўзабаве мой карабель ператварыўся ў адну вялікую магілу. Мае вочы заслаў туман, дых заняло, я падумаў, што памёр. Але тое, што пазбавіла мяне сілаў, было толькі здранцвеннем. Наступнай ноччу, дакладна ў тую самую гадзіну, калі мы выкінулі дэрвіша за борт, я і мая каманда ачунялі, жыццё вярнулася да нас, але мы не маглі нічога ні гаварыць, ні рабіць, апрача таго, што гаварылі і рабілі ў тую ноч. Так мы плавалі пяцьдзясят гадоў, не жывучы і не паміраючы; як мы маглі трапіць на сушу? Са шчырай радасцю накіроўвалі мы наш карабель у самае сэрца буры, бо спадзяваліся нарэшце наляцець на рыф і спакойна скласці галовы на марскім дне. Але ў нас нічога не атрымлівалася. Цяпер жа я нарэшце магу памерці. Яшчэ раз дзякую табе, невядомы збаўца, і калі мае скарбы могуць быць табе ўзнагародай, вазьмі гэты карабель на знак маёй удзячнасці.

Капітан апусціў галаву і развітаўся з жыццём. Як толькі гэта адбылося, ён, як і яго спадарожнікі, ператварыўся ў пыл. Мы сабралі той пыл у скрыначку і пахавалі ў зямлі, а я наняў у горадзе рабочых, якія прывялі карабель у належны выгляд. З выгадаю абмяняўшы тавар, што быў на караблі, я знайшоў сабе матросаў, шчодра ўзнагародзіў Мулея і выправіўся на радзіму. Праўда, паплыў я кружной дарогаю, высаджваючыся на розных выспах і ў розных краях ды прапаноўваючы свой тавар на рынках. Прарок блаславіў мой гандаль. Праз дзевяць месяцаў я, маючы багацця ўдвая болей, чым пакінуў мне капітан, кінуў якар у Бальсоры. Суайчыннікі дужа здзівіліся маёй заможнасці і маёй удачы: яны былі пэўныя, што мне пашчасціла адшукаць Дыяментавую даліну знакамітага вандроўніка Сіндбада. Я не стаў іх разупэўніваць, і вось з таго часу маладыя людзі з Бальсоры, якім споўнілася васямнаццаць, выпраўляюцца ў падарожжа, каб, таксама як я, знайсці сваё шчасце. А я жыў сабе спакойна, у міры, і кожныя пяць гадоў ладзіў падарожжы ў Мекку, каб у святых мясцінах узнесці хвалу Уладару за яго ласку да мяне і прасіць за капітана і яго каманду, каб Усёмагутны ўзяў іх у рай.

Пераклад з нямецкай – Альгерд Бахарэвіч © 2013

Чытайце таксама

Эмілі Дыкінсан

Эмілі Дыкінсан

Амерыканская паэтка, пры жыцці надрукавала каля дзясятка вершаў, пасля смерці зрабілася класікам

Гюнхільд Эехаўг

Гюнхільд Эехаўг

Нарвежская пісьменніца, паэтка і выкладчыца.

Ісроэл-Ешуэ Зінгер

Ісроэл-Ешуэ Зінгер

Пісьменнік, старэйшы брат нобелеўскага лаўрэата Ісака Башэвіса-Зінгера.

Э. Ч. Асонду

Э. Ч. Асонду

Нігерыйскі пісьменнік, вядомы сваімі кароткімі апавяданнямі

1313