№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Генрых Гайнэ

Пра Гослар і Гётынген (Вандроўныя замалёўкі)

Пераклад з нямецкай Аляксей Жбанаў

Пра Гослар

Ратуша ў Гослары — гэта пафарбаваная ў белае вартавая будка. Цэхавы дом, што стаіць побач, выглядае ўжо лепей. Прыблізна пасярэдзіне паміж зямлёй і дахам стаяць статуі германскіх кайзераў, чорныя ад копаці і часткова пакрытыя пазалотай, у адной руцэ скіпетр, у другой — дзяржава. Яны выглядаюць як смажаныя ўніверсітэцкія наглядчыкі. Адзін з гэтых кайзераў трымае замест скіпетра меч. Я не мог уцяміць, што мусіць значыць тое адрозненне, а яно напэўна мае сваё значэнне, таму што ў немцаў ёсць дзіўная звычка: што б яны ні рабілі, яны пры гэтым маюць нешта наўме.

У Готшалкавым “Даведніку” я шмат чытаў пра старадаўні сабор і знакаміты імператарскі трон у Гослары. Калі ж я хацеў пабачыць адно і другое, мне паведамілі, што сабор разбураны, а трон вывезены ў Берлін. У дзіўныя часы мы жывем: тысячагадовыя храмы разбураюць, а троны кідаюць у камору...

Я кватараваў у заезным двары блізу рынка, дзе абед смакаваў бы мне яшчэ больш, калі б пан гаспадар не падсеў да мяне са сваім доўгім, выцягнутым тварам і сваімі нуднымі пытаннямі. На шчасце, неўзабаве я быў уратаваны дзякуючы прыезду іншага падарожнага, які мусіў вытрымаць тыя ж пытанні ў той жа паслядоўнасці: хто? што? дзе? чаму? як? калі? Гэты чужынец быў стары, стомлены, пакамечаны мужчына, які, як вынікала з яго аповеду, аб’ехаў цэлы свет, асабліва доўга жыў у Батавіі, зарабіў шмат грошай, прамантачыў іх і цяпер, пасля трыццацігадовай адсутнасці, вяртаўся ў Кведлінбург, свой родны горад, “бо, — дадаў ён, — там у нашай сям’і сваё фамільнае пахаванне”. Гаспадар зрабіў вельмі прагрэсіўную заўвагу, што душы, уласна, усё адно, дзе пахаванае цела. “Маеце пісьмовыя доказы?” — адказаў чужынец, і злавесна хітрыя кругі ўтварыліся вакол яго кволых вуснаў і выцвілых вочак. “Але, — дадаў ён з баязлівай лагоднасцю, — я не хацеў тым самым сказаць нічога кепскага пра чужыя магілы — туркі хаваюць сваіх памерлых яшчэ прыгажэй за нас, іх могілкі — гэта сапраўдныя сады, і яны сядзяць там на сваіх белых, накрытых турбанамі магільных камянях, у цені кіпарыса, і гладзяць салідныя бароды, і спакойна кураць турэцкі тытунь з доўгіх турэцкіх люлек. А ў кітайцаў праўдзівае задавальненне назіраць, як яны пачціва вытанцоўваюць у месцах спачыну сваіх памерлых, і моляцца, і п’юць гарбату, і граюць на скрыпцы, і рупяцца пра тое, каб прыгожа аздобіць магілы каханых размаітымі пазалочанымі жэрдачкамі, парцалянавымі фігуркамі, лапікамі стракатага шоўку, штучнымі кветкамі і каляровымі ліхтарыкамі — усё надзвычай пекна... а як далёка мне яшчэ адсюль да Кведлінбурга?”

Могілкі ў Гослары мне не надта спадабаліся. У адрозненне ад той прыўкраснай галоўкі ў кудзерках, што смеючыся вызірнула з высакаватага акна першага паверха, як я ўязджаў у горад. Па абедзе я зноўку адшукаў мілае акно, але цяпер там стаяла толькі шклянка з белымі званочкамі. Я ўскараскаўся наверх, узяў цудоўныя кветачкі, спакойна утнуў іх у сваю шапку, мала клапоцячыся пра разяўленыя раты, акамянелыя насы і вырачаныя вочы, якімі людзі на дварэ, асабліва старыя кабеты, глядзелі на гэты крадзеж з узломам. Калі я праз гадзіну праходзіў міма таго ж дома, красуня стаяла ля акна. Заўважыўшы званочкі на маім капелюшы, яна пачырванела і адхіснулася. Я змог цяпер яшчэ дакладней разгледзець прыгожае аблічча: гэта было салодкае, празрыстае ўвасабленне подыху летняга вечаровага ветрыку, месячнага ззяння, салаўіных трэляў і водару руж. Пазней, калі зусім сцямнела, я прыйшоў да яе дзвярэй. Я падыходжу... набліжаюся... яна павольна падаецца назад у цёмны калідор... я бяру яе за руку і кажу: “Я аматар прыгожых кветак і пацалункаў, і тое, што мне не даюць па сваёй волі, я выкрадаю”. Імгненна цалую яе... яна спрабуе збегчы, і я шапчу супакаяльна: “Раніцой я з’еду і напэўна ўжо ніколі не вярнуся сюды”, — адчуваю таемны супраціў пяшчотных вуснаў і маленькіх ручак і смеючыся спяшаюся прэч. Так, я не магу не смяяцца, калі разумею, што несвядома выкарыстаю чароўную формулу, праз якую нашыя вайскоўцы часцей, чым праз сваю вусатую зухаватасць, авалодваюць сэрцамі жанчын: “Заўтра я з’язджаю і напэўна ўжо ніколі не вярнуся”.

Пра Гётынген

Горад Гётынген, знакаміты сваімі каўбаскамі і ўніверсітэтам, належыць каралю Гановерскаму і мае 999 дамоў, разнастайныя храмы, радзільню, абсерваторыю, карцэр, бібліятэку і гарадскі склеп, дзе падаюць вельмі добрае піва. Ручай, які працякае тут, завецца Ляйнэ і ўлетку служыць для купання. Сам горад прыгожы і падабаецца найбольш, калі глядзець на яго павярнуўшыся спінай. Ён напэўна стаіць ужо даўно. Хтосьці нават сцвярджае, што горад пабудаваны ў часы перасялення народаў, калі кожны нямецкі род пакінуў тут па адным самым шалёным сваім прадстаўніку, і ад іх пайшлі ўсе гэтыя вандалы, фрызы, швабы, тэўтоны, саксы, цюрынгцы і г.д., якія дасёння натоўпамі швэндаюцца па Вэендскай вуліцы ў Гётынгене, розняцца колерамі шапак і люлек, вечна б’юцца на палях Разэнмюле, Рычэнкруга і Боўдэна, усё яшчэ жывуць па норавах і звычаях часоў вялікага перасялення народаў і кіруюцца часткова сваімі князямі, якіх называюць “галоўнымі пеўнямі”, а часткова па сваім старадаўнім зборы законаў, які называецца “Камент” і заслугоўвае належнага месца ў Legibus Barbarorum.

У цэлым жыхароў Гётынгена можна раздзяліць на студэнтаў, прафесараў, філістараў і быдла, прычым гэтыя чатыры саслоўі не вельмі розняцца між сабой. Саслоўе быдла — найбольш значнае. Пералічыць імёны ўсіх студэнтаў і штатных прафесараў заняло б зашмат часу, дый не ўсе імёны студэнтаў я магу прыгадаць, а сярод прафесараў сустракаюцца і зусім безыменныя. Гётынгенскіх філістараў колькасна мусіць быць вельмі шмат — як пяску ці, лепей сказаць, як гразі. Праўду кажучы, калі я ўбачыў іх раніцой, з бруднымі тварамі і чыстымі рахункамі, перад брамай акадэмічнага суда, я аніяк не мог паверыць, што Бог стварыў так многа набрыдзі.

Пераклад з нямецкай – Аляксей Жбанаў © 2013

Чытайце таксама

Лена Элтанг

Лена Элтанг

Нарадзілася ў Ленінградзе, скончыла факультэт журналістыкі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рышард Капусціньскі

Рышард Капусціньскі

Польскі рэпарцёр, журналіст, празаік, паэт, фатограф, “імператар рэпартажу”

Войцех Кучак

Войцех Кучак

Польскі празаік, паэт, сцэнарыст, кінакрытык, спелеолаг

Станіслаў Бараньчак

Станіслаў Бараньчак

Польскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, эсэіст, перакладчык, актыўны дзеяч Салідарнасці

984