№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Міхаіл Кузмін

Роздумы і неўразуменні Пятра Пустэльніка (Раздумья и недоуменья Петра Отшельника)

Эсэ

Пераклад з рускай Алена Пятровіч


Вярнуўшыся ў свет, я нібыта збіты з панталыку пераменамі, хваляваннямі, звадамі, новымі славамі і новымі дамамі, што з'явіліся за гэты час. Я падобны да чалавека, якога падчас сну перанеслі ў іншае царства і там пабудзілі. Таму не дзівіцеся, што першым часам я буду кідацца ад пытання да пытання, ад асобы да асобы. Я не прэтэндую заўсёды казаць новае, мяне запрасілі ў гэты часопіс як наіўнага прастачка, які часам можа зграць ролю дзіцяці з андэрсэнаўскага “Убору караля”. Я буду казаць рэчы простыя і бесстароннія, магчыма, не новыя, а толькі забытыя. Я не будую тэорый, я толькі здзіўляюся, люблю і разважаю: да таго ж на самоце я прызвычаіўся глядзець на з'яву з пункту погляду вечнасці і ісціны, а не беглага сённяшняга дня, вартасць якога я добра ведаю.

Я выступаю ў вельмі складаны і вялікі па сваіх наступствах час. Я кажу пра Еўрапейскую вайну. Апроч жахаў, што здзяйсняюцца немцамі і для ілюстрацыі якіх прыдаўся б геній Гоі, гэтая вайна выяўляе адну рэч хутчэй мірнага характару, якую, канечне, цяпер яшчэ не прыйшоў час разбіраць, але якая мае агромністае значэнне. Мы бачым прыклад, да чаго прыводзіць культура, дзе замест цвёрдасці – упартасць, замест рыцарства – салдатчына, замест сілы – бессэнсоўная жорсткасць, замест велічы – вагнэраўскі балаган, замест культуры – удасканаленыя прыбіральні. А між іншым гэты міраж трымаў усіх у палоне, асабліва нас, якія прызвычаіліся глядзець на ўсё мастацтва праз нямецкія акуляры. Магчыма, нам выразней цяпер будзе бачна светлае, ад Бога радаснае мастацтва Францыі, мудрае сапраўднаю мудрасцю, а не бутафорскімі хадулямі. Магчыма, нам зробіцца больш зразумелаю і наша ўласная псіхалогія і скіраванасць, якая настолькі супярэчыць германізму і якая пакуль што праяўлялася ў мяккасці, цярплівасці, нейкім амаралізме, але якая, засяроджаная, згушчаная, дасць нечаканыя і вартыя ўвагі па сваіх выніках з'явы.

Можа быць, гэтыя ж уласцівасці, на шчасце ці на жаль, не давалі ў рускай літаратуры магчымасці адасабляцца крышталізаваным школам, бо ўсякая завершанасць ёсць ужо нецярпімасць, акасцяненне, канец. Але як жа існуюць сімвалісты, акмеісты, футурысты? На думку бесстаронняга чалавека, іх не існуе: існуюць асобныя паэты, што далучыліся да той ці іншай школы, але школаў няма. З таго часу як нашыя сімвалісты загаварылі пра сімвалізм Дантэ і Гётэ, сімвалізм як школа перастаў існаваць, бо для ўсіх відавочна, што размова ідзе ўвогуле пра паэзію, якой часта ўласцівы сімвалізм. Школа заўсёды – вынік, выснова з твораў пакалення з аднолькавымі поглядамі, але ніколі не перадумова творчасці, таму магу запэўніць футурыстаў і асабліва акмеістаў, што клопаты аб тэарызацыі і праграмныя выступы могуць зрабіць паслугу чаму заўгодна, але не мастацтву, не творчасці. І калі многія з гэтых паэтаў ідуць наперад, то гэта, у кожным разе, нягледзячы на школу, а зусім не дзякуючы ёй. Калі ж гэта проста гурток людзей, якія цэняць і любяць адно аднаго, тады цалкам зразумелыя іх поспехі, таму што дзе ж і квітнець мастацтву, калі не ў атмасферы сяброўства і любові? Прычым жа тады школа? І ў мностве школаў можна бачыць толькі крытычнае кіпенне думак (а не творчасці), калі не прыватныя славалюбствы.

Нават на саму сутнасць творчасці, на азначэнне яго погляд вельмі няўстойлівы і няпэўны. Здаецца, яшчэ дагэтуль ёсць людзі, якія да мастацкага твору падыходзяць з патрабаваннямі грамадскага, маральнага і палітычнага характару. Канечне, складаныя рэчы могуць разглядацца і з гэтых ракурсаў, аднак наўрад ці гэта будзе мастацкаю крытыкай, якая разглядае творы па сутнасці. Верагодна, як успамін 60-х гадоў можна разглядаць і патрабаванне неасімвалізму ад мастацтва тэюргічных уласцівасцяў. Увогуле, памылкова звяртаць асноўную ўвагу на дзеянні і ўплывы дадзенага твору, а не на яго карэнныя ўласцівасці. Опера Абэра “Нямая з Партычы” [1] натхніла натоўп на паўстанне, і тым не менш для нас яна застаецца звычайнай, ні дрэннай, ні добрай камічнай операй, як і большасць твораў гэтага кампазітара. Можна было б падумаць, што пярліна з пярлінаў – верш спадарыні Галінай “Лес сякуць, малады зялёны лес”[2], калі меркаваць па тым захапленні і слёзах, якія ён выклікаў у аўдыторыях 80–90-х гадоў. А між іншым гэта – не больш за агульныя месцы на грамадзянскі матыў. Няўжо верш: “Хачу быць дзёрзкім, хачу быць смелым”[3] не высока камічны і няўжо ён не абумоўліваў погляды і ўчынкі цэлага пакалення і, відазменены, жыве і цяпер? Твор мастацтва нельга пазнаваць па пладах, таму што ён сам ужо ёсць плод. Судзіць яго можна па тым, што ажыўляе, робіць мастацтвам думкі, пачуцці і фабулу, але можа існаваць і без іх. Гэта – сваё вока. Вока паэта, адрознае ад усіх, не зробленае іншым, а народжанае з гэтым адрозненнем, якое можна развіваць і занядбаць, але якое нельга набыць. Гэта і ёсць тое зерне, той стрыжань, які адзіны важны і падлягае разгляду.

Я кажу “вока” ў самым шырокім сэнсе слова: тут і вока як вока жывапісца і назіральніка, і пачуцці, і, калі хочаце, думкі. Навізна і “сваё” не ў тым, што вы бачыце, а якім вокам вы гледзіце, – вось што істотна. Тут можа адбыцца змяшэнне навізны індывідуальнасці і навізны стылю, якая, як рэч тэхнічная, можа быць дасягнутая вонкавымі сродкамі.

Празорцы бачаць не цялеснымі вачыма, а ўнутраным зрокам, чаму запячатаны ліст, які мусіць быць прачытаны, кладзецца ім пад сэрца, а не трымаецца перад вачыма. Такі зрок і ў мастака. Пахвала яму, калі ўсклікнуць: “як гэта хораша! я ніколі пра гэта не думаў!”. Найвышэйшая ступень даводзіць да прастаты і відавочнасці водгук – “дык гэта ж так і ёсць! як мне раней гэта не прыходзіла да галавы? гэта так проста!”. Тады з'яўляецца пераканаўчасць – найлепшая ўзнагарода мастацтву.

Да тэхнікі, прызнаючы ці адмаўляючы яе, ставяцца, як дзікуны: або не заўважаючы яе, не заўважаюць разам з тым і сутнасці мастацтва, або мяркуюць, што ёю можна замяніць талент. Ars – і мастацтва, і рамяство; artiste і artisan – родныя браты. Той, хто не ведае або несвядома не адчувае тэхнікі сваёй справы, пазбаўлены многіх дасягненняў. Вясёлае, боскае рамяство, якое не думае пра мэту, – гэта мастацтва.

Тыя, што надаюць асноўнае значэнне фабуле і ідэям у мастацкім творы, павінныя лічыць Канта вышэйшым за Гётэ і аўтара кінематаграфічных п'ес вышэйшым за Бальзака. Апавяданні без “вока” можа даць вам любы паляўнічы, пляткарка і крымінальны працэс, павучанне – прыходскі святар, дык прычым тут мастацтва?

Навізна сюжэтаў хутчэй за ўсё зношваецца. Амаль усе вялікія творы маюць збітыя і банальныя сюжэты, саступаючы незвычайныя рэчам пасрэдным. Найлепшая проба таленавітасці – пісаць ні пра што, што так умее рабіць Ан. Франс, найвялікшы мастак нашых дзён, недастаткова ацэнены за чысціню свайго мастацтва. Наўрад ці можна прымяніць у галіне мастацтва выразы “геніяльны сюжэт”, “таленавітая думка”.

Калі прызнаваць два роды або два этапы натхнення, натхненне задумы і натхненне ажыццяўлення, якое ёсць пераадоленнем матэрыялу, здольнасцю да дзівосных знаходак, то няма нічога больш згубнага, чым іх спалучэнне. Яны звязваюцца мастацкаю памяццю, і наўрад ці, не прайшоўшы гэты шлях, магчыма дасягнуць жаданай дасканаласці. Таму запал і захапленне, неабходныя для задумы, не памякчаныя прамежкавай прызмай аддалення, могуць толькі шкодзіць ажыццяўленню. Запал другой стадыі творчасці хутчэй падобны да азарту паляўнічага, да радасці вынаходніка, шукальніка скарбаў. Чалавек, асабліва тэмпераментны, не можа сам знаходзіцца ў тым, што ён піша, ён мусіць быць па-за, убаку, пажадана вышэй, толькі ўзгадваючы свае хваляванні. Досыць ненатуральнае відовішча ўяўляў бы творца, кіраваны сваёй творчасцю, а не наадварот.

Апошнім часам з усіх бакоў гучаць патрабаванні моцы ад мастацкіх твораў, прычым моц разумеюць у хадзячым значэнні гэтага слова, як бы забываючыся, што ў мастацтве яно мае іншае значэнне і прызначэнне. Можа быць пяшчотная і тонкая сцэна напісанай моцна і наадварот? Перадузятае жаданне спалучаць моц і тэмперамент часта прыводзяць да сумных вынікаў, як любы гвалт, у прыватнасці ж падобны.

Верагодна, зусім не любяць літаратуры людзі, якія падцкоўваюць на наўмысную моц, грандыёзнасць і так званае “вялікае мастацтва”. Сапраўдная грандыёзная і высокая канцэпцыя свету і ўзвышаны светапогляд амаль заўсёды прыводзяць да замілаванасці св. Францыска (“Сястрыца – вада!”), камічных опер Моцарта і ціхамірных сатыр А. Франса. Недаразвітыя або няправільна зразуметыя – да бразгання, рамантызму і Вагнэра.

Моц дзеля моцы і тэмперамент дзеля тэмпераменту робяцца не толькі бескарыснымі з'явамі, але нават шкоднымі і, канечне, выклікаюць уражанне супрацьлеглае таму, якое хочуць выклікаць.

Вядома, мастак, як любы чалавек, а можа быць, і больш чым хто-колечы, павінен развіваць сябе і свае якасці, быць сумленным, свабодным і любячым, але не справа крытыкі па гэтых поспехах судзіць яго творы.

Нікога не ведаючы ў горадзе, я аднолькава бываў паўсюль, дзе дазваляў мне выпадак. Я быў і ў кабарэ “Бадзяжны сабака”: літаратурны гурток, акмеісты, эга-футурысты, “усёкі”, мастакі. “Вось нашае мастацтва!” – шапнулі мне. Кузмін чытаў даклад: Хлебнікаў, Мадзалеўскі... На другі дзень я быў у літаратурным салоне ў самавітай і саноўнай дамы. Размаўлялі пра Патапенку, Фанвізіна, асцярожна пра Купрына і Юрыя Бяляева; пра “ўсёкаў” ніхто не ведаў. Я падумаў пра вядомасць і школы. Школа ў сценах карчомкі – не далей, вядомасць у гасцёўні – не больш. У іншым рэстаране, магчыма, іншыя знакамітасці. Паўсюдна вядомая толькі Вярбіцкая, але ёсць нейкая сярэдзіна паміж поглядамі гуртка і пунктам гледжання лабазнай. Я думаю, што ў гэтую сярэдзіну хутчэй за ўсё трапяць людзі з гуртка, чым з рынкавай плошчы, але і там многія знакамітасці выявяцца зусім невядомымі, і не толькі праз сваю маладосць.

Як чалавек, які адвык ад прынятых нормаў, я буду заўсёды гаварыць, не зважаючы на каціроўку, магчыма, буду нават хібіць, прымаючы ветэрана за навічка і навічка за ветэрана. Папярэджваю пра гэта, каб на мяне не наракалі за маю наіўнасць, а прабачылі б, таму што тут не будзе ніякага злоснага намеру.

Перачытваючы ўсё напісанае, са шкадаваннем бачу, што я не сказаў і адной дзесятай таго, чаго хацеў і мог бы. Да таго ж думкі выкладзеныя гэтак бязладна, што трэба вялікую добрую волю, каб дачытаць іх. Але я і звяртаюся да людзей добрай волі і чыстага сэрца. Я быў бы шчаслівы, калі б усе партыйныя, каверзныя, пыхлівыя, снабічныя, ганарлівыя і дурныя людзі мяне не чыталі, каб я мог гаварыць без боязі крыўдаў, сэрца да сэрца.

Вось яшчэ прадмет неўразумення для ўсіх, хто не пыхлівы тупіца або лабазнік: як застаюцца ў цені, а калі і ацэньваюцца, то зусім не за ўсё тое, за што вартыя, такія буйныя і рускія пісьменнікі, як В. Розанаў і Аляксей Рэмізаў?

Пакуль бывай, чытач; чаго не дагаварыў, дагавару іншым разам. Адзінае прашу: калі табе не падабаецца, не чытай. Ёсць без мяне шмат добрых пісьменнікаў: Львоў-Рагачэўскі, сп-ня Калтаноўская і інш.

Пётр Пустэльнік


[1] Даніэль Франсуа Эспры Абэр (Daniel François Esprit Auber) (1782–1871) – французскі кампазітар, майстар камічнай оперы. 29 лютага 1828 году ў Opera Comique адбылася прэм'ера яго оперы “Нямая з Партычы” (La muette de Portici), вядомая таксама пад назвай “Мазаньела”. Яна хутка зрабілася надзвычай папулярнай па ўсёй Еўропе. Пабудаваная на яркіх кантрастах (паўстанне неапалітанскіх рыбакоў супраць гішпанскага валадарання), прасякнутая рэвалюцыйнымі настроямі, опера імпанавала слухачам, выклікаючы часам маніфестацыі на спектаклях. Дуэт з оперы “Amour sacré de la patrie” быў успрыняты як новая “Марсэльеза”, а выкананне оперы ў Брусэлі 25 жніўня 1830 году, калі галоўную партыю выконваў славуты тэнар Адольф Нуры, паслужыла сігналам да пачатку рэвалюцыі, што прывяла да аддзялення Бельгіі ад Нідэрландаў.
[2] “Лес рубят, молодой зеленый лес”. У Г. Галінай: “Лес рубят, молодой нежно-зеленый лес”.
[3]“Хочу быть дерзким, хочу быть смелым” (1902) – верш К. Бальмонта.

Пераклад з рускай – Алена Пятровіч © 2009

Чытайце таксама

Ульф Старк

Ульф Старк

Шведскі пісьменнік і сцэнарыст

Роналд Нокс

Роналд Нокс

Ангельскі рэлігійны дзеяч і пісьменнік, аўтар дэтэктываў

Сяргей Прылуцкі

Сяргей Прылуцкі

Беларускі паэт і перакладчык. Жыве ва Украіне

Міхал Андрасюк

Міхал Андрасюк

Беларуска- і польскамоўны пісьменнік, журналіст, дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы

1017