№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мікола Куліш

Народны Малахій (Народний Малахій)

Пераклад з украінскай Паліна Маслянкова


1

Заплакала, затужыла ў сваім доме (на Мяшчанскай вуліцы, №37) мадам СТАХАНЧЫХА ТАРАСАЎНА:


Ой, хто скажа, хто раскажа, ці ты, доня, ці ты, пташка, а ці ты, Маці Божая, куды ён, у якую старонку ўцякае ды на каго ж мяне, бедную, пакіда-а-е?


Панурылася канарка ў клетцы, пасмутнеў абраз Божай Маці. Маўчаць. Толькі СЯРЭДНЯЯ ДАЧКА каля маці завіхаецца:


– Матуля!

– Не перабівай!

– Выпіце, міленькая...

– Што гэта?

– Валяр’янавыя кроплі.

– Прэч, адчапіся! Хіба ж можна такую драму ў сэрцы ды валяр’янкаю спыніць... Дай мне атруты!

– Селі б вы лепш далей ад акна, а то...

– А то што?

– Людзі ж праходзяць паўз вокны...

– Тоўчанага шкла дай, я атручуся!..

– Суседзі ж вунь бачаць і чуюць.

– Хай бачаць! Хай чуюць! Як сябры – хай пашкадуюць, а ворагі – хай пазлараднічаюць, што драма такая ў нас дома, што муж мой законны ўцяка-а-е...


2

Увайшла СТАРЭЙШАЯ ДАЧКА. СЯРЭДНЯЯ да яе:


– Паклікала хроснага?

– Ідзе.


ТАРАСАЎНА (так і страпянулася):


– Дзе ён, далёка?

– Зараз увойдзе.

– Дзе, пытаю?

– Дык кажу ж вам, мамачка, зараз... Заскочыў у адно месца, заслаб на шлунак...


ТАРАСАЎНА (уцерлася):


– А госпадзе, так бы й казала адразу. А ці прыбрана там?

– Я мыла ўчора.


СЯРЭДНЯЯ (да старэйшай):


– Ты ж сказала хроснаму, што татка пабег ужо па пашпарт?

– Анягож.

– А ён што?

– Сказаў, што ўжо ведае.


ТАРАСАЎНА:


– А басоў з царквы паклікала?

– Любуня ж пабегла.

– А гарэлкі басам?

– Яна й гарэлкі купіць.

– Ідзі ж, мая дачушка, ды нарэж цыбулі дробненька, рэдзькі, алеем памасці на закуску людзям.


СТАРЭЙШАЯ (так і пырснула):


Усё я ды я! І па хроснага, і па басоў, і цыбулю крышы. А яна вунь стаіць – рукі ў бокі...


СЯРЭДНЯЯ:


А кветкі хто паліў, як не я? А хто з валяр’янкаю, як не я? З’ела?

(Ушчыкнулі адна адну, каб маці не бачыла).

– Ой!

– Ой-ой!


ТАРАСАЎНА:


Ой, памру я і яшчэ раз памру з такімі дачушкамі, мне ўжо цёмна ўваччу і сонца пачарнела, а яны таго гора яшчэ й дадаюць. Дайце карты. Яшчэ раз кіну на яго... Яшчэ раз, дый годзе.


(Кінула на карты. Глянула. За сэрца ўзялася).


Ой, зноўку дарога кладзецца!..


ДОЧКІ:


– Ды няўжо ж, няўжо ж, матулечка мілая?

– Ці ж не бачыш? Чырвоная шасцёрка!


А ў ТАРАСАЎНЫ жах у вачах глыбокі, містычны:


Варажу, варажу – і усё гэтая карта... А тут яшчэ й сон: дарога ў полі і месяц шчарбаты, смутны такі, бледны... Быццам бы ўцякае, пакаціўся за зямлю. А я стаю пры дарозе, як цень той самотны. Гэта ж бацька наш, месяц той... Чуе душа мая – уцячэ ён, пако-о-ціцца, загіне ў даро-о-зе...


ДОЧКІ:


– Матулечка, цсс!

– Суседзі ідуць.


ТАРАСАЎНА:


Годзе маўчаць, бо ўжо намаўчалася! І хавацца годзе! Хай ведаюць усе, якая ў доме і ў сэрцы драма...


Твор цалкам можна спампаваць тут:

Пераклад з украінскай – Паліна Маслянкова © 2013

Чытайце таксама

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

Уладзімір Садоўскі

Уладзімір Садоўскі

Інжынер, краязнаўца, пісьменнік.

Фрэнсіс Брэт Гарт

Фрэнсіс Брэт Гарт

Амерыканскі празаік, вядомы па творах пра каліфарнійскіх золаташукальнікаў

Мая Сарышвілі

Мая Сарышвілі

Грузінская паэтка

1256