Балада пра ружы
(Róże)
Рыцар уночы ў соннай аблудзе
 Узняўся і жонку трывожна будзіць:
 “Сніў гэты сон я зноў,
 Найдзіўнейшы са сноў.
 
 Бачыў у сне я ружы і ружы,
 Сястру тваю, маладзіка паўкружжа,
 Бачыў яшчэ, што ёсць
 У панны ночны госць.
 
 Сплыві жа, як кроў па нажы, мне, дружа,
 Зірнуць на сястру ў алькоў, дзе ружы,
 І ля яе самой
 Сон спраўдзіць: мой – не мой!”
 
 Тут жа на ложку ўкленчыла пані,
 З кленчы пачала выпраставанне
 Й вырушыла ў паўзмрок,
 Глушачы крокам крок.
 
 Здалеўшы сходы між двух альковаў,
 Шукала стуленых дзвюх галоваў,
 Дзвюх параў рук вязьма,
 Ды не знайшла – няма.
 
 Ўбачыла толькі ружы і ружы,
 Кожны бутон – барвовы і дужы:
 Сон сестрын, нібы вуж,
 Тоіўся ў яве руж.
 
 Ўкленчыла ў змроку алькоўным пані:
 “Так невідочней маё чуванне!”
 Кожны каўтае ўздых,
 Каб ейны кут аціх.
 
 Поўнач, скарбніца сненняў глыбокіх,
 Звонку прынесла босыя крокі.
 Водгулле ўсчала рэй:
 Нехта каля дзвярэй.
 
 Ўкленчыўшы, пані вачэй не мружыць,
 Ўкленчыўшы, бачыць: дух яе мужа
 Дзее бясплотны рух.
 Цела спіць – ды не дух!
 
 Вось ён да спячай, грозны, як ружжы,
 Ідзе праз ружы, ідзе праз ружы!
 Панну ўздымае з руж
 На рукі жончын муж.
 
 “Спім мы абодва – і дух, і цела,
 Хай дзее кожнае, што хацела!”
 Панну кладзе наўзнак –
 Песціць прыдатней так!
 
 Бледная, пані прыйшла пад ранне.
 “Муж мой, ці спіш ты?” – Адказ – маўчанне.
 “Ружамі сон твой тхне!
 Муж мой, пачуй мяне!”
 
 Рыцар прачнуўся, глядзіць у вочы:
 “Што за выпадак у цемры ночы
 Мовы цябе пазбыў?
 Быў госць у спальні?” – “Быў”.
 
 “Ці ён да спячай, грозны, як ружжы,
 Ішоў праз ружы, ішоў праз ружы?
 Панну ці клаў наўзнак?” –
 “Так, – шэпча пані. – Так”. –
 
 “А ці ён бачыў, як зводзіш бровы,
 Зводзіш як вусны ў праклёнаў словы,
 Кленчыш, гнутая ў рог?” –
 “Бачылі ён і Бог”.
 
 Рыцар ускочыў з ложка: “Ты ўзняла
 Сну залатога майго забрала!
 Я! Пазнаеш мяне?” –
 “Гэткі ж ты быў у сне”. –
 
 “Сонныя ночы я з ёю бавіў,
 Прагну адгэтуль таго ж наяве!” –
 Пані яму: “Не руш.
 Панны няма між руж.
 
 Панну пасеклі на дзве палавіны,
 Цела паклалі ў дзве дамавіны,
 Труны дзве – склепам зруб:
 Цяжкі з ёй будзе шлюб!”
 
 Рыцар ёй кажа: “Памерла рана!
 Зноў я засну і знайду, дзе панна,
 Трунаў сягну я дзвюх!
 Я – пан, я – сон, я – дух!”
 
Тры ружы
(Trzy róże)
Са студні чутны йржавы рып вядра.
 У садзе ціша. Спёка млявіць кветкі.
 Зяленіва ля ветхае паветкі
 Ільсніцца, лушчыцца з камля кара,
 Са студні чутны гулкі пляск вядра.
 
 Зірні, лісцё над намі – небам цэлым!
 Зірні, як голле кроіць промні куца!
 Знітуем душы і дазволім целам
 Адно адному моўчкі адгукнуцца!
 Зірні, лісцё над намі – небам цэлым!
 
 Пах ружаў, птахаў спеў, дзве сон-душы,
 Двух целаў у траве перапляценне,
 І сонца лад сярод бязладдзя ценяў,
 І ў спёцы раптам – цішы ледзяшы.
 Пах ружаў, птахаў спеў, дзве сон-душы.
 
 Але калі паміж душой і целам
 Квітнець у садзе гэтым ружы трэцяй,
 Той, чый пурпур здалее тагасвецце,
 То ейны жар адным ёсць з намі цэлым,
 Той ружы трэцяй, між душой і целам.
 
Глуханямая
(Głuchoniema)
А на вёсцы на нашай ёсць глуханямая.
 Марыш чуць ейны голас, калі пад аблокі
 гаваркія і спеўныя вочы ўзнімае...
 Не адсюль яна, дом ёй – край нязнаны, далёкі.
 
 Бацька ёй – сон забыты, імя ёй... быць можа,
 смерць імя назаве, ў галавах калі стане.
 Я хацеў ейнай смерцю быць і ў гэтым маўчанні
 чуць тых струнаў, што Госпад правіцай трывожыў.
 
 Думаў я, калі кіну ў тагасветнай аблудзе
 на бясспеўныя грудзі зямлі ком дзяўчыне,
 лебядзіную думай адгукнуўшыся, грудзі
 стаю лебедзяў збудзяць у азёрнай даліне.
 
 А за вёскаю нашай рака ёсць сівая.
 Нейкі дзед у глыбіні закідваў мярэжы.
 Я спытаў: “Што за рэчка?” – а дзед: “Не бывае,
 каб імя мела тое, што тае ў бязмежжы.
 
 Тыкіч – кажуць адны, а другія – Магіла.
 Хто Далёкай, хто Блізкай заве – ды заўсёды
 вер старым: безназоўныя гэтыя воды.
 Ды й нашто рацэ назва? Дно ў сненнях згубіла”.
 
 А над вёскаю нашай боска вечарам шэрым...
 Калі сонца згасае сном пра сны нетрывалым,
 у душы паўстаюць незямныя хімеры
 і ўспаміны пра тое, што не існавала.
 
 Бачыў я ў такі вечар, як дзеўчына тая –
 здань, з душою, ў якой быў памёр салавейка,
 безгалосая скрыпка, без пастушкі жалейка
 да ракі йдзе і рукі прывітальна прастае.
 
 І, без слыху слухачка, стаіць над ракою,
 вуды кос залатых занурыўшы ў глыбіні...
 Мо хацела, рыбачка, сон злавіць галубіны –
 голас свой, што са дна б’е бруёй шапаткою.
 
 Альбо можа таму яна ладзіла ловы,
 што хацела спаймаць свой адбітак валоссем:
 мо хоць ён мае дар чалавечае мовы
 й чалавекам раскажа ўсё, што з сэрца рвалося.
 
 Вось выцягвае косы. Зоры ейныя вочы
 Поўняць іскрай вячыстаю, цьмянай і соннай...
 Сабе й свету чужая, на мяжы дня і ночы
 безыменная здань над ракой безназоўнай.
 
Вучань шаўца
(Szewczyk)
Маладзіку халодна й мулка –
 Патрапіў рог у комін хаты.
 Ліхтар, на дыбачкі прыўзняты,
 Працяў імглу ў канцы завулка.
 Шаўцовы вучань клышаногі,
 Не спіць, заняты справай важнай:
 Спраўляе бот на мерку Бога,
 Імя якому – Неасяжны.
 
 Будзь блаславёны тройчы
 Вынік творчых турбот:
 З іх у срэбранай ночы
 Гэткі родзіцца бот.
 
 Хмар Уладару, існы ў небе!
 Багаты дар маёй правіцы
 Прымі, каб ступ у хмарнай глебе
 Табе не збілі бліскавіцы.
 Дух, які паліць зор паходні,
 Звястуе хай зямлі й нябёсам:
 Там, дзе шавец бывае босым,
 Бог прыабуты як найгодней.
 
 Будзь блаславёны тройчы
 Вынік творчых турбот:
 З іх у срэбранай ночы
 Гэткі родзіцца бот.
 
 Хлеб мой штодзённы дай мне, Божа, –
 Адзіны мне ў жыцці мацунак.
 Даруй таму, хто ў нэндзы можа
 Даць толькі боты ў падарунак.
 Шыць значыць шыць – не больш у швіве,
 Дык шыйма, покуль маем сілы.
 Жыць значыць жыць. На Божай ніве
 Жывема да самой магілы.
 
 Будзь блаславёны тройчы
 Вынік творчых турбот:
 З іх у срэбранай ночы
 Гэткі родзіцца бот.
 
Жабрацкая балада
(Ballada dziadowska)
Стукаў-грукаў дзядуня па зямлі дзеравякай –
 Жабраком аднаногiм быў стары небарака.
 
 Йшоў каротка цi доўга – ды прыспеты быў стомай,
 Стаў ён задам да лесу ля рачулкi над стромай.
 
 Мутным вокам старэчым ён глядзеў счаравана,
 Як струменi струменяць – ой да-дана, да-дана!
 
 З глыбiнi вынурала дзеўчанё-вадзянiца –
 I вадой яму ў бельмы, бараду й нагавiцы.
 
 Аж скрывiўся дзядуня – а нячыстая сiла
 Звонкiм смехам смяшыла, горкiм смуткам смуцiла.
 
 Ў дзеда ўперыла вочы – два зялёныя споды –
 I абняла за ногi – спакушала, няўрода!
 
 Цалавала юрлiва, цалавала аддана
 Дрэва мылiцы сцертай – ой да-дана, да-дана!
 
 Пырскаў смехам дзядуня ў карак зданi схiлёнай,
 Ледзь не ўпрысядкi скокаў на травiцы зялёнай.
 
 Скокаў ён рукi ў бокi, гучна цмокалi губы –
 Аж трапляў дзеравякай у жамчужныя зубы!
 
 “Што ж ты песцiш-цалуеш толькi зломак палена?
 Што ж ты дзеда шануеш не вышэй ад калена?
 
 Мусiць, ногi – парогi для чарцінага племя,
 Ты, здыхлiна рачная, ты, лядачае семя!
 
 Што ж ты мёртвае дрэва спакушаеш упарта?
 Ой да-дана, да-дана – смеху гэта ўсё варта!”
 
 Валассём вадзянiца акруціла – і ў нюнi:
 “Ходзь са мною дзядочку, дзедзю, дзедку, дзядуню!
 
 Я цябе б сагравала на каралавай печцы,
 Я цябе б харчавала жвірам, лепшым у рэчцы.
 
 У маiм у палацы адпачнеш самавiта,
 Маiх палкiх цалункаў будзеш пiць акавiту!”
 
 Так сказала – й за торбу за жабрачую цягне
 Да вiроў да бяздонных, да загубнае багны.
 
 Нат не перажагнаўся – хвалi дзедку схавалi –
 Больш на белым на свеце пра яго не чувалi.
 
 Забурлiлi струменi – й зноўку сталася цiха,
 Бараду, плеш i торбу знесла воднае лiха!
 
 Толькi мылiца тая – сцерты зломак драўляны –
 Пабарола стыхiю – ой да-дана, да-дана!
 
 Усплыла ўжо нячыйнай – вызвалёнай з галечы,
 Уцякла ад калецтва i ад торбы старэчай!
 
 Калацiла-насiла, мыла мылiцу плёсам,
 Нiбы трэску фрэгата, што пазбыўся матросаў!
 
 Стала танчыць вясёла на сваiм люстраваннi,
 Да жыцця, да свабоды мкнула ў сонечным ззяннi!
 
 У рухавых падскоках закульгала праз хвалi
 Ой да-дана, да-дана – ў тагасветныя далi!
пераклад з польскай – Марыя Мартысевіч




