№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марыю ды Са-Карнэйру

Уладар сноў (Homem dos Sonhos)

Апавяданне

Пераклад з партугальскай Наталля Козінцава


Я ніколі не ведаў ягонага імя. Думаю, ён быў рускім, але я не ўпэўнены. Я пазнаёміўся з ім у Парыжы, у нейкім зашмальцаваным рэстаране “Шарцье” на Бульміш [1], у часы майго няўдалага студэнцтва на медыцынскім факультэце.

Штодзень мы вячэралі разам за адным столікам і аднойчы разгаварыліся.

Гэты чалавек меў арыгінальны і надзвычай цікавы склад розуму, выказваў смелыя погляды, дзіўныя ідэі – такія ж дзіўныя, як яго словы, такія ж экстравагантныя, як яго жэсты. Для мяне ён стаўся таямніцай. Пазней я пераканаўся, што не памыліўся, – гэта быў шчаслівы чалавек. І гэта не пустыя словы – гэта быў цалкам шчаслівы чалавек, такі шчаслівы, што нічога не магло знішчыць яго шчасце. Сваім сябрам я расказваю, што самым незвычайным выпадкам у маім жыцці было знаёмства са шчаслівым чалавекам.

Мне ўдалося пранікнуць у таямніцу чалавека адной чорнай золкай і дажджлівай ноччу. Я пачаў клясці жыццё, і мой суразмоўца падтрымаў мяне незвычайным для яго тонам:

“Вы маеце, маеце рацыю! Пачварнае гэтае жыццё, такое пачварнае, што не можа быць прыгожым. Возьмем, напрыклад, чалавека, які мае ўсё – здароўе, багацце, славу, каханне. Ён больш нічога не можа жадаць, ён валодае ўсім прыгожым, што існуе. Ён дасягнуў найвышэйшага шчасця, але ён нешчаслівы. Таму што няма большага няшчасця, чым немагчымасць жадаць!..

І паверце – мала трэба, каб дайсці да поўнага няшчасця. У жыцці, насамрэч, так няшмат ёсць, яно такое аднастайнае... І гэта датычыць усяго. Скажыце мне – вы яшчэ не стаміліся ад ежы, якую вам даюць з самага вашага нараджэння? Стаміліся, гэта непазбежна, але вы ніколі ад яе не адмаўляліся, бо вы чалавек, і вы не можаце і не ўмееце кіраваць сваім жыццём. Запрасіце найлепшых кухараў. Усе прапануюць вам мяса і гародніну – паўтузіну відаў гародніны, столькі ж відаў жывёл. Нават на зямлі – тое, што не ёсць часткай жывёльнага ці расліннага свету, абавязкова ёсць мінералам... Вось дзе добра выяўляецца неймавернае ўбоства Прыроды!

А што наконт пачуццяў? Пакажыце мне якое-небудзь пачуццё, якое ўрэшце не зводзіцца да двух – кахання ці нянавісці. А эмоцыі? Таксама дзве – радасць і боль. Бясспрэчна, у жыцці ўсё існуе па парах, як полы. Дарэчы, вы ведаеце што-небудзь больш незразумелае, чым гэтае дзяленне на два полы?

Але вернемся да матэрыяльнай сферы. Прыдумайце, чым могуць людзі яшчэ займацца, як не рэлігіяй, мастацтвам, тэатрам ці спортам. Я вас запэўніваю, у вас нічога не атрымаецца.

Несумненна, найлепшае, што існуе ў жыцці, – гэта рух, таму што рухаючыся з хуткасцю часу, мы забываемся на яго. Цягнік, што імчыць, – гэта механізм, які паглынае імгненні, і таму гэта найпрыгажэйшая рэч, вынайдзеная чалавекам.

Вандраваць – гэта жыць рухам. Але пасля некалькіх вандровак нам надакучвае манатоннасць зямлі, надакучвае да позеху. Паўсюдна – тыя ж пейзажы, тыя ж дэкарацыі – горы ці раўніны, моры ці палі і лясы, тыя ж колеры – блакітны, зялёны і карычневы, а ў паўночных краінах – асляпляльна белы, бясконцы, абсалютнае ўвасабленне манатоннасці. У мяне быў сябар, які скончыў жыццё самагубствам праз немагчымасць зведаць іншыя колеры, іншыя пейзажы, акрамя тых, што існуюць. І я на яго месцы зрабіў бы тое ж самае”.

Я ўсміхнуўся, іранічна зазначыўшы: “Аднак вы гэтага не зрабілі...”

“Але за каго Вы мяне прымаеце?.. Я ведаю іншыя колеры, ведаю іншыя краявіды. Я ведаю тое, што хачу! Я маю што хачу!

Яго незвычайныя вочы ззялі, наблізіўшыся да мяне, ён крыкнуў: “Я не такі, як усе! Я шчаслівы, разумееце, шчаслівы!”

Яго паводзіны і голас былі такія дзіўныя, што мне здалося, што я размаўляю з вар’ятам, і вельмі захацелася скончыць нашую гутарку. Але не было нагоды, і я вымушаны быў застацца, каб пачуць надзвычай дзіўнае прызнанне гэтага дзівака:

“Гэта праўда. Я шчаслівы чалавек. Я ніколі нікому не адкрываў свайго сакрэту. Але сёння, не ведаю чаму, я раскажу вам пра яго. Дык вы падумалі, што гэта і ёсць маё жыццё?.. Як жа сумна я жыву паводле вашых уяўленняў! Я меркаваў, што вы лепш да мяне ставіцеся. Калі б я жыў толькі гэтым жыццём, я б даўно ўжо ад яго памёр. Мой гонар неўтаймоўны, і для мяне жыць так – найвялікшы сорам. Я не перастану крычаць вам: чалавечае жыццё – гэта немагчымая рэч: ніякай разнастайнасці, нічога новага. Я параўноўваю яго з меню рэстарана, якое штодзённа прапаноўвае адны і тыя ж стравы, аднаго і таго ж выгляду, аднаго і таго ж смаку.

Дык вось. Мне ўдалося зрабіць існаванне разнастайным – і разнастайным штодзённа. Я валодаю не толькі тым, што існуе, – разумееце? – але і тым, чаго не існуе. (Дарэчы, толькі няіснае можа быць прыгожым). Я спазнаў імгненні, якіх больш нікому не зведаць, – створаныя мной гадзіны і пачуцці, я жыву толькі сваімі пажадамі, вандрую па далёкіх землях, таямнічых краінах, якія існуюць толькі для мяне, не таму, што я іх адкрыў, а таму, што я іх стварыў. Бо я ствараю ўсё. Аднойчы мне давядзецца стварыць ідэал – не авалодаць ім – пабудаваць яго. Я ўжо ўяўляю яго – фантастычны... і абсалютна гладкі... гладкі... ён сягае блакітнай вышыні... высечаны ў перамозе... у бляску золата... не, не золата – металу, больш залатога, чым золата...

Зрэшты, відавочна, мне не стае словаў, перадаць усё тое цудоўнае і няіснае... О, ідэал... ідэал... Сёння буду сніць яго ўначы... Таму што менавіта ў снах я жыву і ўсё спазнаю. Разумееце? Я панаваў над снамі. Я сню, што хачу. Жыву, што хачу.

У мяне былі цудоўныя вандраванні. Я раскажу вам пра некаторыя... Найпрыгажэйшым – бо самым жудасным – было вось гэтае:

Мне надакучыла святло. Усе краіны, дзе я быў, усе краявіды, якія я сузіраў, – удзень усё патанала ў святле сонца, уначы – у святле зор. О, як мяне раздражняла гэтае вечнае надакучлівае святло, заўжды аднолькавае, яно заўжды пазбаўляе рэчы таямнічасці. Такім чынам, я выправіўся ў напаўзабыты край у звышрэальным свеце, дзе гарады і лясы патанаюць у вечнай непрагляднай цемры... Няма словаў, здольных перадаць прыгажосць, якую мне давялося спазнаць у тым незвычайным краі. Бо я бачыў цемру. Ні ваш, ні чыйсьці яшчэ розум, канечне, не можа гэтага спасцігнуць...

Гэта быў неабсяжны горад, сталіца... Бясконца ўзвышаліся бяскрайнія бульвары з агромністымі дрэвамі ўздоўж. Бязмоўны натоўп запаўняў іх, трамваі, вялізныя аўтобусы, аўтамабілі кружыліся ў адным рытме, зліваліся ў бязгучным гуле. І ўся тая цішыня ядналася ў музыку. О, ад страху, чароўнага і новага, мяне пачала біць ліхаманка, усё маё цела быццам растала. Перад маімі вачыма адкрылася жыццё – схаванае ў змроку і таму поўнае таямніц. Узвышанае і жудаснае відовішча! Я бачыў цемру!.. Бачыў цемру!.. У нейкім згубленым завулку я ўбачыў двух палюбоўнікаў, якія кусалі вусны адно аднаго. О, якімі велічнымі мусілі быць тыя глыбокія пацалункі ў найвышэйшай чарнаце бясконцага змроку! Далей я ўбачыў крывавую сцэну – скрыжаваліся стылеты, чуліся крыкі болю... Ніколі ў жыцці мне не было так вусцішна, як у той момант... А ў наваколлях гораду – вінаграднікі і палі спелай пшаніцы і збожжа, фруктовыя сады, у якіх шапаціць вецер... усё, усё жыццё – у непраходным змроку... Які трыюмф! Які трыюмф!..

Мусіць, найвялікшае маё дасягненне падчас вандравання – гэта тое, што я зведаў дасканалы свет, свет, не абмежаваны дзвюма поламі... Я бачыў лабірынты пераплеценых целаў, якія авалодвалі адно адным у ланцугу працяглых, паслядоўных, сапраўдных экстазаў, якія змянялі адно аднаго ў бясконцай мімалётнасці... Бясконцасць! Бясконцасць! Гэта было як сапраўдная ода плоці, велічная партытура распусты, ад якой трапятала ў віры усё гэтае мноства полаў... Жыццё слізгоча па хвалях... жыццё слізгоча па хвалях...

Немагчыма апавесці пра ўсе мае вандраванні, аднак хачу расказаць вам пра яшчэ адну краіну.

Дзіўная гэтая краіна... Там усё такога колеру, які я не магу вам апісаць, бо яго не існуе, – такога колеру, які не быў колерам. Гэта і было найвышэйшай прыгажосцю краіны. Атмасфера таго краю – яна не складалася ні з паветра, ні з якога іншага газу, гэта была не атмасфера, гэта была музыка. У той краіне дыхалі музыкай . Але найдзіўнейшымі былі жыхары гэтага краю. У іх былі душа і цела, як у зямных людзей, аднак толькі душа была бачнай, рэальнай і акрэсленай?. Целы былі нябачныя, няведамыя і загадкавыя, такія ж нябачныя, загадкавыя і няведамыя, як нашыя душы. Можа нават, іх і не існавала, як, магчыма, не існуе нашых душаў...

Ах, якія чароўныя пачуцці спазнаў я ў гэтым краі!.. Мой дух набыў свабоду... Мне здавалася, што я зведаў тое, што немагчыма зразумець... Аднойчы я мушу вярнуцца ў гэтую непараўнальную краіну, гэты край Душы.

Так, мой сябра, я вандрую туды, куды захачу. Для мяне заўсёды ёсць новыя краявіды. Калі я хачу ўбачыць горы, я замест Швейцарыі еду ў іншыя краіны, туды, дзе горы вышэйшыя, а ледавікі ззяюць ярчэй. Для мяне існуе безліч разнастайных горных пейзажаў, і моры, якія насамрэч не моры, неабсяжныя абшары – не горы і не раўніны, а нешта больш прыгожае, высокае ці гладкае– нарэшце, больш тонкае. Свет для мяне выйшаў за свае межы – гэта Сусвет, але Сусвет, які бясконца пашыраецца і расце. Іншымі словамі, гэта не Сусвет, гэта нешта іншае.

У духоўным сэнсе для мяне таксама няма бар’ераў – акрамя кахання і нянавісці я перажываў і іншыя пачуцці, якія не магу вам растлумачыць, бо толькі я іх перажываў і, вядома, не магу апісаць іх словамі ці знайсці ім параўнанне, каб вы мяне зразумелі. Я адзіны чалавек, якога гэтыя пачуцці здольныя крануць. Таму няма неабходнасці мець голас, каб пра іх расказаць, бо няма таго, хто б гэта зразумеў. Дарэчы, тое ж самае адбываецца і з найлепшымі імгненнямі, якія я перажываў. Я магу вам расказаць толькі пра тыя, якія хоць крыху нагадваюць жыццё і якія менавіта з гэтай прычыны менш за ўсё мяне захапляюць.

Зараз я крыху апавяду вам пра мае апошнія распусты. Цела жанчыны – несумненна цудоўная рэч, валодаць раскошным голым целам – гэта амаль што нечалавечая асалода, амаль што мара. Ах, гэтая залацістая таямніца сціснутых грудзей, якая ўвасабляецца ў пацалунках, белых грудзей, што, як лязо, рэжуць нашую плоць на мармуровыя кавалкі экстазу... ногі, нервова выцягнутыя ўгару – працяглыя скалананні каралеўскай оргіі... губы, што былі высечаныя, каб раніць каханнем... зубы, якія скрыгочуць і пакідаюць след ў незямных спазмах... Так, гэта прыгожа, усё гэта вельмі прыгожа! Але, на жаль, існуе толькі некалькі спосабаў валодаць усёй гэтай прыгажосцю. Няхай целы пераплятаюцца ў сутаргах, няхай іх пакрываюць палкімі пацалункамі, хай нават льецца кроў... Двое мілуюцца, сплятаюцца, паглынаюць адно аднаго – і усё заканчваецца ў адной спазме, заўсёды аднолькавай, бо зыходзіць яна з адных і тых жа органаў!..

Вось так! Я валодаў жанчынамі тысячай іншых спосабаў, біўся ў спазмах, якія зыходзілі з іншых органаў.

Ах, як гэта цудоўна – валодаць толькі вачыма... Нашая плоць не датыкаецца – нават злёгку – да голага цела каханкі. Нашыя вочы, толькі нашыя вочы смокчуць яе вусны і сціскаюць яе грудзі... Па нашых венах цячэ пякельная рака, нашыя нервы дрыжаць, як лірныя струны, мы адчуваем валасамі, нашыя цягліцы напінаюцца... і нашыя вочы вычэрпваюць усю гэтую прыгажосць, пакуль наш зрок не пашыраецца, мы пачынаем бачыць усім целам, якое скаланаецца і дрыжыць, і бясконцая спазма, спазма ценю, раздзяляе нашую плоць у спатоленай палкасці. Мы дасягаем вяршыні асалоды! Мы авалодваем целам жанчыны толькі позіркам. Авалодваем фізічна, але нематэрыяльна, як можна любіць толькі душамі. І экстазы, якія нас скаланаюць, – больш ласкавыя, больш спакойныя, але не менш чароўныя.

Ёсць яшчэ адна распуста, пра якую, дзеля цікавасці, хачу вам расказаць – гэта поўнае авалоданне целам жанчыны, якое мае смак сцісканых грудзей.

Сябра, зразумейце мяне: я шчаслівы таму, што я маю ўсё, чаго жадаю, і таму, што ніколі не вычарпаю таго, чаго магу жадаць. Я змог зрабіць Сусвет бясконцым... бясконцым – так усе яго называюць, але ён для іх – не больш як вузкі кавалак поля, абнесены добрым мурам”.

Наступіла поўная цішыня. У маёй галаве праносіўся са свістам тайфун, і фантастычныя галавакружныя выявы, якія ўскалыхнуў незнаёмец, здавалася, імкнуліся ператварыцца ў нешта больш рэальнае. Але як толькі я хацеў іх затрымаць, яны знікалі, як мыльныя бурбалкі.

Чалавек дадаў: “Жыццё – гэта банальнасць. Я змог пераадолець гэтую банальнасць. Вось і ўсё”.

І замовіў каньяк.

Мы не бачыліся два дні. Калі мы ізноў сустрэліся за адным столікам у рэстаране, я прыкмеціў іншы выраз на яго твары. Ён прызнаўся мне: “Я ўжо зведаў ідэал. Зрэшты, ён не такі прыгожы, як я сабе ўяўляў... А вы, сябра мой, чым займаліся?”

Мы пачалі размаўляць пра звычайныя рэчы. Я хацеў перавесці гаворку на яго жыццё ў снах, але ўсе мае спробы не мелі поспеху.

Мы выйшлі з рэстарана. Ён праводзіў мяне дахаты. Пажадаў мне добрае ночы. Больш мы з ім не бачыліся.

Я доўга думаў пра дзіўнага чалавека – цягам месяцаў успаміны пра яго пераследавалі мяне і непакоілі. Мне таксама хацелася спазнаць сакрэт уладара сноў. Але беспаспяхова, мне так не ўдалося запанаваць над імі, і праз нейкі час я адмовіўся ад залацістай хімеры.

З таго часу ўвесь мой імпэт перарос у жаданне праліць святло, хоць і змрочнае, на цудоўную загадку.

І нарэшце аднойчы дзень трыюмфу надышоў, і я зведаў ісціну.

Кім быў той чалавек? Таямніцай! Таямніцай! Я ніколі не хацеў нічога пра яго ведаць. Ён шмат разоў праводзіў мяне дахаты – а я ніколі не ведаў, дзе ён жыве. Я лічыў яго рускім, але ён мне ніколі гэтага не казаў.

Высокі, вельмі высокі і хударлявы. Даўгія курчавыя валасы самотнага бялявага колеру – мімалётнага, фантастычна блакітныя вочы, несумненна самыя дзіўныя вочы, што свяцілі мне ў маім жыцці. Я толькі магу ўзгадаць несупадзенне: у іх быў жывы бляск, але яны не блішчэлі.

Здавалася, што яго ліхаманкавы голас, прыглушаны і звонкі, ідзе са штучнага горла, якога няма ў ягоным целе. Калі ён крочыў – спрытна, шырока, ціха, нібы не па зямлі, – складалася ўражанне, што ён нерашуча ступае па паветры. Самае дзіўнае, што такімі ж нерашучымі, туманнымі былі рысы яго твару. Яны пастаянна мяняліся, было амаль немагчыма з’яднаць іх: нават вялікі мастак з цяжкасцю змог бы зафіксаваць на палатне жвавы твар гэтага чалавека – уладара сноў. Нават знаходзячыся доўгі час перад гэтым мімалётным тварам немагчыма было спазнаць яго.

Наогул, яго твар, яго хада, яго жэсты, голас стваралі ўражанне, што незнаёмец быў істотай няяснай, невыразнай і зменлівай, нерэальнай... Істотай сну! – маланкай пранеслася ў мяне думка.Так, майго героя можна было лёгка параўнаць з тымі істотамі, якія з’яўляюцца нам у снах, і потым зранку, колькі б мы ні спрабавалі, мы не можам цалкам іх матэрыялізаваць, таму што нам не стае падрабязнасцяў усяго малюнку. Мы можам памятаць вочы, але забыцца на абрыс роту, ведаем, што валасы былі каштанавыя, але фантастычны колер вачэй у памяці не захоўваецца. Карацей, мы не можам цалкам узнавіць невыразны вобраз, пабачаны намі ў сне. Яго рысы ўнікаюць нас – як унікалі рысы дзіўнага чалавека.

Я хацеў сказаць, што цудоўны незнаёмец быў персанажам сноў – але ў той жа час рэальным чалавекам.

Але менавіта тады, калі, заганарыўшыся, я сабе гэта ясна ўявіў, цудоўная таямніца стала неадчэпна мяне пераследаваць.

Я баяўся страціць розум, і не ведаю, што сталася б з маёй беднай галавой, калі б урэшце мне не ўдалося нырнуць глыбей у блакітную бездань.

Калі чалавек сноў быў персанажам са сноў, але ў той жа час і рэальнай істотай, ён павінен быў жыць рэальным жыццём. Нашым жыццём, маім жыццём, жыццём усіх нас? Немагчыма. Ён мне прызнаўся, што гэтаму ненавіснаму існаванню ён не мог супрацьстаяць. Акрамя таго, у гэтым існаванні ён паводзіў сябе, як істота са сноў. Так, нерэальная постаць, невыразная, з нерэальнымі і невыразнымі рысамі. Але калі ён не жыў гэтым жыццём, але лёгка ўзнікаў у ім, значыць, ён яго сніў.

І так я мог сузіраць бясконцасць. Чалавек-дзівак сніў жыццё, жыў у сне. Мы жывем тым, што існуе. Прыгажосць – у нас стае моцы толькі каб сніць яе. Але не для яго. Ён зрынуў рэальнасць, прыгаварыў яе да існавання ў снах. І жыў у нерэальнасці.

Уздымаецца хімерны пыл...

Залатыя крылы! Залатыя крылы!..


Парыж, сакавік 1913 г.

© Наталля Козінцава, пераклад, 2009

[1] Бульміш (le Boul' Mich') – разм. для Бульвар Сен-Мішэль (Le boulevard Saint-Michel) – адной з буйных вуліц Лацінскага кварталу ў Парыжы.


Пераклад з партугальскай – Наталля Козінцава © 2013

Чытайце таксама

Станіслаў Бараньчак

Станіслаў Бараньчак

Польскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, эсэіст, перакладчык, актыўны дзеяч Салідарнасці

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

Хаім Нахман Бялік

Хаім Нахман Бялік

Габрэйскі паэт і празаік, класік сучаснай паэзіі на іўрыце і ідышы.

991