№16: (Не) жаночае аблічча

№16: (Не) жаночае аблічча

Усе нашыя ўяўленні пра “сапраўдную” літаратуру пачынаюцца ў школе. Са сценаў кабінетаў літаратуры, як і сто гадоў таму, на вучняў глядзяць сур’ёзныя шырокабародыя мужы, якія ведаюць пра жыццё ўсё і са сваіх партрэтаў вучаць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчатак, як насамрэч збудаваны свет і што значыць жыць правільна. А ўзнёслыя настаўніцы вядуць вучняў уздоўж партрэтаў па вузкай дарожцы школьнай праграмы і ўкладваюць у яшчэ падатлівыя галовы літаратурны канон, які сведчыць: сапраўдную літаратуру стваралі толькі мужчыны. Жанчыны ж, чые партрэты маглі трапіць на сцены, калі дазваляла прастора, могуць звацца толькі “паэтамі”, таму што “паэтэса” — гэта так прыніжальна. У школе мы даведваемся, што ў літаратуры, як і ў вайны, не жаночае аблічча.

Чытаць далей
Эдрыен Рыч Калі мы, мёртвыя, прачнемся: пісьмо як рэ-візія. Эсэ Прымаючы студэнтак сур’ёзна. Эсэ Жанчыны і гонар: Некалькі нататак пра хлусню. Эсэ Прадмова: Пра гісторыю, непісьменнасць, пасіўнасць, гвалт і жаночую культуру. Эсэ “Яе раны паходзяць з той самай крыніцы, што і яе сіла…” Вершы Эльфрыдэ Елінэк Наўзбоч. Нобелеўская лекцыя Наталля Паваляева Элизабет Бишоп, awful but cheerful. Ангельская жаночая проза: этапы гісторыі. Англа-амерыканская фемінісцкая крытыка: гісторыя і некаторыя тэарэтычныя аспекты Элізабэт Бішап Два вершы Х.Д. Гелена ў Егіпце. Урыўкі з цыклу Хінемаана Бэйкер Хатнія роды. Вершы Люба Якімчук Я надзену чорныя бровы. Вершы Дайва Чапаўскайтэ Слёзы мае чырыкаюць Вершы Юля Цімафеева “Моцныя маці”: як паўставала жаночая паэзія ў ЗША Джойс Кэрал Оўтс Чаму вашы творы такія жорсткія? Эсэ Вірджынія Вулф Хвалі. Урывак з рамана

Леапольд Стаф

Апошняе падарожжа

Вершы



Ты

(Ty)

Валасы твае, харугва мае любасці.
Лоб твой, цёплы і выпуклы, як кадзіла.
Вочы твае, што засынаюць на твары тваім.
Вусны твае, брама ў Вырай.
Зубы твае паміж вуснамі тваімі, як снег на барве.
Язык твой, саспелы для вуснаў маіх.
Шыя твая, калона з косці слановай.
Плечы твае, гладкія, як думка дзяўчыны.
Рукі твае, што двума языкамі полымя ахінуць маё цела.
Грудзі твае, напятыя, аддацца гатовыя.
Жывот твой, мармуровы пляц перад храмам.
Ногі твае, стуленыя, як двое пужлівых ягнятак.
Ступні твае, што пераступілі парог майго дому і якія я ўскладаю на лоб свой.

Бітва

(Bitwa)

Мы вычарпалі словы кахання.
Як апаноўвае маўчанне шэрагі двух войскаў, што цалкам аддаліся бітве, так маўчанне легла паміж намі.
Я аддаўся бітве кахання. Звонам шабляў былі нашыя пацалункі, уздыхам параненых было нашае цяжкое дыханне, грукат колаў быў у нашых жылах.
І я адкінуў цябе прэч, як падзертую харугву.

Пясок

(Piasek)

Падумай пра тысячы гадоў, якія спатрэбіліся, каб дождж, вецер, рэкі і мора ператварылі скалу ў радно пяску, якім ты бавішся.
Падумай пра тысячы існаванняў, якія спатрэбіліся, каб вусны твае былі гарачымі ад пацалункаў маіх.
Як пілігрым, які пяском ачышчаецца ад грахоў, падношу ў далонях сваіх дзве прыгаршчы пылу, якім ты бавішся, і паліваю ім свае плечы.

Карціны

(Obrazy)

Певень, што пяе, конь, што іржэ, кот, што вяртаецца: золак.
Лілея, што хіліцца, лімон, што падае, дрэва, што распускаецца: поўдзень.
Пяскі, якія сінеюць, дым, які ўздымаецца, каханкі, што знаходзяць адно аднаго: ноч.

Пасля

(Potem)

Яна заснула ў маіх руках. Каб асланіць яе ад холаду ночы, я ціха распусціў яе валасы на яе грудзях.
У траве вакол нас жамярынкі адна за адной наноў распачалі гудзенне.
Тым часам маткі так люлялі сваіх дачок.

Праблемы

(Problemy)

Праблемы не вырашаюцца.
Праблемы перажываюць сябе,
Як дні, што, мінаючы, знікаюць.
Як зношаная вопратка,
З якой ужо вырас,
Спадае з плеч.
І ў апошнія дзверы
Ўваходзіш аголены і вольны,
Як золак.

Мова

(Mowa)

Не трэба разумець спеву салаўя,
Каб ім захапляцца.
Не трэба разумець кумкання жаб,
Каб ім упівацца.
Я разумею мову чалавека,
У якой ёсць двурушныя словы, што маняць.
Калі б я яе не разумеў,
Быў бы найвялікшым паэтам.

Крыўда

(Krzywda)

Мой мудры сабака
Пражыў сваё кароткае жыццё,
Нават не ведаючы,
Што свет – загадка.

Вясна

(Wiosna)

Сяджу ў садзе.
Усё старое, як свет.
Сонца, дрэвы, кветкі.
Толькі я малады,
Як уласны ўнук,
Як шмат унукаў,
Бо іх багата.
Яны смяюцца з мяне.
Я таксама.

Вечар

(Wieczór)

Ляжу ў чоўне
Ціхім адвячоркам.
Зоркі нада мною.
Зоркі пада мною
І зоркі ўва мне.

Апошняе падарожжа

(Podróz ostatnia)

Хачу здзейсніць падарожжа і не бяру з сабою пэндзляў.
Іду шукаць адказу, якога няма ў спеве салаўя, ва ўсмешцы жанчыны, у водары ружы.
Пакідаю вам свае вершы. Чытайце іх, калі маўчанне сусвету аточыць вас, калі задрыжыце ў трывозе.
Я ўслаўляў водар ружы, усмешку жанчыны, спеў салаўя і не вывеў нідзе знаку, які абазначае смутак.
Аднойчы вечарам, калі будзеце любавацца поўняй над расквітнелым міндалём, узгадайце паэта, смутак якога быў такі вялікі, што ён рушыў у падарожжа ў край, адкуль няма вяртання.

Заўжды!

(Zawsze!)

Гляджу на лісты мёртвыя, апалыя долу. Нічога не змянілася для мяне паміж іх нараджэннем і сконам! Я быў нешчаслівы, калі пасля зімы наступіла вясна. Цяпер восень, і мне яшчэ больш сумна.
Сонца, сонца! Што з твайго вяртання, калі яна пакінула мяне назаўсёды!

Песня

(Pieśń)

Чуецца песня... Гэта жабрак. Калі нават ён спявае, гэты стары, што ніколі нічога не меў, чаму енчыш ты, у якога столькі цудоўных успамінаў?


пераклад з польскай – Ганна Міхальчук



Пераклад – Ганна Міхальчук © 2009

Чытайце таксама

Сэфі Ата

Сэфі Ата

Нігерыйская пісьменніца, драматург. Жыве ў ЗША, піша па-ангельску

Публій Авідый Назон

Публій Авідый Назон

Адзін з найбольш значных паэтаў залатога веку рымскай літаратуры

Хрыста Боцеў

Хрыста Боцеў

Балгарскі паэт, рэвалюцыянер і нацыянальны герой змагання супраць турэцкага іга

Сулейман Дыяманка

Сулейман Дыяманка

Сенегальска-французскі паэт, слэмер, спалучае паэзію і музыку

5528