№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Міхай Эмінэску

Вурдалакі (Strigoii)

Паэма

Пераклад з румынскай К. Коракс

І

 

...і развеецца гэта, як дым над зямлёй.
Як кветкі, адцвілі яны, як трава, былі скошаныя,
і абгарнулі іх палатном, і зямлёю засыпалі.


У храме старажытным, пад велічным скляпеннем,
Між мноства свечак — жарам пячэ й адна іскра, —
У саване, абліччам нямым да алтара,
Спіць вечным сном нявеста аварскага цара,
І поўніцца прастора святарскім песнапеннем.

Ўніз валасы ліюцца залевай залатою,
Аздобы ззяюць ярка, ды смерці ўсё адно:
Запалі вочы, ўсмешку святую ледзь відно
На вуснах нерухомых, чырвоных, як віно,
На твары, што заліты жахлівай белізною.

Перад труною ўкленчыў аварскі горды ўладца,
Агонь адчаю позірк Аральду запаліў
І вочы слёз пазбавіў, крывёю іх наліў,
Крык з горла рвецца — гора спыняе той парыў,
Адно сабе самому цар можа спавядацца.

“З глыбі лясоў вячыстых зусім яшчэ хлапчом
Я паглынаў вачыма свет у нямой пажадзе,
Я марыў, каб ён цалкам маёй скарыўся ўладзе,
Я царствы і народы ўздымаў у мройным чадзе
І ў хуткіх хвалях Волгі адшукваў брод мячом.

І многія народы маёй здаліся сіле,
І свет дрыжаў ад дзёрзкай, цяжкой мае хады,
Паўбогам быў я грозным для дзікае арды.
Плямёны качавыя, што я паслаў тады,
Да полюсу бяскрайні прастор запаланілі.

Пакінуў Одын неба — свой храм з ільдоў, калі
Пайшлі яго народы за зоркаю крывавай:
Жрацы яго сівыя іх спакусілі славай —
І, выракшыся міру, з лясоў нястрымнай лавай
Шматтысячныя войскі да Рыму пацяклі.

І смерць тваіх падданых з маіх прымала рук,
І да Днястра дайшоў я, і на маёй дарозе
З дарадцамі ты стала, прыўкрасная, бы ў крозе,
І апусціў я вочы, красы трываць не ў змозе, —
Раз’ятраны шаленец... спалоханы хлапчук.

Я затрымцеў, пачуўшы твой голас, поўны чараў,
Табе ў адказ ні слова прамовіць я не змог —
О, лепш бы разышлася зямля тады ля ног...
Далоні твар закрылі, і слёзы на вачох
Упершыню адчуў я... Я болей не ўладарыў.

Мяне з усмешкай дзіўнай, што на губах трымцела,
Пакінулі дарадцы з табою аднаго.
Чаму сюды прыйшла ты з дунайскіх берагоў, —
Пытаў цябе я потым, — адкрый жа мне, чаго
Ад варвара з дрымучых лясоў ты захацела?

З вачэй глядзела неба, пяшчотай чыстых слёз
Гучаў ласкавы голас — струны трымтлівай звон:
“О рыцар уладарны, аддайце мне ў палон
Вы хлопчыка-Аральда, жадаю я, каб ён
Пакорліва й слухмяна даверыў мне свой лёс”.

І, меч табе аддаўшы, уладу й моц саму,
Я жыць стаў, як належыць дзіцяці, не герою,
Пра ўвесь сусвет я марай не цешыўся старою,
Я слухаў вашы песні, і сэрца той парою
Ты аддала, ўладарка, палонніку свайму.

Як толькі ад паглядаў хавала ўсё імгла,
Са светлай дзевай піў я да дна кахання чару.
Мне не забыць ніколі ні белых рук, ні жару,
З якім ты ў палкай бітве шаптала мне: “О цару,
Прасіць майго Аральда я да цябе прыйшла”.

Калі б прасіла земляў ты гораду любога,
Карон цароў вянчаных ці камянёў каштоўных,
З начнога небасхілу адвечных зор вандроўных...
Я здзейсніць мог любое з жаданняў невымоўных —
Ты ж аднаго Аральда жадала, больш нічога.

Ах, дзе той час забыты, калі шукаў я брод
Да вольнага сусвету, да неасяжнай далі...
Лепш бы не стрэў цябе я, каб дух не ведаў жалю,
Каб гарады за спінай руінамі ляжалі,
Як мары, што ў лясах я выношваў столькі год”.

Гараць агні над тою, якое больш няма.
Дунайскую царыцу праводзячы ў магілу,
Манахі йдуць, што прышласць прадбачыць маюць сілу,
І святары, чый позірк жыццё амаль згасіла,
З глухімі галасамі, старыя, як зіма.

Спеў сціх; труну царыцы прымае склепу ціш,
Жрацоў чужое веры амаль не чутна кроку,
У цемры непрагляднай не разабрацца зроку,
Выхоплівае свечкі агонь з густога змроку
На камні надмагільным пячатку з воску — крыж.

Цалкам паэма з'явіцца на нашым сайце пазней.

© К. Коракс, пераклад, 2009

Пераклад з румынскай – К. Коракс © 2013

Чытайце таксама

Мойшэ Кульбак

Мойшэ Кульбак

Беларуска-габрэйскі пісьменнік і перакладчык, пісаў на мове ідыш

Вірджынія Вулф

Вірджынія Вулф

Ангельская раманістка і эсэістка, адна з самых яркіх фігураў ангельскага мадэрнізму XX ст.

Ія Ківа

Ія Ківа

Паэтка, перакладчыца, журналістка.

Жан Както

Жан Както

"Чалавек-аркестр" французскай культуры, выявіўся ў разнастайных галінах мастацкай дзейнасці.

1011