№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эдгар Алан По

Авальны партрэт (The Oval Portrait)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Замак, у які мой слуга рызыкнуў заламіцца дзеля таго, каб пазбавіць мяне, моцна зраненага, неабходнасці правесці ноч на адкрытай прасторы, быў адным з тых вялізных змрочна-шыкоўных будынкаў, чые насупленыя абрысы часта сустракаюцца сярод Апенінаў – не радзей, чым у фантазіях місіс Рэдкліф [1]. Мяркуючы па ўсім, зусім нядаўна яго часова пакінулі. Мы размясціліся ў адным з самых сціплых і найменш мэбляваных пакояў, што знаходзіўся ў самай аддаленай вежачцы. Багатае і старадаўняе ўбранне пакоя ўжо амаль сатлела. На сценах віселі габелены і мноства разнастайных геральдычных знакаў, а побач з усім гэтым – шматлікія яркія сучасныя карціны ў рамах, багата ўпрыгожаных залатымі арабескамі. Гэтыя карціны, якія віселі не толькі па ўсіх сценах, але і ў самых патаемных куточках, што цалкам адпавядала вычварнай архітэктуры замку, – гэтыя карціны пад уплывам трызнення, што толькі-толькі пачало мяне мучыць, прыцягнулі маю ўвагу. Ужо надышла ноч, і я загадаў Пэдра зачыніць цяжкія аканіцы, запаліць свечкі ў высокім кандэлябры, што стаяў ля ўзгалоўя майго ложка, і расхінуць махрыстыя гардзіны з чорнага аксаміту вакол яго. Усё гэта было неабходна дзеля таго, каб у выпадку бяссоння я мог хаця б заняць сябе сузіраннем карцінаў і чытаннем маленькай знойдзенай на падушцы кнігі, прысвечанай іх апісанню і разгляду.

Доўга, доўга чытаў я – і пільна, вельмі пільна ўглядаўся ў карціны. Час бег хутка, бавіўся прыемна і неўзабаве наблізіўся да апоўначы. Мяне пачаў раздражняць кандэлябр, што стаяў у нязручным месцы, і каб не будзіць заснулага слугу, я з цяжкасцю працягнуў руку і пераставіў яго. Цяпер святло падала акурат на кнігу.

Аднак дзеянне гэтае мела зусім неспадзяваны вынік. Святло шматлікіх свечак (а іх насамрэч было шмат) выхапіла з цемры той куточак пакоя, што дагэтуль хаваўся ў цені ад балдахіну, і ў яркім ззянні я ўбачыў раней не заўважаную карціну. Гэта быў партрэт маладой дзяўчыны, якая толькі-толькі пачала ўбірацца ў пару спелага жаноцтва. Я мімаходзь зірнуў на карціну і заплюшчыў вочы. Мне самому цяжка было патлумачыць, чаму я зрабіў менавіта так. Аднак пакуль мае павекі заставаліся апушчанымі, я прыдумаў прычыну гэтага. Мне трэба было выйграць час, каб засяродзіцца і ўпэўніцца, што зрок не падмануў мяне, каб супакоіцца, утаймаваць фантазію і падрыхтавацца да больш цвярозага і ўпэўненага агляду. Праз некалькі імгненняў я зноў уважліва паглядзеў на карціну.

Тое, што я ўбачыў, не падлягала сумневам; святло свечак, што падала на палатно, адразу ж развеяла здранцвенне, якое паралізавала ўсе мае пачуцці, і імгненна вярнула мяне да жыцця.

Як я ўжо сказаў, на карціне была намаляваная маладая дзяўчына, дакладней, яе галава і плечы, выкананыя ў так званай тэхніцы віньетак, вельмі падобнай да ўлюбёнай тэхнікі Салі [2]. Рукі, грудзі, нават асляпляльныя валасы паступова пераходзілі ў невыразны і таямнічы цень, які ўтвараў фон карціны. Рама авальнае формы была багата пазалочаная і ўпрыгожаная арнаментам у маўрытанскім стылі. Ніколі не бачыў я прыгажэйшага мастацкага твора, чым гэтая карціна, аднак ні тэхніка выканання, ні несмяротная чароўнасць твару не змагла б так нечакана і так глыбока ўразіць мяне. І менш за ўсё магло так стацца, што мая абуджаная фантазія пераблытае гэты твар з тварам жывога чалавека. Я адразу заўважыў, што асаблівасці выявы, віньеткі і рамы павінныя імгненна развеяць такое ўражанне і нават папярэдзіць яго. У развагах над гэтым пытаннем я каля гадзіны правёў напаўседзячы, напаўлежачы, не адрываючы погляду ад карціны. Нарэшце я зразумеў сакрэт гэтага эфекту і, задаволены, лёг у ложак. Я заўважыў, што прыцягальная моц карціны тлумачыцца поўнай жыццепадобнасцю выразу твару, які спачатку здзівіў, а пасля заблытаў, уразіў і падпарадкаваў сабе. З глыбокім і амаль пабожным трымценнем я вярнуў кандэлябр на былое месца. Прычына майго хвалявання знікла з поля зроку, і я схапіўся за кніжку, у якой апісваліся карціны і іх гісторыі. Разгарнуўшы яе на старонцы, дзе апавядалася пра авальны партрэт, я прачытаў наступныя невыразныя і па-старадаўняму вытанчаныя словы:

Яна была дзяўчынай рэдкае прыгажосці, але весялосць яе пераўзыходзіла прывабнасць. У злавесную гадзіну яна ўбачыла мастака, і пакахала яго, і выйшла за яго замуж. Ён, апантаны, працавіты й суворы, ужо быў заручаны з Мастацтвам. Яна, дзяўчына рэдкае прыгажосці, чыя весялосць пераўзыходзіць нават прывабнасць, гарэзная, як маладое аленяня, усміхаецца і свеціцца, усіх любіць і пра ўсіх клапоціцца, ненавідзіць толькі Мастацтва, сваю суперніцу, баіцца толькі палітры й пэндзляў ды іншых капрызных інструментаў, што адбіраюць у яе твар каханага. І з жахам слухала яна мастака, калі той сказаў, што жадае намаляваць нават яе, сваю маладую жонку. Аднак была яна сарамлівай і паслухмянай і цягам многіх тыдняў пакорліва сядзела ў цёмным пакоі ў вежы, дзе бледныя палотны асвятляліся толькі каганцамі. А ён, мастак, знаходзіў асалоду толькі ў сваёй працы, якой аддаваўся кожную гадзіну, кожны дзень. Апантаны, утрапёны й пануры, ён заблукаў у сваіх марах і не бачыў, што прывіднае святло самотнай вежы аслабляе здароўе і душу яго жонкі, чыё згасанне заўважаюць усе, апроч яго. Але яна ўсміхалася і заставалася спакойнай і цярплівай, бо бачыла, якое глыбокае і гарачае задавальненне атрымлівае мастак (а ён быў вельмі знакаміты), днямі й начамі малюючы яе, якая так яго кахае і аднак кожны дзень робіцца ўсё больш прыгнечанай і слабой. Тыя, хто заўважаў, што партрэт як дзве кроплі вады падобны да яе, гаварылі пра карціну як пра сапраўдны цуд, як пра сведчанне не столькі таленту мастака, колькі яго моцнага кахання да той, якую ён так дасканала выявіў. Аднак калі праца набліжалася да завяршэння, гасцям забаранілі наведваць вежу, бо апантаны мастак аддаўся працы з усёй палкасцю і рэдка адводзіў погляд ад палатна нават дзеля таго, каб паглядзець на сваю жонку. Ён не жадаў заўважаць, што фарбы, якія клаліся на палатно, знікалі з твару той, што сядзела перад ім. Праз некалькі тыдняў, калі амаль уся праца была выкананая і заставалася толькі крыху падмаляваць рот і накласці адно адценне на вока, душа жанчыны раптам ярка ўспыхнула, нібыта полымя каганца. І калі рот быў дамаляваны і адценне накладзенае, зачараваны мастак стаў перад сваім творам, і, зірнуўшы на карціну і задрыжаўшы, ён, аслупянелы й агаломшаны, гучна ўскрыкнуў: “Гэта ж само жыццё!”, павярнуўся да каханай і ўбачыў: яна была мёртвай!




[1] Эн Рэдкліф (1764 – 1823) – ангельская пісьменніца, адна з першых аўтараў гатычных раманаў, сярод якіх самыя вядомыя – “Італьянец” (1797), “Удальфскія таямніцы” (1794). Дзеянне многіх гатычных раманаў (у тым ліку названых) адбываецца за мяжой, часта – у Італіі.


[2] Томас Салі (1783 – 1872) – амерыканскі мастак, ангелец з паходжання, аўтар жаночых партрэтаў.


Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2013

Чытайце таксама

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

Джакама Леапардзі

Джакама Леапардзі

Італьянскі паэт.

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Юрый Вінічук

Юрый Вінічук

Украінскі пісьменнік, журналіст, містыфікатар, укладальнік анталогіі гатычнай літаратуры

1235