– Цётка зараз спусціцца, містэр Натэль, – сказала вельмі ўпэўненая ў сабе юная лэдзі пятнаццаці гадоў, – а пакуль, з вашага дазволу, замінаць вам буду я.
Фрэмтан Натэль не знайшоў што сказаць, каб не пакрыўдзіць ні дзівакаватую дзяўчыну, ні яе цётку, якая мусіла неўзабаве прыйсці. Шчыра кажучы, цяпер ён больш чым калі сумняваўся ў тым, што гэтыя фармальныя візіты да незнаёмых людзей дапамогуць яму падлячыць нервы, што, як чакалася, ён будзе рабіць.
– Ведаю, як гэта будзе, – казала яго сястра, калі ён толькі збіраўся паехаць сюды ў надзеі на сельскі спакой. – Ты сябе пахаваеш жыўцом і словам ні з кім не перакінешся, занудзішся і яшчэ больш сапсуеш нервы. Я проста дам табе рэкамендацыйныя лісты да ўсіх людзей, якіх там ведаю. Некаторыя з іх, наколькі памятаю, даволі мілыя.
Фрэмтан думаў пра тое, ці належыць да шэрагу гэтых мілых місіс Сэплтан, да якой ён завітаў з адным такім лістом.
– Вы знаёмыя з усімі суседзямі? – запыталася пляменніца, калі вырашыла, што памаўчалі яны дастаткова.
– Ні з кім, – адказаў Фрэмтан. – У доме пастара гады чатыры таму спынялася мая сястра, і яна напісала мне некалькі рэкамендацый да тутэйшых жыхароў.
Апошнія словы ён вымавіў з заўважным шкадаваннем.
– Значыць, вы амаль нічога не ведаеце пра маю цётку? – працягнула допыт упэўненая ў сабе юная лэдзі.
– Толькі дзе яна жыве і яе імя, – прызнаўся госць. Ён разважаў пра тое, замужам місіс Сэплтан або ўдава. Нешта ў пакоі сведчыла, што і мужчыны тут жывуць.
– Найвялікшая трагедыя яе жыцця адбылася акурат тры гады таму, – сказала дзіця, – ужо пасля таго, як вашая сястра тут спынялася.
– Трагедыя? – запытаўся Фрэмтан. Гэтаму зацішнаму месцу неяк не пасавалі якія-кольвек трагедыі.
– Вас мабыць, здзіўляе, чаму кастрычніцкім вечарам мы трымаем акно шырока адчыненым, – дзяўчына паказала на велізарнае двухстворкавае акно ад столі да падлогі, якое выходзіла на лужок.
– Даволі цёпла для гэтай пары году, – зазначыў Фрэмтан, – а што, акно мае нейкае дачыненне да трагедыі?
– Тры гады таму праз гэтае акно яе муж і два браты выйшлі на паляванне і не вярнуліся. Калі яны ішлі праз імшарышча, да свайго любімага месца, дзе водзяцца бакасы, усіх трох зацягнула ў морач. Лета, ці ведаеце, тады было незвычайна дажджлівае, і бяспечныя ў іншы час сцежкі нечакана ператварыліся ў топкае багавінне. Іх целаў такі не знайшлі – і гэта самае жудаснае.
Тут голас дзяўчыны зрабіўся разгублена-дрыготкім і страціў самаўпэўненыя інтанацыі.
– Бедная цётачка дагэтуль спадзяецца, што калі-небудзь яны вернуцца і, як звычайна, увойдуць праз акно, яны і іх сабачка, карычневы спаніэль, што згубіўся разам з імі. Вось таму ўвечары мы ніколі не зачыняем акна да самых прыцемкаў. Бедная цётачка часта расказвала мне, як яны пайшлі: яе муж перакінуў белы непрамакальны плашч праз руку, а Роні, малодшы брат, як заўжды спяваў: “Што ты скачаш, Бэрці?”, каб падражніць яе, бо цётачка казала, што гэта дзейнічае ёй на нервы. Ведаеце, часам такімі зацішнымі вечарамі, як гэты, калі і лісток не варухнецца, мяне ахінае страхоткае пачуццё, што зараз усе яны сапраўды ўвойдуць праз гэтае акно.
Яна змоўкла, пацепнуўшы плячыма. Фрэмтан адчуў палёгку, калі ў пакой з выбачэннямі за спазненне, бо прыводзіла сябе ў парадак, уварвалася цётка.
– Спадзяюся, Вера вас заняла? – запыталася яна.
– Яна расказвала шмат цікавага, – сказаў Фрэмтан.
– Спадзяюся, вы не супраць адчыненага акна, – ажыўлена сказала місіс Сэплтан, – зараз вернуцца з палявання мой муж і браты, а яны зазвычай уваходзяць праз яго. Сёння яны хадзілі на балота пастраляць бакасаў, таму мае бедныя дываны чакае цудоўная купа бруду. Такая ўжо вашая мужчынская завядзёнка, так? – Яна несупынна балбатала пра паляванне, пра тое, што птушак робіцца меней і што ўзімку пачнецца сезон качак. Фрэмтана ад гэтых размоваў бралі дрыжыкі. Ён зрабіў адчайную, але не зусім паспяховую спробу змяніць тэму на якую-небудзь менш жудасную. Ён бачыў, што гаспадыня не надае размове шмат увагі, раз-пораз кідаючы позірк на адчыненае акно і лужок за ім. Пашанцавала ж яму завітаць да яе ў гадавіну гэтай трагедыі!
– Усе дактары сышліся на тым, што мне неабходны поўны спакой, я мушу пазбягаць хваляванняў і фізічна не перанапружвацца – паведаміў Фрэмтан, які пакутаваў на даволі распаўсюджаную ілюзію, што зусім незнаёмыя людзі і выпадковыя знаёмыя прагнуць ведаць у дробязях пра хваробы і немачы іншых, пра іх прычыны і сродкі лекавання. – Што да дыеты, то тут у іх адзінства няма, – працягнуў ён.
– Не? – запыталася місіс Сэплтан, у самы апошні момант схаваўшы за гэтым словам пазяханне. А праз момант яе твар паяснеў і на ім з’явілася жывая зацікаўленасць, але не тым, што казаў Фрэмтан.
– Ну вось урэшце і яны, – ускрыкнула яна. Якраз да гарбаты, і, здаецца, па вушы перапэцканыя, вы толькі паглядзіце на іх!
– Фрэмтан здрыгануўся і павярнуўся да яе пляменніцы з выглядам, якім хацеў паказаць спачувальнае разуменне. З застылым у вачах жахам дзяўчына глядзела ў адчыненае акно. Фрэмтана кінула ў халодны пот, ён павярнуўся на канапе і паглядзеў туды ж. У сініх прыцемках праз лужок да акна ішлі тры фігуры, усе неслі па стрэльбе, адна ў белым плашчы. Каля ног іх трухаў стомлены карычневы спаніэль. Бясшумна яны набліжаліся да дому, і праз момант малады сіплы голас заспяваў у прыцемках: “Слухай, Бэрці, што ты скачаш?”
Фрэмтан ашалела схапіў свае тросць і капялюш. Дзверы холу, пасыпаная жвірам алея для экіпажаў, галоўныя вароты – наўрад ці ён заўважыў гэтыя станцыі ў сваіх безразважных уцёках. Раварыст, які ехаў па дарозе, вымушаны быў заехаць у жывую загарадзь, каб унікнуць непазбежнага сутыкнення.
– Ну, вось і мы, дарагая, – уваходзячы ў акно, сказаў той, на якім быў белы макінтош. – Мы крыху запэцкаліся, але гэта пераважна сухі бруд. А хто гэта выскачыў адсюль, калі мы падышлі?
– Вельмі незвычайны спадар, нейкі містэр Натэль, – адказала місіс Сэплтан. – Можа размаўляць толькі пра свае хваробы. Калі вы вярнуліся, задаў лататы, не сказаўшы ні слова на развітанне, нават не выбачыўся. Нібыта прывід убачыў.
– Думаю, гэта праз спаніэля, – спакойна сказала пляменніца, – ён сказаў мне, што баіцца сабак. Аднойчы недзе ў наваколлях Гангу зграя здзічэлых сабак загнала яго на могілкі, і ён быў вымушаны правесці ўсю ноч у нядаўна выкапанай магіле, а вакол шчэрылі зубы, гыркалі і зыходзілі слінай гэтыя пачвары. Тут у любога нервы здалі б.
Яна была майстрам на вострыя сюжэты.