№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мантэгю Родс Джэймс

Нататкі каноніка Альберыка (Canon Alberic’s Scrapbook)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Лаўрэн Юрага


Сэнт-Бертран-дэ-Каменж — закінутае мястэчка на адгор’ях Пірынеяў, не вельмі далёка ад Тулузы і досыць блізка да Баньер-дэ-Люшон. Перад Французскай рэвалюцыяй тут была сталіца біскупства, і да цяперашняга часу захаваўся кафедральны сабор, які штогод наведвае пэўная колькасць турыстаў. Увесну 1883 г. адзін ангелец прыбыў у гэтае забытае Богам месца, якое нават цяжка назваць горадам, — бо сёння яно не налічвае і тысячы жыхароў.

Ангелец быў выкладчыкам Кембрыджу; ён адмыслова выехаў з Тулузы, каб агледзець сабор Святога Бертрана. У тулузскім гатэлі ангелец пакінуў двух сваіх сяброў, што не былі так апантаныя даўніной, як ён, абяцаючы далучыцца да іх наступнага ранку. Папярэдне меркавалася, што паўгадзінавы агляд бажніцы задаволіць усіх, і пасля ўся тройца працягне сваё падарожжа ў кірунку Оша. Але наш выкладчык раптоўна зацікавіўся напатканай “праблемай” і пастанавіў запоўніць свой нататнік ды колькі тузінаў фатаграфічных пласцінак, апісваючы або здымаючы кожны закуток гэтага велічнага сабору, што панаваў над навакольнымі ўзгоркамі Каменжа. Дзеля таго каб споўніць сваю задуму належным чынам, было неабходна “зманапалізаваць” царкоўнага служку на цэлы дзень.

Служка, або рызнічы (я аддаю перавагу апошняму азначэнню, якім бы недакладным яно ні было), дзеля гэтага ўжо быў пакліканы бесцырымоннай дамай, што трымала заезжы двор “Chapeau Rouge” [1] (там спыніўся наш ангелец). Калі ж служка прыйшоў, ангелец пераканаўся, што той уяўляе з сябе нечакана цікавы аб’ект для вывучэння. Інтарэс, аднак, выклікаў не столькі адметны выгляд гэтага маленькага, высахлага ды зморшчанага старога — дакладна такі ж, як і ў сотняў іншых царкоўных вартаўнікоў у Францыі: увагу прыцягвала нейкая затоеная, а хутчэй зацкаваная ды прыгнечаная, манера трымацца. Вартаўнік бесперапынна аглядаўся назад; ягоныя спіна ды плечы былі ўвесь час згорбленыя, быццам цягліцы знаходзіліся ў нервовым скурчы — складалася ўражанне, што ён стала чакае варожага нападу. Складана было вырашыць, ці тое гэты чалавек апанаваны маніяй пераследу, ці тое яго гнятуць згрызоты нячыстага сумлення, ці, урэшце, ён церпіць ад невысноснасці існавання пад абцасам жонкі. Разгляд гэтых версіяў схіляў, бадай, да апошняга варыянту; разам з тым, не пакідала ўражанне, што тут дзейнічае больш грозны пераследнік, чым звадная жонка.

Тым не менш, ангелец (назавём яго Дэністаўн) неўзабаве так глыбока занурыўся ў свой нататнік і так дбайна шчыраваў са здымкамі, што ўжо не звяртаў на рызнічага аніякай ўвагі, — не лічачы рэдкіх выпадковых позіркаў. Калі ж такі выпадковы позірк часам падаў на вартаўніка, дык той заўсёды быў непадалёк: ці стаяў, прыхінуўшыся спінаю да сцяны, ці кленчыў у адной з раскошных разьблёных лаваў у алтары. Праз пэўны час Дэністаўн пачаў непакоіцца. Смутныя падазрэнні, якія выклікáў у яго гэты стары з самага déjeuner [2], пачалі даймаць яго, і ён ніяк не мог ад іх пазбавіцца, хоць і спрабаваў засяродзіць увагу то на выразаным са слановае косці пастарале Святога Бертрана, то на набітым пылам кракадзіле, што вісеў па-над хрысцільняй.

— А ці не пайсці вам дадому? — сказаў ён урэшце. — Я цалкам магу закончыць запісы адзін; вы можаце зачыніць мяне, калі хочаце. Я планую прабыць тут яшчэ прынамсі дзве гадзіны, а для вас тут, бадай, захалодна.

— Святыя нябёсы! — выгукнуў маленькі чалавек, якога, падобна, ад такой прапановы кінула ў неапісальны жах. — Пра гэта нельга нават і думаць! Пакінуць мэсье аднаго ў саборы?! Не, не! Дзве гадзіны, тры гадзіны — мне ўсё роўна! Я ўжо паснедаўшы, і мне зусім не халодна, тысячу падзякаў, мэсье!

“Ну добра, мой маленькі чалавек, — прамовіў пра сябе Дэністаўн. — Цябе папярэдзілі, і цяпер наракай на сябе”.

Але яшчэ да таго, як дзве гадзіны прамінулі, усе разьблёныя лавы для клеру, аграмадныя зруйнаваныя арганы, шырма для хораў біскупа Жана дэ Малеёна, рэшткі вітражоў ды габеленаў, а таксама рэчы са скарбцу — усё было дакладна і пільна вывучана. Рызнічы ўсцяж хадзіў за Дэністаўнам па пятах, час ад часу рэзка абарочваючыся нібы ўджгнуты, калі раптам нейкі дзіўны гук, што, адбіўшыся рэхам у аграмадным пустым будынку, далятаў да ягоных вушэй. Тут часам былі чутны дзіўныя гукі.

— Магу паклясціся, — апавядаў мне пазней Дэністаўн, — што аднойчы пачуў танклявы металічны голас, які смяяўся наверсе ў званіцы. Я зірнуў запытальна на свайго рызнічага — а ў таго ажно вусны збялелі! “Гэта ён... я хацеў сказаць... нікога няма, бо дзверы замкнутыя”, — толькі і здолеў вымавіць вартаўнік, і мы з добрую хвіліну глядзелі адзін на аднаго.

Яшчэ адзін нязначны выпадак істотна збянтэжыў Дэністаўна. Яны разглядалі вялікі цёмны абраз, што вісеў за алтаром, — адзін з шэрагу тых, што паказвалі цуды Святога Бертрана. Разабраць выяву на гэтым абразе было амаль немагчыма, затое ўнізе прысутнічаў лацінскі надпіс, які паведамляў:

“Qualiter S. Bertrandus liberavit hominem quem diabolus diu volebat strangulare” (Святы Бертран вызваляе чалавека, якога д’ябал доўга намагаўся задушыць”).

Дэністаўн павярнуўся да рызнічага з усмешкай і жартаўлівай рэмаркай пэўнага гатунку на вуснах, але ўбачыў, што стары кленчыць перад абразом, углядаючыся ў выяву поўнымі пакутлівага малення вачыма, з якіх градам коцяцца слёзы. Натуральна, Дэністаўн зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў, але пасля гэтага выпадку ён ніяк не мог пазбавіцца ад унутранага пытання: “Чаму гэткая мазня так уздзейнічае на людзей?”.

Яму здавалася, што падказку пра прычыну гэтага даюць дзіўныя паводзіны вартаўніка, якія бянтэжылі ангельца ўвесь дзень: напэўна, стары апантаны нейкай маніяй, вось толькі што гэта за манія?

Было каля пяці гадзін вечару. Кароткі дзень блізіўся да свайго канца, і прыцемкі пачалі напаўняць сабор. Разам з тым, дзіўныя гукі — прыглушаныя крокі, адлеглыя зыкі размоваў, што былі ледзь заўважныя ўдзень, — цяпер (без усялякага сумневу, з увагі на змяншэнне святла і, адпаведна, павышэнне слыхавой адчувальнасці) здаваліся больш выразнымі і раздаваліся ўсё часцей.

Рызнічы ўпершыню пачаў выказваць знакі паспешнасці ды нецярплівасці. Калі фотакамера ды нататнік нарэшце былі адкладзеныя і спакаваныя, ён уздыхнуў з палёгкай, і спехам павёў Дэністаўна да заходніх дзвярэй сабору пад званіцай. Гэта быў час званіць да “Анёла Гасподняга” [4]. Пасля некалькіх поцягаў непаслухмянага канату загаварыў высока на вежы вялікі звон, званы Бертрандай, і ягоны голас мерна разлятаўся сярод соснаў, пранікаў уніз у даліну і, заглушаючы шум горных патокаў, склікаў тутэйшых жыхароў на гэтыя самотныя пагоркі, каб згадаць і паўтарыць вітанне анёла да Той, каго ён назваў Блаславёнай між жанчынамі. Услед за гэтым, упершыню за ўвесь дзень, абсалютная цішыня апусцілася на мястэчка, і Дэністаўн з рызнічым выйшлі з сабору.

На ганку між імі завязалася размова.

— Здаецца, мэсье цікавіўся спеўнымі кнігамі ў рызніцы?

— Менавіта так. Я хацеў запытаць, ці ёсць у мястэчку бібліятэка.

— Не, мэсье. Нібыта раней была адна, што належала капітулу, але ж цяпер гэта такое маленькае мястэчка... — пасля гэтых словаў ён на момант перапыніўся, быццам вагаючыся; потым, удыхнуўшы паветра, як нырэц перад скачком у ваду, працягнуў: — Але калі мэсье — amateur des vieux livres [5], дык у мяне дома ёсць адна, якая можа Вас зацікавіць. Гэта недалёка — менш за сотню ярдаў адсюль.

Умомант разгарэліся даўно пешчаныя Дэністаўнам мары адшукаць у некранутым кутку Францыі бясцэнныя манускрыпты, але разгарэліся яны толькі каб ізноў неўзабаве згаснуць. Гэта ж, напэўна, будзе нейкі банальны плантэнаўскі [6] імшал [7] году так 1580-га. Ці ж можа быць, каб мясцовасць, што так блізка ад Тулузы, не была ўжо даўно абшныраная калекцыянерамі? Аднак было б глупствам не пайсці: ён будзе да смерці папракаць сябе, калі не пойдзе.

Яны вырушылі. Па дарозе дзіўнае ваганне ды раптоўная рашучасць рызнічага зноў згадаліся Дэністаўну, і ён з сорамам задумаўся, а ці не заманьваюць яго ў нейкую аддаленую мясціну, каб выкрасці дзеля выкупу. Таму ён вырашыў распачаць са сваім правадніком гутарку і крыху недарэчна паведаміў, што ён чакае двух сваіх сяброў, якія маюць далучыцца да яго заўтра зранку. На ягонае здзіўленне, гэтыя словы адразу суцішылі трывогу рызнічага замест таго, каб прыгнеціць яго.

— Гэта добра, — сказаў той, бадай, узрадаваўшыся, — вельмі добра! Мэсье падарожнічае ў кампаніі сяброў, яны заўсёды будуць побач з ім. Цудоўная рэч — падарожнічаць вось так, у кампаніі... часам.

Апошняе слова было прамоўленае пасля кароткай паўзы, якая зноў нізрынула беднага маленькага чалавека ў бездань трывогі.

Неўзабаве яны падышлі да камяніцы, якая была крыху большай ад суседніх дамоў і мела над дзвярыма выяву герба (як растлумачыў мне Дэністаўн, гэты герб належаў Альберыку дэ Малеёну — пабочнаму нашчадку біскупа Жана дэ Малеёна. Альберык той быў канонікам каменжскім з 1680 па 1701 год). Верхнія вокны былі забраныя дошкамі, а сам гмах навяваў нуду, зрэшты, як і ўвесь пазасталы Каменж — узорчык згасалае эпохі.

Узышоўшы на ганак, рызнічы на момант затрымаўся.

— Але, быць можа, — сказаў ён, — мэсье раптам не мае часу?

— Зусім не! У мяне процьма часу — і ажно да заўтра няма чым заняцца! Давайце зірнем, што там у нас!

У гэты момант дзверы адчыніліся, і адтуль вызірнуў твар — значна маладзейшы за твар рызнічага, але пазначаны той самай пячаткай бяды: з тым толькі, што цяпер гэта, здавалася, быў не столькі страх за сваю бяспеку, колькі вострая трывога за іншага. Было відавочна, што ўладальніца гэтага твару была дачкой рызнічага. Нягледзячы на апісанае мной уражанне, яна была даволі прыгожай. Дзеўчына заўважна ўзрадавалася, пабачыўшы бацьку ў кампаніі з шыракаплечым іншаземцам. Рызнічы абмяняўся з дачкой колькімі фразамі, з якіх Дэністаўн ухапіў толькі словы: “Ён смяяўся ў саборы”. Адказам на іх быў поўны жаху позірк дзяўчыны.

Але ўжо праз хвіліну яны ўваходзілі ў гасцёўню — невялікую залу з высокай столлю і мураванай падлогай. Па сценах рухаліся цені і водбліскі ад языкоў агню, што скакалі на дровах у вялікім агмяні. Зала пакідала ўражанне капліцы — быць можа, дзякуючы велізарнаму распяццю на адной са сценаў, якое амаль сягала столі; постаць Укрыжаванага была пафарбаваная ў натуральныя колеры, а сам крыж быў чорны. Пад ім знаходзіўся старасвецкі масіўны куфар.

Калі ўсе селі ды запалілі лямпу, рызнічы падышоў да гэтага куфра і з відочна ўзрослымі ўзрушэннем ды нервознасцю выдабыў з яго нетраў тое, што выглядала вялікай кнігай, загорнутай у белую тканіну; матэрыю аздабляў груба вышыты чырвонай нітай крыж. Яшчэ да таго, як том быў разгорнуты, увагу Дэністаўна забралі яго памер і форма. “Занадта вялікі для імшала, — падумаў ён, — і не тае формы, што бываюць антыфанары [8]; быць можа, урэшце і акажацца штосьці вартае”. У наступны момант рызнічы адхінуў тканіну. Дэністаўн адчуў, што ён нарэшце натрапіў на нешта значна лепшае, чым проста “вартае”. Перад ім ляжаў вялікі фаліянт у скураной аправе ХVІІ ст.; на верхнім вечку быў бачны ціснёны золатам суперэкслібрыс з гербам Альберыка дэ Малеёна. У кнізе было бадай тысячы паўтары аркушаў, і амаль да кожнага з іх быў прымацаваны аркуш з ілюмінаванага манускрыпту [9]. Такі зборнік Дэністаўн наўрад ці ўяўляў сабе нават у самых шалёных марах. Тут было дзесяць ілюстраваных аркушаў з Кнігі Роду, што былі створаныя не пазней 700 году ад Нараджэння Хрыстова. Далей ішла поўная падборка мініяцюраў з Псалтыру — цудоўныя ўзорчыкі ангельскай школы, трэба думаць, ХІІІ ст. Але, быць можа, найцікавейшымі з усіх былі дваццаць аркушаў з лацінскім тэкстам унцыяльнага пісьма — выхапленыя з розных месцаў паасобныя словы сведчылі пра верагодную прыналежнасць твору да невядомых скарбаў патрыстычнай літаратуры. Ці не быў гэта фрагмент паасобніка працы Папія “На словы Госпада нашага Ісуса Хрыста”, пра які вядома, што ў ХІІ ст. ён знаходзіўся ў Німе? [10] У кожным разе, цвёрда вырашыў Дэністаўн, гэтая кніга мусіць адправіцца з ім у Кембрыдж — нават калі дзеля гэтага яму давядзецца цалкам вычарпаць свой рахунак у банку і застацца ў Сэнт-Бертране да часу, пакуль не прыйдуць грошы. Ён зірнуў на рызнічага, спрабуючы прачытаць у таго на твары хаця б найменшы намёк, ці прадаецца кніга. Рызнічы стаяў увесь белы, ягоныя вусны нешта шапталі.

— Калі мэсье мае ласку, прашу прагартаць да канца.

Паколькі мэсье “меў ласку”, дык гартаў далей, з кожным узлётам старонкі адкрываючы для сябе ўсё новыя і новыя скарбы. У канцы кнігі ён напаткаў два аркушы паперы, якія належалі да значна больш позняй эпохі, чым папярэднія, і вельмі яго збянтэжылі. Яны, падумаў Дэністаўн, маюць паходзіць з часоў беспрынцыповага Альберыка дэ Малеёна, які несумненна рабаваў капітульную бібліятэку Сэнт-Бертрана, каб скласці гэтую бясцэнную кнігу. На першым з гэтых двух аркушаў быў план, дбайліва нарысаваны і імгненна распазнавальны для чалавека, які добра ведае грунты, паўднёвую наву і галерэі Сэнт-Бертрана. Таксама там былі дзіўныя знакі, падобныя да планетарных сімвалаў, і некалькі габрэйскіх словаў, запісаных па кутах аркуша; на паўночна-заходнім рагу галерэі быў намаляваны залатой фарбай крыж. Пад планам было напісана некалькі радкоў на лаціне:

Responsа 12mi Dec. 1694. Interrogatum est: Inveniamne? Responsum est: Invenies. Fiamne dives? Fies. Vivamne invidendus? Vives. Moriarne in lecto meo? Ita.

(Адказы 12 снеж. 1694 г. Было запытана: Ці я знайду? Адказ: Знойдзеш. Ці здабуду багацце? Здабудзеш. Ці перажыву я таго, каму зайздрошчу? Перажывеш. Ці памру ў сваім ложку? Так.)

“Цудоўны ўзорчык нататак шукальніка скарбаў — гэткі містэр малодшы канонік Катрмэн з “Старога Сабору Святога Паўла” [11], — пракаментаваў пра сябе Дэністаўн і перагарнуў аркуш.

Тое, што ён пабачыў далей (ён не раз мне пра тое казаў), уразіла яго значна больш, чым можна было чакаць ад нейкай карцінкі. І хоць убачанага Дэністаўнам малюнку больш не існуе, захавалася яго фатаграфія (якую я, да слова, маю), што цалкам пацвяржае гэтыя словы. Твор быў нарысаваны сепіяй пры канцы ХVІІ ст. і прадстаўляў, як можна было б вырашыць на першы погляд, сцэну з Бібліі. У архітэктуры (на малюнку быў паказаны інтэр’ер) і постацях прысутнічаў налёт тае напаўкласічнае стылістыкі, якую мастакі двухвяковае даўніны лічылі найбольш адпаведнай для ілюстравання біблійных кніг.

З правага боку на сваім троне сядзеў валадар; сам трон узвышаўся на дванаццаці прыступках, па-над ім быў расхінуты балдахін, а абапал ляжалі ільвы — трэба думаць, тут быў прадстаўлены цар Саламон. Ён у памкненні нахіліўся наперад з выцягнутым у руцэ скіпетрам — нібы штосьці загадваў. На твары ягоным былі жах і агіда, але апрача таго ён быў пазначаны ўладарнасцю і ўпэўненай моцай. Левая палова малюнку, аднак, была яшчэ больш незвычайнай. Менавіта яна перадусім прыцягвала да сябе ўвагу. На выкладзенай мазаікай падлозе перад тронам стаялі чатыры жаўнеры, атачыўшы прыніклую да зямлі постаць (яе мы апішам крыху пазней). Пяты жаўнер ляжаў мёртвы са скручаным каркам; ягоныя вочы павылазілі з вачніц. Чатыры астатнія вартавыя пазіралі на цара. Іхныя твары былі скрыўленыя жахам; здавалася, што ад уцёкаў іх утрымлівае толькі бязмежная вера ў свайго валадара. Відавочна, гэты жах быў выкліканы схіленай перад тронам істотай, якую яны атачылі. Мяне ахоплівае роспач ад немагчымасці выказаць словамі тое ўражанне, якое рабіла гэтае стварэнне на ўсіх, каму выпадала яго пабачыць. Я прыгадваю, як аднойчы паказаў здымак гэтага рысунку выкладчыку марфалогіі — асобе, я б сказаў, надзвычайнае разважлівасці і абсалютна пазбаўленай схільнасці да фантазіяў. Раз паглядзеўшы, той усю пазасталую частку вечару катэгарычна пазбягаў заставацца на самоце і, як апавёў мне пазней, яшчэ шмат начэй пасля гэтага не адважваўся засынаць без святла.

Тым не менш, асноўныя рысы гэтае істоты я ўсё-ткі магу абмаляваць. Спярша вы заўважаеце толькі масу брыдкага зблытанага чорнага валосся; крыху пазней робіцца зразумелым, што яно пакрывае жахлівай худнечы цела — амаль што шкілет, але з напятымі, бы тросы, цягліцамі. Рукі стварэння — цьмяна-бледныя, пакрытыя, як і цела, доўгім брыдкім валоссем; пальцы заканчваюцца жахлівымі кіпцюрамі. Вочы — зырка-жоўтага колеру, з неверагодна чорнымі зрэнкамі — скіраваныя ўверх на цара з выглядам звярынае нянавісці. Уявіце сабе нейкага павука-птушкаяда з Паўднёвай Амерыкі, што пераўвасобіўся ў чалавечае цела, але надзелены розумам менш, чым чалавек, — і вы атрымаеце пэўнае (хоць і слабое) разуменне таго жаху, якое наводзіла гэтая агідная пачвара. Адна фраза заўсёды злятала з вуснаў тых, каму я паказваў гэты малюнак: “Яно высмоктвае жыццё”.

Як толькі прамінула першае ўзрушэнне ад наплыву непераможнага страху, Дэністаўн крадком зірнуў на свайго гаспадара. Рызнічы закрываў твар рукамі; ягоная дачка ліхаманкава прамаўляла пацеры, узняўшы вочы да ўкрыжавання на сцяне.

Урэшце ангелец запытаў: “Гэтая кніга прадаецца?” — і зноў назіраў тое самае ваганне, а затым такое ж “нырцаванне ў халодную ваду”, як і раней. Пасля чаго пачуў чаканы адказ: “Калі мэсье пажадае”.

— Колькі вы за яе просіце?

— Я вазьму дзвесце пяцьдзесят франкаў.

Гэта збянтэжыла Дэністаўна. Нават сумленне калекцыянера часам нагадвае пра сябе, а ангелец меў сумленне больш чулае за калекцыянерскае.

— Мой добры гаспадар! — паўтарыў ён некалькі разоў. — Вашая кніга каштуе значна болей за дзвесце пяцьдзесят франкаў, я запэўніваю вас — значна болей!

Але адказ не змяніўся: “Я вазьму дзвесце пяцьдзесят франкаў і ні франку больш”.

Натуральна, такі шанец нельга было прапусціць. Неўзабаве грошы былі заплочаныя, распіска атрыманая, і яны змацавалі ўгоду келіхам віна. Здавалася, рызнічы зрабіўся новым чалавекам: цяпер ён хадзіў выпрастаўшыся, не азіраючыся — ён нават смяяўся ці, прынамсі, спрабаваў гэта рабіць. Дэністаўн падняўся, каб сыходзіць.

— Ці дазволіць мэсье праводзіць яго да гатэля?

— О не, дзякую! Гэта ж менш чым за сотню ярдаў адсюль! Дарогу я ведаю дасканала і месяц свеціць.

Прапанова была паўтораная тры ці чатыры разы, але кожнага разу спатыкала адмову.

— У такім разе запрашаю мэсье звяртацца да мяне, калі б ні ўзнікла такая патрэба. Прашу вас трымацца сярэдзіны дарогі, бо з ускрайку поўна выбаінаў.

— Канечне-канечне, — запэўніў Дэністаўн, якому не цярпелася хутчэй заняцца вывучэннем свайго здабытку на самоце, і ён ступіў у калідор, трымаючы кнігу пад пахай.

Там яго перастрэла дачка гаспадара, якая, падобна да таго, сама мела намер правярнуць невялікі “гешэфт”; быць можа, яна, як Гехазі, хацела “ўзяць нешта” з таго, што ашчадзіў замежніку яе бацька?

— Вось срэбнае ўкрыжаванне на ланцужку... Быць можа, мэсье будзе ласкавы прыняць гэта?

— Ну, увогуле я не вялікі аматар такіх рэчаў. А што мадэмуазэль хоча ўзамен?

— Нічога, зусім нічога! Проста каб мэсье гэта насіў...

Тон, якім ўсё гэта — і шмат што іншае — гаварылася, быў такі непадробна шчыры, што Дэністаўн, паланёны шматлікімі падзякамі, дазволіў надзець ланцужок сабе на шыю. Выглядала, нібыта ён насамрэч зрабіў бацьку і дачцэ нейкую неацэнную паслугу, за якую яны нават не ведалі як аддзячыць. Калі ён сыходзіў са сваёй кнігай, яны стаялі ля дзвярэй, гледзячы яму ўслед — і ўсё яшчэ глядзелі, калі ён развітальна памахаў ім рукой з ганку “Chapeau Rouge”.

Вячэра скончылася, і Дэністаўн зачыніўся ў сваім пакоі — сам-насам з нованабытым рарытэтам. Пасля таго як ён сказаў, што быў у гасцях у рызнічага і купіў у яго старую кнігу, гаспадыня заезжага двара пачала праяўляць да яго асаблівую цікавасць. Таксама яму прыгадалася, што ён чуў паспешлівую размову паміж ёй і рызнічым у калідоры каля salle à manger [12]. Тады некалькі словаў кшталту “П’ер і Бертран маглі б спаць у доме” завяршылі размову.

Увесь гэты час нарасталае пачуццё дыскамфорту неўпрыкмет завалодвала Дэністаўнам — верагодна, гэта была нервовая рэакцыя пасля ўзрушэння ад знаходкі. Але чым бы гэтае пачуццё ні тлумачылася, наступствам яго было амаль фізічнае адчуванне нечай прысутнасці за спінай, і Дэністаўну стала дыхацца лягчэй толькі калі ён перасеў спінай да сцяны. Усё гэта, безумоўна, значыла зусім няшмат у параўнанні з каштоўнасцю збору, які ён здабыў. І цяпер, як я ужо сказаў, Дэністаўн знаходзіўся адзін у сваёй спальні, больш уважліва пераглядаючы скарбы Альберыка дэ Малеёна, сярод якіх з кожнай хвілінай адкрываў нешта ўсё больш чароўнае.

“Блаславі, Божа, каноніка Альберыка! — прамовіў Дэністаўн уголас, бо меў закаранелую звычку размаўляць сам з сабой. — Цікава, дзе ён цяпер? О, мой Божа! Хацелася б, каб гаспадыня смяялася крыху больш жыццярадасна: такое ўражанне, быццам у доме нябожчык! Кажаш, яшчэ паўлюлькі? Бадай, у гэтым ёсць рацыя. Цікава, што з сябе ўяўляе ўкрыжаванне, якое пераканала мяне надзець тая дзяўчына? Мінулае стагоддзе, мяркую. Але мець такую рэч на шыі досыць нязручна — занадта цяжкая. Думаю, ейны бацька насіў яго шмат гадоў. Трэба, мабыць, аддаць яго ў чыстку перад тым, як пазбавіцца”.

Ён зняў укрыжаванне, паклаў яго на стол і ў гэты момант заўважыў прадмет, што ляжаў на чырвонай тканіне каля ягонага левага локця. Дзве ці тры ідэі, што б гэта магло быць, пранесліся ў ягонай галаве з непараўнальнай хуткасцю.

“Пёрачыстка? Не, нічога такога ў доме не было. Пацук? Не, занадта чорны. Вялікі павук? Божа мой, не — не павук. Мілы Божа! Гэта рука... рука, падобная да той, што была на малюнку!”

У наступнае імгненне Дэністаўн усё зразумеў. Цьмяна-бледная скура пакрывала адныя косткі і цягліцы жахлівай моцы; брыдкае чорнае валоссе, даўжэйшае, чым на руцэ звычайнага чалавека; вострыя, загнутыя ўніз і ўсярэдзіну кіпцюры, што растуць з самых кончыкаў пальцаў — шэрыя, зморшчаныя і зрагавелыя...

Ангелец зляцеў са свайго месца ад неймавернага, смяротнага жаху, што абцугамі сціснуў ягонае сэрца. Здань, чыя левая рука спачывала на стале, на вачах расла, набываючы абрысы постаці, што стаяла ззаду фатэля; ягоная правая рука цягнулася да Дэністаўнавага скальпу. Істота была ахутаная чорнай расшкуматанай смугой, як і на малюнку, яе ўсю пакрывалі брыдкія валасы. Ніжняя сківіца была тонкая — як бы гэта дакладней сказаць? — дробная, як у звера; за чорнымі вуснамі шчэрыліся зубы. Носу не было зусім, а вочы — вогненна-жоўтыя, у параўнанні з якімі зрэнкі здаваліся насычана-чорнымі, — выпраменьвалі жудасную нянавісць і прагу знішчэння жыцця. Гэтыя вочы і былі, бадай, самымі жахлівымі ва ўсім вобразе істоты. У іх свяціўся свайго роду розум — большы, чым у звера, але меншы, чым у чалавека.

Пачуцці, якія ўвесь гэты жах ускаламуціў, былі значна глыбейшыя за звычайны фізічны страх і найбольш моцную разумовую агіду. Што рабіць? І што ён можа зрабіць? Ён не зусім добра памятаў, якія канкрэтна словы казаў, але ведаў, што нешта гаварыў; ведаў, што схапіў не гледзячы са стала срэбнае ўкрыжаванне; ведаў, што ўсведамляў, як дэман рухаецца ў ягоны бок, і што закрычаў, як крычыць звер, церпячы жахлівы боль.

Двое моцных невысокіх слугаў, П’ер і Бертран, што прыбеглі ў пакой, не ўбачылі нічога, але адчулі, нібыта паміж імі нешта прайшло, раскідваючы іх у бакі. Дэністаўн ляжаў непрытомны. Яны праседзелі з ім усю тую ноч, а наступнага дня, а 9-й гадзіне ранку, сябры ангельца прыехалі ў Сэнт-Бертран. Дэністаўн да гэтага часу ўжо апрытомнеў, але яго ўсяго трэсла і ён быў цалкам знерваваны. Сябры паверылі ў ягоны аповед — хоць і не раней, чым пабачылі малюнак ды пагаварылі з рызнічым.

Маленькі чалавек прыйшоў на заезжы двор пад нейкай нагодай ледзь не на світанні і з найглыбейшай цікавасцю выслухаў гісторыю ў пераказе гаспадыні. Ён не выказаў ніякага здзіўлення.

“Гэта ён! Гэта ён! Я бачыў яго на свае вочы”, — вось усё, што ён сказаў, а на ўсе роспыты адказваў адной фразай: “Deux fois je l’ai vu; mille fois je l’ai senti” [13]. Ён не захацеў расказаць ні пра паходжанне кнігі, ні пра свае ўласныя дасведчанні. “Я неўзабаве засну, і мой адпачынак будзе салодкі. Навошта вы турбуеце мяне?” — гэта ўсё, што з яго можна было выціснуць [14].

Мы ніколі не даведаемся, што яму або каноніку Альберыку давялося перажыць. На адвароце таго фатальнага малюнку было напісана колькі радкоў, якія, наколькі можна меркаваць, праліваюць крыху святла на апісаныя падзеі:


Contradictio Solomonis cum demonio nocturno.
Albericus de Mauleone delineavit.
V. Deus in auditorium. Ps. Qui habitat.
Sancte Bertrande, demoniorum effugator, intercede pro me miserrimo.
Primum uidi nocte 12mi Dec. 1694: uidebo mox ultimum.
Peccavi et passus sum, plura ahuc passurus. Dec. 29, 1701. [15]

Я так ніколі да канца не зразумеў стаўленне самога Дэністаўна да падзей, якія я тут апісаў. Аднойчы ён працытаваў мне тэкст з Эклезіяста: “Некаторыя духі створаныя для помсты, і іхная ярасць — у балючых ударах”. Іншым разам ён сказаў: “Ісая быў вельмі праніклівым чалавекам; ці ж не гаварыў ён пра начных монстраў, што жывуць у руінах Вавілону? Цяпер нам такія рэчы недаступныя”.

Іншае сведчанне ягонае перакананасці ўразіла мяне яшчэ больш і вельмі мне спадабалася. Летась мы ездзілі ў Каменж, каб наведаць магілу каноніка Альберыка. Мы ўбачылі велічнае мармуровае надмагілле з выявай каноніка ў парыку і сутане; пад партрэтам быў дбайліва выразаны панегірык ягонай вучонасці. Дэністаўн абмяняўся колькімі словамі з настаяцелем сабору, а калі мы вырушылі ў зваротны шлях, сказаў мне: “Мне здаецца, я зрабіў правільна; я — прэсвітарыянец, але спадзяюся, што там “адпраўленне імшы і жалобныя спевы за спачын Альберыка дэ Малеёна” будуць пачутыя”. Потым ён дадаў з лёгкай паўночна-брытанскай іроніяй у голасе: “я нават і не ўяўляў, што гэта будзе каштаваць так дорага”.

Цяпер кніга знаходзіцца у Ўэнтвортаўскай калекцыі ў Кембрыджы. Малюнак Дэністаўн сфатаграфаваў, а затым спаліў у дзень, калі пакідаў Каменж у свой першы туды візіт.




Заўвагі:


[1] “Чырвоны капялюш” (фр.; тут і далей, апроч асобна адзначаных, — заўвагі перакладчыка).

[2] Сняданне, тут: ранак (фр.)

[3] Пастарал — біскупскі посах.

[4] “Анёл Гасподні” (“Анёл Гасподні звеставаў Панне Марыі...”) — малітва, што чытаецца ў Лацінскай Царкве тройчы на дзень: раніцай, апоўдні і ўвечары; на яе чытанне вернікаў склікае царкоўны звон. Далейшыя словы з гэтага абзацу з’яўляюцца алюзіяй на малітву “Анёльскае прывітанне” (“Вітай, Марыя, поўная ласкі...”), што ўваходзіць у склад папярэдняй.

[5] Аматар даўніх кніг (фр.)

[6] Плантэн — нідэрландскі кнігадрукар французскага паходжання, які праславіўся ў 2-й палове ХVІ ст. сваімі выданнямі антычнай класікі, а таксама шматмоўнай “Biblia Polyglotta”.

[7] Імшал (лац. missale) — cлужбоўнік: назва літургічнае кнігі, паводле якой у Лацінскай Царкве адпраўляецца набажэнства.

[8] Антыфанар (лац. аntiphonarium) — назва літургічнае кнігі, паводле якой у Лацінскай Царкве падчас набажэнства спяваюцца антыфоны.

[9] Ілюмінаваны манускрыпт — аздобленая мініяцюрамі рукапісная кніга (часцей за ўсё сярэднявечная).

[10] Сёння мы ведаем, што гэтыя аркушы сапраўды ўтрымлівалі значны фрагмент названай працы, калі не самога паасобніка.

[11] “Стары Сабор Святога Паўла” (Old Saint Paul’s: A Tale of the Plague and the Fire) — раман Ўільяма Харысана Эйнсуорта.

[12] Ядальня, абедзеyная заля (фр.)

[13] Два разы я яго бачыў, тысячу разоў адчуваў.

[14] Ён памёр тым жа летам. Ягоная дачка выйшла замуж і пераехала ў Сэнт-Папуль; яна ніколі не тлумачыла акалічнасцяў бацькавага “апантання” (Заўв. аўтара).

[15] Гэта значыць: Дыспут Саламона з дэманам ночы. Нарысаваў Альберык дэ Малеён. Антыфона: Госпадзе, паспяшайся на дапамогу мне. Псальм: Хто жыве пад аслонаю Ўсявышняга. Святы Бертране, які выганяе дэманаў, маліся за мяне найняшчаснейшага. Я ўбачыў гэта ўпершыню ў ноч на 12 снежня 1694 г. і хутка пабачу ў апошні раз. Я грашыў і пакутаваў, і буду пакутаваць значна болей. “Galia Chritiana” датай смерці каноніка падае 31 снежня 1701 г., “у ложку, у выніку раптоўнага прыступу”. Такія дэталі нячаста сустракаюцца ў гэтай выдатнай працы Самарытанаў (Заўв. аўтара).


Пераклад з ангельскай – Лаўрэн Юрага © 2009

Чытайце таксама

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

Гай Валерый Катул

Гай Валерый Катул

Старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, найбольш значны з кола неатэрыкаў, “новых паэтаў”

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Культавы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай айчыннай вайны

826