№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

О. Генры

Дары мудрацоў (The Gift of the Magi)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Сяржук Мядзведзеў


Адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў. І ўсё. Прычым шэсцьдзесят цэнтаў з іх – аднацэнтавымі манеткамі. Манеткамі, за кожную з якіх яна так гандлявалася з бакалейшчыкам, зеленяром або мясніком, што тыя пачыналі чырванець, ціха ненавідзячы яе за такую празмерную скнарлівасць. Дэла пералічыла тройчы. Адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў. А заўтра Раство.

Як тут не плюхнуцца на старэнькую заседжаную канапу і не заплакаць? І Дэла плюхнулася і заплакала. Калі задумацца, то жыццё складаецца з расчараванняў, рыданняў і ўсмешак, але пераважна – з расчараванняў.

Дамо гаспадыні трохі часу прыйсці ў сябе, а пакуль агледзім дом. Мэбляваная кватэрка за восем даляраў у тыдзень. Не тое каб зусім ужо халупа, але менавіта гэтае слова ўжылі б прадстаўнікі санітарнай інспекцыі.

Унізе ў вестыбюлі вісела паштовая скрыня, у якую ніколі не прасунуўся б ніводзін ліст, і электрычны дзвярны званок, з якога ніводны смяротны не здолеў бы выціснуць ані гуку. У дадатак да ўсяго, побач была прыладжаная шыльда з надпісам “Містэр Джэймс Дылінгем Янг”.

Імя “Дылінгем” яшчэ веяла напамінам пра часы росквіту, калі яго ўладальнік зарабляў трыццаць даляраў у тыдзень. Цяпер жа, калі прыбытак скараціўся да дваццаці даляраў, пара пачала ўсур’ёз падумваць аб тым, каб скараціць яго да сціплага й някідкага “Д.”. Але штораз, калі містэр Джэймс Дылінгем Янг вяртаўся дадому і падымаўся да сябе ў кватэру, ён чуў пяшчотнае “Джым” і апынаўся ў сардэчных абдымках жонкі, якую, як вы ўжо ведаеце, звалі Дэлай. І гэта было цудоўна.

Дэла выплакалася і трохі падпудрыла шчокі. Яна стаяла ля акна і невясёла назірала за шэрай коткай, што ступала па шэрай агароджы ў шэрым двары. Заўтра Раство, а ў яе толькі адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў на падарунак Джыму. Колькі месяцаў яна збірала іх па манетцы і вось што мае ў выніку. На дваццаць даляраў у тыдзень далёка не заедзеш. Выдаткі выйшлі большымі, чым яна меркавала. Так заўжды. Усяго адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў на падарунак Джыму. Ейнаму Джыму. Колькі шчаслівых гадзінаў прабавіла яна, мроячы аб чымсьці прыгожым для яго. Чымсьці добрым, рэдкім і сапраўды якасным – чымсьці, што было б хоць трохі вартым гонару звацца уласнасцю Джыма.

Паміж вокнамі ў пакоі стала трумо. Можаце сабе ўявіць, якое бывае трумо ў кватэры за восем даляраў. Толькі вельмі худой і рухавай асобе ў змогу сабраць у адно свае адлюстраванні ў працягых вузкіх люстэрках. Дэла была даволі стройная, таму ёй гэта ўдавалася.

Раптам яна адскочыла ад акна і стала перад люстэркам. Ейныя вочы зіхцелі, як дыяманты, але твар праз дваццаць секунд зблякнуў. Рэзкім рухам яна распусціла валасы, і яны спалі з яе плячэй на ўсю сваю даўжыню.

У маладых Янгаў засталіся толькі дзве рэчы, якімі яны напраўду маглі ганарыцца. Першая – гэта залаты гадзіннік Джыма, які дастаўся яму ад бацькі, а таму – ад дзеда. А другая – валасы Дэлы. Калі б царыца Саўская жыла ў доме насупраць, Дэла б адмыслова прасушвала валасы пасля ванны, высунуўшыся ў акно, каб яны зацянялі сабой бляск усіх упрыгожванняў і пышных строяў Яе Вялікасці. А калі б цар Саламон быў швейцарам у іхным доме і хаваў у сутарэнні ўсе свае скарбы, Джым бы штораз глядзеў на свой гадзіннік, праходзячы міма, каб убачыць, як той дзярэ на сабе ад зайздрасці бараду.

І вось цяпер распушчаныя прыгожыя валасы Дэлы пераліваліся вадаспадам каштанавых хваляў. Яны даставалі ёй да кален і маглі б выдатна замяніць адзежу. Раптам, спяшаючыся, яна зноў нервова прынялася іх збіраць. Затым застыла на хвіліну, быццам вагаючыся, і з ейных вачэй выкаціліся і спалі на пацерты чырвоны дыван дзве слязінкі.

Старэнькая карычневая жакетка. Старэнькі карычневы капялюш. І з шолахам спадніцаў і дыямантавымі яскаркамі ў вачах яна выпырхнула за дзверы і, спусціўшыся па лесвіцы, выбегла на вуліцу.

Спынілася яна пад шыльдай: “М-м Сафроні. Вырабы з валасоў”. Дэла ўзляцела па лесвіцы на другі паверх і ўвайшла, запыханая, але сабраная. Вялікай беласкурай, з каменным тварам мадам наўрад ці пасавала імя Сафроні.

– Вы набудзеце мае валасы? – спытала Дэла.

– Я купляю валасы, – сказала мадам. – Здымі, дзетка, капялюшык і дай мне на іх зірнуць.

І вадаспад каштанавых хваляў разліўся долу.

– Дваццаць даляраў, – сказала мадам, узважыўшы валасы спрактыкаванай рукой.

– Давайце хутчэй, – пагадзілася Дэла.

Вох, наступныя дзве гадзіны яны лётала, быццам мятлік. Але метафары тут лішнія. Яна шмыгала па крамах у пошуку падарунку для Джыма.

Урэшце яна яго знайшла. Без сумневу, ён быў створаны для Джыма і ні для каго болей. Яна перавярнула ўсе крамы, і ні ў адной такога не было. Гэта быў плацінавы ланцужок для кішэннага гадзінніка, просты і сціплы з выгляду, аб вартасці якога сведчылі не мудрагелістыя ўзоры і аздабленні, а адно матэрыял, з якога ён быў выраблены, – як і належыць сапраўды добрым рэчам. Гэты ланцужок быў варты Яго Гадзінніка. Толькі зірнуўшы на яго, яна зразумела, што ён мусіць належыць Джыму. Яны былі падобныя. Спакой і вартасць – вось што іх аб’ядноўвала. За ланцужок з яе ўзялі дваццаць адзін даляр, і з васьмюдзесяццю сямю цэнтамі яна паспяшала дадому. З такім ланцужком Джым можа не хвалявацца, у якой бы кампаніі яго ні папрасілі падказаць час. Яму больш не прыйдзецца пазіраць цішком на такі выдатны гадзіннік, саромячыся за стары скураны пасок, прыладжаны замест ланцужка.

Калі Дэла вярнулася дадому, розум ейны трохі працверазеў, і ўзрушэнне саступіла разважлівасці. Яна дастала абцужкі для завівання валасоў, запаліла газніцу і прынялася выпраўляць разбурэнні, нанесеныя велікадушнасцю, спалучанай з любоўю. А гэта, сябры мае, заўсёды велізарная праца – тытанічная праца.

Праз сорак хвілін уся яе галава была пакрытая мноствам маленькіх завіткоў, што рабіла яе надзіва падобнай да школьніка-прагульшчыка. Яна доўга і старанна разглядала сябе ў люстэрку, ацэньваючы свой новы вобраз.

– Калі Джым не заб’е мяне, – сказала яна сабе, – ўбачыўшы мяне такую, ён скажа, што я падобная да харысткі з Коні-Айлэнд. Але што я магла зрабіць – Божа! – што я магла зрабіць на даляр і восемдзесят сем цэнтаў?

Роўна а сёмай гадзіне кава была прыгатаваная, а на плітцы грэлася патэльня, чакаючы адбіўных.

Джым ніколі не спазняўся. Дэла ўзяла ў руку складзены ўдвая ланцужок і села на край стала побач з дзвярыма, чакаючы Джыма. Хутка яна пачула на лесвіцы ўнізе ягоныя крокі і раптам збляднела на момант. Яна часта прамаўляла сама сабе караценькія малітвы з нагоды штодзённых клопатаў, і цяпер яна прашаптала: “Прашу Цябе, Госпадзе, хай ён па-ранейшаму лічыць мяне прыгожай”.

Дзверы адчыніліся, Джым увайшоў у кватэру і зачыніў іх. Ён выглядаў схуднелым і вельмі сур’ёзным. Небарака, хлапцу было ўсяго дваццаць два, а ён ужо нёс на плячах нялёгкі цяжар сем’яніна. Паліто ягонае даўно патрабавала абноўкі, а пальчатак – тых зусім не было.

Ён застыў у дзвярах, як сэтэр, што ўчуў перапёлку. Яго вочы ўтаропіліся ў Дэлу, але яна не магла разабраць, што ў іх напісана, і гэта напужала яе. То не была злосць, ані здзіўленне, ані асуджэнне, ані страх, ані якое хоць з тых пачуццяў, якіх яна чакала. Ён проста неадрыўна глядзеў на яе ўсё тым жа асаблівым незразумелым поглядам.

Дэла саслізнула са стала і падышла да яго.

– Джым, любы, – усхапілася яна, – не глядзі на мяне так. Я абстрыгла валасы і прадала іх, бо ні за што не прабачыла б сабе, калі б не зрабіла табе на Раство падарунку. Яны адрастуць ізноў – не злуйся, прашу цябе. Я не магла іначай. Яны ў мяне страх як хутка растуць. Павіншуй мяне з Раством! Джым, давай радавацца! Ты нават не ўяўляеш, які цудоўны, які прыгожы падарунак я табе набыла.

– Ты абстрыгла валасы? – вымавіў ён з цяжкасцю, быццам не мог усвядоміць гэты відавочны факт, што ніяк не хацеў змяшчацца ў яго галаве.

– Абстрыгла і прадала, – адказала Дэла. – Ты ж усё адно мяне любіш, праўда? Гэта ж па-ранейшаму я, хай і без валасоў.

Джым цікаўна агледзеў пакой.

– Дык ты цяпер без валасоў? – спытаў ён, і пытанне яго прагучала неяк па-ідыёцку.

– Не трэба іх шукаць, – сказала Дэла. – Я прадала іх. Кажу табе: абстрыгла і прадала, усё. Сёння Раство, мілы. Не злуйся на мяне, я ж гэта дзеля цябе зрабіла. Можа, валасы мае і можна было падлічыць да апошняй валасінкі, – дадала яна раптам з нейкай сур’ёзнай ласкавасцю, – але маю любоў да цябе злічыць немагчыма. Сёння ў нас на вячэру адбіўныя, добра, Джым?

Джым нарэшце ачомаўся. І ён сціснуў сваю Дэлу ў абдымках. Давайце, на дзесяць секунд пакінем нашых герояў і з дбайнай пільнасцю спынім свой погляд на чым-небудзь іншым. Што болей – восем даляраў у тыдзень або мільён у год? Матэматыкі і разумнікі не адкажуць слушна на гэтае пытанне. Мудрацы прынеслі найбагацейшыя дары, але ў іх не было аднаго. А чаго менавіта, мы даведаемся ў самым хуткім часе.

Джым выцягнуў з кішэні паліта скрутак і кінуў яго на стол.

– Не падумай пра мяне дрэннага, Дэл, – сказаў ён. – Ні праз якія стрыжкі, прычоскі ці шампуні я не пачну любіць маю любачку меней. Проста разгарні гэты скрутак, і ты зразумееш, чаму я так разгубіўся.

Белыя пальцы спрытна разарвалі заматаную паперу. Затым раздаўся радасны крык захаплення, а затым – авой! – уласцівая жанчынам перамена: слёзы роспачы і скрушлівы плач, што патрабавала неадкладнага ўмяшання ўсіх суцяшальных сілаў гаспадара кватэры.

На стале ляжалі Грабеньчыкі – набор грабеньчыкаў, рознага памеру і формы, які Дэла доўга разглядала ў адной з брадвейскіх вітрын. Прыгожыя грабеньчыкі, з сапраўднай чарапахі, аздобленыя каштоўнымі каменьчыкамі, акурат пад колер ейных раскошных страчаных валасоў. Яна ведала, гэта былі дарагія грабеньчыкі, і ейнае сэрца прагнула іх і тужыла, не маючы нават надзеі калі-небудзь імі валодаць. І цяпер яны належалі ёй, але кудзераў, якія мусілі аздабляць жаданыя ўпрыгажэнні, больш не было.

Яна прыціснула іх да грудзей і нарэшце здолела падняць заплаканыя вочы і ўсміхнуцца.

– У мяне вельмі хутка растуць валасы, Джым! – сказала яна.

Раптам Дэла падскочыла, як ашпаранае кацяня, і ўскрыкнула:

– Ах, што ж гэта я!

Яна ж яшчэ не паказала Джыму свайго цудоўнага падарунку. Дэла расціснула далонь і працягнула яму ланцужок. Бледны і дарагі метал, здавалася, зіхацеў, адлюстроўваючы святло і цеплыню ейнай душы.

– Бачыш, які цуд, Джым. Я аббегала ўвесь горад у пошуках. Цяпер ты будзеш спраўджваць час па сто разоў на дзень. Давай сюды гадзіннік. Я хачу зірнуць, як яны будуць глядзецца разам.

Замест таго каб выканаць яе просьбу, Джым плюхнуўся на канапу, заклаў рукі за галаву і пасміхнуўся.

– Дэл, – прамовіў ён, – давай пакуль схаваем нашыя калядныя падарункі. Надта цудоўныя яны, каб адразу ж імі карыстацца. Я прадаў гадзіннік, каб набыць табе грабеньчыкі. А цяпер давай вячэраць.

Вядома ж, вы памятаеце тых мудрацоў – а яны былі надзвычай разумныя людзі, – што прынеслі дары Немаўляці ў яслях. Менавіта ад іх ідзе звычай дараваць на Раство падарункі. Паколькі яны былі мудрацамі, то і дары іхныя былі мудрыя – яны пакідалі за сабой права замяніць іх у выпадку супадзення. Тут жа я няскладна апавёў вам нічым не прыкметную гісторыю двух бязглуздых дзяцей, якія так безразважна ахвяравалі адно адному найвялікшыя свае скарбы. І скажу яшчэ слова мудрацам сённяшніх дзён: з усіх людзей, якія даруюць падарункі, гэтыя двое былі самыя мудрыя. З усіх, хто дорыць і атрымлівае падарункі, самыя мудрыя тыя, хто робіць гэтаксама. Дзе б і кім яны ні былі. Яны і ёсць мудрацы.

Пераклад з ангельскай – Сяржук Мядзведзеў © 2009

Чытайце таксама

Павел Шыдэл

Павел Шыдэл

Польскі паэт, празаік, рэдактар.

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Оскар Ўайлд

Оскар Ўайлд

Оскар Фінгал О’Флаэрці Ўілс Ўайлд — брытанска-ірландскі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

2424