Калядны раманс
(Рождественский романс)
Яўгену Рэйну, з любоўю
 Плыве ў журбоце беспрычыннай
 паміж цаглянага надсаду
 караблік зыркай аблачынай
 ад Аляксандраўскага саду,
 начны ліхтарык нечуваны,
 як ружа жоўтая, прыгожы,
 над галавой сваіх каханых,
 ля ног прахожых.
 
 Плыве ў журбоце беспрычыннай
 пчаліны хор прапойцаў смешных.
 Глядзіць маркотнымі вачыма
 й фатаграфуецца замежнік,
 і выязджае на Ардынку
 таксоўка, хворая вякамі,
 і сталі мёртвыя ў абдымку
 з асабнякамі.
 
 Плыве ў журбоце беспрычыннай
 спявак маркотны па бульвары,
 ля крамкі з газаю айчыннай —
 маркотны дворнік круглатвары,
 плыве з паненкаю кісейнай
 стары каханак-малайчына.
 Картэж апоўначы вясельны
 плыве ў журбоце беспрычыннай.
 
 Плыве ў імгле замаскварэцкай
 плыўца ў няшчасце цяжкі подых,
 гучыць гаворкаю габрэйскай
 на жоўтых, на маркотных сходах,
 і, плывучы ў журбу з мілосці,
 каляднаю, нядзельнай госцяй
 сумуе пекная дзяўчына
 без дай прычыны.
 
 Плыве ўваччу халодны вечар,
 дрыжаць сняжынкі на вагоне,
 марозны вецер, бледны вецер
 апёк чырвоныя далоні;
 ў агнёх мядовых далягляды
 і пахне смачнаю халвою,
 начны пірог нясуць Каляды
 над галавою.
 
 Твой Новы год на хвалі сіняй
 за плыняй шуму гарадскога
 плыве ў журбоце беспрычыннай,
 нібы жыццё пачнем нанова,
 і будуць зноў святло і слава,
 удалы дзень і ўдосталь хлеба,
 нібы жыццё хіснула ўправа,
 хіснуўшы ўлева.
 
 28 снежня 1961
пераклад з рускай — Андрэй Хадановіч
24 снежня 1971 году
(24 декабря 1971 года)
V. S.
 У Раство, хоць не ўзносім хвалы,
 ўсе мы трохі біблійныя магі:
 дзеля каўнай бляшанкі халвы
 у аблозе трымае прадмагі
 плоймай скруткаў нагружаны люд —
 кожны сам сабе цар і вярблюд.
 
 Сумкі, торбы, авоські, кулькі,
 і гамонка не знае ўгамону;
 водар елкі, гарэлкі, траскі,
 мандарынаў, хурмы, цынамону;
 ды шукаць паміж трактаў дарма
 Віфлеемскі, і зоркі няма.
 
 І нашэннікаў сціплых дароў
 перапоўнены транспарт хістае
 і выплёўвае ў зеўрах двароў,
 хоць вядома: пячора пустая —
 ні жывёлы, ні ясляў, ні Той,
 што ў кароне святла залатой.
 
 Пустата. Ды ўспамін пра яе —
 як святло, што ліецца знікуды.
 Знаў бы Ірад: чым больш ён злуе,
 тым няўхільней калядныя цуды.
 Непарыўнасць пасеву й жніва —
 падставовая схема Раства.
 
 Цуд бліжэе і ўсюды жыве,
 і яднае ў святое застолле
 ўсе сталы. Не патрэба ў Растве
 хай яшчэ, але добрая воля
 ў чалавеках відаць праз грахі.
 І не спяць ля агню пастухі.
 
 Валіць снег. Аж расце да гаўбцоў.
 Трубы-коміны трубяць дачасна.
 Ірад п’е. Бабы туляць мальцоў.
 Хто прыйсціме — нікому не ясна.
 Мы не ведаем часу й прыкмет.
 Ці ж паверыць у прыхадня свет?
 
 Ды калі на дзвярным скавышы
 яна выйдзе з туману густога,
 у хусціне, нібыта на мшы, —
 і Дзіцяці, і Духу Святога
 пазнаеш у сабе хараство.
 Бачыш зорку і кажаш: Раство.
 
пераклад з рускай — Марыя Мартысевіч
Калядная зорка
(Рождественская звезда)
Халоднай парою ў мясцовасці, звыклай хутчэй да пары
 спякотнае, схільнай да плоскасці болей, чым да гары,
 Дзіця ў свет прыйшло, Збаўца свету ад ночы самой;
 мяло, як толькі ў пустэльні можа месці зімой.
 Яму ўсё было велізарным: грудзі матчыны, жоўты шар
 каганца, тры цары — Мельхіёр, Бальтазар, Каспар;
 дарункі іх, дбайна ўцягнутыя ў стойла вала.
 Ён быў адно толькі кропкай. І кропкаю зорка была.
 Уважліва, не міргаючы, цераз густую сінь
 на Таго, хто ляжаў у яслях, з найвышэйшых вышынь,
 з іншага краю Сусвету, з другога яго канца,
 зорка глядзела ў пячору. І гэта быў позірк Айца.
 
 24 снежня 1987
 
пераклад з рускай — Марыя Мартысевіч
Калядная зорка
(Рождественская звезда)
Халоднай парою ў месцах, знаёмых хутчэй з парой
 гарачаю, з роўнай паверхняю болей, чым з гарой,
 Дзіця, што выбавіць свет, у пячоры на свет прыйшло;
 мяло, як толькі зімою ў пустыні месці магло.
 Было Яму ўсё завялікае: валы, іх дыханне; твар
 і грудзі матулі; цары — Мельхіёр, Бальтазар, Каспар —
 і іх падарункі, падцягнутыя да святла.
 Ён быў усяго толькі кропкай. І зорка кропкай была.
 Уважліва й неадрыўна з-за рэдкіх аблок
 на яслі і немаўлятка, што ў іх ляжала, здалёк,
 з глыбіняў Сусвету, з іншай мяжы быцця,
 зорка глядзела ў пячору. Бацька глядзеў на Дзіця.
 
 24 снежня 1987
 
пераклад з рускай — Вера Бурлак
Уцёкі ў Егіпет (ІІ)
(Бегство в Египет (ІІ))
У лёху (які-ніякі, а дах!
 Вярнейшы за гмах а простых кутах!)
 У лёху ўтульна траім было.
 Саломаю, зрэб’ем пахла цяпло.
 Агонь унутры быў, а звонку — змрок.
 У змроку завея малола пясок.
 І, згадваючы пра яе памол,
 храплі знепакоена мул і вол.
 Марыя шаптала, агонь гудзеў,
 Язэп задуменна ў агонь глядзеў.
 Дзіця, замалое для іншых спраў,
 драмала і сніла, як вол араў.
 Яшчэ адзін дзень прамінуў і знік,
 забраўшы трывогі і страхі, зык
 раз’ятранай Ірадавай арды, —
 і цэлым стагоддзем бліжэй гады.
 Спакойна было ў тую ноч траім.
 Праз дзверы ў прахон выпараўся дым,
 каб іх не трывожыць, і толькі мул
 у сне (або вол) сам сабе ўздыхнуў.
 Глядзела зорка цераз парог.
 Адзіным з траіх, хто напраўду мог
 ведаць, што позірк той азначаў,
 быў Немаўлёнак. Ды ён маўчаў.
 
пераклад з рускай — Вера Бурлак
* * *
(Снег идет, оставляя весь мир в меньшинстве...)
Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет.
 Пінкертонам да ранку раздолле,
 і сябе выкрываеш, бо знойдзены след —
 непадробны і твой, як ніколі.
 Цішыня, але светла над кожным жытлом,
 і ты бачыш сваімі вачамі
 кожны зорны аскепачак, поўны святлом,
 нібы лодачка — уцекачамі.
 Не аслепні, глядзі! Ты і сам уцякач,
 сучын сын, парушальнік закону,
 прайдзісвет. За душой — ні халеры, прабач.
 Пара з рота, бы профіль дракона.
 Памаліся, як Той, з Назарэту, пра шлях
 валацугаў далёкіх і блізкіх,
 аб калядных дарах, самазваных царах
 і пра ўсіх немаўлят у калысках.
 
 1980
 
пераклад з рускай — Андрэй Хадановіч
За выключэннем вершаў "Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет..." (пераклад Андрэя Хадановіча) і “Калядная зорка” (пераклад Веры Бурлак), падборка з’явілася ў 48-м нумары газеты “Наша Ніва” за 26 снежня 2003 году.
 Друкуецца з ласкавага дазволу Фонду Іосіфа Бродскага.




