№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Юрый Вінічук

Кроў-любоў (Кров-Любов)

Апавяданне

Пераклад з украінскай Таццяна Урублеўская


Ганна-Марыя Плюм глядзіць у люстра і бачыць Ганну-Марыю Плюм з абвіслымі грудзямі, выпнутымі рэбрамі, сухую кашчавую пачвару, што вылезла з ванны. Магла і не вылазіць. Магла б застацца там жыць, прыкідваючыся русалачкай. Аднак няма перад кім прыкідвацца, бо Ганна-Марыя Плюм жыве адна, і адзіныя жывыя стварэнні ў хаце – сем звар’яцелых катоў.

Ганна-Марыя Плюм паказвае язык Ганне-Марыі Плюм і ў роспачы, схапіўшы стульчык, разбівае сваё адлюстраванне. Люстра разбіваецца ў друз, і цяпер сотні Ганнаў-Марыяў Плюм зыркаюць на яе з падлогі.

Калі яна з’яўляецца ў пакоі, каты сядзяць на канапе і мружаць ад сонца вочы.

У куточку дрэмле Фатэль – яе першы каханак. Яна кахалася з кожнай з чатырох ягоных ножак. Цяпер гэты Фатэль нагадвае руіны ад сэксуальнага злоўжывання. Ганна-Марыя гладзіць яго па спінцы:

– Нічога, мой любы... Я яшчэ аддам цябе адрамантаваць, і мы зажывем... Памятаеш, якія гэта былі часы... Я была маладая і неразважлівая, а ты – такі шалёны-шалёны...

Фатэль сумна ўсміхаецца і зноў занураецца ў сваю паточаную шашалем дромку.

Каты на змену яе каханкаў глядзяць вельмі спакойна. Бо іхная роля ў жыцці Ганны надта прымітыўная. Каты ёй замяняюць туалетную паперу. Сем катоў на сем дзён тыдня. Вельмі зручна. Па выкарыстанні чарговага ката Ганна шпурляе яго ў карыта з хлараванай вадой, кот з несамавітым віскам прымае ванну і знікае пад шафай, дзе, пачуўшы пах хлоркі, усе прусакі разбягаюцца па шчылінах, праклінаючы свой горкі лёс.

Ганна-Марыя перакахалася ўжо з усімі рэчамі ў хаце. Некаторыя з іх у экстазе ламаліся і згадвалі салодкія хвіліны на сметніку. Ганну гэта хвалявала мала. Калі нейкая рэч набрыдала ёй, яна з лёгкасцю забывалася на яе.

– Ах, курва! Яна разбіла маё жыццё. У мяне магла быць такая будучыня! – голасна ўздыхаў Дуршлаг.

– Чаго вы наракаеце? – здзіўляўся Кававы Млынок. – Вы ж хоць цэлы, а я... Паглядзіце на мяне, якую развалюху зрабіла з мяне гэтая распусніца!

– Рэчы ў яе выклікаюць неўтаймаваную жарсць, – прарыпеў стары Камод. – Гэта называецца “полавае вычварэнне”. Яна робіць з намі, што захоча, а мы пакорна трываем.

– Ды яна нас проста затэрарызавала, – сказаў Дуршлаг.

Раптам увамкнуўся тэлевізар:

– Міжнародны тэрарызм? Еслі вас інцерасует этат вапрос, то я магу прачытаць цэлую лекцыю!

– На халеру нам міжнародны тэрарызм? – здзівіўся Камод. – Размова пра нашую хатнюю тэрарыстку, якая яшчэ, на шчасце, на міжнародную арэну не выйшла.

– Тады я выключаюсь! – буркнуў тэлевізар і згас.

– Прыгадайце, як яна расправілася з нашым Пыласосам! – ажывіўся Маразільнік. – Паўтара году гвалціла яго з дня ў дзень. Ні з адным са сваіх каханкаў яна так доўга не жыла. У хвіліны тых любошчаў у яе вочы на лоб вылазілі.

– Так-так, – згадзіўся Камод. – Пыласос паказаў сябе бравым хлопцам. Ён так вібраваў, сапеў і стагнаў, што здавалася, ён выцягвае з яе ўсе сокі... А чым скончылася?

Скончылася тым, што Ганна-Марыя злавіла свайго каханка на ганебным учынку: Пыласос здраджваў ёй з Пральнай Машынай. Ганна-Марыя была ў роспачы. Як? Яе, каралеву ўсіх хатніх рэчаў, прамяняць на вось гэтую зачуханую Пралку?

– Ты! Ёлуп! – крычала яна. – На што пазарыўся?! Я ў ёй майткі мыю! А ты ў любоў гуляешся? Вось такая твая ўдзячнасць за маю дабрыню? Паўтара году я гэтым пудзілам нават пылінкі не здзьмула, шанавала яго, як роднага... Ну, пачакай, валацуга, я табе яшчэ пакажу!

Пасля гэтага яна штодня гэтым Пыласосам прыбірала ўсю хату і, не вытрушваючы смецця, замыкала ў шафу. Пральная Машына горка плакала:

– Хто я цяпер? Ні ўдава, ні дзеўка.

– Эх, прапаў казак! – крэкнуў Камод. – Вось чым каханне сканчаецца. Я заўжды казаў: баба да дабра не давядзе. Хто-хто, а вы пра гэта таксама ведаеце, – звярнуўся ён да Маразільніка.

– Шчэ б я не ведаў!

Ганна-Марыя доўгі час прыглядалася да яго. Сваёй мужнай паставай і шырокімі плячыма Маразільнік выклікаў ў яе павагу. А калі адной ночы прысніла, што ён яе абдымае, зразумела – гэта каханне. Штодня яна прыносіла кветкі і ставіла на Маразільнік. А той задаволена муркатаў.

– Чаму Вы такі халодны? – шаптала яна яму на вушка і пяшчотна гладзіла клямку.

Ганна-Марыя кіпела і выкіпала, а Маразільнік не адказваў узаемнасцю. Гэта было нясцерпна. І яна не стрымалася. Аднаго вечару яна пачала распранацца перад ім. Круціла сцёгнамі, трэсла грудзямі, што звісалі, як аладкі, а потым кінулася абдымаць яго і песціць, у гарачцы намацваючы эрагенныя зоны.

Усе прысутныя рэчы непарушна застылі ў трывожным чаканні: няўжо ён паддасца яе пяшчотам, гэтай д’ябальскай спакусе? Няўжо не ўтрымаецца і падзе апошняя крэпасць маральнасці і цноты ў гэтай хаце?

Ганна-Марыя млела і заходзілася ад жарсці, а Маразільнік фырчаў сабе без асаблівага запалу. І калі ў нейкі момант ёй здалося, што ён нарэшце ўзбудзіўся, апарат вымкнуўся і заціх.

Разбітая і змучаная, яна паплялася ў пакой, каб усю ноч прараўсці ў падушку, ёй нават хацелася скончыць жыцьцё самагубствам. Але так, каб у гэтым быў вінаваты Маразільнік. Хай яе заб’е токам, хай потым пакутуе...

Для рэчаў перамога Маразільніка стала сапраўдным святам. У гэтую ноч яны зладзілі сапраўдны карнавал.

Тэлевізар паказваў цнатлівы фільм пра каханне, створаны цнатлівымі мастакамі студыі імя А. Даўжэнкі. Пасля агіднай распусты гэта ўспрымалася як спеў райскай птушкі.

А потым яны танчылі і спявалі, пераапраналіся і дурэлі як маглі. Тэлевізар прыкідваўся Маразільнікам, а Дуршлаг паказваў тэлеперадачу, Унітаз аб’явіў, што будзе Чорным Морам, і стварыў шум прыбою. Не хапала толькі крыкаў кірляў. І Кававы Млынок даў рады гэтаму заданню як найлепш. Было ўражанне, што ўсе яны адпачываюць недзе на поўдні пад пальмамі. Камод узяў венік і заспяваў італьянскую серэнаду. Прусакі павылазілі на падваконне і дружна падпявалі. Молі лёталі і крычалі:

– Мы альбатросы! Мы альбатросы!

Ганна-Марыя зграбла аскепкі разбітага люстра і высыпала ў сметнік. Азірнула са смуткам кухню – не засталося больш ніводнай рэчы, з якой бы яна не кахалася.

Парасон, мятла – усё гэта было, было... відэльцы і лыжкі – было, было... Яе позірк упаў на вялікі нож, добрых паўметра даўжынёй. Нож пабліскваў і нібы весела падміргваў, заахвочваючы яе да палкага кахання. Рэчы таксама прыкіпелі вачыма да іх абодвух... Няўжо яны сыдуцца? Няўжо такое магчыма?

Ганна-Марыя больш не валодала сабой, схапіла аберуч нож і аддалася яму з усім надмерам пачуццяў, так, як не аддавалася яшчэ нікому. Нож пранікаў у яе ўсё глыбей і глыбей, кроў забіла фантанам, і Ганна-Марыя закрычала ад задавальнення. Усе сямёра катоў паўскоквалі на стол і з вырачанымі вачыма сачылі за двубоем каханкаў. Нож любіў вострыя перажыванні і расцінаў усё, што траплялася яму на шляху. Кроў заліла падлогу. Згаладнелыя каты абселі лужыну і пачалі злізваць.

Зарыпела шафа, з яе выпаўз Пыласос. Ён выманіў з ваннага пакою Пральную Машыну, і закаханая пара падкаціла да гаспадыні. У яе на вачах Пралка аддалася Пыласосу. Ганна-Марыя не магла гэтага стрываць. Яна дазволіла нажу ўвайсці ў сябе па рукаятку, і апошняе, што вылавіў яе затуманены позірк, – гэта шчаслівыя абдоймы Пыласоса і Пралкі.

“Якога ж монстра яны народзяць!” – падумала яна. І памерла.



© Юрій Винничук, 2007

Пераклад з украінскай – Таццяна Урублеўская © 2009

Чытайце таксама

Клаўс Элсбергс

Клаўс Элсбергс

Латышскі паэт і перакладчык

Сапфо

Сапфо

старажытнагрэцкая паэтка, адна з “дзевяці лірыкаў”, вартых крытычнага вывучэння

Паўль Цэлан

Паўль Цэлан

Нямецкамоўны паэт і перакладчык, адзін з найлепшых еўрапейскіх лірычных паэтаў

Курт Тухольскі

Курт Тухольскі

1084