№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Густаў Майрынк

Чалавек на бутлі (Der Mann auf der Flasche)

Апавяданне

Пераклад з нямецкай Васіль Сёмуха


Маска, з якою танцаваў Меланхтон, – гэта быў кажан, дагары нагамі, галавою ўніз.

Крылы шчыльна абліпалі цела, а ў кіпцях кажан моцна трымаў вялікую залатую апону, падняўшы яе ўгору, як бы тым самым паказваючы, што ён з нечагась звісае, – глядзелася гэта, ну, зусім дзіўна і павінна было зрабіць на Меланхтона адмысловае ўражанне, калі падчас танцу ён увесь час мусіў глядзець у гэты абруч, які быў яму сама-сама пад рост.

Гэта была ці не самая арыгінальная маска на бале персідскага прынца, бадай, нават самая брыдкая, прынамсі, гэты кажан.

Нават Яго Светласці Махамеду Дарашэ-Когу, гаспадару свята, яна кінулася ў вочы.

– Красуня маска, я ведаю цябе, – кіўнуў ён ёй, падкінуўшы тым самым вялікага ажыўлення ў групу масак вакол сябе.

– Пабажуся, гэтая бубачка – маркіза Х., інтымная сяброўка княгіні, – сказаў галандcкі радца, выштукаваны ў стылі Рэмбранта – інакш і быць не магло б, як сама кажа, яна ведае кожны закутак у замку, – а крышку раней, калі многім кавалерам дапаў у галаву “халодны” намысел загадаць старому камердынеру прынесці валёнкі і паходні, каб там, звонку, у парку, можна было пакідацца сняжкамі, і там гэты кажан заўзята дурэў сярод іншых, ён, “можа пабажыцца”, заўважыў, як на яе запясці бліснула добра знаёмая гіяцынтавая бранзалетка.

– Ах, як цікава, – умяшаўся ў гаворку блакітны матылёк, – ці не мог бы Меланхтон тым часам асцярожненька навесці невялічкі зандажык, – а ці не сам граф дэ Фааст, як тое здаецца апошнім часам, ці не сам ён і ёсць пеўнік у графініным кошыку.

– Асцерагаю цябе, маска, не так гучна ўголас, – сур’ёзна перапыніў яго галандскі радца, – добра яшчэ, што канцоўку вальса аркестр завяршыў фартысіма – некалькі хвілінаў таму прынц стаяў тут, зусім жа паблізу...

– Так, так, самае лепшае – ні слова пра такія рэчы, – шэптам умяшаўся ў гаворку егіпецкі анубіс, – жарсць гэтага азіята не ведае межаў, і тут у замку напэўна ж назапашана жару больш, чым усе мы думаем. – Граф дэ Фааст даўно ўжо бавіцца з агнём, і калі б Дарашэ-Ког ведаў...”

Грубая, кашлатая постаць, падобная на вераўчаны маток, пракладала сабе – у дзікай уцечцы ад элінскага ваяра ў мігатлівым блішчастым баявым убранні – дарогу праз групу масак, якія няўцямна глядзелі ўслед абодвум, што на лёгкіх гумовых падэшвах спрытна шмыгалі па люстрана-гладкай каменнай падлозе.

– А табе не было б страшна, калі б цябе рассеклі, мінгер Канітферстан, калі б ты быў гордзіевым вузлом і ведаў, што за табою ўгоньваецца Аляксандр Вялікі? – пакпіў, абярнуўшыся, кажан і лёгенька паляпаў веерам па сур’ёзным носе галандца.

– Ай-яй-яй, красуня маркіза-кажан, жывы дух заўсёды сябе выдае, – усміхнуўся даўгавязы юнкер Ганс [1], “мефістофель” з хвастом і конскім капытом, – шкада, ах, як шкада, што цябе, дагарыножка, можна ўбачыць вось так, уніз галавою, толькі ў вобразе кажана.

Нехта крута зарагатаў.

Усе абярнуліся і ўбачылі тоўстага прыстарка ў шырокіх штанах і з аслінай галавою.

– Ах, гэта засмяяўся адстаўны гер віцэ-прэзідэнт гандлёвага суду, – суха зазначыў “мефістофель”.

Глухі ўдар у звон – і пасярод велізарнай залы паўстае кат у чырвоным талары вестфальскай Феміды; абапіраючыся на бліскучую сякеру, ён узмахвае медным звонам.

З нішаў і ложаў сплываліся маскі: арлекіны, ladies with the rose, людаеды, ібісы і каты ў ботах, віновыя валеты, кітаянкі, нямецкія паэты з шыльдачкамі “Толькі чвэрць гадзінкі”, дон-кіхоты, Валенштайнавы рыцары, каламбіны, баядэры і даміно ўсіх колераў і фасонаў.

Чырвоны кат раздае ў натоўпе слановай касці таблічкі з залатым надпісам.

– Ах, праграма прадстаўлення!

– Чалавек у бутлі.


Камедыя марыянетак у духу Обры Бёрдслі прынца Махамеда Дарашэ-Кога.


Асобы:

Чалавек у бутлі Мігель граф дэ Фааст

Чалавек на бутлі прынц Махамед Дарашэ-Ког

Дама на насілках-марах ***

Вампіры, марыянеткі, гарбуны, малпы, музыкі

Месца дзеяння: разяўленая пашча тыгра.


– Што? Сам прынц у лялечным спектаклі?

– Мабыць, сцэна з Тысячы і адной ночы?

– А хто ж будзе за даму ў паланкіне?– чуюцца цікаўныя галасы.

– Небывалыя неспадзяванкі ў нас сёння яшчэ наперадзе, о так, – шчабеча міленькая incroyable у гарнастаі і туліцца да свайго абата, – ведаеш, той П’еро, з якім я танцавала тарантэлу, гэта быў граф дэ Фааст, які зайграе чалавека ў бутлі, і ён шмат чаго даверліва адкрыў мне: марыянеткі будуць злавесна страшныя, але толькі для тых, хто гэта разумее, ведаеш, а слана сабе выпісаў па тэлеграфе з Гамбурга асабіста сам прынц, – ай, але ж ты не слухаеш мяне! – І малышка злосна адпускае руку свайго кавалера і ўцякае.

Праз шырокія бакавыя дзверы ў святочна ўбраную залу з суседніх памяшканняў наплываюць усё новыя маскі, беспарадкава збіваюцца ў гурт пасярэдзіне, снуюць, і перакідаюцца, як вечна зменлівыя ўзоры фарбаў калейдаскопа, альбо ціснуцца да сцен, з захапленнем разглядваючы дзівосныя фрэскі, якія, падымаючыся да сіняй, усыпанай зоркамі столі, абдымаюць усю залу, як нейкая казачная пейзажнасць.

Падобна квяцістаму, яркаму востраву жыцця разлеглася зала, амываная палямі калярова-бліскучых фантазіяў, якія, спярша прачнуўшыся ў радасна ўсхваляваных сэрцах мастакоў, цяпер ледзь ужо зразумела, спрошчана і запаволена нашэптваюць нешта мітуслівым душам сённяшняга дня.

Абслуга разносіць на срэбных падносах асвяжальныя напоі, шэрбет і віно. – Уносяць крэслы, ставяць у ваконныя нішы.

З шоргатам рассоўваюцца сцены бакоўкі, і з цемры павольна выкочваецца сцэна, з чырвонабура і жаўтлява прасвечанай абрамоўкай і белымі зубамі ўгары і ўнізе: стылізаваны позях тыгравай пашчы.

Пасярэдзіне сцэны велізарная кулепадобная бутля – з таўшчэзнага шкла, амаль у два чалавечыя росты і вельмі ёмістая. У глыбіні сцэны – ружовыя шаўковыя заслоны.

Каласальныя з чорнага эбэнавага дрэва дзверы адчыняюцца, і ў велічным спакоі ў залу ўваходзіць слон, упрыгожаны золатам і каштоўнасцямі. На ягоным хібе ўвесь у чырвоным кат, тапарышчам сякеры кіруе слана.

З канцоў яго біўняў звісаюць і боўтаюцца аметыставыя ланцугі, павяваюць вееры з павіных пёраў. Расшытыя золатам гуні разынкавага колеру кутасамі звісаюць абапал тулава да самай зямлі. Магутны лоб пад сеткай з блішчастымі камянямі, – абыякава і роўна ступае слон праз святочнае памяшканне.

Вакол яго ціснуцца маскі і захоплена віватуюць стракатую групу знакамітых актораў, якія сядзяць у паланкіне на спіне ў слана: прынц Дарашэ-Ког у турбане і чубатым аграфэ. – Граф дэ Фааст у масцы П’еро побач з ім. Марыянеткі і музыкі, застылыя і нерухомыя, як драўляныя лялькі, – абапал.

Слон даходзіць да сцэны і аднаго за адным хобатам падымае з паланкіна седакоў; воплескі і лямант захаплення, калі слон падымае П’еро і апускае яго ў бутлю, пасля накрывае яе металічным векам, а наверх садзіць прынца.

Музыкі паўколам апускаюцца вакол і дастаюць дзіўныя, тонкія, як бы прывідныя інструменты.

Слон сур’ёзна азірае іх, пасля павольна паварочваецца, ідзе назад да выхаду. Гарэзліва і свавольна, як дзеці, маскі абвешваюцца яму на хобат, вушы, біўні і з вясёлым галёканнем спрабуюць затрымаць яго; але жывёліна амаль і не зважае на гэтыя іхнія завіханні.

Прадстаўленне пачынаецца, аднекуль, як усё роўна з-пад зямлі, ціха ліецца музыка. Лялечны аркестар і марыянеткі застываюць, як нежывыя, як васковыя. Флейтыст з шкляным, дурнаватым тварам глядзіць у столь; дырыжорка-ракако ў парыку і капелюшы з плюмажам, дырыжорская палачка, як бы паднятая, як бы прыслухоўваецца, тонкія пальцы таямніча на вуснах, скажоных у агіднай пажадлівай усмешцы.

На авансцэне марыянеткі; гарбаты карлік у парыку, з вапнава-белым тварам, жахліва вышчараны чорт і бледна напамажаная спявачка з чырвонымі смягла-юрлівымі вуснамі, здаецца, у сатанінскай злосці ведаюць нейкую жудасную таямніцу, якая прымусіла застыць у пахацімскай сутарзе. Вусцішнаць ад выгляду жывой смерці, аж валасы дыбарам, пануе над знерухомленай групай.

Адзін толькі П’еро ў бутлі ў неспакойнай рухавасці, памахвае сваім вастраверхім лямцавым каўпаком, кланяецца, вітаючы ўгары персідскага прынца, які, нага на назе, нярухома паседжвае сабе наверсе бутлі, – пасля зноў кроіць вар’яцкія грымасы.

Яго падскокі і подбрыкі ўводзяць гледачоў у рогат – аж так бо гратэскова ён глядзіцца! Тоўстыя шкляныя сценкі бутлі скажаюць відовішча так неверагодна, што часам вырачаныя вочы П’еро лезуць з арбітаў і дзіка блішчаць, пасля зноў амаль знікаюць, застаюцца толькі лоб і падбародак, альбо патройваецца твар, часам П’еро робіцца тоўсты і азызлы, пасля зноў шкілет шкілетам, высахлы і даўгалыгі, як павук. Альбо шарам надзімаецца трыбух. І кожны бачыць яго інакш, – хто з якога боку бутлі гляне.

На нейкія кароткія імгненні, без ніякай прыкметнай лагічнай сувязі ў постаці як бы штуршкамі прарываецца нейкая прывідная жыццёвасць, якая адразу ж пасля зноў вяртаецца ў ранейшую, вусцішна-трупную здранцвеласць, аж здаецца, быццам уся карціна пераскоквае з мёртвасці ў жыццё і назад, як стрэлка на вежавым гадзінніку з хвіліны на хвіліну – такое дзікае ўражанне.

Адзін раз фігуры нават як бы нават выскачылі з каленных чашак на тры фантастычныя танцавальныя пасажы збоку бутлі, а на заднім плане пачварнае дзіця скурчылася, як бы як у нейкай грахоўнай пакуце.

Адзін музыка – з выгляду башкір, вочы вар’ята, без веек, чэрап грушай – кіўнуў на ўсё гэта, з выразам жахлівай грэблівасці растапырыў сухія, пачварныя, патоўшчаныя на канцах пальцы, падобныя на палачкі ў руках у барабаншчыка, – як васковыя сімвалы таямнічай звыраднеласці.

Пасля на спявачку скокнула нейкая фантастычная жанчынападобная гермафрадытычная істота з доўгімі звіслымі бяскостнымі пальцамі і застыла ў танцавальнай позе.

Літаральна асвяжальным аддыхам было, калі акурат падчас такой паўзы знярухомленасці з-за ружовай шаўковай заслоны з глыбіні сцэны два маўры ўнеслі зачыненыя мары з сандалавага дрэва і паставілі іх каля бутлі, на якую цяпер раптам палілося бляклае, як бы месяцавае святло.

Цяпер гледачы, так бы мовіць, падзяліліся на два лагеры: адны, няздольныя паварухнуцца і анямелыя, цалкам пад уладай гэтай фантастычнай вампірна-загадкавай пантамімы марыянэтак, з якое струменіліся дэманічныя флюіды атрутнай, невытлумачальнай асалоды, другая тым часам група, занадта няздатная на такога роду душэўныя перажыванні, ніяк не магла астыць, гледзячы на пацешныя выкрунтасы і падкіндэсы чалавека ў бутлі.

А гэты хоць ужо і перастаў уцінаць свае вясёленькія скокі, але і яго цяперашнія паводзіны здаваліся ім не менш камічнымі. Усімі даступнымі спосабамі ён высільваўся давесці да цяму прынцу, які сядзеў на бутлі, пра нешта звонку, што, відаць, падавалася яму мусова неадкладным. Так, ён біўся аб шкло, нарэшце пачаў на яго кідацца, быццам хацеў разбіць яго альбо нават перакуліць тую бутлю. І выгляд быў у яго, як бы ён на ўсё горла крэчма крычаў, хоць, вядома ж, ані віску, ані піску не пранікала за тоўстые шкло вонкі.

На пантамімічныя вычварэнні і грымасы П’еро перс час ад часу адказваў смехам альбо паказваў пальцам на мары.

Цікаўнасць публікі дайшла да апагею, калі пры такой акалічнасці было заўважана, што П’еро даволі падоўгу прыціскае твар да шкліны, як бы спрабуючы нешта разгледзець на марах, калі раптам ён, як вар’ят, заламаў рукі над галавою, нібы ўбачыўшы-такі штосьці агіднае і, рвучы на галаве валасы, кінуўся на калені. Пасля падхапіўся і з такой хуткасцю папёр у бутлі ўздоўж сценкі, што ўжо відаць былі не грымасы, а толькі светлая паласа ад белай апраткі.

Вялікае ж было і недаўменне ў публіцы, усе круцілі сабе галаву, што там яму такое памроілася з тою “дамай на насілках-марах”; можна было лічыць за верагоднае, што белы твар быў прыціснуты да шкліны і нерухома ўзіраўся праз бутлю, усё астатняе ж было ў цяні, і заставалася толькі здагадвацца.

– І які ж бо толькі сэнс мае быць у гэтым лялечным тэатры, – шапнуў блакітны даміно і баязліва прытуліўся да “мефістофеля”. – Узбуджана і прыглушанымі галасамі людзі абменьваліся думкамі. – Проста так людскага сэнсу гэтая штука не мае, толькі рэчы, якія не азначаюць нічога, звязанага з мазгамі, маглі б знайсці прыхаваны доступ да душы, – сказаў адзін – вогненная саламандра – і так, як што бываюць людзі, якія, убачыўшы вадзяністыя выдзяленні з бяскроўнага трупа, у эратычным чадзе, выдаюць з сябе бяссілыя крыкі экстазу, дык бываюць, вядома ж, і...

– Карацей, – асалода і жудасць растуць на драўніне, – умяшаўся кажан, – але паверце мне, я дрыжу ўсім целам ад узбуджэння, у паветры завісла нешта невыказна вусцішнае, чаго я ніяк не магу атрэсці з сябе, яно зноў і зноў аблягае мяне, як ваўняная хустка. Ці не ад лялечнай гульні гэта? Я кажу – не; на мяне струменіцца ад прынца Дарашэ-Кога. Чаму ён сядзіць там, здаецца, так безудзельна, угары, на бутлі? І ўсё-такі часам па ягоным твары прабягае як бы дрыготка! Нешта злавеснае адбываецца перад намі, я дазволю сабе не прымаць гэтага.

– Думаю, я выдабыў з гэтага пэўнае сімвалісцкае значэнне, і да яго дужа добра пасуе, што ты толькі што сказаў, – умяшаўся ў гаворку Меланхтон, – ці ж бо не “чалавек у бутлі” ёсць выява заключанай у чалавеку душы, якая бяссіла вымушана сузіраць, як пачуцці – марыянеткі – дзёрзка бушуюць і пацяшаюцца, і як цяпер усё нястрымна ідзе насустрач распаду?

Гучны рогат і воплескі абарвалі ягоныя словы. П’еро скурчыўся на дне бутлі і абшчаперыў пальцамі шыю. Пасля шырока раззявіў рот, у дзікай роспачы паказаў на свае грудзі і ўгору – і нарэшце ўмольна склаў рукі, нібыта нешта хацеў выпрасіць у публікі.

– Ён хоча піць – ну так, такая велізарная бутля, а ў ёй ані кроплі, – дайце ж яму піць, марыянеткі!– крыкнуў адзін глядач. Усе засмяяліся і запляскалі ў далоні.

Тут П’еро зноў ускочыў, садраў з грудзей белую палатніну, зрабіў рух, як бы пахістваючыся, і ўсім целам грымнуўся на дно бутлі.

– Брава, брава, П’еро! Выдатна сыграна! Da capo, da capo!– лямантаваў натоўп.

Але як што чалавек больш не варушыўся і не кроіў грымасаў, каб паўтарыць сцэну на біс, апладысменты спакваля аціхлі, і агульная ўвага перакінулася на марыянетак.

А тыя ўсё яшчэ стаялі ў ранейшых паставах духаў, але цяпер у іх міны ўтачылася нейкая напруга, якая раней неяк не бралася на вока. Здавалася, быццам яны чакалі нейкай важнай каманды. Гарбаты карлік з вапнава-белым тварам нарэшце асцярожна перавёў вочы на прынца Дарашэ-Кога.

Перс не варушыўся. Яго твар здаваўся мёртвым.

Нарэшце з глыбіні сцэны выступіў маўр і баязліва падышоў да насілак-мараў і адчыніў дзверцы.

І тут сталася нешта неверагодна дзіўнае. З мараў вывалілася зусім голае жаночае цела і з глухім пляскам упала на падлогу.

Хвіліна мёртвай цішыні, пасля гвалт тысячы галасоў – зала забушавала.

– Што гэта? – Што здарылася?!

Марыянеткі, малпы, музыкі – усё паўскоквала; маскі паўзляталі на сцэну: княгіня, жонка Дарашэ-Кога, голая ляжала на падлозе, прывязаная да сталёвай арматуры. У месцах, дзе шнуркі абвівалі цела, былі сінія падцёкі. У роце тырчаў шаўковы кляп.

Неапісальная жудасць спаралізавала ўсіх у зале.

– П’еро, – заверашчаў раптам нейкі голас, – П’еро!

Шалёны, падсвядомы страх – як удар кінжалам кожнаму ў сэрца.

– Дзе прынц?

Падчас агульнай неразбярыхі і вэрхалу перс знік без следу.

Меланхтон ужо стаяў у “мефістофеля” на плячах, пустое – ён не мог падняць накрыўку з бутлі, а невялікі вентыль для паветра быў – закручаны!

– Разбівайце шкло, хутчэй, хутчэй! – Галандскі радца вырваў з рук чырвонага ката сякеру, адным скокам узляцеў на сцэну. Калі пасыпаліся ўдары, зазвінела, як бы ў расколаты звон; жудасны звон. Рэзкія ўдары джыгалі ў шкле, як белыя маланкі, – лязо сякеры сагнулася. Нарэшце – нарэшце... бутля рассыпалася на асколкі. Сярод іх ляжаў, задыхнуўшыся, труп графа дэ Фааста – пальцы ўпіліся ў грудзі.

Над святочнай залай, бязгучна шлопаючы крыллем, нябачна луналі велізарныя птахі жудасці.


[1] Юнкер Ганс – Junker Hans (ням., абразліва) – юнкер, прыдворны кавалер, шляхцючок-лісахвост.



Пераклад з нямецкай – Васіль Сёмуха © 2009

Чытайце таксама

Міхай Эмінэску

Міхай Эмінэску

Найвядомейшы ў свеце румынскі пісьменнік, класік румынскага рамантызму

Мэйбл Паўэрз

Мэйбл Паўэрз

Аўтарка працаў пра жыццё паўночна-амерыканскіх індзейцаў, іракезскае племя сенэкаў прыняло яе ў клан Бакаса

Корнэль Фёльдвары

Корнэль Фёльдвары

Народжаны ў няправільны час (13 лютага 1932) у няправільнай сям’і, з самага пачатку сваёй творчасці выпрацаваў разумную сістэму псеўданімаў

Кацярына Маціеўская

Кацярына Маціеўская

Перакладае з французскай, ангельскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс

1079