№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Стары чараўнік (Den gamle trollkarlen)

Казка

Пераклад са шведскай Алеся Башарымава

Жыў неяк такі гадасны чараўнік, які даўно-даўно скраў двох немаўлят, хлопчыка ды дзяўчынку, і з імі жыў зусім адзін у нары ў нейкай закінутай мясцовасці. Гэтых дзетак ён – даруй Госпадзе – абяцаў д’яблу; усяму шкоднаму ён вучыўся па чароўнай кнізе, якую хаваў, нібыта найкаштоўнейшы скарб.

Але часам здаралася так, што стары чараўнік пакідаў сваю нару, і дзеці заставаліся адны. Тады хлопчык, які высачыў, дзе стары хавае чароўную кнігу, чытаў яе. Ён вывучыў процьму чароўных формулаў чорнай магіі і праз нейкі час ужо і сам стаў умелым чараўніком. Чараўнік толькі зрэдку выпускаў дзяцей з нары, а так трымаў іх у вязніцы, каб потым пакласці ахвяраю ў імя зла. Таму дзеці хацелі апынуцца адсюль далёка-далёка... Яны раіліся між сабой, як бы гэта ім употай збегчы. Аднаго дня, калі чараўнік пакінуў нару вельмі рана, хлопчык сказаў сястры: “Вось наш час, сястрычка! Гэты злыдзень, што пад гнётам трымае нас у няволі, цяпер далёка. Хадзем адсюль, давай ісці, пакуль ногі будуць трымаць нас”. Так яны і зрабілі: сышлі прэч і крочылі цэлы дзень.

Надвячоркам вярнуўся чарадзей у нару – а дзяцей няма. Адразу ж разгарнуў ён чароўную кнігу, вычытаў, якой дарогаю яны пайшлі. Хутка ён ужо стаў даганяць іх, нават было чутна, як ён люта крычэў і лаяўся, і сястра ў адчаі і страху заенчыла: “Браце, браце, нам канец! Злыдзень ужо зусім блізка!” Тады хлопчык выкарыстаў сваю магію, вывучаную па кнізе: ён вымавіў нейкі заклён, і адразу сястра ягоная перакінулася на рыбку, а сам ён ператварыўся ў сажалку, і рыбка стала весела плаваць ў вадзе.

Дабраўся стары да сажалкі і зразумеў, што яго падманулі. Раззлаваўся ён, загырчэў: “Ну пачакайце мне, пачакайце, хутка я вас спаймаю!” – і куляй кінуўся назад да нары, каб узяць нерат і злавіць рыбку. Але як толькі чараўнік знік, сажалка і рыбка зноў сталі братам і сястрой. Добра схаваўшыся, яны выспаліся і на наступны ранак зноў пусціліся ў шлях і ішлі цэлы дзень.

Калі злы чараўнік вярнуўся з нератам на тое месца, што так дакладна запомніў, то замест сажалкі ўбачыў толькі зялёны поплаў, дзе можна злавіць якіх-небудзь жабак, але ніяк не рыбак. Ён яшчэ мацней раззлаваўся, выкінуў свой нерат і пабег за дзецьмі, бо чарадзейная палачка паказвала яму правільны кірунак. Пад вечар ён ужо наступаў беглякам на пяткі. Было чутна, як ён фыркаў і брыдка лаяўся, і сястра зноў заенчыла: “Браце, любы браце! Нам канец, гэты жудасны чараўнік за намі!” Але хлопчык яшчэ раз выкарыстаў магічую формулу з кнігі. Ён стаўся капліцаю пры дарозе, а дзяўчынка – абразком у гэтай капліцы.

Як толькі чараўнік заўважыў капліцу, то зразумеў, што яго ў другі раз падманулі, і забегаў вакол з жудасным крыкам. Але рабіць ён нічога не наважыўся, бо ва ўсіх кантрактах чараўнікоў з сіламі зла прапісваецца, што аніколі нельга набліжацца да цэркваў і каплічак.

“Калі ўжо мне нельга падыходзіць бліжэй, дык я магу хаця б распаліць вогнішча і спапяліць вас!” – крыкнуў ён і пабег у нару, каб узяць там агонь.

Пакуль чараўнік бег і бег ноч навылёт, капліца і прыгожы абразок зноў сталі братам і сястрою. Яны схаваліся і заснулі, а трэцім ранкам рушылі далей і ішлі цэлы дзень. Тым часам чараўнік, якому давялося так доўга бегчы, ізноў пусціўся за імі. Толькі калі ён вярнуўся туды, дзе стаяла капліца, то ўваперся носам у велізарную скалу, якую ні падпаліць, ні спапяліць нельга. З усіх ног кінуўся ён следам за дзецьмі.

Пал вечар ён ужо амаль дагнаў іх, і сястра напужалася ў трэці раз і хацела ўжо аддацца на волю лёсу, але хлопчык зноў вымавіў заклён з кнігі; стаў ён падлогаю ў гумне, дзе малацілі зерне, а сястрычка ператварылася ў зярнятка, забытае на падлозе.

Прыбег злы чарадзей і ўбачыў, што ў трэці раз яго падманулі, толькі цяпер ужо стрымаўся і не кінуўся адразу ж дамоў, але ўзгадаў пра чароўную формулу з кнігі. Зрабіўся ён чорным пеўнем і хуценька падбег да зернейка, каб здзяўбці яго. Ды хлопчык вымавіў яшчэ адзін заклён, вычытаны ў кніжцы, і ўмомант перакінуўся на лісіцу. Не паспеў певень здзяўбці зярнятка, як лісіца схапіла яго і адкусіла яму галаву. Тут ужо чараўніку, як і казцы нашай, прыйшоў канец.

Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава © 2013

Чытайце таксама

Таццяна Нядбай

Таццяна Нядбай

Георг Гайм

Георг Гайм

Нямецкі паэт, празаік, драматург, ключавая постаць ранняга экспрэсіянізму

Міхаіл Кузмін

Міхаіл Кузмін

Рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, кампазітар

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

1092