№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сёстры са шклянымі сэрцамі (De tre systrarna med glashjärtat)

Казка

Пераклад са шведскай Алеся Башарымава

Бываюць людзі, у якіх сэрцы – шкляныя. Калі да такога чалавека асцярожна дакрануцца, яго сэрца зазвініць, нібы срэбны гадзіннік. Калі ж ударыць такога чалавека, то сэрца яго разаб’ецца.

Жылі некалі кароль з каралевай, і былі ў іх тры дачкі, і ўсе тры – са шклянымі сэрцамі. “Дзеці, – казала каралева, – беражыце свае сэрцы, яны ў вас такія крохкія”. І яны бераглі.

Але неяк пагожым дзяньком старэйшая сястра, што любіла лавіць птушак і захаплялася кветкамі, назірала з акна, як лётаюць у садзе вакол мацыёлаў пчолы і матылькі. Яна перагнулася з акна, прыціснуўшыся да перакладзіны грудзьмі, і раптам раздалося – Дзынь! – нібыта нешта разбілася, і прынцэса павалілася нежывая.

Мінуў нейкі час, і аднойчы сярэдняя сястра вырашыла папіць кавы, але тая аказалася занадта гарачай. І зноў нешта зазвінела, нібыта разбіваецца шкло, толькі званчэй, чым у першы раз, і дзяўчына знепрытомнела. Маці падняла яе, паглядзела ў твар і з радасцю заўважыла, што яна жывая, хоць па сэрцы дзяўчыны прайшла расколіна. Было ясна, што без вялікай дбайнасці сэрца доўга не вытрымае.

– Што нам рабіць з дачкою? – непакоіліся кароль і каралева. – Калі расколіна паглыбіцца, то сэрца з лёгкасцю разаб’ецца! Мы будзем старанна клапаціцца пра дачку.

Але прынцэса сказала: “Годзе вам! Здараецца, і біты збан доўга служыць”.

Неўзабаве падрасла і малодшая каралеўская дачка, і зрабілася яна прыгожай, мілаю і разумнаю дзяўчынай. Прынцы з усіх краёў імкнуліся пабрацца з ёй шлюбам. Але сумныя падзеі зрабілі старога караля мудрым, і таму ён сказаў:

– У мяне засталася адна толькі жывая-здаровая дачка, але яна таксама мае шкляное сэрца. Калі я й выдам яе за кагосьці, дык толькі за караля, які б быў адначасова і шкляром. Ён мусіць добра разумець, як трэба абыходзіцца з такім далікатным таварам.

Але ніхто з жаніхоў не займаўся шклярствам, і ўсім ім давялося ад’ехаць ні з чым.

А быў сярод каралеўскіх пажоў адзін, які ўжо амаль скончыў сваю службу. Калі б яму яшчэ тройчы даручылі несці шлейф малодшай прынцэсы, ён бы стаў дваранінам. І тады кароль пажадаў бы яму шчасця і сказаў: “Ты скончыў службу і стаў дваранінам. Прымі каралеўскую падзяку. Цяпер ты вольны”.

Калі ён нёс шлейф прынцэсы першы раз, яна павярнулася да яго і сказала: “Ты так добра трымаеш мой шлейф! Ні ў кога так добра не атрымлівалася”.

Паж заўважыў, што яна можа весці каралеўскую гутарку. Але вось ён скончыў сваю службу і стаў дваранінам. Кароль падзякаваў і пазычыў яму шчасця, і ён стаў вольным.

Калі ён сыходзіў, прынцэса стаяла ў садзе каля брамы. Яна сказала яму:

– Ты нёс мой шлейф нашмат лепей за ўсіх астатніх. Як жа я хацела б, каб ты быў шкляром і каралём да таго ж!

Ён адказаў, што зробіць усё магчымае, каб стаць такім, хай яна толькі чакае яго. Ён абавязкова вернецца.

І былы паж адразу ж накіраваўся да аднога шкляра, каб запытацца, ці не патрэбны яму вучань.

– Патрэбны, – адказаў той. – Але ты мусіш паабяцаць, што будзеш служыць мне чатыры гады. Першы год будзеш вучыцца прыносіць хлеб ад булачніка, мыць, расчэсваць і апранаць дзяцей, другі год будзеш вучыцца замазваць вокны, трэці – рэзаць шкло і ўстаўляць яго ў рамы, а на чацверты год станеш нарэшце шкляром.

Тады юнак пацікавіўся, ці не мог бы ён навучацца ў адваротным парадку, бо тады б атрымалася хутчэй. Але майстар запэўніў, што сапраўдны шкляр заўсёды мусіць пачынаць ад самага пачатку, а іначай толку не будзе.

Былы паж пагадзіўся і стаў шкляровым вучнем. Першы год ён насіў ад булачніка хлеб, мыў-часаў-апранаў дзяцей, другі год вучыўся замазваць вокны, трэці год рэзаў шкло і ставіў у рамы, на чацверты год стаў ён нарэшце майстрам. Забраў ён сваю адзежу двараніна, развітаўся з настаўнікам і стаў разважаць, што яму трэба рабіць, каб стаць каралём.

І пакуль ён так ішоў вуліцай, заглыблены ў свае думкі, гледзячы ў брукаванку, да яго наблізіўся чалавек і спытаў, ці не згубіў ён чаго, што так пільна ўглядаецца ў дол.

– Не, вядома, я не згубіў нічога, – адказаў былы паж. – Але я сапраўды шукаю нешта, а дакладней, каралеўскі трон.

І ён запытаў мінака, ці не ведае той, што трэба зрабіць, каб стаць каралём.

– Калі б ты быў шкляром, – адказаў незнаёмец, – я б, напэўна, змог табе дапамагчы.

– Я і ёсць шкляр, – адказаў былы паж. – Толькі што ім стаў.

Калі ён сказаў гэта, незнаёмец апавёў гісторыю пра трох сёстраў са шклянымі сэрцамі і пра тое, як кароль хацеў, каб той, хто возьме ў жонкі ягоную дачку, быў абавязкова шкляром.

– Спачатку, – казаў незнаёмец, – ён паставіў таксама ўмову, што шкляр, які заручыцца з ёю, пры гэтым яшчэ мусіць быць каралём альбо прынцам. Але нікога такога не знайшлося, каб і шкляр табе і кароль у адной асобе. Тады кароль крыху саступіў, чым праявіў сваю мудрасць, і паставіў дзве іншыя ўмовы. Але быць шкляром – гэта абавязкова. Гэтае патрабаванне ён пакінуў.

– І якія ж дзве новыя ўмовы? – спытаў дваранін.

– Ён павінен падабацца прынцэсе і мець аксамітныя рукі. Калі з’явіцца такі шкляр, якога ўпадабае прынцэса, і які да таго ж буде мець аксамітныя рукі, то кароль яе аддасць яму ў жонкі, а пасля пакіне ў спадчыну свой трон. Процьма шкляроў была пры двары, але ж ніхто з іх не прыйшоўся прынцэсе даспадобы. Акрамя таго, рукі ў іх былі зусім не аксамітныя, а наадварот – вялізныя, грубыя... Дык а чаго яшчэ чакаць ад звычайнага шкляра?

Калі малады дваранін даведаўся пра ўсё гэта, то прыйшоў у замак, прадставіўся каралю і нагадаў яму, што служыў некалі пажам пры ягоным двары. Ён расказаў пра тое, як дзеля любай прынцэсы стаў шкляром, і што цяпер ён вельмі б хацеў ажаніцца з ёю і прыняць трон пасля смерці караля.

Тады кароль паклікаў прынцэсу і спытаў, ці падабаецца ёй гэты малады дваранін. Прынцэса адказала станоўча, бо адразу ж пазнала яго. Кароль загадаў яму зняць пальчаткі і паказаць свае рукі. Але прынцэса палічыла, што гэта зусім не патрэбна, яна пэўна ведала, што рукі ў яго аксамітныя. Яна заўважыла гэта яшчэ тады, калі ён суправаджаў яе па лесвіцы.

Такім чынам, абедзве ўмовы былі выкананыя: мужам прынцэсы стаў шкляр з аксамітнымі рукамі. Ён вельмі асцярожна абыходзіўся з ейным сэрцам, і так было да самай яе спакойнай смерці.

А другая сястра, у сэрцы якой была расколіна, стала цёткай, найцудоўнейшай у свеце цёткай. Так думалі не толькі дзеткі прынцэсы і двараніна, але нават і ўсе астатнія людзі. Яна вучыла маленькіх прынцэс чытаць, маліцца і шыць сукенкі лялькам, сачыла за адзнакамі прынцаў. Тых, у каго адзнакі былі добрымі, яна хваліла, ды яшчэ і адорвала чым-небудзь. А тых, у каго адзнакі былі кепскімі, яна шлёпала і пры гэтым прыгаворвала: “Кажы, гадкі прынц, пра што ты толькі думаеш? Кім ты хочаш стаць? Давай, уголас кажы! Ну?”

І калі ён, румзаючы, казаў: “Кка-кка-кка-ккаралём...”, – яна смяялася і перапытвала: “Каралём? Кароль Мідас! Яго вялікасць кароль Мідас з двума аслячымі вушамі!” І той, хто атрымаў дрэнныя адзнакі, быў дарэшты зняслаўлены.

Хоць у прынцэсы была расколіна ў сэрцы, яна ўсё ж такі дажыла да старасці і на здзіўленне людзей звычайна адказвала: “Раны маладосці толькі загартоўваюць!”

І гэта сапраўды так. У маёй маці быў стары кухонны гаршчок, белы, увесь абсыпаны яснымі кветачкамі. Колькі сябе памятаю, ён быў трэснуты, але служыў усё адно; пакуль у нас быў гэты гаршчок, мама набывала і новыя, але ўсе яны біліся на кавалкі, так што цяпер іх усе нават не злічыць.

Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава © 2013

Чытайце таксама

Мэцью Грэгары Льюіс

Мэцью Грэгары Льюіс

Ангельскі раманіст і драматург, стаў знакамітым дзякуючы раману “Манах”, напісанаму ў 19 гадоў

Генрых Кіршбаўм

Генрых Кіршбаўм

Паэт, літаратуразнаўца.

Гейр Гуліксэн

Гейр Гуліксэн

Нарвежскі паэт, раманіст, эсэіст, драматург, дзіцячы пісьменнік, выдавец.

Роберт Энтан Ўілсан

Роберт Энтан Ўілсан

Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст

714