Даволі сумнеўна, што гэта была прыроджаная здольнасць. Я, са свайго боку, мяркую, што яна з’явілася ў яго раптоўна. Бо фактычна да трыццаці гадоў ён быў перакананым скептыкам і не верыў у цудадзейныя сілы. І тут будзе самы зручны момант расказаць, што гэта быў невысокі чалавек з карымі-карымі вачыма, вельмі натапыранымі рыжымі валасамі, вусамі, кончыкі якіх ён падкручваў, і рабаціннем. Звалі яго Джордж Макуіртэр Фатэрынгей – яго імя не прадвяшчае ніякіх цудаў – і працаваў ён клеркам у Гомшатаў. Ён быў адданым прыхільнікам пазітыўнай аргументацыі ў спрэчках. І самы першы намёк на ягоныя звышнатуральныя сілы пазітыўна праявіўся, калі ён даводзіў немагчымасць цудаў. Гэтая спрэчка адбывалася ў бары “Вялікі Дракон”, і Тодзі Біміш увесь час манатонна пярэчыў: “Гэта вы так кажаце”, – што даводзіла містэра Фатэрынгея да мяжы шаленства.
Акрамя гэтых двух, прысутнічалі таксама адзін раварыст, запылены з ног да галавы, землеўласнік Кокс і міс Мэйбрыдж, надзвычай самавітая і даволі тоўстая буфетчыца “Дракону”. Міс Мэйбрыдж стаяла спінай да м-ра Фатэрынгея, мыючы шклянкі. Астатнія назіралі за ім, у большай ці меншай ступені зацікаўленыя тым, як прабуксоўвае яго пазітыўны метад. Раздражнёны шматузроўневай абаронай м-ра Біміша, м-р Фатэрынгей наважыўся ўжыць незвычайны рытарычны прыём.
– Паслухайце, містэр Біміш, – сказаў м-р Фатэрынгей, – давайце вызначымся, чым ёсць цуд. Гэта нешта такое, што супярэчыць нармальным прыродным умовам і здзяйсняецца сілай волі, нешта, што не магло б адбыцца, калі б не было адмыслова выклікана.
– Гэта вы так кажаце, – перарваў яго м-р Біміш.
М-р Фатэрынгей звярнуўся да раварыста, які дагэтуль быў толькі маўклівым слухачом, і атрымаў ад таго згоду, выражаную нерашучым пакашліваннем і пагляданнем на м-ра Біміша. Землеўласнік не выказаў ніякай думкі, а м-р Фатэрынгей вярнуўся да м-ра Біміша, які нечакана саступіў, стрымана пагадзіўшыся з прыведзеным азначэннем цуду.
– Прывядзем прыклад, – сказаў м-р Фатэрынгей, моцна падбадзёраны. – Дапусцім, тут адбыўся цуд. Гэная лямпа пры нармальных прыродных умовах не магла б гарэць так, як цяпер, каб перавярнулася дагары дном, праўда, Біміш?
– Вы сцвярджаеце, што не магла б.
– А вы? Вы так не сцвярджаеце, га?
– Ладна, – сказаў Біміш неахвотна. – Не магла б.
– Выдатна. І вось падыходзіць нехта, хай гэта буду я, і становіцца... ну, няхай вось тут ды кажа да лямпы, вось як я цяпер, сабраўшы ўсю сваю волю: “Перакуліся дагары дном, ды так, каб агонь не збіўся, а працягваў роўна гарэць”, – і – авохці!
І толькі прагучала гэтае: “Авохці!” – як немагчымае, неверагоднае ўбачылі ўсе. Лямпа павісла дагары дном і ціха працягвала гарэць, паказваючы язычком агню долу. Гэта было настолькі аб’ектыўна і несумненна, наколькі аб’ектыўнай і несумненнай толькі можа быць лямпа, банальная, звычайная лямпа ў бары “Вялікі Дракон”.
М-р Фатэрынгей застыў з выстаўленым указальным пальцам, звёўшы бровы ў чаканні жудаснага бразгату. Раварыст, што сядзеў каля лямпы, адхінуўся і адскочыў у іншы кут бару. Усе адскочылі так ці інакш. Міс Мэйбрыдж павярнулася і ўскрыкнула. Амаль тры секунды лямпа вісела нерухома. Слабы крык пакуты вырваўся з глыбіні душы м-ра Фатэрынгея.
– Я не магу больш яе трымаць, – прастагнаў ён.
Ён адхіснуўся, а перакуленая лямпа раптам успыхнула, упала ў кут бару, адскочыла ўбок, разбілася аб падлогу і згасла.
На шчасце, яе рэзервуар быў металічны, бо іначай усё навокал было б у агні. Містэр Кокс загаварыў першы, і з яго выказвання без лішніх адступленняў вынікала, што Фатэрынгей – дурань. Фатэрынгей быў не ў стане запярэчыць нават такому катэгарычнаму меркаванню! Тое, што адбылося, бязмерна здзівіла яго. Далейшая размова абсалютна не праліла святла на тое, што яго агаломшыла. Усе не толькі ў поўнай меры, але і вельмі горача падтрымалі думку м-ра Кокса. Кожны быў рады абвінаваціць Фатэрынгея ў дурным фокусе і выставіць яго перад ім самім неразумным парушальнікам цішыні і спакою. Ён сам у віры разгубленых думак быў гатовы пагадзіцца з усімі і абсалютна марна спрабаваў адмовіцца, калі яму прапанавалі сысці.
Ён ішоў дадому расчырванелы і ўсхваляваны, каўнер паліто скамечыўся, вочы моцна балелі, а вушы гарэлі. Ён трывожна паглядаў на кожны з дзесяці ліхтароў, мінаючы іх. І толькі застаўшыся адзін у сваім маленькім пакойчыку на Чэрч-роў, ён здолеў засяродзіцца на ўспамінах пра здарэнне і запытаць сябе: “А што ўласна адбылося?”
Зняўшы паліто і чаравікі, ён сядзеў на ложку, трымаючы рукі ў кішэнях, і ў семнаццаты раз паўтараў сваё апраўданне: “Я не хацеў, каб гэтая поскудзь перакулілася”, – і тут яму прыйшло да галавы, што ў той самы момант, калі ён вымавіў словы загаду, то ненаўмысна пажадаў таго, што сказаў, і што калі ён убачыў лямпу ў паветры, то адчуў, што ад яго залежыць, ці трымаць яе гэтак, хоць ён і не ўяўляў, як гэта рабіць. Ён меў не дужа складана арганізаваны розум, бо іначай мог бы на нейкі час азадачыцца гэтым “ненаўмысна пажадаў”, спрабуючы зразумець усе цьмяныя праблемы ўсведамлення ўчынкаў. Але ён быў менавіта такім, якім быў, таму гэтае ўяўленне прыйшло да яго ў цалкам прымальнай няяснасці. І ад такога ўяўлення, не трымаючыся, трэба адзначыць, ніякай выразнай лагічнай паслядоўнасці, ён перайшоў проста да правядзення эксперыменту.
Ён рашуча паказаў на свечку і сабраўся з думкамі, хоць і адчуваў, што робіць глупства.
– Уздыміся, – сказаў ён. Ужо праз секунду тое адчуванне знікла. Свечка ўзнялася, на адзін легкадумны момант завісла ў паветры, і калі м-р Фатэрынгей выдыхнуў, са стукам упала на туалетны столік, пакінуўшы яго ў поўнай цемры, за выключэннем агеньчыка, што згасаў на яе кноце.
Нейкі час м-р Фатэрынгей сядзеў у цемры абсалютна нерухома.
– Урэшце, гэта ж сапраўды здарылася, – сказаў ён. – І я не ведаю, як гэта растлумачыць, – ён цяжка ўздыхнуў і пачаў намацваць запалку ў кішэні. Нічога знайсці не ўдавалася, і ён падняўся ды ўсляпую стаў шукаць яе на туалетным століку. – Мне б запалку, – прамармытаў ён. Ён пайшоў да свайго паліто, але там яе таксама не было, і тады да яго дайшло, што цуды магчымыя нават з запалкамі. Ён выцягнуў руку і сувора паглядзеў на яе ў цемры. – Хачу, каб у гэтай руцэ была запалка, – сказаў ён. І зараз жа адчуў, як нейкі лёгкі прадмет упаў на яго далонь, а пальцы ўхапіліся за запалку.
Пасля колькіх марных спробаў запаліць яе ён зразумеў, што гэта бяспечная запалка. Ён адкінуў яе, і тут яму падумалася, што можна проста загадаць ёй загарэцца. Ён так і зрабіў і ўбачыў, як яна гарыць пасярод абруса на туалетным століку. Ён хуценька яе падхапіў, і яна пагасла. Усведамленне сваіх магчымасцяў узмацнілася, і ён вярнуў свечку на падсвечнік.
– А цяпер ты гары! – сказаў м-р Фатэрынгей, і свечка зараз жа загарэлася, а ён убачыў маленькую чорную дзірачку ў стальніцы, ад якой ішоў клубок дыму. Ён некалькі разоў перавёў позірк з дзірачкі на агеньчык і назад, а пасля ўзняў вочы і сустрэў уласны позірк у люстэрку. Праз яго ён нейкі час моўчкі абменьваўся думкамі з самім сабой.
– Ну, што ты цяпер думаеш пра цуды? – урэшце спытаў м-р Фатэрынгей у свайго адбітку.
Наступныя разважанні м-ра Фатэрынгея былі нескладанымі, але бязладнымі. Пакуль што ён разумеў толькі тое, што для яго ўсё заключалася ў чыстым жаданні. Прырода ўжо перажытых падзеяў адбіла ахвоту эксперыментаваць далей, прынамсі пакуль ён усё не пераасэнсуе. Але ён паспрабаваў узняць аркуш і зрабіў ваду ў шклянцы спачатку ружовай, а пасля зялёнай, тады стварыў смаўжа, якога цудадзейным жа чынам і знішчыў, і начараваў сабе новую зубную шчотку. Ужо глыбокай ноччу ён дайшоў да ўсведамлення таго, што сіла яго волі мусіць быць вельмі рэдкай і адметнай, пра што ён, канечне, здагадваўся і раней, але не быў у тым канчаткова ўпэўнены. Страх і збянтэжанасць ад першапачатковага адкрыцця цяпер змяніліся гонарам ад пацверджання сваёй выключнасці і няпэўнае адчуванне ўдачы. Ён пачуў, як царкоўны гадзіннік б’е гадзіну, і паколькі не здагадаўся, што і ад будзённых абавязкаў у Гомшатаў можна пазбавіцца чароўным чынам, то працягнуў раздзявацца, каб хутчэй пайсці спаць. Калі ён з цяжкасцю сцягваў кашулю цераз галаву, яму прыйшла бліскучая ідэя.
– Хачу быць у ложку, – сказаў ён і апынуўся там. – Раздзетым, – дадаў ён умову, а заўважыўшы, што прасціна халодная, хутка дадаў: – І ў начной кашулі – ха! – у прыемнай мяккай ваўнянай начной кашулі. Ах! – сказаў ён ад вялікай асалоды. – А зараз хачу соладка паснуць...
Ён прачнуўся ў свой звычайны час і быў у задуменні ўвесь сьняданак, разважаючы, ці не было перажытае ўначы нейкім надзіва маляўнічым сном. Нарэшце яго думкі зноў схіліліся да асцярожных эксперыментаў. Напрыклад, на сняданак ён меў тры яйкі: два ад гаспадыні дому, добрыя, але крамныя, і адно – вельмі смачнае свежае гусінае яйка, знесенае, прыгатаванае і пададзенае на стол ягонай звышнатуральнай воляй. Ён паспяшаўся да Гомшатаў у стане моцнага, але старанна хаванага ўзрушэння і ўспомніў пра шкарлупіну ад трэцяга яйка, толькі калі гаспадыня загаварыла пра яе ўвечары. Увесь дзень ён не мог працаваць ад свайго новага самаўспрымання, але гэта не прынесла яму клопатаў, таму што ён чароўным чынам нагнаў усё за апошнія дзесяць хвілін.
На працягу дня яго душэўны стан змяняўся ад здзіўлення да радасці, хоць абставіны выгнання яго з “Вялікага Дракону” дагэтуль было непрыемна ўспамінаць, а заблытаныя падрабязнасці тых падзеяў, дайшоўшы да калегаў, сталі тэмай шэрагу жартаў. Было відавочна, што тут трэба быць асцярожным, як з крохкімі рэчамі, але ў іншым разе яго дар абяцаў тым больш, чым далей ён яго абдумваў. Сярод іншага, ён намерваўся за кошт сціплых цудаў павялічыць свой дастатак. Ён стварыў пару выдатных дыяментавых запінак і спехам зьнішчыў іх, калі малады Гомшат прайшоў праз бухгалтэрыю да свайго стала. Ён баяўся, што Гомшат зацікавіцца, адкуль яны ў яго. Ён вельмі ясна разумеў, што практыкаванні з дарам парабуюць абачлівасці і пільнасці, але наколькі ён мог дагэтуль меркаваць, цяжкасці, якія маглі ўзнікнуць, былі не большымі, чым калі ён вучыўся ездзіць на ровары. Гэтая аналогія, бадай, як і пачуццё таго, што ў “Вялікім Драконе” яму радыя не будуць, прывяла яго пасля вячэры ў завулкі за газавым заводам, каб у адзіноце адрэпетаваць пару цудаў.
Магчыма, у яго намаганнях было пэўнае жаданне зарыгінальнічаць, бо па-за сілай волі м-р Фатэрынгей не меў нічога выключнага. Яму на памяць прыйшоў цуд з посахам Майсея, але ноч была цёмная і непрыдатная для таго, каб належным чынам управіцца з вялікімі чароўнымі змеямі. Тады ён узгадаў гісторыю з “Тангёйзэра”, якую прачытаў на адвароце філарманічнай праграмкі. Гэта здалося яму надзвычай прывабным і бясшкодным. Ён утыркнуў свой кіёк – вельмі элегантны пуна-пэнангскі лоер [1] – у траву з краю сцежкі і загадаў сухой драўніне зацвісці. Паветра неадкладна запоўнілася водарам ружаў, і ў святле запалкі ён сам убачыў, што прыгожы цуд сапраўды адбыўся. Яго радасць парушылі нечыя крокі. Спужаўшыся заўчаснага выкрыцця сваіх здольнасцяў, ён хутка звярнуўся да квітучага кійка: “Вяртайся назад”. Ён меў на ўвазе: “Ператварайся назад”, – але, вядома, наблытаў. Кіёк адскочыў з ладнай хуткасцю, і зараз жа пачуўся гнеўны крык і лаянка чалавека, які падыходзіў.
– Ты ў каго хмызам шпульнуў, дурань? – крычаў голас. – У галёнку мне патрапіў.
– Даруй, зямляк, – сказаў м-р Фатэрынгей і, раптам зразумеўшы няўдала выбраны тон свайго адказу, палахліва ўзяўся за вусы. Ён убачыў, як набліжаецца Ўінч, адзін з трох канстэбляў Імерынгу.
– Чаго гэта ты?.. – спытаў паліцыянт. – Здарова! Гэта ж ты, так? Мужык, каторы зламаў лямпу ў “Вялікім Драконе”!
– А што я? – адказаў м-р Фатэрынгей. – Я нічога.
– Дык нашто тады ты так робіш?
– От, халера! – сказаў м-р Фатэрынгей.
– Дык і халера! Ты ведаеш, што гэта балюча? Дык нашто ты гэта робіш, га?
У гэтую хвіліну м-р Фатэрынгей не мог думаць пра тое, нашто ён гэта зрабіў. Яго маўчанне, падобна, раззлавала м-ра Ўінча.
– Дык ты напаў на паліцыю, хлапец. Вось што ты зрабіў.
– Паслухайце, містэр Ўінч, – сказаў м-р Фатэрынгей, раззлаваны і разгублены, – мне шкада, вельмі. Рэч у тым, што...
– Ну?
Да галавы не прыходзіла нічога, апрача праўды.
– Я рэпетаваў цуд, – ён спрабаваў казаць бесклапотна, але нічога не выходзіла.
– Рэпетаваў... што? Так, не вярзі лухты. Рэпетаваў цуд, ды няўжо! Гэта проста смешна! Ну, а як жа, дзяцюк, які не верыць у цуды... Ясна, гэта твой чарговы фокус – вось што. А зараз слухай сюды...
Але м-р Фатэрынгей так і не пачуў, што м-р Ўінч меўся сказаць яму. Ён зразумеў, што прагаварыўся, даў языку волю. Раптоўны выбух гневу прымусіў яго дзейнічаць. Ён рэзка і злосна павярнуўся да паліцыянта.
– Так, – сказаў ён, – хопіць ужо, даволі! Зараз я пакажу табе адзін фокус! Ідзі ты ў пекла! Зараз жа!
Ён застаўся адзін!
У тую ноч м-р Фатэрынгей больш не рабіў цудаў, як і не думаў пра тое, што сталася з яго квітучым кійком. Ён вярнуўся ў горад, спалоханы і вельмі маўклівы, і пайшоў у пакой.
– Божухна! – сказаў ён. – Гэта магутны дар, надзвычай магутны дар. Я і блізка не думаў пра такое. Сур’ёзна... Цікава, як там у пекле?
Ён сеў на ложак, каб зняць чаравікі. Раптам яго азарыла цудоўная ідэя – ён зараз жа перамясціў паліцыянта ў Сан-Францыска, і больш ні пра што не думаючы, спакойна пайшоў спаць. Уначы яму сніўся раззлаваны Ўінч.
Назаўтра м-р Фатэрынгей пачуў дзве цікавыя навіны. Насупраць дому м-ра Гомшата-старэйшага на Лалэбораў-роўд нехта вырасціў неверагодна прыгожую стэпавую ружу, а рэчку ў раёне Роўлінгз-Міла збіраюцца абследаваць у пошуках канстэбля Ўінча.
М-р Фатэрынгей увесь дзень быў няўважлівы і задумлівы і не звяртаўся да цудаў, за выключэннем правізіі для Ўінча і вельмі пунктуальнага завяршэння працы, нягледзячы на той пчаліны рой думак, які гуў у ягонай галаве. Яго незвычайная задуменнасць і лагоднасць паводзінаў была заўважаная некалькімі людзьмі і стала нагодай для жартаў. Галоўным чынам ён думаў пра Ўінча.
У нядзелю ўвечары ён пайшоў у царкву, і, як гэта ні дзіўна, казань містэра Мэйдыга, што меў пэўную цікавасць да звышнатуральных з’яваў, была пра “рэчы, што не адпавядаюць закону”. М-р Фатэрынгей не належаў да царкоўных заўсёднікаў, але яго сістэма пазітыўнага скептыцызму, на якую я ўжо спасылаўся, цяпер значна пахіснулася. Сутнасць прамовы паказала яму зусім у іншым святле гэты новы дар, і ён раптам вырашыў параіцца з містэрам Мэйдыгам адразу пасля службы. Як толькі ён так вырашыў, то здзівіўся, чаму не зрабіў гэтага раней.
М-р Мэйдыг, худы экспансіўны чалавек з неймаверна доўгімі запясцямі і шыяй, узрадаваўся просьбе пра асабістую размову ад маладога чалавека, пра чыё нядбальства ў рэлігійных справах ведалі ўсе ў горадзе. Пасля пары неабходных затрымак ён правёў яго ў святарскі дамок, які прылягаў да царквы, зручна ўсадзіў і, стаўшы перад прыемным полымем – яго ногі ўтварылі радоскую арку ценю на супрацьлеглай сьцяне – папрасіў м-ра Фатэрынгея расказаць пра сваю справу.
Спачатку м-р Фатэрынгей троху саромеўся, яму было крыху цяжка адкрыць, у чым рэч.
– Я баюся, вы наўрад ці мне паверыце, містэр Мэйдыг, – казаў спачатку ён. Але ўрэшце вырашыў задаць пытанне і пацікавіўся ў м-ра Мэйдыга, як той ставіцца да цудаў.
М-р Мэйдыг сказаў, як і раней: “Ну”, – скрайне бесстароннім тонам, калі м-р Фатэрынгей зноў перарваўся:
– Я мяркую, вы не паверыце, што нейкі звычайны чалавек – кшталту мяне, напрыклад, – які сядзіць вось тут перад вамі, мог бы мець такі талент, што дазваляў бы яму рабіць нешта сілай волі.
– Гэта магчыма, – сказаў м-р Мэйдыг. – Нешта такое, бадай, магчыма.
– Каб я мог свабодна абыходзіцца з чым-небудзь тут, думаю, я мог бы паказаць вам якісь эксперымент, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Вось, вазьміце гэную табакерку на стале, напрыклад. Я хацеў бы ведаць: тое, што я з ёй зраблю, – гэта цуд ці не? Усяго паўхвіліны, м-р Мэйдыг, калі ласка.
Ён нахмурыўся, паказаў на табакерку і сказаў:
– Стань вазай фіялак.
Табакерка зрабіла, як ёй загадалі.
Пры змене м-р Мэйдыг рэзка ўсхапіўся і стоячы стаў пераводзіць позірк то на чараўніка, то на вазу фіялак. Ён нічога не казаў. Хутка ён рызыкнуў нахіліцца над сталом і панюхаць фіялкі – яны былі свежыя і вельмі прыгожыя. Тады ён зноў утаропіўся ў м-ра Фатэрынгея.
– Як вы гэта зрабілі? – спытаў ён.
М-р Фатэрынгей тузаў сябе за вусы.
– Я ж толькі што сказаў – і вось вы зноў. Цуд гэта, чорная магія ці што гэта? І што са мной, як вы думаеце? Вось што я хачу ведаць.
– Гэта проста неверагодна.
– А ў гэты самы дзень тыдзень таму я ведаў пра сваю здольнасць рабіць такое не больш за вас. Гэта прыйшло абсалютна нечакана. Здаецца, з маёй воляй нешта не так, наколькі я разумею.
– Гэта ўсё? Ці можаце вы зрабіць што іншае, апрача гэтага?
– Госпадзе, так! – усклікнуў м-р Фатэрынгей. – Усё, што заўгодна, – ён падумаў і раптам успомніў фокус, які бачыў раней. – Вось! – паказаў ён, – стань сасудам з рыбкамі – не, не, не так – ператварыся ў шкляны сасуд, поўны вады, у якім плаваюць рыбкі. Ужо лепей! Бачыце, м-р Мэйдыг?
– Гэта дзіўна. Гэта неверагодна. Вы або вельмі незвычайны... Але не...
– Я мог бы ператварыць яго ў што хочаце, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Ва ўсё, што хочаце. Вось! Стань, калі ласка, голубам.
Праз момант блакітны голуб лапатаў крыламі па пакоі, прымушаючы м-ра Мэйдыга адхіляцца кожны раз, калі пралятаў над ім.
– Спыніся, калі ласка, тут, – сказаў м-р Фатэрынгей, і голуб нерухома завіс у паветры. – Я магу ператварыць яго назад у вазу з кветкамі, – прапанаваў ён і, перанёсшы голуба на стол, зрабіў цуд. – Думаю, вы хутка захочаце курыць, – ён вярнуў назад табакерку.
М-р Мэйдыг сачыў за ўсімі пазнейшымі пераменамі ў стане нейкага маўклівага ляманту. Ён утаропіўся ў м-ра Фатэрынгея і вельмі асцярожна ўзяў табакерку, агледзеў яе і вярнуў на стол. “Сілы нябёсныя!” – было адзіным выяўленнем яго пачуццяў.
– Пасля гэтага прасцей растлумачыць, што ў мяне здарылася, – сказаў м-р Фатэрынгей, і перайшоў да доўгага і блытанага аповеду пра свае дзіўныя прыгоды, пачынаючы ад падзеі з лямпай у “Вялікім Драконе” і дадаючы няспынныя намёкі на Ўінча. Пакуль ён працягваў, часовы гонар ад уражання, зробленага на м-ра Мэйдыга, прайшоў. Ён зноў стаў самым звычайным містэрам Фатэрынгеем, якім заўсёды быў для навакольных. М-р Мэйдыг засяроджана слухаў з табакеркай у руцэ, і яго рэакцыя таксама мянялася цягам аповеду. Калі м-р Фатэрынгей перайшоў да цуду з трэцім яйкам, пастар перарваў яго, затросшы выцягнутай рукой.
– Гэта магчыма, – сказаў ён. – Гэта верагодна. Гэта дзіўна, вядома, але гэта вырашае шэраг істотных цяжкасцяў. Здольнасць рабіць цуды – гэта дар, незвычайная якасць, як геній або прароцтва. Да гэтай пары ён з’яўляўся вельмі рэдка і толькі ў выключных людзей. Але ў гэтым разе... Я заўжды дзівіўся цудам Магамета, і цудам ёгаў, і цудам мадам Блавацкай. Але канечне – так, гэта проста дар! Ён так хораша пацвярджае тэзісы гэтага вялікага мысляра, – голас м-ра Мэйдыга загучаў цішэй, – яго светласці герцага Аргайлскага. Тут мы пранікаем у асновы якогась фундаментальнага закону – глыбейшага за звычайныя законы прыроды. Так, так. Працягвайце. Працягвайце!
М-р Фатэрынгей працягваў расказваць пра няшчасны выпадак з Ўінчам, а м-р Мэйдыг, больш не баючыся і не панікуючы, пачаў трэсці рукамі і ўстаўляць здзіўленыя рэплікі.
– Вось што турбуе мяне больш за ўсё, – працягваў м-р Фатэрынгей, – тут мне тэрмінова патрэбная парада. Канечне, ён у Сан-Францыска – дзе б ні быў той Сан-Францыска – але несумненна, гэта нязручна нам абаім, зразумееце, містэр Мэйдыг? Я не ведаю, як бы ён мог зразумець усё, што здарылася, мне здаецца, ён напужаны і, пэўна, жудасна раззлаваны, і хоча знайсці мяне. Мне здаецца, ён усё спрабуе вярнуцца. Я адсылаю яго назад, цудам, кожныя колькі гадзінаў, калі ўспамінаю пра гэта. І канечне, гэтага яму не зразумець, і гэта мусіць цвяліць яго. І вядома, калі ён штораз бярэ білет, то гэта яму выйдзе дорага. Я зрабіў усё магчымае для яго, але, натуральна, яму цяжка паставіць сябе на маё месца. Я пасля падумаў, што ягоная вопратка магла і падсмаліцца – ведаеце, калі пекла такое, як мы ўяўляем, – перш чым я перамясціў яго. У такім разе, я мяркую, у Сан-Францыска яго маглі і арыштаваць. Канечне, я загадаў, каб яго гарнітур стаў новым, я паклапаціўся пра гэта. Але ведаеце, я ўжо чартоўскі заблытаўся...
М-р Мэйдыг выглядаў сур’ёзна.
– Я бачу, што вы заблыталіся. Так, гэта складаная сітуацыя. Як вам з яе выбрацца... – ён стаў няўпэўнена цягнуць.
– Аднак пакінем Ўінча на нейкі час і абмяркуем важнейшае пытанне. Я не думаю, што гэта чорная магія ці што-небудзь такое. Думаю, ва ўсім гэтым няма прыкметаў злачынства, м-р Фатэрынгей, – ніякіх, калі вы не хаваеце істотных фактаў. Не, гэта цуды – чыстыя цуды – цуды, калі так можна сказаць, найвышэйшага гатунку.
Ён пачаў хадзіць сюды-туды па дыване ля каміна і жэстыкуляваць, а м-р Фатэрынгей з устрывожаным выглядам сеў і апусціў галаву на руку, абапертую на стол.
– Я не разумею, што мне рабіць з Ўінчам, – сказаў ён.
– Дар цудатворства – бясспрэчна, вельмі магутны дар, – казаў м-р Мэйдыг, – ён дапаможа вырашыць праблему з Ўінчам – не бойцеся. Мой дарагі сэр, вы незвычайна важны чалавек – чалавек выключнай каштоўнасці. Як сведка, напрыклад! А з іншага боку, тое, што вы можаце рабіць...
– Так, я ўжо падумаў пра сёе-тое, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Але асобныя рэчы выходзяць крывавата. Ці бачылі вы тых рыбак спачатку? Не той сасуд і не тыя рыбы. І я падумаў, што варта спытаць каго.
– І слушна зрабілі, – сказаў м-р Мэйдыг, – вельмі слушна зрабілі, цалкам слушна зрабілі. – Ён спыніўся і паглядзеў на м-ра Фатэрынгея. – Гэта фактычна бязмежны дар. Давайце праверым вашы сілы, для прыкладу. Ці сапраўды яны такія... Такія, якімі здаюцца.
Вось жа, якім бы неверагодным гэта ўсё ні здавалася, у кабінеце маленькага дому за кангрэгацыяналісцкай царквой увечары ў нядзелю 10 лістапада 1896 году м-р Фатэрынгей, падбухтораны і натхнёны містэрам Мэйдыгам, пачаў практыкавацца ў цудах. Я наўмысна засяроджваю ўвагу чытача на даце. Ён запярэчыць, а магчыма, ужо запярэчыў, што пэўныя моманты гэтай гісторыі непраўдападобныя, што калі нешта з ужо апісанага сапраўды здаралася, усё было б у тагачасных газетах. Тое, што адбудзецца зараз жа пасля гэтага, падасца яму асабліва непрымальным, бо, сярод іншага, яно прыводзіць да высновы, што ён або яна, згаданы чытач або чытачка, мусяць быць забітымі жорсткім і нечуваным чынам больш за год таму. Дык цуд не цуд, калі ён верагодны, і чытач сапраўды быў забіты жорсткім і нечуваным чынам у 1896 годзе. Па далейшым развіцці гэтай гісторыі ўсё стане выдатна зразумела і праўдападобна – любы разумны і разважлівы чытач гэта прызнае. Але гэта яшчэ не канец гісторыі, яна ледзь толькі пераваліла за сярэдзіну. І спачатку цуды, якія рабіў м-р Фатэрынгей, былі цудамі нясмелымі і дробнымі – нейкія аперацыі з кубкамі і абстаноўкай у пакоі. Нязначныя, як цуды тэасофаў. Але пры ўсёй сваёй нязначнасці яны ўспрымаліся яго таварышам з вялікай пашанай. Фатэрынгей ахвотней неадкладна б заняўся справай Ўінча, але м-р Мэйдыг не даваў яму. Пасля таго, як яны зрабілі з тузін хатніх справаў і ўпэўніліся ў сваіх сілах, іх уяўленне пачало паказваць прыкметы ўзбуджэння, і іх амбіцыі ўзраслі. Іх першая значная справа была выкліканая голадам і нядбайнасцю місіс Мінчын, аканомкі м-ра Мэйдыга. Страва, якую пастар прапанаваў м-ру Фатэрынгею, была дрэнна пададзеная і непрывабная для двух рупліўцаў-цудатворцаў. Але яны селі, і м-р Мэйдыг доўга і хутчэй скрушна, чым гнеўна, казаў пра заганы сваёй аканомкі, пакуль м-р Фатэрынгей не здагадаўся, што ўсё ў яго руках.
– Як вы думаеце, містэр Мэйдыг, – спытаў ён, – ці не будзе залішняй вольнасцю, калі я...
– Мой дарагі містэр Фатэрынгей! Вядома ж! Не – я так не думаю.
М-р Фатэрынгей махнуў рукой.
– Што будзем? – шчодра і добразычліва прапанаваў ён, і калі м-р Мэйдыг замовіў, то цалкам перайначыў выбар. – Што да мяне, – сказаў ён, паглядаючы на страву містэра Мэйдыга, – я аддаю перавагу куфлю портэру з цудоўнай валійскай грэнкай, гэта я і буду. Я не дужа люблю бургундскае, – і адразу па ягонай камандзе з’явіліся портэр з грэнкай. Яны доўга вячэралі, размаўляючы на роўных, што не мог не заўважыць м-р Фатэрынгей, чырванеючы ад здзіўлення і задавальнення, пра ўсе цуды, якія яны яшчэ зробяць. – І дарэчы, містэр Мэйдыг, – сказаў м-р Фатэрынгей, – я бадай што мог бы вам дапамагчы – па гаспадарцы.
– Не зусім вас разумею, – сказаў м-р Мэйдыг, асушаючы шклянку цудоўнага старога бургундскага.
М-р Фатэрынгей стварыў сабе проста з паветра яшчэ адну валійскую грэнку і адкусіў ад яе.
– Я падумаў, – сказаў ён, – што мог бы (хрум-хрум) зрабіць (хрум-хрум) цуд з місіс Мінчын (хрум-хрум) – зрабіць з яе лепшую жанчыну.
М-р Мэйдыг паставіў шклянку і паглядзеў з сумневам.
– Яна... Яна вельмі не любіць, калі ўмешваюцца, разумееце, м-р Фатэрынгей. І, па праўдзе, ужо далёка за адзінаццаць, яна найхутчэй ужо спіць. А вы думаеце?..
М-р Фатэрынгей выслухаў пярэчанні.
– Не разумею, што перашкаджае нам зрабіць гэта, пакуль яна спіць.
М-р Мэйдыг крыху пасупраціўляўся і ўрэшце саступіў. М-р Фатэрынгей загадаў, і, бадай, без ранейшай ужо разняволенасці двое джэнтльмэнаў вярнуліся да ежы. М-р Мэйдыг шмат гаварыў пра змены ў сваёй аканомцы, якія ён спадзяваўся ўбачыць заўтра, з такім аптымізмам, які нават на бяседны розум м-ра Фатэрынгея здаваўся крыху ненатуральным і занадта бурным, калі наверсе пачаўся бязладны шум. Яны абмяняліся запытальнымі позіркамі, і м-р Мэйдыг спешна пакінуў пакой. М-р Фатэрынгей пачуў, як той кліча гаспадыню, а пасля яго крокі наверх да яе.
Праз нейкую хвіліну пастар вярнуўся, ён ішоў лёгка, і яго твар свяціўся.
– Дзівосна! – сказаў ён, – і кранальна! Надзвычай кранальна!
Ён пачаў хадзіць па дыванку.
– Пакаянне – якое кранальнае пакаянне – скрозь шчыліну ў дзвярах. Бедная жанчына! Такая дзівосная перамена! Яна ўстала. Яна, мусіць, зараз жа ўстала. Яна прачнулася, каб раскалаціць бутэльку брэндзі, якую трымала ў куфэрку. І каб паспавядацца ў гэтым!.. Але гэта дае – гэта адкрывае нам – дзівоснае бачанне нашых магчымасцяў. Калі мы змаглі зрабіць такую цудоўную змену ў ёй...
– Магчымасці, відаць, неабмежаваныя, – сказаў м-р Фатэрынгей. – А што да містэра Ўінча...
– Абсалютна неабмежаваныя, – стоячы на дыванку, м-р Мэйдыг адмахнуўся ад праблемы з Ўінчам і выказаў шэраг цудоўных прапановаў – прапановаў, якія ён прыдумаў, пакуль хадзіў.
Што гэта былі за прапановы, для нашай гісторыі неістотна. Дастаткова сказаць, што яны былі ў духу бязмежнай шчодрасці, той шчодрасці, якую называюць паабедзеннай. Дастаткова сказаць таксама, што праблема Ўінча засталася нявырашанай. Няма патрэбы тлумачыць, як далёка заходзіў той шэраг. У ім планаваліся дзіўныя змены. Глыбокая ноч заспела м-ра Мэйдыга і м-ра Фатэрынгея, калі яны беглі халодным рынкавым пляцам пад спакойным месяцам у магічным экстазе: рухавы і ўзрушаны м-р Мэйдыг ды маленькі, даўно не голены м-р Фатэрынгей, які ўжо больш не саромеўся сваёй сілы. Яны выправілі кожнага п’яніцу ў Парламенцкім раёне, ператварылі ўсё піва і ўвесь алкаголь у ваду (м-р Мэйдыг здолеў пераканаць у гэтым м-ра Фатэрынгея). Пасля яны значна палепшылі чыгуначную інфраструктуру ва ўсёй мясцовасці, асушылі Фліндэрскае балота, палепшылі глебу на Гары Аднаго Дрэва і вылечылі бародаўку вікарыю. І яны збіраліся прыдумаць, што можна зрабіць з пашкоджанай паляй Паўднёвага моста.
– Заўтра, – задыхаўся м-р Мэйдыг, – гэта будзе зусім іншае месца. Як жа ўсе здзівяцца, як яны будуць удзячныя, – і якраз у гэты момант царкоўны гадзіннік прабіў тры.
– Паслухайце, – сказаў м-р Фатэрынгей, – ужо тры гадзіны! Мне трэба вяртацца. Трэба на працу да васьмі. І акрамя таго, місіс Ўімс...
– Мы толькі пачынаем, – сказаў м-р Мэйдыг, поўны асалоды ад неабмежаванай улады. – Мы толькі пачынаем. Падумайце, колькі добрага мы робім. Калі людзі прачнуцца...
– Але... – пачаў пярэчыць м-р Фатэрынгей.
М-р Мэйдыг раптам схапіў яго за руку. Яго вочы выглядалі яркімі і дзікімі.
– Мой дарагі друг, – сказаў ён, – няма куды спяшацца. Глядзіце, – ён паказаў на месяц у зеніце, – Ісус Наваў!
– Ісус Наваў? – перапытаў м-р Фатэрынгей.
– Ісус Наваў, – паўтарыў м-р Мэйдыг. – Чаму не? Спыніце яго.
М-р Фатэрынгей паглядзеў на месяц.
– Ён крыху завялікі, – сказаў ён пасля паўзы.
– Дык і што? – спытаў м-р Мэйдыг. – Вядома, ён не спыніцца. Трэба спыніць рух Зямлі, разумееце. Тады час спыніцца. Мы гэтым не зробім шкоды.
– Хм! – сказаў м-р Фатэрынгей. – Ну, – уздыхнуў ён, – я паспрабую. Зараз!
Ён зашпіліў пінжак і звярнуўся да жывой планеты з нахабнай самаўпэўненасцю, вартай яго сілаў.
– Перастань круціцца, калі ласка, – папрасіў м-р Фатэрынгей.
І ў той жа момант ён ужо кулём ляцеў у паветры з хуткасцю дзесяткаў міляў у мінуту. Нягледзячы на ўсе тыя незлічоныя перавароты, якія ён штосекунду рабіў, ён паспеў падумаць. Дзівосная рэч думка – часам марудная, як цячэнне смалы, а часам вокамгненная, як святло. Ён за секунду пасьпеў падумаць і пажадаць:
– Хачу апусціцца жывым і здаровым. Што б ні адбылося далей, апусці мяне жывым і здаровым.
Ён пажадаў гэтага вельмі своечасова, бо ягоная вопратка, нагрэтая хуткім рухам скрозь паветра, ужо пачала падсмальвацца. Ён апусціўся з моцным, але абсалютна бясшкодным ударам у тое, што аказалася кучай свежавывернутай зямлі. Вялізная глыба з муру і металу, якая дзіўна нагадвала гадзіннікавую вежу ў цэнтры рынкавага пляцу, ударылася аб зямлю каля яго, адскочыла рыкашэтам над яго галавой і разляцелася на муроўку, цэглу і цэмент, нібы ўзарваная бомба. Нейкая карова наляцела на адзін з большых абломкаў, і яе расплюшчыла, як яйка. Адбыўся ўдар, у параўнанні з якім грукат ад усіх наймацнейшых удараў у яго жыцці здаваўся гукам ад падзення пёрка, а за ім яшчэ шэраг меншых удараў. Вялізны вецер роў на зямлі і ў небе, так што ён ледзь мог прыўзняць галаву, каб агледзецца. Нейкі час ён быў занадта задыханы і здзіўлены, нават каб зразумець, дзе ён знаходзіцца або што здарылася. І першым яго рухам была спроба памацаць галаву, каб пераканацца, што валасы, якія развяваліся на ветры, былі яшчэ на месцы.
– Госпадзе! – задыхаўся м-р Фатэрынгей, ледзь гаворачы за ветрам, – я ледзь выратаваўся! Што здарылася? Бура, гром. А ўсяго хвіліну таму была цудоўная ноч. Гэта Мэйдыг падгаварыў мяне гэта зрабіць. Які вецер! Яшчэ пару такіх жартаў, і я абавязкова патраплю ў нешта жудаснае!..
Дзе Мэйдыг?
У якім жудасным хаосе ўсё!
Ён агледзеў сябе, наколькі гэта дазваляў яго пінжак, які трапятаў на ветры. Усё сапраўды выглядала скрайне дзіўна.
– Ну, хоць з небам усё ў парадку, – сказаў м-р Фатэрынгей. – І гэта, здаецца, адзінае, што ў парадку. Хаця падобна, што нават адтуль набліжаецца жахлівы шторм. Але месяц на небе. Такі самы, як і хвіліну таму. Светлы, як дзень. А ўсё астатняе... Дзе вёска? Дзе – дзе ўсё? Чаму ўвогуле ўзняўся такі вецер? Я не прасіў ветру.
М-р Фатэрынгей безвынікова паспрабаваў падняцца на ногі, але пасля першай няўдалай спробы, вырашыў далей трымацца рачком. З-пад фалдаў пінжака, якія развяваліся над яго галавой, ён аглядаў асветленую месяцам прастору з падветранага боку.
– Адбылося нешта дрэннае, – сказаў м-р Фатэрынгей. – А што, Бог яго ведае.
Нічога не было відаць у асветленай белым святлом пыльнай імгле, якая неслася наперадзе вісклівай буры, адны толькі вывернутыя масы зямлі і кучы свежых руінаў, без дрэваў, без дамоў, без знаёмых абрысаў, толькі бязладная пустэча, якая таксама ўрэшце знікала ў цемры пад вірам калонаў і транспарантаў, бліскавіц і грымотаў буры, якая няўмольна набліжалася. Каля яго ў шаравата-сінім святле вылучалася нешта, што раней магло быць вязам – расплюшчаная маса стрэмак, якія трапяталі ад галінак да кораня, – а далей з пераблытанай кучы паўставала скручаная маса жалезных бэлек, у якой адгадваўся мост.
Рэч у тым, што, калі м-р Фатэрынгей спыніў кручэнне цэлай планеты, ён не зрабіў ніякіх указанняў адносна рухомых аб’ектаў на яе паверхні. А Зямля круціцца з такой хуткасцю, што паверхня на яе экватары рухаецца значна хутчэй за тысячу міляў у гадзіну, а ў нашых шыротах – менш чым у два разы павольней. Таму вёска, і м-р Мэйдыг, і м-р Фатэрынгей, і ўсё астатняе рэзка рванула наперад з хуткасцю каля дзевяці міляў у секунду, інакш кажучы, значна хутчэй, чым калі б імі стрэлілі з гарматы. І кожны чалавек, кожная жывая істота, кожны дом і кожнае дрэва – увесь вядомы нам свет – быў гэткім чынам падхоплены, расплюшчаны і цалкам знішчаны. Вось і ўсё.
Гэтага м-р Фатэрынгей, канечне, у поўнай меры не ўсведамляў. Але ён зразумеў, што ягоны цуд пацярпеў няўдачу, і ад гэтага адчуў вялізную агіду да цудаў. Цяпер ён быў у цемры, бо хмары згрувасціліся і перакрылі месяц, які толькі што быў відаць, а паветра напоўнілася мігатлівымі, бурлівымі, ускаламучанымі аблокамі друзу. Незвычайнае завыванне ветру і вады напоўніла зямлю і неба, і ўглядаючыся з-пад далоні супраць ветру скрозь пыл і град, ён убачыў у гульні маланак велічэзную сцяну вады, якая ішла на яго.
– Мэйдыг! – крычаў м-р Фатэрынгей кволым голасам скрозь шум стыхіі. – Сюды! Мэйдыг!
– Спыніся! – гукаў ён да вады, якая набліжалася. – О, дзеля Бога, спыніся!
– Хвілінку, – казаў м-р Фатэрынгей да маланак і грому. – Пастойце хвілінку, пакуль я збяруся з думкамі... Што мне цяпер рабіць? – пытаў ён. – Што мне цяпер рабіць? Госпадзе! Каб жа Мэйдыг быў тут.
– Ведаю! – ускрыкнуў м-р Фатэрынгей. – І дзеля Бога, хай цяпер усё атрымаецца.
Ён усё стаяў рачком, схіліўшыся супраць ветру, вельмі засяроджаны, каб усё зрабіць правільна.
– Так! Хай нічога з таго, што я загадаю, не збываецца, пакуль я не скажу “Давай!”... Госпадзе! Чаму я не прыдумаў гэтага раней!
Ён узняў свой слабы голас супраць смерчу, марна намагаючыся крычаць гучней, каб пачуць, што кажа.
– Так, зараз! Памятай, пра што мы толькі што дамовіліся. Па-першае, калі споўніцца ўсё, што я скажу, забяры ў мяне цудатворную сілу, хай маё жаданне будзе значыць столькі ж, колькі жаданне любога іншага, і ўсе гэтыя небяспечныя цуды скончацца. Мне яны не даспадобы. Лепш бы я іх не рабіў. Сапраўды. Гэта першае. А другое: вярні мяне ў час якраз перад тым, як пачаліся цуды. Хай усё будзе так, як было перад момантам, калі перакулілася праклятая лямпа. Гэта вялікае жаданне, але самае апошняе. Зразумеў? Канец цудам, усё як было: я зноў у “Вялікім Драконе”, якраз перад тым, як выпіў свае паўпінты. Вось! Так.
Ён пагрузіў пальцы ў зямлю, заплюшчыў вочы і сказаў: “Давай!”
Усталявалася абсалютная цішыня. Ён адчуў, што стаіць роўна.
– Гэта вы так кажаце, – прагучаў голас.
Ён расплюшчыў вочы. Ён быў у бары “Вялікі Дракон” і спрачаўся пра цуды з Тодзі Бімішам. У яго ўзнікла было няпэўнае пачуццё, што ён забыўся пра нешта істотнае, але яно імгненна прайшло. Рэч у тым, што, за выключэннем цудадзейных сілаў, усё стала па-ранейшаму, таму яго розум і памяць цяпер былі роўна такімі, як тады, калі гэтая гісторыя пачыналася. Ён не ведаў абсалютна нічога пра ўсё, апісанае вышэй, – і да сённяшняга дня нічога не ведае. А сярод іншага, вядома, ён дагэтуль не верыць у цуды.
– Я вам паўтараю, што цуды, уласна кажучы, адбывацца не могуць, – сказаў ён, – што б вы сабе ні думалі. І я цалкам гатовы давесці гэта.
– Гэта вы так думаеце, – сказаў Тодзі Біміш і дадаў: – Давядзіце ж, калі можаце.
– Паслухайце, містэр Біміш, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Давайце вызначымся, чым ёсць цуд. Гэта нешта такое, што супярэчыць нармальным прыродным умовам і здзяйсняецца сілай волі...
[1] Від кійка для хадзьбы са сцябла паўднёваазіяцкай пальмы.