Мікола Зэраў
(Микола Зеров)
Пад Новы год
(Під Новий рік)
Ішоў дадому, цукар нёс пайковы,
 Аб працы думаў – горкі мой прысуд...
 Свяціў агнёвай стужкай Галівуд
 У чарах навагодняе абновы.
 
 Скрозь шамацела. Рады святам новым,
 Насустрач невядомаму йшоў люд;
 Мароз прыбраў учорашні ўвесь бруд,
 Што сэрца ціснуў, накладаўшы ковы.
 
 Мінала зайздрасць, суцішаўся шал...
 Што ж! Хай вяршыцца бедны рытуал
 Звычайнае сустрэчы пілігрыма.
 
 Няхай юнак у мроях давідна
 Схіляецца бяздумнымі вачыма
 Над шклянкаю ружовага віна.
пераклад з украінскай – Аляксей Арцёмаў
Баляслаў Лесьмян
(Bolesław Leśmian)
Піла
(Piła)
 Шкандыбае лесам змара, як піла худая
 А зубамі хлопцаў вабіць – чары пекла знае.
 
 Прыглядзела хлопца-зуха пасярод даліны:
 “Пра цябе начамі мару – вой-люлі каліна!
 
 Навастру свае цалункі для цябе, мой любы,
 Промні сонца ў цёмным лесе – вось жа мае зубы!
 
 Зачаруйся той красою, што не меў даволі,
 Ахініся тымі снамі, што не сніў ніколі!
 
 Пакладзіся галавою на дзірван духмяны,
 Пакахай мяне ты ў жыце ды ў глушы лісцвянай!“
 
 “Мілаваць цябе я стану колькі маю сілы,
 Зацалую – аж ад шчасця паляціш на крылах!
 
 Буду брыдзіцца дзяўчатак, з кім даўней сваволіў,
 Бо рыдаюць ад любошчаў, быццам ад нядолі.
 
 Прагну выспрабаваць целам новую пяшчоту,
 Прагну вусны пачырвоніць для шальной ахвоты!
 
 Для тваёй уцехі, краля, дай перавярнуцца,
 Толькі б на тваіх зубочках юрам скалануцца!”
 
 Застагнала ад раскошы, іклы завастрыла:
 “Да мілосці, як на ляды, палячу, мой мілы!”
 
 Загула вярба над імі веццем бурштыновым,
 Зведаў хлопец тую міласць з прысмакам сталёвым!
 
 Учапілася зубамі, як сабака ў косці:
 “Гэй, душу тваю адпраўлю да чарцей ў госці!”
 
 Падзяліла любатою парубка на скібы:
 “Хай вам смерць, мае шматочкі, выпрастае хібы”.
 
 Зашпурнула цела ў сквару дый у снег зіхоткі
 “Хай Пан Бог вас пазбірае, людскія ашмёткі!”
 
 Захацелі, як калісьці, у адно сабрацца,
 Ды не здолелі на свеце самі адшукацца.
 
 Пачалі павекі лыпаць, пыл ляціць з ухабаў –
 Невядома, хто міргае, – чалавек ці жаба.
 
 Галава за каркам скача, цераз гаць пагоня,
 Як гарбуз, што на базары выслізнуў з далоняў.
 
 Яр прыдбанымі грудзямі дыхае драпежна,
 А вярба з макушкі вухам чуе свет належна!
 
 Параскіданыя вочы цьмеюць за гарою,
 Тое б’ецца ў павуціне – у вуллі спіць другое.
 
 Вось адна нага на ўзлеску кінулася ў скокі,
 А другая ў жыце кленчыць, мерае валокі.
 
 І рука, што прыўзнялася над бязлюдным гаем,
 Пажагнала наўздагонку цень ля небакраю!
пераклад з польскай – Ігар Жалткоў
Марыя Канапніцкая
(Maria Konopnicka)
Злая зіма
(Zła zima)
Гу! Гу! Га! Злая нашая зіма!
 Шчыпле ў нос, за вушы шчыпле,
 Снег пякучы ў вочы сыпле,
 Ветрам поле замятае –
 Злая, ой якая злая!
 
 Гу! Гу! Га! Злая нашая зіма!
 Ў апранасе доўгай, белай
 Шэрым пэндзлем водзіць смела,
 Дрэвам рукі аплятае –
 Злая, ой якая злая!
 
 Гу! Гу! Га! Злая нашая зіма!
 Не баімся зімняй злечы –
 Снежкай ёй дамо ў плечы!
 Хай нас доўга памятае,
 Злая, ой якая злая!
пераклад з польскай – Андрэй Саротнік
Іван Франко
(Іван Франко)
***
(Сипле, сипле, сипле сніг...)
Сыпле, сыпле, сыпле снег
 З шэрага нябёс бяздоння.
 Мірыядамі ляцяць
 Колкія сняжынкі сёння.
 
 Аднастайнасцю журбы,
 Холадам ліхое долі
 Засыпаюць цэлы свет,
 Прыгажосць лугоў і поля.
 
 Забыцця кілім цяжкі,
 Адубення, атупення
 Ахінуў усё і сцяў
 Аж да самага карэння.
 
 Сыпле, сыпле, сыпле снег
 І кілімам прыціскае,
 Полымя жыцця ў душы
 Слабне, чэзне і згасае.
пераклад з украінскай – Андрэй Саротнік
Юльян Тувім
(Julian Tuwim)
***
(Rusałeczko moja wiślana...)
Ці дазволіш, рачная дзяўчынка,
 Да цябе падысці на хвілінку
 У бяссонні?
 Пасівелі зусім ад кахання
 Мае скроні.
 
 Хай мінулае сыдзе туманам.
 Будзь маім узгалоўем ціхмяным,
 Сном спакусным.
 Анямелі зусім ад кахання
 Мае вусны.
 
 Хай я восень спазнаў даастатку –
 Заіскрыся вясноваю згадкай
 Блізу ночы.
 Затужылі зусім ад кахання
 Мае вочы.
 
 Хай засну я, нібыта вясною,
 З той дзяўчынкай маёю рачною,
 Незнаёмкай.
 Супакой мяне сумнай усмешкай
 Вуснаў тонкіх.
 
 Адкахаў я тры чвэрці кахання,
 Ды хачу яго выпіць дазвання
 І да згубы.
 Мо цябе назаву я, сірэнка,
 Самай любай...
 
 Мо цябе, мо – хто ўведаць здалее? –
 Тую зорку, што ў прыцемку тлее,
 Дагарае...
 Вось і ўсё, рачная дзяўчынка,
 Дарагая...
пераклад з польскай – Андрэй Стэфановіч




