№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мігель дэ Сервантэс

Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі (El ingenioso hidalgo Don Quijote de la Mancha)

Раздзел I

Пераклад з гішпанскай Якуб Лапатка

у якім апавядаецца пра тое, як жыў і чым займаўся славуты ідальга Дон Кіхот з Ла Манчы

У адной з вёсак Ла Манчы, назву якой прыпамінаць у мяне няма ахвоты, не так даўно жыў адзін ідальга [1]. Усё багацце нашага героя складалася са старой дзіды і такога ж старога шчыта, якія дасталіся яму ад продкаў, старой клячы і аднаго харта. Харчаваўся ён звычайна поліўкай, дзе часцей была ялавічына, чым бараніна, на вячэру меў мясную салату, у пятніцы пасціўся, але затое ў нядзелю, у дадатак да ўсяго, частаваўся смажаным голубам, і на гэта трацілася каля дзвюх трэціх ягоных даходаў. Астатняе трацілася на святочнае адзенне з тонкага сукна і аксаміту з добрымі пантофлямі, у будзённыя дні ён апранаўся ў камізэльку цёмнага колеру, але таксама з добрай тканіны. Разам з ім у доме жылі ахмістрыня, жанчына гадоў за сорак, пляменніца, якой не было яшчэ і дваццаці, ды служка, што даволі спрытна ўвіхаўся па гаспадарцы, на полі, на канюшні і ў садзе. Меў наш ідальга гадоў гэтак пад пяцьдзесят, быў высокі, сухарлявы, даволі моцнага складу, з тонкім прадаўгаватым тварам. Ён любіў прачынацца з сонцам і быў вялікім аматарам палявання. Адны кажуць, што прозвішча ягонае было Кіхада, іншыя сцвяджаюць, што Кесада, тут у розных аўтараў, якія пісалі пра гэта, няма поўнай згоды, але ёсць падставы лічыць, што прозвішча нашага ідальга было Кехана, што не мае аніякага значэння для нашага аповеду. Галоўнае – гэта ні на крок не адступіць ад праўды, апісваючы прыгоды героя.

Увесь свой вольны час, а вольны час у яго быў амаль што ўвесь год, дон Кехана прысвячаў чытанню рыцарскіх раманаў, ды гэтак захапіўся імі, што зусім закінуў паляванне, забыўся на гаспадарку, нават дайшоў да таго, што прадаў значны кавалак сваёй зямлі, каб набыць якія толькі можна раманы пра вандроўных рыцараў. Яму вельмі падабаліся мудрагелістыя выказванні герояў, асабліва, што тычылася розных любоўных пасланняў, або выклікаў на двубой, як напрыклад: "Разумнасць вашай неразумнасці, якая на мой разумны погляд заслабляе мой розум так, што я лічу разумным паскардзіцца на вашу веліч”. Альбо такое: "...высокія нябёсы, якія ўздымаюць багавейна вашую багавейнасць пры дапамозе зорак нябесных, робяць вас вартымі ўсіх тых вартасцяў, якія вартыя вашай велічы”.

Бедалага-кабальера [2] ажно дурнеў, імкнучыся дапяць да сэнсу таго, што чытаў, хаця сам вялікі Арыстоцель [3], калі б ён нават знарок уваскрос дзеля гэтага, не змог бы зразумець нічога. Не лепей было і з тымі ўдарамі, якія наносіў і атрымліваў славуты рыцар дон Бельяніс, таму што на думку нашага героя, якія б добрыя лекары ні лячылі вандроўнага рыцара, усё цела і ўвесь ягоны твар павінныя былі пакрыцца шнарамі і драпінамі. Аднак ён ухваляў аўтара за тое, што той закончыў кнігу абяцаннем напісаць працяг гэтай і без таго даўгой гісторыі. Часам ён сам хацеў узяцца за пяро і дакончыць за аўтара гэты раман і, напэўна, ён так і зрабіў бы так, каб увагу яго не адцягнулі іншыя, не меней значныя справы і задумы. Шмат разоў яму даводзілася ўступаць у спрэчкі з мясцовым святаром – а той быў чалавек адукаваны, бо атрымаў сваю вучоную ступень ва універсітэце Сігуэнсы [4] – аб тым, які рыцар лепшы: Пальмярын Ангельскі [5] або Амадыс Гальскі [6]. Да таго ж, мясцовы цырульнік, маэстра Нікалас, часта цвердзіў, што ім абодвум яшчэ далёка да Рыцара Фэба, а калі хто і можа параўнацца з ім, дык гэта дон Галаор, брат Амадыса Гальскага, таму што ён хлопец хоць куды, не такі манерны і ўжо зусім не такі плакса, як ягоны брат, а па мужнасці і адвазе ніколькі нікому не саступае.

У выніку ён так захапіўся гэтым чытаннем, што чытаў дзень і ноч без перапынку, і ад таго, што шмат чытаў ды мала спаў, мазгі ягоныя пачалі высыхаць, а ўрэшце ён і зусім глуздануўся. Бедалага верыў, што ўсё прачытанае ім – гэта святая праўда, а таму галава ягоная была поўная ўсялякай лухты накшталт чарадзействаў, выклікаў на двубой, любоўных прыгодаў, сардэчных пакутаў ды іншых недарэчнасцяў, прычым ён лічыў, што няма на свеце нічога болей важнага і праўдзівага. Ён казаў, што Сід Руй Дыяс [7] вельмі добры рыцар, але яго нават і параўнаць нельга з Рыцарам Палымянага Мяча [8], які адным ударам рассек надвая аж двух пачварных волатаў. Крыху лепей ён ставіўся да Бернарда дэль Карпія [9], які абхітрыў і перамог у Рансевальскай цясніне славутага Раланда [10]. Казаў ён добрыя словы і пра Морганта, хаця той і паходзіў з пыхлівага і дзёрзкага роду волатаў, але адзін з усіх волатаў быў добра выхаваны і паважлівы. Аднак болей ад усіх ён паважаў Рэйнальда Мантальбанскага [11], асабліва, калі той выязджаў з замка і пачынаў рабаваць усіх, хто толькі трапляўся пад руку, ды яшчэ за тое, што гэты Рэйнальд выкраў з-за мора статую Магамета, якая была (так запэўніваў аўтар) з чыстага золата. А за тое, каб адлупіць як след здрадніка Галалона [12], ён аддаў бы сваю ахмістрыню, ды яшчэ і пляменніцу ў дадатак.

Нарэшце, калі ён ужо канчаткова паехаў з глуздоў, у галаву яму прыйшла самая дуркаватая думка, якая ніколі не ўзбрыдала ніводнаму вар’яту на свеце. Наш герой палічыў за самае разумнае і нават неабходнае зрабіцца вандроўным рыцарам дзеля карысці сваёй дзяржавы і ўласнага гонару. Ён вырашыў узброіцца, сесці на каня і падацца ў свет шукаць прыгодаў ды рабіць тое ж, што і вандроўныя рыцары, пра якіх ён вычытаў у кнігах: змагацца з несправядлівасцю, абараняць слабых і пакрыўджаных і здабыць сабе ў гэтых змаганнях бессмяротную славу і пашану. Небарака нават уяўляў сябе, самае малое, з каронай Трапезундскага царства на галаве за свае подзвігі і ўчынкі. І вось, захоплены цалкам такімі прыемнымі мроямі, якія прыносілі яму вялізную асалоду, наш герой паспяшаўся ажыццявіць свае намеры. Першым чынам ён узяўся чысціць свае даспехі, якія дасталіся яму ад прадзедаў і валяліся недзе ў куце з незапамятных часоў, пакрытыя іржой і пылам. Пасля таго як ён старанна вычысціў і давёў іх да ладу, то ўбачыў, што не хапае сапраўднага рыцарскага шалома з забралам і напатыльнікам. Замест яго быў адкрыты шалом, які прыкрываў толькі макаўку. Наш герой напружыў усю сваю вынаходлівасць і зрабіў з кардону ўсё тое, чаго не хапала ў ягоным узбраенні. Атрымаўся добры закрыты шалом. Потым ён захацеў паглядзець, наколькі гэты шалом надзейны і моцны і як добра ён паслужыць у бітве. Але аднаго ўдару мяча хапіла, каб забрала разляцелася ўшчэнт, і такім чынам загінула ўся праца, зробленая за тыдзень. Лёгкасць, з якой забрала разляцелася на кавалкі, асаблівага задавальнення яму не прынесла, аднак ён зноў узяўся за працу і змайстраваў новае забрала, падклаўшы знізу металёвыя пласцінкі, пасля чаго, задаволіўшыся вынікам, палічыў, што новыя выпрабаванні зусім не патрэбныя, а таму вырашыў, што шалом абсалютна прыдатны для бітвы і выглядае вельмі прывабна.

Затым ён падаўся на канюшню, каб агледзець свайго баявога каня, і, хаця старая кляча кульгала на ўсе чатыры нагі, вырашыў, што ні Буцафал [13] Аляксандра Македонскага, ні Баб’ека [14] славутага Сіда параўнацца з ёй не могуць. Трэба было толькі прыдумаць адпаведнае высакароднае імя. Ён думаў над тым дні чатыры і вырашыў назваць свайго каня Расінантам. Гэта сапраўды было добрае імя, таму што ўвогуле азначала “былая кляча” або “кляча, якая выперадзіла ўсіх”.

Назваўшы гэтак удала каня, ён вырашыў, што трэба памяняць імя і самому сабе. На гэта ў яго пайшло яшчэ восем дзён, і ён нарэшце назваўся Дон Кіхотам, а гэта значыць, што сапраўднае яго імя было Кіхада, як сцвярджаюць аўтары гэтай праўдзівай гісторыі, а зусім не Кесада, як гэтага хацелася б некаторым. Аднак потым ён успомніў, што адважны рыцар Амадыс не схацеў звацца проста Амадысам, а дадаў да імя яшчэ і назву сваёй айчыны, каб сваімі подзвігамі ўславіць яе, і стаў звацца Амадысам Гальскім, таму наш герой вырашыў, што і яму таксама трэба дадаць да імя назву сваёй радзімы, як гэта і належыць сапраўднаму рыцару, каб кожны, пачуўшы імя Дон Кіхота Ламанчаскага, адразу ведаў, што гэты высакародны рыцар са славутай зямлі Ла Манчы.

Пасля таго, як ён пачысціў даспехі, адрамантаваў шалом, даў мянушку каню і ахрысціў сябе на новы лад, ён прышоў да высновы, што цяпер яму трэба знайсці даму, у якую ён мог бы закахацца, бо які ж вандроўны рыцар без кахання, гэта ўсё роўна што дрэва без пладоў і лісцяў або цела без душы. Ён казаў сабе:

– Калі за мае грахі, або на шчасце, мне давядзецца сустрэцца з волатам, а такое звычайна здараецца з вандроўнымі рыцарамі, і я звалю яго на зямлю, або рассяку напалам, перамагу яго і прымушу прасіць літасці, дык зусім нядрэнна будзе мець на гэты выпадак тую, якой можна паслаць гэтага волата ў падарунак, каб той, прышоўшы, схіліўся перад маёй прыгажуняй і рахманым жаласным голасам сказаў: “Паненка, я волат Каракуліямбра, валадар выспы Маліндранія, мяне перамог у баі высокаўхвальны рыцар Дон Кіхот Ламанчаскі, які загадаў мне паўстаць перад вачыма вашай міласці, каб вашая веліч распараджалася мною на свой добраўхвальны розум”.

О, як радаваўся наш слаўны рыцар, прамаўляючы гэтыя словы, асабліва ж калі знайшоў, каго назваць дамай свайго сэрца! А жыла, наколькі нам вядома, у адным месцы даволі прыгожая сялянская дзяўчына, у якую ён адным часам быў закаханы, але, вядома ж, яна пра тое нават не падазравала, як гэта і належыць, а таму не звяртала на яго аніякай увагі. Яе звалі Альдонса Ларэнса і, калі наш герой вырашыў зрабіць яе валадаркай сваіх думак, ён палічыў за лепшае памяняць ёй імя, ды так, каб яно не вельмі рознілася ад сапраўднага, але ў той жа час набліжалася б да імя якой-небудзь прынцэсы або высакароднай дамы, а таму імя Дульсінеі Табоскай [15] як мага болей падыходзіла ёй, бо жыла тая дзяўчына ў гарадку Табоса, і гучала гэта прыемна, значна і выразліва, як і ўсе астатнія імёны, раней прыдуманыя.



ЗАЎВАГІ І ТЛУМАЧЭННІ
да першага раздзелу

[1] Ідальга – дробны шляхціч у Гішпаніі. Падчас вызваленчай вайны супраць маўраў (арабаў) – Рэканкісты – складалі аснову рыцарскага войска. Але ў часы Сервантэса ідальга ўжо не мелі ні палітычнага значэння, ні вялікіх маёнткаў, а былі проста беднымі дваранамі, хаця і з даўнім радаводам.

[2] Кабальера – рыцар, дваранін, чалавек высакароднага паходжання.

[3] Арыстоцель (384–322 да н. э.) – вялікі старажытнагрэцкі філосаф, выхавальнік Аляксандра Македонскага. Адзін з найболей славутых філосафаў усіх часоў. Найбольш ушаноўвалі імя Арыстоцеля як мудрага і вучонага чалавека ў Сярэднявеччы.

[4] Сігуэнса – аўтар іранізуе над вучонасцю святара, бо ў горадзе Сігуэнса знаходзіўся невялікі другаразрадны універсітэт, дзе было лёгка атрымаць любую вучоную ступень.

[5] Пальмярын Ангельскі – герой аднайменнага рыцарскага рамана. Імітацыя рамана пра Амадыса Гальскага. Герой вандруе па свеце, змагаецца з чарадзеямі, волатамі і г. д. у гонар сваёй дамы сэрца.

[6] Амадыс Гальскі – герой рыцарскага рамана, напісанага на гішпанскай мове. Першае выданне было ў 1508 годзе, у Сарагосе. Карыстаўся вялізнай папулярнасцю ў шаснаццатым стагодддзі. Герой рамана, незаконны сын англійскай прынцэсы, вандруе па Еўропе, здзяйсняе розныя фантастычныя подзвігі ў гонар сваёй дамы сэрца і ўрэшце дабіваецца дазволу на шлюб з ёю. У Сярэднявеччы Амадыс Гальскі быў увасабленнем усіх рыцарскіх якасцяў.

[7] Сід Руй Дыяс (1043–1099), або Сід Кампеадор – гістарычная асоба. Сапраўднае імя – Руй Дыяс Бівар. Праславіўся ў войнах супраць маўраў падчас Рэканкісты, тады ж і атрымаў імя Сід Кампеадор, што азаначае: Сід – па-арабску “валадар”, Кампеадор – па-гішпанску “ваяр”. Сід Кампеадор – герой шматлікіх гішпанскіх народных песняў і паданняў, асаблівую вядомасць набыў паэтычны твор Сярэднявечча “Спеў пра майго Сіда”.

[8] Рыцар Палымянага Мяча – мянушка Амадыса Грэцкага, героя аднайменнага рыцарскага рамана.

[9] Бернарда дэль Карпія – легендарны гішпанскі герой. Калі Карл Вялікі вяртаўся з паходу на Гішпанію, то ў Рансевальскай цясніне адбылася бітва (778 г.) паміж ягоным адступаючым войскам і гішпанцамі. Бернарда дэль Карпія прывёў на дапамогу маўраў, і войска імператара было разгромленае.

[10] Раланд – інакш Хруадланд, паплечнік імператара Карла Вялікага, загінуў падчас бітвы ў Рансевальскай цясніне. Герой славутага эпасу “Спеў пра Роланда”, магутны рыцар. Паводле падання, яго перамог Бернада дэль Карпія.

[11] Рэйнальд Мантальбанскі – пэр Францыі, герой славутых твораў сярэднявечных аўтараў.

[12] Галалон, або Ганелон – персанаж эпасу “Спеў пра Раланда”, вораг Раланда. Каб адпомсціць Раланду, здрадзіў свайму каралю.

[13] Буцафал – любімы конь Аляксандра Македонскага (356–323 г. да н. э.). Аляксандр Македонскі ўтаймаваў яго, калі быў яшчэ зусім маладым. З тае пары Буцафал удзельнічаў ва ўсіх паходах і бітвах, пакуль не быў забіты ў адной з іх.

[14] Баб’ека – конь славутага Сіда. Як і Буцафал Аляксандра Македонскага, быў вельмі смелы і не раз ратаваў жыццё свайго гаспадара ў бітвах з маўрамі.

[15] Дульсінея – ад гішпанскага слова ‘dulce’ – салодкі. Трэба разумець як “салодкая” або “пяшчотная”. Табоса – горад у Гішпаніі.


Пераклад з гішпанскай – Якуб Лапатка © 2010

Чытайце таксама

Дан Андэрсан

Дан Андэрсан

Шведскамоўны паэт і празаік, некаторыя свае вершы сам паклаў на музыку

Эльфрыдэ Елінэк

Эльфрыдэ Елінэк

Аўстрыйская пісьменніца, паэтка, эсэістка, драматург, літаратурны крытык. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2004).

Сяргей Пясэцкі

Сяргей Пясэцкі

Польскамоўны пісьменнік, публіцыст, афіцэр выведкі

Габрыэле Д'Анунцыё

Габрыэле Д'Анунцыё

Пералічэнне фактаў з біяграфіі не зможа даць нават аддаленага ўяўлення пра гэту неардынарную асобу

1045