у якім апавядаецца пра першы выезд хітрамудрага рыцара Дон Кіхота са сваіх земляў
Нарэшце наш ідальга скончыў падрыхтоўку і вырашыў, не марудзячы болей, ажыццявіць свой намер, бо ён быў упэўнены, што адклад можа прынесці шмат турботаў і няшчасцяў у свеце, бо на зямлі так многа людзей чакала ягонай падмогі: колькі абяздоленых яму трэба ашчаслівіць, колькі несправядлівасцяў выправіць, колькі абараніць пакрыўджаных і абражаных. І вось адным ліпеньськім днём, не кажучы нікому ні слова, ён падняўся на досвітку, напяў неяк свой няскладны шалом, надзеў свае старыя даспехі, прыхапіў дзіду і шчыт, сеў на Расінанта і, радуючыся, што яму ніхто не перашкаджае пачаць сваю высакародную справу, употай выехаў у поле. Але не паспеў ён выехаць за вароты, як у галаву яму прыйшла жахлівая думка, ды такая жахлівая, што ён ледзь не павярнуў назад. Дон Кіхот успомніў, што ён яшчэ не пасвечаны ў рыцары, а значыць, па рыцарскіх законах ні з якім рыцарам не мае права ўступаць у бой. Апрача таго, каб нават ён і быў пасвечаны ў рыцары, то яму трэба было насіць белыя даспехі, без аніякага дэвізу на шчыце, да тае пары, пакуль ён не заслужыць на гэта права сваёю смеласцю і адвагай. Гэткія роздумы ледзь не пахіснулі ягоную рашучасць, але ўсё ж дурасць, якую ён вычытаў у тых жа кніжках, што і давялі яго да вар’яцтва, перамагла, і Дон Кіхот вырашыў, што папросіць першага сустрэчнага рыцара пасвяціць яго. А што тычыцца даспехаў, то наш герой вырашыў начысціць іх так, каб яны сталі бялей ад гарнастая. Прыняўшы такое мудрае рашэнне, Дон Кіхот паехаў куды вочы глядзяць, а дакладней, куды павёз яго Расінант, бо толькі так і трэба, на ягоную думку, шукаць прыгодаў.
І вось так, едучы паціху невядома куды, наш новаяўлены шукальнік прыгодаў казаў сам сабе:
– Няма сумневу ў тым, што некалі, праз шмат гадоў, напішуць праўдзівую аповесць пра мае слаўныя подзвігі. І той вучоны муж, які возьмецца апісаць іх, калі дойдзе да майго першага ранняга выезду, напіша так:
“Залатавалосы Апалон [1] толькі яшчэ распускаў па прасторным і шырокім твары зямлі першыя нітачкі сваіх залатых валасоў, а маленькія стракатыя птушачкі з салодкай меладычнай гармоніяй арфападобнымі галасамі віталі Аўрору [2], якая толькі што пакінула ложак свайго раўнівага мужа і расчыніла вароты і вокны ламанчаскага далягляду, калі славуты рыцар Дон Кіхот з пагардай адмовіўся ад пяшчотнай ласкі пуховых пярынаў, сеў на свайго славутага каня Расінанта і выправіўся ў дарогу па старажытнай і вядомай раўніне Манціель”.
Ён і сапраўды ехаў па гэтай раўніне. Потым Дон Кіхот дадаў:
– Шчаслівыя тыя часы і тое стагоддзе, калі ўбачаць свет мае славутыя подзвігі, якія вартыя таго, каб іх увасаблялі ў бронзе, высякалі на мармуры і малявалі на карцінах дзеля памяці нашчадкам. А ты, мудры вядун, які будзе летапісаць мае вандраванні, хто б ты ні быў, прашу цябе не забыць пра майго добрага Расінанта, вечнага спадарожніка майго ва ўсіх вандраваннях па ўсіх шляхах і дарогах.
А потым ён загаварыў так, нібыта і сапраўды быў закаханы:
– О прынцэса Дульсінея, валадарка майго паланёнага сэрца! Горкую крыўду прычынілі Вы мне, таму што прагналі мяне, засыпаўшы папрокамі і загадалі не паказвацца на вочы вашай прыгажосці. Малю вас, сеньёра, злітуйцеся над маім сэрцам, такім адданым вам, якое так пакутуе, кахаючы вас!
Гэтак ён ехаў далей, лепячы адну бязглуздзіцу на другую, так, як гэта рабілі вандроўныя рыцары ў раманах. Прычым Дон Кіхот імкнуўся выказвацца гэткім жа стылем, як і яго ўлюбёныя раманы і рыцары. А таму, пакуль ён павольна пасоўваўся наперад, сонца паднялося даволі высока і бязлітасна паліла з чыстага неба. Ад такой гарачыні мазгі ў галаве кабальера даўно б растапіліся, праўда, калі б яны там былі.
Так ён праездзіў амаль цэлы дзень і нічога такога, пра што варта было б апавесці, з ім не здарылася. Кабальера быў у роспачы ад таго, што недзе і некаму было паказаць сваю рыцарскую моц. Пад вечар і Дон Кіхот, і ягоны конь парадкам стаміліся і прагаладаліся, і рыцар пачаў азірацца навокал, спадзеючыся выгледзець які-небудзь замак або пастуховы будан, дзе можна было б крыху спачыць і размяць натомленыя дарогай косці. І тут ён заўважыў непадалёк ад дарогі пастаялы двор. Ужо змяркалася, калі рыцар пад’ехаў да харчэўні.
Якраз у гэты момант за вароты выйшлі дзве жанчыны, як кажуць, вольнага занятку, якія ехалі ў Севіллю [3] са сваімі сябрукамі, ды спыніліся пераначаваць у гэтай харчэўні. А паколькі ў галаве ў Дон Кіхота ўсё перакруцілася ад рыцарскіх раманаў, дык ён і падумаў, што перад ім вялізны замак з вежамі і магутнымі сценамі, а ля замку забаўляюцца чароўныя прыгажуні. Рыцар спыніўся і стаў чакаць, пакуль карлік на сцяне замка затрубіць у трубу, узвяшчаючы пра ягоны прыезд. Але карлік нешта марудзіў. Рыцар пачаў праяўляць нецярпенне, ды і Расінант пачуў стойла, а сігналу з замка ўсё не было. І тут нейкі свінапас, што гнаў у вёску гурт свіней, прабачце мяне за грубасць, але іншай назвы гэтыя жывёлы не маюць, затрубіў у ражок. Аб прыбыцці рыцара было абвешчана, і Дон Кіхот узрадавана скіраваўся да карчмы. Дзявоткі, пабачыўшы конніка ў такім дзіўным убранні, кінуліся ўцякаць, і тады Дон Кіхот здагадаўся, што яны напалохаліся ягонага баявога выгляду. Ён ветліва і красамоўна, як гэта і належала высакароднаму рыцару, звярнуўся да іх:
– Не бойцеся мяне, о высакародныя сеньёры, бо рыцары таго ордэну, да якога належу і я, ніколі не прычыняюць крыўды слабейшым, асабліва такім знатным дамам, як я магу меркаваць па вашым выглядзе.
Распусныя дзеўкі, не звыклыя да такіх зваротаў, пачалі смяяцца і здзеквацца з нашага героя, і Дон Кіхот пакрысе зазлаваў. Тут на ганак выйшаў гаспадар пастаялага двара, дзябёлы незласлівы дзяцюк, але вялікі прайдзісвет. Ен убачыў недарэчную фігуру нашага героя і спачатку хацеў далучыцца да зласмешных баб, аднак, застрашаны гэтай грудай даспехаў, палічыў за лепшае звярнуцца да прыезджага ветла і без пасмехаў. Задаволены Дон Кіхот усё гэтак жа велягурыста і красамоўна апавядаў пра сябе і свае намеры здзейсніць вялікія подзвігі, а развесялелыя дзеўкі дапамагалі яму скінуць даспехі. Пакуль яго распраналі, Дон Кіхот чытаў вершы. Калі усе даспехі пасьпяхова знялі з нашага стомленага рыцара, ён наадрэз адмовіўся скінуць шалом, баючыся, што не зможа пасля надзець яго, і папрасіў што-небудзь павячэраць. На жаль, была пятніца, ніякага мяса няможна было есці, і гаспадар прапанаваў рыцару заплеснявелай, як і Дон Кіхотавы даспехі, салёнай траскі, назваўшы яе фарэллю.
Стол паставілі на двары і ўзяліся карміць пастаяльца, бо сам ён ніяк не мог укласці нічога ў рот, бо замінаў шалом. Але адна з дзевак неяк накарміла яго, а гаспадар вынайшаў спосаб і напаіць госця віном, заліваючы яго ў рот праз саломінку. Рыцар жа, каб не разразаць завязкі шалома, пакорліва цярпеў. Гэтым часам да карчмы зайшоўся нейкі селянін і загудзеў на дудачцы. Дон Кіхот канчаткова паверыў, што трапіў у сапраўдны замак, бо тут гучала музыка, яму служылі чароўныя дамы і сам уладальнік замка, а на вячэру была адмысловая рыба. Толькі адно непакоіла яго – тое, што ён яшчэ не быў пасвечаны ў рыцары, а значыць, яго маглі абвясціць самазванцам.
ЗАЎВАГІ І ТЛУМАЧЭННІ
да другога раздзелу
[1] Залатавалосы Апалон – паэтычная назва сонца. Апалон – у міфалогіі старажытных грэкаў бог сонца, брат-блізнюк багіні палявання Артэміды, вечна малады прыгажун, вялікі воін, апякун і заступнік спевакоў і музыкаў. Другое імя Апалона – Фэб.
[2] Аўрора – рымская багіня світання, ранішняй зары; паэтычная назва світання; грэцкае імя – Эас.
[3] Севілля – горад у гістарычнай правінцыі Андалусія, Паўднёвя Гішпанія, на рацэ Гвадалківір. Вялікі адміністрацыйны, гандлёвы і культурны цэнтр. Славуты сваімі гістарычнымі помнікамі часоў арабскага заваявання, універсітэтам (з 1503 г.) і гатычнымі будынкамі пазнейшых часоў.