№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мігель дэ Сервантэс

Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі (VIII) (El ingenioso hidalgo Don Quijote de la Mancha)

Пераклад з гішпанскай Якуб Лапатка

пра вялікую перамогу адважнага Дон Кіхота ў жахлівай і нечуванай бітве з ветракамі, а таксама і пра іншыя вартыя прыемных спамінкаў падзеі

Тут перад іхнымі вачыма адкрылася поле, на якім стаяла ці то трыццаць, ці то сорак ветракоў. Дон Кіхот, як толькі ўбачыў тыя млыны, прамовіў да свайго збраяносца:

– Лёс так прыязна ставіцца да нас, што лепшага і жадаць не трэба, бо паглядзі, дружа Санча: на гэтым полі бачна трыццаць ці нават болей пачварных волатаў. Я думаю пачаць з імі бітву і перабіць усіх да аднаго, а забраўшы багатую здабычу, мы пачнем багацець, таму што гэтая вайна праведная, якая знішчыць паганае семя і будзе вялікай паслугай Госпаду.

– А дзе ж тыя волаты? – запытаўся Санча Панса.

– Ды вунь жа яны, з даўгімі рукамі, у некаторых нават па дзве лігі [1] даўжынёй, – адказаў Дон Кіхот.

– Паглядзіце, ваша мосць, ніякія гэта не волаты, а звычайныя ветракі. А тое, што вам здаецца рукамі, – зусім не рукі, а крылы. Яны круцяцца ад ветру і рухаюць жорны, – запярэчыў Санча.

– Адразу бачна, што ты неспрактыкаваны шукальнік прыгодаў. Гэта волаты. І калі ты спалохаўся, дык адыдзі ўбок і маліся, а я ўступлю з імі ў жорсткі і няроўны бой, – сказаў Дон Кіхот.

З гэтымі словамі ён даў шпоры Расінанту, болей не слухаючы ляманту свайго збраяносца, які крычаў, што ніякія гэта не веліканы, а ветраныя млыны. Дон Кіхот у сваім перакананні, што перад ім стаяць волаты, не бачыў нічога перад сабою, хаця і быў зусім побач з ветракамі. Ён гучна выкрыкваў:

– Стойце, мярзотныя баязліўцы! Вас атакуе ўсяго адзін рыцар!

Тут падзьмуў лёгкі ветрык, і крылы ветракоў пачалі круціцца. Дон Кіхот закрычаў яшчэ мацней:

– Хай у вас будзе болей рук, чым у гіганта Брыярэя [2], усё роўна вам давядзецца паплаціцца!

Пасля гэтага, аддаўшыся пад заступніцтва валадаркі сваёй душы Дульсінеі Табоскай, ён закрыўся шчытом і на поўным галопе ўсадзіў сваю дзіду ў крыло найбліжэйшага ветрака. Тым часам вецер памацнеў і крутануў крыло з такой сілай, што дзіда разляцелася на трэскі, а крыло падхапіла і пацягнула за сабой і каня, і конніка, а потым шпурнула абодвух на зямлю. Санча з усёй моцы пагнаў свайго асла на дапамогу гаспадару, які не мог нават паварушыцца ад такога моцнага ўдару аб зямлю.

– Ратуй, Божа! – усклікнуў Санча. – Ці ж я не казаў вашай міласці, каб вы глядзелі, што робіце, што гэта ўсяго толькі ветракі. Зблытаць іх мог толькі той, у каго ў галаве ўсё перамалолася.

– Змоўч, дружа Санча, – адказаў Дон Кіхот. – Ваенныя акалічнасці змяняюцца хутчэй ад іншых. Апрача таго, я думаю, што гэта вядун Фрэстон, які скраў маю бібліятэку разам з пакоем, ператварыў гэтых волатаў у ветраныя млыны, каб пазбавіць мяне слаўнай перамогі – нагэтулькі варожа ён ставіцца да мяне. Але рана ці позна ягоныя злыя чары змогуцца перад маім мячом.

– Ну, гэта як Бог дасць, – сказаў Санча.

Ён дапамог Дон Кіхоту падняцца і залезці на Расінанта, які таксама быў ледзь жывы пасля славутай бітвы. Затым яны рушылі далей, абмяркоўваючы нядаўнюю прыгоду. Болей за ўсё Дон Кіхота засмуціла страта дзіды. Сказаўшы аб тым свайму збраяносцу, Дон Кіхот працягваў:

– Помніцца, я чытаў пра адного гішпанскага рыцара, якога звалі Дыега Перэс Варгас. Падчас бітвы з маўрамі ў яго зламаўся меч, тады ён адламаў ад дуба вялізны сук і перабіў гэтай доўбняй гэтулькі маўраў, што яго празвалі Варгас-Доўбня. Я таксама адламаю сук з першага ж дуба, што трапіцца нам па дарозе, і ты будзеш проста шчаслівы ад таго, што маеш гонар пабачыць, якіх славутых подзвігаў я нараблю з ім.

– Усё ў руцэ Божай, – адказаў на тое Санча. – Я веру ўсяму, што вы кажаце, але сядзьце прамей, а то вы зусім з’ехалі набок, напэўна, вы моцна ўдарыліся аб зямлю.

– Так яно і ёсць, – сказаў Дон Кіхот. – Але я не магу паскардзіцца на боль, таму што вандроўныя рыцары не павінныя зважаць на раны, хаця б у іх вываліваліся ўсе вантробы.

– Ну, тут я не магу нічога сказаць, – прамовіў Санча. – Што ж да мяне, дык я завішчу ад самай маленькай драпіны, калі толькі закон вандроўных рыцараў гэтага не забараняе.

Дон Кіхот пасмяяўся з такой Санчавай праставатасці і сказаў, што ён можа стагнаць і скардзіцца на боль колькі ўлезе, бо ў рыцарскім статуце пра тое нічога не сказана.

Тут Санча заўважыў, што час і паесці. На тое Дон Кіхот адказаў, што ў яго такой патрэбы пакуль што няма, а Санча хай сабе есць, калі захоча. Атрымаўшы такі дазвол, Санча паямчэй уладкаваўся на сваім асле, дастаў з хатомкі прыпасы і пачаў сілкавацца. Ён ехаў паціху за сваім гаспадаром і час ад часу пацягваў з бурдзюка віно з такім смакам, што яму маглі б пазайздросціць нават карчмары з Малагі, а тыя ведалі толк у такіх уцехах. Паступова Санчавы думкі пацяплелі, і падарожжа ў пошуках прыгодаў падалося яму не гэтулькі небяспечным, колькі прыемным.

Гэтую ноч нашыя падарожнікі правялі ў невялічкім гаі, дзе Дон Кіхот адламаў ад дрэва засохлую галіну і зрабіў сабе нешта накшталт дзіды. Усю ноч ён па прыкладзе сваіх улюбёных вандроўных рыцараў не спаў, а цешыў сябе салодкімі марамі пра валадарку свайго сэрца Дульсінею Табоскую.

Санча ж, добра падмацаваўшыся, заваліўся спаць і соладка праспаў да самага рання, пакуль Дон Кіхот не пабудзіў яго.

Першым чынам Санча ўзяўся за сняданак і крыху засмуціўся ад таго, што схуднелы бурдзюк з віном не атрымаецца паправіць у хуткім часе. Дон Кіхот снедаць адмовіўся, бо сілкаваўся толькі салодкімі марамі.

Пасля таго яны рушылі ў дарогу і каля трох гадзінаў дабраліся да цясніны Пуэрта Лапісэ.

– Вось тут, браце Санча, – сказаў Дон кіхот, – у нас з табой будуць поўныя жмені прыгодаў. Толькі памятай, што збраяносец не павінен хапацца за меч, каб абараніць свайго гаспадара, хаця б таму і пагражала смяротная небяспека, асабліва калі ён змагаецца супраць рыцараў. Падымаць меч супраць рыцараў можна толькі тады, калі ты сам пасвечаны ў рыцары, а вось супраць усялякага зброду і прасталюддзя ты можаш дапамагаць мне.

– На гэты конт можаце быць упэўненыя, ваша мосць, – адказаў Санча. – Я чалавек рахманы і дарэмна ў бойку не палезу. Аднак калі запатрабуецца абараняць маю персону, дык я не пагляджу ні на якія там рыцарскія законы, таму што боскія і чалавечыя законы дазваляюць абараняцца.

– Ну, у гэтым я з табой згодны, – прамовіў Дон Кіхот. – Ты толькі стрымлівай свае парывы, калі я буду змагацца з рыцарамі.

– Абавязкова стрымаю, – адказаў Санча, – гэты ваш запавет будзе для мяне свяшчэнны, як нядзельнае свята.

Пакуль яны вялі такую гутарку, насустрач паказаліся два манахі-бенедыктынцы, якія ехалі на высокіх, ростам з вярблюда, мулах. Абараняючыся ад спёкі і пылу, яны ехалі пад парасонамі і ў дарожных акулярах [3]. За манахамі ехала карэта ў атачэнні чатырох ці пецярых коннікаў. Двое пешых слугаў паганялі мулаў. У карэце, як высветлілася пазней, сядзела дама з Біскаі [4], якая ехала да сайго мужа ў Севіллю. Як толькі Дон Кіхот згледзеў гэтую працэсію, дык адразу ж сказаў свайму збраяносцу:

– Калі не памыляюся, нас чакае нечуваная прыгода. Вунь тыя чорныя пачвары, вядома ж, злыя чараўнікі. Яны скралі нейкую прынцэсу і вязуць палонную ў карэце. Але я пастараюся парушыць тую благую задуму.

– Каб не атрымалася горш, чым з ветракамі, – адказаў на тое Санча. – Вы ж гляньце, сеньёр, гэта ўсяго толькі браты-бенедыктынцы [5], а ў карэце, пэўна, едуць якія-небудзь падарожнікі. Паглядзіце, кажу я вам, добра паглядзіце, перш чым кінуцца ў бойку, каб вас нячысцік зноў не ўвёў у зман.

– Я табе ўжо казаў, Санча, што ты нічога не цяміш у прыгодах, – запярэчыў Дон Кіхот. – Вось зараз пабачыш.

З гэтымі словамі ён выехаў наперад, стаў пасярод дарогі і, калі манахі пад’ехалі пабліжэй, закрычаў на ўсю моц:

– Вы, бязбожныя д’ябальскія стварэнні! Зараз жа вызваляйце выкрадзеных прынцэсаў, якіх вы гвалтам загналі ў гэтую карэту! А не, дык рыхтуйцеся прыняць хуткую смерць, як належную кару за ўсе вашыя злачынствы!

Манахі спынілі мулаў, уражаныя як дзіўным выглядам, так і не меней дзіўнымі словамі Дон Кіхота, на якія адказалі так:

– Сеньёр рыцар! Ніякія мы не д’ябальскія бязбожныя стварэнні, а браты-манахі ордэна Святога Бенедыкта і едзем сваёй дарогай, а ёсць там у карэце выкрадзеныя прынцэсы ці не – пра тое нам не вядома.

– Не, падмануць мяне салодкімі словамі не выйдзе! Я вас добра ведаю, хлуслівыя нагоднікі! – адказаў Дон Кіхот.

Не чакаючы адказу, ён пагнаў Расінанта наперад і напаў на аднаго з манахаў так ярасна, што той сам зляцеў з мула, іначай Дон Кіхот яго параніў бы, а то й забіў. Другі ж манах, пабачыўшы тое, паляцеў прэч хутчэй ад ветру.

Санча Панса тым часам саскочыў са свайго асла і стаў здзіраць з манаха вопратку. Паганятыя мулаў падскочылі да яго і пачалі пытацца, навошта ён так робіць. Санча крычаў, што па ўсіх рыцарскіх законах гэта ягоныя трафеі. Аднак паганятыя такіх жартаў не разумелі і накінуліся на Санча з кулакамі. Пакуль Дон Кіхот гутарыў з дамай у карэце, яны павыдзіралі Санча бараду і збілі яго на горкі яблык. Манах жа тым часам крыху ачомаўся і кінуўся даганяць свайго таварыша. Абодва манахі паімчаліся прэч, хрэсцячыся, нібы за імі гнаўся сам д’ябал.

А Дон Кіхот, як мы ўжо казалі, звярнуўся да дамы ў карэце:

– Прыўкрасная сеньёра! Цяпер вы можаце распараджацца сабой як заўгодна, таму што нахабная пыха вашых выкрадальнікаў зрынутая на дол маёй магутнай рукой. А каб вы ведалі хто вас вызваліў з няволі, скажу, што я – Дон Кіхот Ламанчаскі, вандроўны рыцар і шукальнік прыгодаў, чыё сэрца паланёнае непараўнальнай прыгажосці сеньёрай, донняй Дульсінеяй Табоскай. Я не прашу за сваю паслугу ніякай узнагароды, толькі заедзьце ў Табоса і раскажыце маёй даме сэрца пра ўсё, што я зрабіў, каб падараваць вам свабоду.

Адзін слуга, родам біскаец [6], пачуўшы, што Дон Кіхот не пускае карэту наперад, а патрабуе вярнуцца назад у Табоса, наблізіўся да Дон Кіхота, схапіў за дзіду і на дрэннай кастыльскай [7] і яшчэ горшай біскайскай мовах сказаў так:

– Ехай, кабальера, каб дрэнь табе ехаць! Дзеля Госпада, нашага Творцы, калі не пускаеш карэту, дык я заб’еш цябе, каб я не быць біскаец!

– Каб ты быў кабальера, а не проста нямаведама хто, дык я пакараў бы цябе за тваё бязмозглае нахабства, – адказаў Дон Кіхот.

– Я не кабальера? Клянуся Богам, ты брэшаш, як хрысціянін! А так кідаеш дзіда і хапаеш меч і хутка бачым хто каго! Біскаец ідальга на зямлі і на моры і чорт ведае дзе ідальга, а калі кажаш іначай, ты – хлусняка!

– Ну, давай паглядзім, – прамовіў Дон Кіхот.

Ён шпурнуў дзіду на зямлю, засланіўся шчытом і кінуўся на біскайца з намерам пакласці таго насмерць. Біскаец толькі паспеў выцягнуць меч, як зразумеў, што справы дрэнь. На шчасце, ён быў побач з карэтай, а таму выхапіў адтуль падушку ад сядзення і засланіўся ёю, як шчытом. Прысутныя дарэмна спрабавалі замірыць праціўнікаў. Біскаец шалёна крычаў на сваёй ламанай мове, што пераб’е ўсіх: і сваю гаспадыню, і таго, хто паспрабуе яго спыніць. Біскаец так моцна ляснуў Дон Кіхота па плячы, што каб не шчыт, дык рассек бы яго да паясніцы. Адчуўшы гэты страшэнны ўдар, Дон Кіхот гучна ўсклікнуў:

– О валадарка душы маёй Дульсінея, кветка прыгажосці! Дапамажыце свайму рыцару, які вядзе жорсткі бой, каб дагадзіць вашай незраўнанай дабрыні!

З гэтымі словамі ён рашуча кінуўся на біскайца з намерам адным ударам пакончыць з ворагам. Той падрыхтаваўся да абароны, прыціснуўшы да грудзей падушку, але стаяў нерухома, таму што ягоны мул, з прычыны вялікай стомы і нязвычны да такіх гульняў, не мог зрушыць з месца. Гледачы зачаравана сачылі за гэтай бітвай. Дама ў карэце разам са служанкамі маліла Бога, каб той уратаваў іхнага служку і іх саміх ад нечаканай бяды. А байцы тым часам зноў сышліся ў ярасным двубоі. Першым нанёс удар біскаец. Але гэтым разам лёс быў прыхільны да Дон Кіхота: меч праціўніка наўпласць ударыў Дон Кіхота па левым плячы. Аднак шалом разляцеўся на кавалачкі, меч моцна абадраў вуха, а даспехі з левага боку сарваліся і са страшэнным грукатам паляцелі на зямлю.

Наўрад ці знойдзецца чалавек, здольны апісаць ярасць Дон Кіхота! Ён падняўся ў страмёнах і з такім шаленствам ударыў біскайца па галаве, што ў таго кроў палілася з носу, з роту і з вушэй. Ягоны мул, напалоханы такім страшэнным ударам, пачаў біць азадкам і скінуў свайго седака на зямлю. Дон Кіхот падскочыў да нерухомага біскайца і, прыставіўшы меч да ягоных вачэй, запатрабаваў, каб той здаваўся. Аднак небарака не мог вымавіць ні слова. І дрэнна прыйшлося б яму, каб жанчыны з карэты не пачалі маліць Дон Кіхота аб літасці да пераможанага служкі.

– Я з задавальненнем выканаю вашую просьбу, прыўкрасныя сеньёры, – адказаў на тое Дон Кіхот з вялікай годнасцю, – але пры ўмове, што гэты рыцар паедзе ў горад пад назвай Табоса і там скажа непараўнальнай донне Дульсінеі, што яна вольная зрабіць з ім усё, што захоча.

Перапалоханыя і ашаломленыя дамы нават не зразумелі, чаго ён ад іх хоча і хто такая гэтая Дульсінея, але шчыра паабяцалі, што служка дакладна выканае загад адважнага рыцара.

– Добра, я веру вашаму слову і не зраблю яму болей шкоды, хаця ён таго і заслугоўвае, – прамовіў Дон Кіхот на развітанне.



ЗАЎВАГІ І ТЛУМАЧЭННІ
да восьмага раздзелу

[1] Ліга – старадаўняя мера даўжыні, адлегласці ў 5572,7 метраў.

[2] Брыярэй – паводле грэцкай міфалогіі адзін з сыноў бога мора Пасейдона і багіні Фетыды, волат, які меў сто рук і пяцьдзесят галоваў, што вывяргалі полымя і дым.

[3] Дарожныя акуляры – маскі, у якія ўстаўленыя шкельцы. Ужываліся дзеля абароны вачэй і твару ад сонца і пылу падчас далёкіх падарожжаў.

[4] Біская – іначай Басконія, Краіна баскаў. Адна з гішпанскіх правінцый, населеная баскамі. Адсюль паходзіць назва Біскайская затока.

[5] Браты-бенедыктынцы – манахі з рэлігійнага ордэну Святога Бенедыкта.

[6] Біскаец – баск. Баскі – народ, які жыве часткова ў Гішпаніі, а часткова ў Францыі. Славіліся сваёй ваяўнічасцю і неўтаймавальнасцю. Мова баскаў не падобная ні да адной еўрапейскай мовы. Паходжанне народа баскаў і яго мовы дагэтуль невядомае.

[7] Кастыльская мова – гішпанская.

 

Пераклад з гішпанскай – Якуб Лапатка © 2010

Чытайце таксама

Антоні Эдвард Адынец

Антоні Эдвард Адынец

Беларускі польскамоўны паэт, перакладчык і драматург, сябра Таварыства філарэтаў

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Мікола Зэраў

Мікола Зэраў

Украінскі літаратуразнаўца, паэт, майстра санэтаў, перакладчык на ўкраінскую і рускую

1248