№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Павал Орсаг Гвездаслаў

Парасткі ІІІ (Letorosty III)

Верш

Пераклад са славацкай Васіль Сёмуха


Па ініцыятыве амбасадара Славакіі ў Беларусі, спадара Любаміра Рэгака, пераклаў са славацкай мовы Васіль Сёмуха.

Свет колісь кпіў і здзекваўся з мяне:
Ці ж гонар духу й сэрца зладным словам,
Высокай прыгажосцю ахіне
Твая захлеўная жабрачка мова?
Адкінь сваё струхлелае радно,
Нягожы ўбор яно святой даброці, –
Ты маеш крылы, так, – але даўно
Яны абвіслі ў ніклым духу й плоці.

Я не адказваў на падступны здзек
Ні словам – чым аспрэчыш злую змусту,
А крыўду гідкую зазнаў навек... –
Ды памагла мне мама чыстым густам,
Я слухаў слоў яе замес густы –
Як так?.. Каб помыслам высокім наскім
Было зацесна ў строях песты, чты,
І міладайнай мамінае ласкі?..

І азарэнне! – З маміных вачэй
Жыццю майму запрамяніла зорка
Блакітным бляскам, шчодрасцю цячэ
Красой, пяшчотай маміна гаворка
У схоў душы, у мой зялёны май –
Яе расой абмытаму не брыдка.
Аж нават сэрца просіцца у рай –
Душу славацкая так грэе світка.

Не ўцямлю, злоснічкі мае, ці ж бо
Які ў хлусні вам зыск быў, а ці клопат?
Ага ж! – я вашай подласці кляймо
Кладу на лоб вам за гнюсотны болбат.
Хацелі, можа, каб расток засох,
Хацелі надкусіць, карэньчык згрызці?
Ён вырас дрэвам, хітрасць пераўзмог, –
І радасна шуміць шалёсткім лісцем.

О, ў мове мамы столькі ж бо цяпла,
Красы, любові, мілаты святое, –
Яна ў жыцці крыніцай мне была,
Я піў з яе, бы з чашы залатое,
Яна бясцэнны мой святочны строй...
Жагнаю ўсіх, каму я ў нораў зладзіў,
Душой і сэрцам згодзен хто са мной,
І будзь пракляты той, хто мове здрадзіў...

О, каб я мог з яе ў сябе ўвабраць
Смак слодычы ды пераліць у слова,
Знайсці ў ёй перлы, вобразам надаць
Належную акрасу адмыслова!
Слабы з мяне фарсун, я – проста з моста! –
У перлах і лагодках цямлю блага,
Яна ж плыве ў народзе глебаўросла,
Над Татрамі лунае яркім сцягам.

1896 г.

Упершыню пераклад быў надрукаваны ў газеце “Новы Час”.© Васіль Сёмуха, пераклад, 2008

Пераклад са славацкай – Васіль Сёмуха © 2013

Чытайце таксама

Войцех Кучак

Войцех Кучак

Польскі празаік, паэт, сцэнарыст, кінакрытык, спелеолаг

Кейт Шапэн

Кейт Шапэн

Амерыканская пісьменніца

Роберт Энтан Ўілсан

Роберт Энтан Ўілсан

Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст

Марыя Шцястна

Марыя Шцястна

Нарадзілася ў Валашскім Мэзыржычы, у Астраве вывучала гісторыю мастацтва, цяпер жыве ў Празе і прафесійна займаецца вырабам ювелірных упрыгожанняў

1160