Элегія на смерць містэра Дэвіда Грэгары, прафесара матэматыкі Сэнт-Эндрускага ўніверсітэта
(Elegy on the Death of Mr. David Gregory, Late Professor of Mathematics in the University of St. Andrews)
Заплачце ўсе дэканы разам
 Над жаласным паэта сказам:
 Ганебным скорымся паразам
 На доўгі час,
 Бо Грэгары нябёс наказам
 Пакінуў нас.
 
 Студэнтаў лёс — рыдаць зацята,
 Што Грэгары быў смерцю ўзяты;
 Цяжкою будзе ведаў страта,
 Малым — запас,
 Бо той, хто даў іх нам багата,
 Пакінуў нас.
 
 Ён два і два складаў нядрэнна
 І з віртуознасцю нязменнай
 Два пункты у прамую мгненна
 Злучаў не раз.
 Эўклід наш, розумам нятленны,
 Пакінуў нас!
 
 Ён ведаў алгебры каноны
 І ўсіх прапорцыяў законы;
 З трох корань вылічыў з разгону
 І там захрас.
 Ах, найвыдатнейшы вучоны
 Пакінуў нас!
 
 Ён фізік быў і архітэктар,
 Чытаў пра спектр і пра сектар,
 І нам перадаваў наш лектар
 Святы экстаз.
 Хто ў геаметрыі быў Гектар,
 Пакінуў нас.
 
 Лупнуўшы мяч разоў з дзесятак,
 Мы чулі гыркат — і ў дадатак
 Пагрозы ўслед мільганню пятак:
 “Ужо я вас!..”
 Не бегаем мы болей — статак
 Цяпер у нас.
 
 Давайце ж узнясем маленні,
 Каб сон не агарталі цені,
 Каб грэшніку далі збавенне,
 Пусціўшы ў рай.
 Спі, Грэгары, да ўваскрасення
 І не ўставай!
пераклад са скотса — Кацярына Маціеўская
Свежыя вустрыцы
(Cauler Oysters)
Хто добры шылінг мае ў кашальку:
Не засумуе ён па свежым элі
І свежых вустрыц не забудзе смак.
Філіпс
 Дзе б рыбаловы ні плылі,
 І як ім лёс ні падвалі,
 Дзе б штормы іх ні дапяклі,
 Што будзь здароў! —
 Найбагацейшы на зямлі
 Шатландскі лоў.
 
 Тут і траска, тут і тунец,
 Вугор — глыбінь марскіх мудрэц,
 Тут ладны ходзіць селядзец
 І вудаў просіць.
 Выключны ловіцца рыбец —
 І вустрыц досыць.
 
 Відэлец натачы, ласун:
 Увосень кожны з нас фартун,
 Бо прывітанні шле Нептун
 Наўпрост у сетку.
 У хвалях вустрычных лагун
 Стае наедку.
 
 Правальвае хай шарлатан,
 Паскудны кастапраў-шатан,
 І свой глытае дурнап’ян,
 Набіўшы гуза,
 І кожны хай гудзе васпан,
 Жарэ ад пуза.
 
 Сюды, сардэчнік і хіляк!
 Ядуць тут вустыц усяляк,
 Натрушчышся ты іх усмак —
 І будзь здаровы!
 Дапёк жывот альбо кумпяк —
 Шыбуй на ловы!
 
 І вы, п’янчугі, у дадатак
 А ну ў карчму з усіх лапатак
 І вустрыц злопайце з дзесятак,
 Вы што, не людзі?!
 Лепш кухару плаціць падатак,
 Чым браць на грудзі.
 
 Калі з нябёсаў штосьці лье
 І ты знудзіўся па цяпле,
 Хутчэй гані ў шынок, але
 Не проста так:
 Убачыш вустрыц на стале
 За свой пятак.
 
 Калі па вечарах гандляр
 Свой пералічвае тавар,
 Імчымся мы, як на пажар,
 Змачыць гартані
 І дзённы прагуляць навар
 У баляванні.
 
 Сыходзіць Фэб, кладзецца змрок,
 Мне грэе ногі камінок,
 І замаўляю я збанок —
 Заўсёдны госць.
 Мне родным домам быў шынок —
 І быў, і ёсць!
 
 Бывае, дурань пры грашох
 Замовіць нейкі там пірог —
 Няхай яго бароніць Бог!
 Ён без душы.
 Ты ж вустрыц еш за чатырох
 І не грашы.
 
 У Новай Гавані заўсёды
 Парадуюць тутэйшых воды,
 І па нядзелях ёсць нагода
 Хлапцам сабрацца,
 Каб вустрыц умінаць з выгодай, —
 Таксама праца.
 
 Народ жыве тут не святы:
 Спрачаецца да хрыпаты,
 І джынам змочвае раты,
 Калі ў гуморы,
 І суп хлыстае не пусты —
 З дарункаў мора.
 
 Таму — хутчэй, карчмар-маруда,
 Нясі на стол марскога цуда
 І налівай у кубкі люду!
 Вы мне паверце:
 Не перап’е нас дзяк-няўклюда
 І нават чэрці.
пераклад са скотса — Ганна Янкута
Свежая вада
(Cauler Water)
Калісь Адам (і не аднойчы)
 Па райскім вандраваў узбоччы,
 Віна не бачыў ён у вочы,
 Ды гора мала:
 Не піў — і жонка да паўночы
 Не верашчала.
 
 Вада з ракі — адзіны сродак
 Змачыць і рот, і падбародак,
 Калі агмень пячэ сяродак.
 Так піў са смакам
 І смагу наталяў наш продак
 Стагоддзе з гакам.
 
 Ён жыў без п’янае пагрозы,
 Дый дзеці абміналі лозы —
 Пілі ваду, бы львы ці козы,
 Як павялося.
 Ды Ной прыйшоў у свет цвярозы —
 І пачалося...
 
 І сёння кожны наш паэт
 Праславіць Бахуса як след,
 Нібыта п’е ён, прайдзісвет,
 З Анакрэонтам,
 І называе свой буфет
 Эўксінскім Понтам.
 
 Адсунем з Музай кубак пенны —
 Цвярозым мора па калена!
 Да алкагольнай іпакрэны
 Я не пайду:
 Зварганю вершык я нядрэнны
 І пад ваду.
 
 Няўцямным словам аквафонт
 Захопіць шарлатан твой фронт:
 Ох, нагаворыць ён наконт
 Тваіх хвароб:
 Маўляў, патрэбны тут рамонт
 (Адразу ў лоб).
 
 Хай точыць лясы і балясы,
 Нашто нам тыя прыбамбасы?
 Ніхто з нас да брахні не ласы —
 Глынем вады
 І лекаў выкінем запасы —
 Тае бяды!
 
 Калі рыпяць твае суставы
 І стала галава дзюравай,
 Кульні вадзіцы куфаль жвавы,
 Пасля — чарговы.
 А там — налева ці направа
 Ідзі здаровы.
 
 Калі на сэрцы каламуць —
 Не застагнаць, не прадыхнуць,
 Вады не шкодзіла б глынуць,
 Табе, нябога,
 Бо ў ёй — хоць верць ты, а хоць круць —
 Нам дапамога!
 
 Як без вады жылі б дзяўчаты?
 Бо пазіраў бы бруднаваты
 З люстэрка твар — і горай страты
 Няма для паняў,
 Бо іх хіба што слепаваты
 Тады б не ганіў.
 
 Ад сораму б павыміралі
 І Купідон, і нашы кралі,
 Нікога замуж бы не бралі...
 Так, без вадзіцы
 Пачварамі б дзяўчаты сталі
 І маладзіцы.
 
 Даспеюць пад дажджом аўсы,
 Устануць густа, як лясы.
 Нясе красу ва ўсе часы
 Вада, і — ах! —
 Быць можа, у такой красы
 Яшчэ й пасаг?
 
 Жанчынкі нашы — любадаць,
 Нічога нельга тут дадаць,
 Хоць праз куродым ледзь відаць
 Мясцовых пань,
 Ды ад вады яны блішчаць —
 Ты толькі глянь!
 
 Вось як збяруцца дзеўкі-мары,
 Затанчаць ля крыніцы пары,
 Расой свае памыюць твары —
 Святы Антоні
 Падорыць гожасць ім і чары,
 А нам — бяссонне.
 
 І ззяннем вочак залатых
 Яны ачмураць нас уміг,
 Бо хопіць хараства на ўсіх
 Такой вясной.
 І з Музай будзем мы за іх
 Стаяць сцяной.
пераклад са скотса — Ганна Янкута
 
 Каментары:
 
Усе тры вершы напісаныя на шатландскім дыялекце вельмі папулярным у шатландскай паэзіі памерам, вядомым як стандартны габі або Бэрнсава страфа, нягледзячы на тое, што прыдумалі яе трубадуры, а ў Шатландыі яна шырока выкарыстоўвалася задоўга да Роберта Бэрнса.
“Элегія на смерць містэра Дэвіда Грэгары...” — адзін з першых вядомых вершаў Фэргюсана, напісаны ім ва ўзросце 15 гадоў. Гэта габі на манарыме: памер патрабуе заканчваць кожную страфу адным словам. У псеўдаэлегіях (да гэтага жанру належыць і дадзены верш) гэтае слова звычайна “dead”.
Эпіграф да верша “Свежыя вустрыцы” ўзяты з бурлескнай паэмы “Добры шылінг” (Splendid Shilling) Джона Філіпса (1676—1709).
 




