№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Говард Філіпс Лаўкрафт

Алхімік (The Alchemist)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Павел Донаў


Высока пад небам, вянчаючы затравелую вяршыню ганарлівай гары з схіламі, пакрытымі ўнізе перакрыўленымі дрэвамі першабытнага лесу, стаіць стары замак маіх продкаў. Яго велічныя байніцы стагоддзе за стагоддзем панура пазіралі з вышыні на дзікае і непрыязнае наваколле, служачы домам і прытулкам высокаму роду, слаўнае паходжанне якога старэйшае нават за замшэлыя замкавыя муры. Гэтыя старажытныя вежы з плямамі ад штурмаў, якія паўтараліся ў кожным пакаленні, цяпер крышацца пад марудным, але магутным ціскам часу. У часы ж феадалізму гэта была адна з самых страшных і непрыступных крэпасцяў ва ўсёй Францыі. Ад яе парапетаў з байніцамі і высокіх амбразур цярпелі няўдачы бароны, графы і нават каралі, і ніколі яшчэ ў яе прасторных залах не адгукаліся рэхам крокі захопнікаў.

Але ўсё перамянілася з тых слаўных часоў. Беднасць, якая мяжуе з скрайняй галечай, спалучаная з пыхай за сваё паходжанне, якая не дазваляе зменшыць патрэбаў дзеля эканоміі, не далі нашчадкам нашага роду захаваць двор у першапачатковай вялікапышнасці. І цяпер камяні, якія павыпадалі з муроў, здзічэлыя паркі, пясок у перасохлым рове, кепска забрукаваны дзядзінец і пахілыя вежы, а таксама правіслыя падлогі, паточаная чарвякамі шалёўка і выцвілыя габелены ўсярэдзіне – усё апавядае змрочную гісторыю заняпаду колішняй велічы. Час мінаў, і то адна, то другая з чатырох вялікіх вежаў ператваралася ў руіны, пакуль нарэшце ўсе жалю вартыя нашчадкі магутных некалі валадароў, якіх станавілася ўсё менш, не перабраліся ў адну-адзіную вежу.

У адной з вялізных і змрочных залаў гэтай апошняй вежы я, Антуан, апошні з гаротных лёсам выклятых графаў дэ С., упершыню і ўбачыў святло дзевяноста гадоў таму. У гэтых мурах і сярод цёмных, цяністых лясоў, дзікіх равоў ды гротаў пад схіламі гары прайшлі першыя гады майго неспакойнага жыцця. Бацькоў сваіх я не знаў. Бацька загінуў, калі яму было трыццаць два гады, за месяц да майго нараджэння, – на яго зваліўся камень, які нейкім чынам ссунуўся з свайго месца ў адным з закінутых замкавых парапетаў. А маці, паміраючы пры маім нараджэнні, даручыла даглядаць і вучыць мяне адзінаму на той час нашаму слузе, надзейнаму і вельмі разумнаму старому, чыё імя я памятаю як П’ер. Іншых дзяцей у сям’і не было, таму таварышаў у мяне і без таго бракавала, але стары апякун меў дзіўны клопат не дазваляць мне сябраваць з сялянскімі дзецьмі, чые хаты былі раскіданыя тут і там па раўнінах навокал гары. Тады П’ер казаў, што мне не выпадае вадзіцца з імі, бо высокае паходжанне ставіць мяне вышэй за сяброўства з плебеямі. Гэта цяпер я ведаю, што насамрэч ён імкнуўся не дапусціць да маіх вушэй плёткі пра жахлівы праклён, які ляжаў на нашым родзе. Байкі пра яго з многімі перабольшаннямі пераказвалі адзін аднаму простыя арандатары, шэпчучыся вечарамі пры святле ачага.

Ізаляваны такім чынам і пакінуты самому сабе, я бавіў гадзіны свайго дзяцінства, паглыблены ў старажытныя фаліянты, якія перапаўнялі поўную вандроўных ценяў замкавую бібліятэку, і бязмэтна бадзяючыся скрозь адвечны пыл прывіднага лесу пад гарой. Магчыма, пад уздзеяннем наваколля мой розум рана крануў цень меланхоліі. Маю ўвагу больш за ўсё прыцягвалі заняткі і забавы цёмнага і звышнатуральнага характару.

Пра ўласнае паходжанне мне дазволена было ведаць надзвычай мала, але і тое нямногае, пра што я дазнаваўся, здаецца, толькі засмучала мяне. Спачатку страх, які ў мяне ўзнікаў пры згадванні пра мой вялікі род, нарадзіла, відаць, само дэманстратыўнае нежаданне старога вучыцеля абмяркоўваць маіх продкаў па бацькоўскай лініі. Але калі дзяцінства мінула, то я здолеў злучыць разасобленыя ўрыўкі размоваў, якія неасцярожна зрываліся з яго языка, калі ён, старэючы, траціў пільнасць. Яны нейкім чынам тычыліся падзеяў, якія і раней здаваліся мне дзіўнымі, але цяпер набывалі проста жахлівы характар. Я тут кажу пра той факт, што ўсе графы ў маім родзе сыходзілі з жыцця ў вельмі маладым узросце. Спачатку я лічыў, што малая працягласць жыцця ў мужчын – гэта прыродная рыса ў маёй сям’і, але потым задумаўся пра выпадкі заўчаснай смерці і стаў параўноўваць іх з нярэдкімі трызненнямі старога пра праклён, што стагоддзямі не дае носьбітам майго тытулу пражыць больш за трыццаць два гады. Калі мне споўніўся дваццаць адзін год, стары П’ер перадаў мне сямейны дакумент, які, як ён сказаў, з пакалення ў пакаленне перадаваўся ад бацькі сыну і дапаўняўся кожным з уладальнікаў. Змест дакумента шакаваў мяне, і калі я яго праштудыяваў, то самыя сур’ёзныя з маіх страхаў пацвердзіліся. Мая вера ў звышнатуральнае на той час была цвёрдай і глыбокай, інакш бы я з пагардай адкінуў тую неверагодную гісторыю, пра якую даведаўся.

Дакумент перанёс мяне ў трынаццатае стагоддзе, калі мой стары замак быў страшнай і непрыступнай крэпасцю. У ім апавядалася пра старога, які калісь жыў на нашых землях, – чалавека выбітных здольнасцяў, хоць станам і не вышэйшага за селяніна, на імя Мішэль, звярталіся да якога зазвычай па прозвішчы – Мавэ, што значыць Ліхі, – якое ён меў праз сваю благую славу. Ён быў адукаваны лепш за іншых і займаўся пошукамі такіх рэчаў, як філасофскі камень або эліксір вечнага жыцця, да таго ж лічылася, што яму вядомыя страшныя таямніцы чорнай магіі і алхіміі. У Мішэля Мавэ быў адзін сын, звалі якога Шарль, юнак знаўся на таемных сферах не горш за бацьку і таму меў мянушку Ле Сарсье, ці Вядзьмак. Гэтых двух пазбягалі ўсе сумленныя людзі, падазраючы іх у самых брыдкіх справах. Стары Мішэль, казалі, спаліў сваю жонку жыўцом, каб прынесці ў ахвяру д’яблу. Адказнасць за многія незразумелыя знікненні малых сялянскіх дзяцей таксама прыпісвалі гэтай вусцішнай пары. Аднак у змрочнай прыродзе бацькі і сына была адна чалавечая рыса – ліхі стары любіў свайго нашчадка з страшнай сілай, і юнак адказваў больш чым сыноўскай адданасцю бацьку.

Аднае начы замак на гары ахапіла дзікая паніка – знік юны Годфры, сын графа Анры. Пошукавы атрад на чале з ашалелым бацькам уварваўся ў хату чарадзеяў і наткнуўся на старога Мішэля Мавэ, што завіхаўся над вялізным катлом, у якім нешта бурна кіпела. Згубіўшы кантроль над сваім дзікім шалам і роспаччу, граф без дай прычыны пусціў у ход рукі, і раней чым ён аслабіў мёртвую хватку, яго ахвяра ўжо не жыла. Тым часам радасныя слугі паведамілі, што малады Годфры знайшоўся ў далёкай закінутай зале неабдымнага гмаха – так прыйшлі познія весткі, што гаротны Мішэль загінуў ні за што. Калі граф з паплечнікамі пакідалі сціплае жытло алхіміка, сярод дрэваў з’явіліся фігура Шарля Ле Сарсье. З узрушанай балбатні чэлядзі ён даведаўся, што адбылося, але спачатку бацькаў лёс быццам бы пакінуў яго абыякавым. Потым, паволі прасунуўшыся бліжэй да графа, манатонным, але жахлівым голасам ён прамовіў праклён, які з таго часу лёг на род С.

Ніхто з нашчадкаў вінаватага ў тым здзеку
Хай не перажыве забойцы веку! –

сказаў ён, і, перад тым як скочыць ізноў да цёмнага лесу, выцягнуў з тунікі бутэлечку бясколернай вадкасці і пырснуў ёй у твар бацькаваму забойцу, знікаючы за чарнільнай заслонай ночы. Граф памёр, не паспеўшы вымавіць ні слова, і яго пахавалі назаўтра ва ўзросце нямногім больш за трыццаць два гады. Забойцы прастыў і след, хоць нястомныя атрады сялян і прачасалі навакольныя лясы і пожні наўкола гары.

Час ішоў і нішто не нагадвала пра праклён, таму калі Годфры, нявінную прычыну ўсёй гэтай трагедыі і спадкаемца графскага тытулу, забілі стралой на паляванні ва ўзросце трыццаці двух гадоў, гэта не выклікала ніякіх думак, апрача смутку пра яго смерць. Але калі праз шмат гадоў наступнага маладога графа, якога звалі Рабэр, знайшлі мёртвым у полі паблізу без бачных прычын смерці, сяляне пошапкі загаварылі, што іх сеньёру перад гэтай нечаканай і заўчаснай смерцю ледзь толькі споўнілася трыццаць два. Луі, сына Рабэра, знайшлі патанулым у рове ў тым жа фатальным узросце. Гэткім чынам вусцішны летапіс апісваў стагоддзе за стагоддзем: шчаслівыя і сумленныя жыцці Анры, Рабэраў, Антуанаў і Арманаў абрываліся ва ўзросце трошкі маладзейшым за іх няшчаснага продка, калі ён учыніў забойства.

З прачытанага стала ясна, што мне засталося жыць не больш за адзінаццаць гадоў. Жыццё, якое я раней цаніў мала, цяпер станавілася мне штодня даражэйшым, тым часам як я ўсё больш паглыбляўся ў загадкі невядомага свету чорнай магіі. Сучасная навука не зрабіла на мяне, адарванага ад свету, ніякага ўражання, і я шчыраваў, як у Сярэднявеччы, захоплены новымі ведамі пра дэманалогію і алхімію, як стары Мішэль і юны Шарль калісь. Але колькі я ні чытаў, я ніяк не мог разабрацца ў дзіўным праклёне, што ляжаў на маім родзе. У рэдкія моманты рацыяналізму я гатовы нават быў шукаць натуральных тлумачэнняў, прыпісываючы раннія смерці сваіх продкаў рукам ліхога Шарля Ле Сарсье і яго нашчадкам. Але калі стараннае расследаванне паказала, што невядома, каб алхімік меў дзяцей, я вяртаўся да вывучэння акультызму і ў чарговы раз спрабаваў знайсці заклён, які б вызваліў мой дом ад страшнага цяжару. Я не меў сумневаў у адным. Мне нельга жаніцца, бо, паколькі іншых галінаў роду не існавала, праклён памёр бы разам са мной.

Калі я набліжаўся да трыццацігадовага ўзросту, стары П’ер падаўся на той свет. Я сам пахаваў яго пад каменнем на дзядзінцы, дзе ён любіў гуляць, пакуль быў жывы. Мне засталося толькі думаць пра ўласны лёс – адзінаму жывому чалавеку ў вялізным замку. У поўнай адзіноце мой розум пачаў прыпыняць марныя пратэсты супраць наканаванага няшчасця і ўрэшце амаль пагадзіўся з лёсам, які напаткаў многіх маіх продкаў. Значную частку майго часу цяпер займалі доследы разбураных і закінутых залаў і вежаў старога замка, якіх ў юнацтве страх вымушаў мяне пазбягаць, а ў некаторых з іх, як сказаў мне аднойчы стары П’ер, больш за чатыры стагоддзі не ступала нага чалавека. Многае з таго, што я знайшоў, было дзіўным і страшным. На вочы траплялася мэбля, пакрытая пылам стагоддзяў і панішчаная гніллю ў выніку няспыннай вільгаці. Усё было аплецена павуціннем у такой колькасці, якой я ніколі не бачыў, і толькі вялізныя кажаны пляскалі ў змроку сваімі жахлівымі касцістымі крыламі з усіх бакоў.

Я надзвычай старанна сачыў за сваім узростам, аж да дзён і гадзін, бо кожны ўзмах маятніка масіўнага гадзінніка ў бібліятэцы адбіраў істотную частку майго выклятага існавання. Нарэшце наблізіўся час, якога я так доўга і трывожна чакаў. Паколькі жыццё большасці маіх продкаў абрывалася незадоўга да дакладнага ўзросту графа Анры, калі яму прыйшоў канец, я штохвіліны чакаў невядомай смерці. Мне было невядома, у якой дзіўнай форме праклён мусіў спасцігнуць мяне, але я пастанавіў, што прынамсі не стану для яе баязлівай ці пакорлівай ахвярай. І з новым імпэтам я вярнуўся да даследавання старога замка і таго, што ў ім знаходзілася.

У часе адной з найдаўжэйшых вылазак у закінутую частку замка, менш за тыдзень да той фатальнай гадзіны, што мусіла пакласці канец майму знаходжанню на зямлі і пасля якой мне ўжо больш не давялося б дыхаць паветрам, адбыўся кульмінацыйны момант усяго майго жыцця. Я правёў большую частку раніцы, узбіраючыся і спаўзаючы напаўразваленай лесвіцай у адной з найбольш разбураных старажытных вежаў. Цягам дня я агледзеў ніжнія паверхі і спусціўся ці то ў сярэднявечную вязніцу, ці то ў вырыты ўжо пазней склад для пораху. Калі я паволі ішоў пакрытым салетрай праходам ля падножжа апошняй лесвіцы, брук стаў вельмі вогкім, і неўзабаве ў мігатлівым святле паходні я ўбачыў, што дарогу мне перагарадзіла пустая, набрынялая вадой сцяна. Я сабраўся вяртацца, і тут мой позірк упаў на маленькі люк з кольцам проста пад маёй нагой. Я спыніўся і не без цяжкасці адчыніў яго. Маім вачам адкрылася чорная дзіра, з якой ішлі атрутныя газы. Паходня затрашчала, і ў яе няроўным святле я ўбачыў каменныя прыступкі, што ішлі долу.

Я апусціў паходню ў агідную яміну і як толькі агонь разгарэўся, пачаў спускацца. Прыступак было шмат і вялі яны да вузкага, выкладзенага каменнымі плітамі праходу, які, як я ведаў, мусіў знаходзіцца глыбока пад зямлёй. Праход выявіўся надзвычай доўгім і вёў да масіўных дубовых дзвярэй, пакрытых вільгаццю і непрыступных да ўсіх маіх спробаў адчыніць іх. Праз некаторы час я кінуў спрабаваць і пайшоў назад да лесвіцы. І тут я перажыў адзін з найбольшых, здольных давесці да вар’яцтва ўзрушэнняў, на якія толькі здатны чалавечы розум. Раптам я пачуў, як цяжкія дзверы за маёй спінай зарыпелі ржавымі петлямі і пачалі адчыняцца. Не дам рады апісаць мае адчуванні ў той момант. Сутыкненне ў абсалютна бязлюдным месцы, якім я лічыў стары замак, з знакам прысутнасці чалавека ці прывіда прывяло мой розум у стан неапісальнага паводле сваёй вастрыні жаху. Калі я ўрэшце павярнуўся і зірнуў туды, адкуль ішоў гук, мае вочы, мусіць, павыляталі з вачніц ад таго, што я ўбачыў.

Там, у праёме старажытных гатычных дзвярэй, стаяла чалавечая фігура. Гэта быў чалавек у ярмолцы і доўгай цёмнай сярэднявечнай туніцы. Яго доўгія валасы і барада былі страшныя, чорныя як смоль і неверагодна густыя. Незвычайна высокі лоб, глыбока запалыя і выразна акрэсленыя зморшчынамі шчокі і доўгія, падобныя да клюшняў, сукаватыя рукі былі такой смяротна-мармуровай белізны, якой я не бачыў ні ў кога. Яго фігура, худаватая адносна прапорцый шкілета, была незразумела ссутуленая і амаль гублялася сярод прасторных складак незвычайнага ўбрання. Але больш за ўсё ўражвалі вочы – дзве змрочныя бяздонныя пячоры, якія выражалі мудрасць, разуменне і адначасова нялюдскую злосць. У гэты момант яны былі накіраваныя да мяне, працінаючы маю душу нянавісцю і прыкоўваючы мяне да месца, дзе я стаяў.

Урэшце фігура загаварыла, і мяне працяў холад ад глухога гулу яго грымотнага голаса і затоенай у ім нянавісці. Размова адбывалася на вульгарнай лаціне, якой карысталіся ў Сярэднявеччы людзі з сякой-такой адукацыяй, а я пазнаёміўся з ёй, калі доўга вывучаў працы старадаўніх алхімікаў і дэманолагаў. Здань казала пра праклён, які вісеў над маім родам, апавяла пра мой хуткі канец, шмат увагі аддала крыўдзе, якую ўчыніў мой продак старому Мішэлю Мавэ, і пацешылася помсце Шарля Ле Сарсье. Яна расказала, як малады Шарль знік у начы і вярнуўся праз шмат гадоў, каб стралой забіць Годфры, спадчынніка графа, калі той набліжаўся да бацькавага ўзросту ў момант забойства, як ён патаемна вярнуўся да замка і, нікім не пазнаны, уладкаваўся ва ўжо тады пакінутым пакоі, у праходзе ў які стаяў цяпер жахлівы апавядальнік, як пасля нагнаў у полі трыццацідвухгадовага Рабэра, сына Годфры, сілай уліў яму ў горла атруту і пакінуў паміраць, выконваючы такім чынам страшную ўмову свайго крыважэрнага праклёну. Найбольшая загадка, як праклён здзяйсняўся, калі жыццё Шарля Ле Сарсье мусіла так ці іначай абарвацца, засталася на водкуп маёй фантазіі, бо гэты чалавек пераскочыў да апісання выдатных поспехаў у алхіміі двух чарадзеяў, бацькі і сына. Больш за ўсё ён казаў пра пошукі Шарлем Ле Сарсье эліксіру, які б даў таму, хто яго прыме, вечныя жыццё і маладосць.

У гэты момант здавалася, што захапленне заступіла чорную нянавісць у яго жахлівых вачах, якая так гняла мяне спачатку, але раптам д’ябальскі бляск вярнуўся, і з дзіўным змяіным сыкам чужаніца выцягнуў шкляную бутэлечку, відавочна хочучы пакласці канец майму жыццю гэтак жа, як Шарль Ле Сарсье шэсцьсот гадоў таму паклаў канец жыццю майго продка. Рэшта інстынкту самазахавання раптам прымусіла мяне скінуць чары, што не давалі мне дагэтуль і варухнуцца, і я кінуў паходню, якая ўжо згасала, у істоту, што пагражала майму жыццю. Я пачуў, як бутэлечка разбілася аб камень. У той жа момант вопратка незвычайнага чалавека загарэлася і страшным ззяннем асвяціла жудасную сцэну. Мае і без таго напружаныя нервы не вытрымалі крыку, поўнага страху і бездапаможнай злосці, які выпусціў той, хто хацеў мяне забіць. Я знепрытомнеў і ніцма ўпаў на слізкую падлогу.

Калі адчуванні нарэшце вярнуліся да мяне, навокал было страшна цёмна, і мой розум здрыгануўся ад думкі, што яшчэ я магу ўбачыць. Але цікаўнасць брала сваё. Кім, пытаў я сябе, быў гэты пачварны чалавек і як ён апынуўся ў замкавых сценах? Нашто яму помсціць за смерць Мішэля Мавэ і якім чынам праклён пратрываў столькі доўгіх стагоддзяў з часоў Шарля Ле Сарсье? Шматгадовы страх адпусціў маё сэрца – я ведаў, што пагроза праклёну зыходзіла ад таго, каго я збіў з ног. Цяпер я быў вольны і гарэў жаданнем дазнацца больш пра жорсткую істоту, што стагоддзямі пераследавала мой род і ператварыла маю маладосць у няспынны кашмар. Поўны жадання ва ўсім разабрацца, я абмацаў кішэні ў пошуку крэменю і крэсіва і запаліў запасную паходню.

Новае святло адразу выявіла скрыўленую і счарнелую фігуру таямнічага незнаёмца. Яго жахлівыя вочы цяпер былі заплюшчаныя. Я адвярнуўся ад брыдкага відовішча і ўвайшоў у залу за гатычнымі дзвярыма. Там было нешта вельмі падобнае да лабараторыі алхіміка. У адным куце была вялізная груда бліскучага жоўтага металу, які чароўна зіхацеў у святле паходні. Гэта магло быць і золата, але я не спыніўся спраўдзіць, бо быў пад дзіўным уражаннем ад таго, што мне давялося перажыць. У дальнім канцы памяшкання быў пралом, які вёў вонкі ў адзін з шматлікіх здзічэлых равоў на лясістым схіле. Моцна здзівіўшыся, але разумеючы цяпер, як гэты чалавек прабіраўся ў замак, я пайшоў назад. Я намерваўся прайсці міма парэшткаў незнаёмца, не гледзячы на яго, але калі я наблізіўся да цела, то мне падалося, што ад яго даносяцца слабыя гукі, быццам бы жыццё яшчэ канчаткова яго не пакінула. Аслупянелы, я павярнуўся, каб агледзець асмаленую і пакарабачаную фігуру на падлозе.

І тут раптам жудасныя вочы, чарнейшыя за апечанае аблічча, на якім яны былі, шырока расплюшчыліся ў выразе, які я не даў рады растлумачыць. Патрэсканыя губы сіліліся вымавіць словы, але я іх не мог зразумець. Адзін раз я разабраў імя Шарля Ле Сарсье, і яшчэ мне пачуліся словы “гады” і “праклён”, вымаўленыя перакрыўленымі вуснамі. Але я ўсё адно не здолеў ахапіць сутнасці яго бязладнай мовы. Паколькі я відавочна нічога не разумеў, смалістыя вочы зноў успыхнулі з нянавісцю, а я тым часам дрыжаў, гледзячы на свайго бездапаможнага ворага.

Раптам бядак, ажыўлены апошнім усплескам сілы, узняў сваю жалю вартую галаву з мокрага, пакрытага вадой бруку. Пакуль я быў паралізаваны страхам, да яго вярнуўся голас, і на апошнім дыханні ён пракрычаў словы, якія дагэтуль не даюць мне спакою ні ўдзень, ні ўначы.

– Дурань! – крычаў ён. – Няўжо ты так і не зразумеў маёй таямніцы? Ці ж ты не маеш глуздоў, каб дацяміць, з чыёй волі шэсць доўгіх стагоддзяў страшны праклён трымаецца над тваім домам? Ці не казаў я табе пра эліксір вечнага жыцця? Ці не ведаеш ты, як развязаўся сакрэт алхіміі? Дык кажу табе, гэта я! Я! Я – той, хто шэсць стагоддзяў жыў дзеля помсты, бо я – Шарль Ле Сарсье!

Пераклад з ангельскай – Павел Донаў © 2010

Чытайце таксама

Жузэ Сарамагу

Жузэ Сарамагу

Партугальскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1998)

Сільвія Плат

Сільвія Плат

Амерыканская паэтка і празаік, якую лічаць адной з галоўных прадстаўніц і заснавальніц жанру “спавядальнай паэзіі”.

Алешандры Радрыгеш

Алешандры Радрыгеш

Бразільскі пісьменнік і журналіст

Анастасія Афанасьева

Анастасія Афанасьева

Украінская рускамоўная паэтка. Таксама перакладае з украінскай

1412