№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мэцью Грэгары Льюіс

Манах (Ambrosio, or The Monk)

Пераклад з ангельскай Кацярына Маціеўская


Гісторыя дона Раймунда, маркіза дэ Лас Сістэрнаса

Нашае доўгае знаёмства, дарагі Ларэнса, упэўніла мяне ў высакароднасці твае душы. Я і не думаў, што табе вядомыя абставіны прыгодаў твае сястры, бо, мяркую, яны былі наўмысна ад цябе схаваныя. Калі б ты пра ўсё ведаў, якіх няшчасцяў пазбеглі б і Інэс, і я! Але лёс наканаваў іначай. Калі я ўпершыню сустрэў тваю сястру, ты падарожнічаў, а нашыя ворагі паклапаціліся пра тое, каб схаваць ад яе тваё месцазнаходжанне, і яна нават ліста не магла напісаць, каб прасіць твайго заступніцтва і парады.

Пакінуўшы Саламанку, дзе ты, як я потым дазнаўся, заставаўся ва універсітэце яшчэ год пасля майго ад’езду, я неадкладна выправіўся ў падарожжа. Мой бацька не абмяжоўваў мяне ў грашах, толькі настойваў, каб я не адкрываў свайго тытулу, называючыся простым дваранінам. Такая настойлівасць была абумоўленая парадамі ягонага сябра, герцага Вільяэрмосы, высакароднага арыстакрата, чые досвед і веданне свету заўсёды выклікалі ў мяне глыбокую пашану.

– Павер мне, дарагі Раймунда, – казаў ён, – ты хутка адчуеш карысць, якую дасць табе гэтае часовае паніжэнне ў становішчы. Няма сумневаў, што як графа дэ Лас Сістэрнаса цябе паўсюль прымуць у шырокія абдымкі, і ты пацешыш сваё юначае славалюбства той пашанотай, якую табе будуць выказваць з усіх бакоў. Цяпер на ўсё твая воля: у цябе з сабою выдатныя рэкамендацыйныя лісты, але толькі табе вырашаць, ці карыстацца з іх. Табе належыць прыкладаць шмат высілкаў, каб цябе прымалі з прыемнасцю, і намагацца заслужыць ухвалы тых, каму ты будзеш прадстаўлены. Той, хто шукаў бы прыхільнасці графа дэ Лас Сістэрнаса, не выкажа ніякага жадання адкрываць вартасці або цярпліва трываць недахопы Альфонса д’Альварады. Таму, калі да цябе паставяцца прыязна, ты зможаш з упэўненасцю прыпісаць гэта не свайму тытулу, а ўласным вартасцям, і такая ўхвала прынясе табе незраўнана больш прыемнасці. Апроч таго, тваё высокае паходжанне не дазваляла табе стасавацца з ніжэйшымі саслоўямі, што цяпер табе адкрыта і дасць, я ўпэўнены, немалую карысць. Не абмяжоўвай сябе знаёмствам з арыстакратамі ў тых краінах, па якіх будзеш падарожнічаць, вывучай норавы й звычаі простага люду; наведвай не толькі замкі, але і сялянскія хаты. І, назіраючы за тым, як іншаземцы абыходзяцца са сваімі падданымі, вучыся змяншаць цяжар і паляпшаць дабрабыт уласных. На маю думку, сярод усіх карысных ведаў, якія малады чалавек, народжаны валодаць уладай і багаццем, можа здабыць у падарожжы, зусім не апошняй з’яўляецца магчымасць пазнаёміцца з ніжэйшымі саслоўямі і на ўласныя вочы пабачыць пакуты простых людзей.

Прабач, Ларэнса, калі мой аповед нудзіць цябе. Блізкасць, што нас звязвае, выклікае ў мяне гарачае жаданне расказаць табе тое, што адбылося са мной, з усімі падрабязнасцямі, і ад страху выпусціць з-пад увагі якую-небудзь дробязь, якая можа схіліць цябе больш спагадна думаць пра тваю сястру і пра мяне, я, мабыць, раскажу шмат таго, што падасца табе зусім не цікавым.

Я зрабіў так, як раіў герцаг, і хутка ўпэўніўся ў мудрасці гэтай парады. Я пакінуў Гішпанію, назваўшы сябе Альфонса д’Альварадай, у суправаджэнні ўсяго аднаго служкі, чыя адданасць мне была шматкроць выпрабаваная. Маёй першай мэтаю быў Парыж. Некаторы час я быў ім цалкам зачараваны, як, напэўна, і любы малады, багаты і нераўнадушны да жыццёвых асалодаў чалавек. Аднак у віры ўцехаў я адчуваў, што душы маёй чагосьці не стае. Я стаміўся ад забаваў. Я зразумеў, што людзі, якія атачалі мяне і на першы погляд падаваліся такімі вытанчанымі і прывабнымі, былі насамрэч павярхоўнымі, бессардэчнымі і крывадушнымі. Я з агідаю адвярнуўся ад парыжанаў і пакінуў гэтае жытло раскошы без адзінага ўздыху шкадавання.

Мая дарога ляжала цяпер у Германію, дзе я хацеў нанесці візіты некаторым тамтэйшым арыстакратам, але спачатку меў намер ненадоўга спыніцца ў Страсбургу. Выйшаўшы з экіпажу ў Люнвілі, каб крыху адпачыць, ля гасцініцы “Срэбны Леў” я заўважыў пышны экіпаж, які суправаджалі чацвёра служак у багатых ліўрэях. Праз некаторы час, паглядзеўшы ў акно, я ўбачыў, як туды села дама, з выгляду вельмі велічная, у суправаджэнні дзвюх служанак. Экіпаж адразу ж крануўся з месца, а я запытаўся ў гаспадара, хто гэтая дама.

– Гэта нямецкая баранэса, мсьё, вельмі знатная і багатая. Яна была госцяю герцагіні Лангвільскай – так мне сказалі яе служкі, – а цяпер едзе ў Страсбург, дзе сустрэнецца са сваім мужам, і яны разам вернуцца ў свой замак у Германіі.

Я выправіўся ў далейшую дарогу, спадзеючыся да ночы даехаць да Страсбургу. На жаль, намеру майму не было наканавана спраўдзіцца – мой экіпаж зламаўся. Адбылося гэта пасярод густога лесу, і я не ўяўляў, што мне цяпер рабіць. Была сярэдзіна зімы, і ўсё вакол ужо ахутала цемра. Страсбург, найбліжэйшы адсюль горад, усё яшчэ быў аддалены ад нас на шмат льё. Адзінае, што мне заставалася, – гэта ўзяць каня майго служкі і ехаць лесам усю ноч, што, зважаючы на пару году, не абяцала шмат прыемнасцяў. Але, не бачачы іншага выйсця, я вымушаны быў з гэтым змірыцца. Таму я паведаміў пра сваю задуму фурману, паабяцаўшы паслаць яму на дапамогу людзей, як толькі прыеду ў Страсбург. Я не дужа давяраў яго сумленнасці, але Стэфана меў пры сабе зброю, а фурман, мяркуючы па ўсім, быў ужо ў гадах, таму я вырашыў, што магу не баяцца пазбавіцца ўсіх сваіх рэчаў.

Але правесці ноч больш прыемна, чым чакалася, дапамог шчаслівы – так я падумаў тады – выпадак. Выслухаўшы мяне, фурман няўхвальна пахітаў галавою.

– Доўга ехаць, – сказаў ён. – Самі пабачыце, без правадніка вам прыйдзецца цяжка. Да таго ж, мсьё, відаць, не звык да такіх зімаў і магчыма, што не вытрывае жахлівага холаду...

– Які цяпер сэнс у гэтых пярэчаннях? – нецярпліва перарваў я яго. – Іншага выйсця няма, я больш рызыкую памерці ад пранізлівага холаду, бавячы ноч тут, у лесе.

– Ноч у лесе? – перапытаў ён. – Святы Дэні! Мы яшчэ не ў такім кепскім становішчы. Калі не памыляюся, мы ўсяго за пяць хвілінаў хады ад дому Батыста, майго даўняга сябра. Ён лесаруб, чалавек выключнай сумленнасці, мсьё. Ён канечне з прыемнасцю дасць вам прытулак нанач пад сваім дахам. А я тым часам вазьму каня вашага служкі і прывяду людзей, якія паправяць вашую карэту яшчэ да світання.

– У імя ўсяго святога, – усклікнуў я, – як мог ты так доўга маўчаць, не развейваючы маю трывогу?! Чаму ты мне раней не сказаў пра гэты дом? Неверагоднае глупства!

– Я думаў, што, можа, мсьё пагрэбуе...

– Проста смешна! Ні слова больш, хадзем хутчэй! Неадкладна вядзі мяне да лесарубавага дому!

Ён паслухаўся; мы рушылі ўперад, а коні з цяжкасцю пацягнулі за намі разбіты экіпаж. Мой служка стаў вельмі маўклівым, а мяне пачаў ужо прабіраць холад, калі мы падышлі да жаданага дому. Гэта быў маленькі, але вельмі акуратны будынак. Калі мы наблізіліся, я зірнуў у акно і з радасцю ўбачыў, што ўсярэдзіне ярка палае вясёлае полымя. Наш праваднік пастукаў у дзверы. Прайшло некалькі хвілінаў, перш чым нам адказалі: гаспадары, здавалася, сумняваліся, ці адчыняць нам.

– Гэй, дружа Батыст, адчыняй! – нецярпліва ўсклікнуў фурман. – Што там такое? Ты спіш? Ці ты не жадаеш прыняць у сябе джэнтльмэна, чый экіпаж зламаўся на лясной дарозе?

– А, гэта ты, шаноўны Клод! – адказаў голас з дому. – Адну хвілінку, ужо адчыняю.

Пачуўся гук адсунутай засаўкі, дзверы адчыніліся, і перад намі паказаўся чалавек з лямпай у руцэ. Ён цёпла прывітаў фурмана і звярнуўся да мяне:

– Заходзьце, мсьё, сардэчна запрашаю! Выбачайце, што не пусціў вас адразу: тут так шмат злодзеяў, што калі б не ваш выгляд, я б падумаў, што вы адзін з іх.

Пасля гэтых словаў ён правёў мяне ў пакой, дзе адразу ж пасадзіў у вялікі зручны фатэль, бліжэй да агню. Жанчына – жонка гаспадара, як я падумаў, – пры маім уваходзе паднялася з крэсла і прывітала мяне стрыманым і безуважным рэверансам. Яна нічога не адказала на маё вітанне і адразу ж села назад на крэсла, працягнуўшы працу, перарваную маім прыходам. Паводзіны яе мужа былі настолькі ж прыязныя, наколькі ейныя – грубыя і непрыемныя.

– Мне хацелася б уладкаваць вас больш зручна, мсье, – сказаў гаспадар, – але, баюся, мы не можам пахваліцца, што ў нас шмат пакояў для гасцей у гэтым маленькім дамку. Зрэшты, на адзін пакой для вас і адзін для вашага служкі можна схітрыцца. Вам, на жаль, давядзецца задаволіцца больш чым сціплымі ўмовамі. Але ўсё, што ў нас ёсць, – да вашых паслугаў, будзьце ўпэўнены. – Тут ён павярнуўся да жонкі. – Чаму, Маргарыта, ты сядзіш з такой абыякавасцю, нібыта табе няма чым заняцца? Варушыся, жанчына! Уставай! Падай нам вячэру, дастань прасціны. Давай-давай, падкінь дроваў у агонь, джэнтльмэн, здаецца, зусім змерз!

Жанчына паспешліва кінула сваё шытво на стол і з яўнай неахвотаю пайшла выконваць ягоныя распараджэнні. Выраз яе твару не спадабаўся мне з першага ж погляду на яе. Разам з тым, яна несумненна была прыгожаю. Але скура яе мела зямлістае адценне, а сама яна была худою і зморанаю. На яе твары ляжала пячатка змрочнае панурасці і такой моцнай варожасці і стоенай нянавісці, якія прыкмеціў бы нават самы няўважлівы назіральнік. Любы яе погляд і рух быў поўны прыкрасці і раздражнёнасці, а калі Батыст дабрадушна ўпікаў яе за незадаволены выгляд, яна адказвала яму каротка, рэзка і адрывіста. Карацей кажучы, агіда да яе, якую я адчуў амаль адразу, была такой жа моцнай, як прыязнасць да яе мужа...

Пераклад з ангельскай – Кацярына Маціеўская © 2010

Чытайце таксама

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст

Готфрыд Бэн

Готфрыд Бэн

Нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва, доктар медыцынскіх навук

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Культавы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай айчыннай вайны

Элізабэт Бішап

Элізабэт Бішап

Амерыканская паэтка.

1009