№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Анджэй Тшэбіньскі

Каб падняць ружу... (Aby podnieść róże...)

П'еса

Пераклад з польскай Алена Пятровіч


Асобы:


Возуб Тэнеруа – дыктатар “in potentia”, амаль містычная постаць

Іклот Ільфарэ – дыктатар “in potentia”

Ральф Арыёні – дацэнт, ці, можа, прафесар сацыялогіі

Рыза Аблівія – дзяўчына відавочна лёгкіх паводзінаў, нудыстка

Гарпадатэ – гросмайстар у шахматах

Эрнэст Кенгур – чэмпіён у цяжкой вазе, баксёр

Лама Базарні – “правая рука” Іклота Ільфарэ

Хлопец-ліфцёр

Людзі Базарні i Возуба


Дзеянне адбываецца ў інтэрнацыянальным гатэлі “Марока”.


Дзея І


Ультрасучасна абсталяваная спартовая зала гатэля “Марока”. Пасярод стаіць тэнісны стол з нацягнутай сеткай. На сценах кубістычныя спартовыя кампазіцыі ў цёмных, згушчаных танах. На акне, пакуль што зачыненым, – чорная зігзагападобная падстаўка з парай кактусаў. Гарпадатэ, шахматыст, майстар свету – у белым тэнісным касцюме. Эрнэст Кенгур таксама ў тэнісным касцюме, і таксама ў белым. Ральф Арыёні, прафесар – ці, можа, дацэнт – сацыялогіі – у халаце, з цыгарэтай у зубах. Рыза Аблівія, па-жаноцку прыгожая дзяўчына, з вычварэнскім бантам у валасах, з голымі нагамі, напэўна, нудыстка.


Гарпадатэ (да Арыёні): Прафесар, мы пачынаем гульню, а ваша цыгарэта можа нам прапаліць шарык, апошні шарык у гатэлі “Марока”. (да Аблівіі) Дык ты сапраўды думаеш, што канец свету? (вельмі інтэлігентна) Свету, для якога я – гросмайстар у шахматах? (падыходзячы да стала) Праўда, я заўжды адчуваў гэтую сваю залежнасць ад свету як адсутнасць залежнасці, але сёння...


Кенгур: Ваша падача, майстра! Толькі асцярожней з шарыкам!


Гарпадатэ: Увага! (падаé, пачынаецца белая, лёгкая гульня) Семнаццаць: семнаццаць... не бойцеся за яго, гэта моцны шарык...


Кенгур: Такіх моцных шарыкаў пайшло за сёння, здаецца, сем... (да Аблівіі) Ну і? – канец свету?..


Аблівія (да Кенгура): У вас, відаць, былі адны двойкі па рэлігіі! (з наіўнай мудрасцю) Але ж так не выглядаў ніводзін прыстойны канец свету! (да Арыёні) Ты ведаеш, Ральф, хто гэта такія? (паказвае нешта праз акно)


Арыёні: Ах, ці можна нешта ведаць і разумець праз акно!


Гарпадатэ (перадражнівае): Ведаць, разумець?.. Адкуль я ведаю... Тым больш праз акно... Ну, аднак мне здаецца... (не дагаворвае) Бо... (да Кенгура) Эх, чэмпіён, люблю я такія касыя падачы, яны мне нагадваюць ход сланом... (да Арыёні) Ну проста рэвалюцыя, прафесар!.. Гэта ж вядома і без газет!


Кенгур (з лёгкасцю адбіваючы падачу): А вось і не адгадалі! Па рэлігіі ў мяне заўсёды былі тройкі, а двойкі – па гісторыі – А-ёй! І ў выніку сёння на ўсе гэтыя палітычныя справы ў мяне няма нават найдурнейшых поглядаў...


Аблівія (да Кенгура): Вам патрэбныя погляды? Людзі страляюць у людзей, а вам яшчэ патрэбныя погляды? Ральф, ты павінен усё яму патлумачыць!..


Арыёні: Рыза, дзетка, гэта ж ты якраз нічога не разумееш... А я, магчыма, і мог бы што-небудзь расказаць, бо акурат у мяне ёсць погляды, але гэтыя справы – там, за акном (паказвае на вуліцу) – яны нейкія іншыя... (да Кенгура) У мяне таксама, як і ў вас, няма ніякіх поглядаў на гэтыя справы. У мяне ёсць проста погляды!..


Гарпадатэ: Васемнаццаць: семнаццаць, чэмпіёне! (да Арыёні – рассеяны і легкадумны) Ваша праўда, гэтыя рэчы трэба цалкам зневажаць. (да Кенгура) Вашы падачы, чэмпіёне.


Арыёні: Не. Мы ўсё не можам паразумецца. Тут не ідзе размовы пра тое, каб нешта зневажаць. Размова пра тое, што наша агульная гісторыя засталася дзесьці адзаду, па-за намі, і мы, сучасныя людзі з самымі сучаснымі душамі і поглядамі, насамрэч не можам жыць у гэтай гісторыі. Мы ўсё яшчэ павінны жыць неверагодна і гратэскна.


Кенгур (а-ля Піліп з Канапель): Ага, але якая ўласна гэтая сённяшняя рэвалюцыя – вельмі добрая ці вельмі дрэнная?


Гарпадатэ: Спадар, няўжо вы не разумееце, што праз яе нельга будзе дастаць новы шарык, калі ён трэсне!


Арыёні: Так, але вы, майстар, забываеце, што ў той жа час праз яе нас нагнала гісторыя. Гэтая страляніна ў чалавека якраз і ёсць...


Кенгур (павучальна): Таму трэба быць уважлівым, раз нельга купіць новы. (аўт) Халера. Семнаццаць: дзевятнаццаць! Занадта моцна ўдарыў... (уражаны) У боксе гэта было б абсурдам!


Аблівія: Ральф, яны з гэтым пінг-понгам паводзяць сябе, як дзеці! (да Гарпадатэ) А ты ж ведаеш, Пабла, як я баюся дзяцей.


Гарпадатэ: Лепей стаць ля акна і... пяліцца туды. Рыза, скажы, што ты хочаш? (да Кенгура) Так, дзевятнаццаць: семнаццаць (да Арыёні) І на каго вы ставіце, прафесар?


Арыёні (з тонкай іроніяй): Перамагае заўсёды праўда. Стаўлю на яе!


Гарпадатэ (падчас доўгіх і рэзкіх падач): О, вы мне нагадваеце гэтым майго светлай памяці папярэдніка, гросмайстра доктара Карла Дора. Ён таксама меў звычку паўтараць гэты афарызм, што праўда заўжды перамагае (адпраўляючы шарык у сетку). Ну і ўрэшце прайграў мне!


Аблівія (абражаная): Ты ўвогуле не зразумеў іроніі прафесара (вельмі “па-дзявочы” да Арыёні). Гэта быў намёк на несапраўднасць абодвух партнёраў, праўда? Бо ў настольным тэнісе заўсёды перамагае толькі сапраўдны тэнісіст, так, Ральф?..


Кенгур: Васемнаццаць: дзевятнаццаць. Мае падачы, майстра!


Арыёні (да Аблівіі): О не. Гэта проста быў такі сабе філасофскі жарт: я ўжыў у дачыненні да пінг-понга рыторыку Сярэднявечча і прагматызму.


Аблівія: Праўда? Гэта ж цудоўна! (пляскае ў далоні, падобная да вялікай прыгожай лялькі) Дык у гэтых трох словах ажно столькі гумару і філасофіі?


Кенгур: Прафесар, гумарам малю – цыгарэта!!! Бо мы ж праз гэтую праклятую рэвалюцыю не можам купіць новы шарык.


Арыёні: Я гляджу, вы, чэмпіёне, дзякуючы пінг-понгу здабылі сабе палітычныя погляды! (цытуе) “Праз гэтую праклятую рэвалюцыю”... гм... праклятую... адным словам, вы досыць раптоўна робіцеся контррэвалюцыянерам! (да Аблівіі) Перамагае заўсёды праўда – гэта значыць, што праўдай можа быць толькі і выключна перамога. Гэта закулісны бок майго жарту (элегантна гасіць цыгарэту).


Кенгур (няўпэўнена): Не. У мяне ўсё яшчэ няма палітычных поглядаў, прафесар... гэтыя словы пра рэвалюцыю...


Гарпадатэ: Забудзь пра гэта, чэмпіён. Бо прафесара можна было б схапіць за словы... (Кенгур зразае з “бэкхэнду” і атрымлівае ачко).


Кенгур: Дзевятнаццаць: дзевятнаццаць! Пароўну!


Арыёні (да Гарпадатэ): О, мяне схапіць за словы? За якія, майстра?


Гарпадатэ: Уласна за гэтае “пароўну”, за ўсялякія нічые... Праўдай можа быць толькі і выключна перамога! Ну як?


Аблівія: Але ж, Пабла, у настольным тэнісе не бывае нічыёй!


Гарпадатэ: А ў шахматах, у боксе? Дык што адбываецца, прафесар, з праўдай, калі нічыя?


Арыёні (на інтэлектуальным пад’ёме): Майстра, вы адкрылі мне цудоўныя гарызонты!


Гарпадатэ: Дык што там з праўдай, прафесар? (да Кенгура) Колькі там, дзевятнаццаць: дзевятнаццаць?


Кенгур: Так. Увага, я падаю (падача).


Арыёні (усхвалявана): І вось: адначасова нараджаюцца дзве праўды... (да Аблівіі, паказваючы нешта праз акно) Бачыш, там! Ах, калі б не гэтае акно, калі б ведаць, хто гэта!


Гарпадатэ (да Арыёні): Кажаце, прафесар, блізняты? Нічыя – гэта значыць блізняты?


Аблівія (зачаравана, ціха): Калі б ведаць? Тады што, Ральф?


Арыёні: Вось ты ведаеш, што ўвогуле можа быць?


Аблівія (няўпэўнена хітае галавой): Я думаю...


Арыёні (узбуджаны, паўтарае): Рыза, ты ведаеш, што ўвогуле можа быць? Ты калі-небудзь думала пра тое, як гэта пагрозліва і цудоўна, што можа быць абсалютна ўсё! Ну што, Рыза? Канец свету? А калі пачатак? А калі хаця б пачатак нашага жыцця ў сапраўдным свеце? (узнёсла) Не. Досыць ужо глядзець на ўсё праз шыбы! (кідаецца да акна).


Аблівія (спалохана): Што ты робіш, Ральф?


Арыёні (рэшткі ўзнёсласці): Досыць. З мяне досыць. Урэшце я павінен яго адчыніць! (раптам ачомваецца, іранічна) Чуеш, я адчыняю акно!


Аблівія (не заўважаючы іроніі): Ральф, скажы, прашу цябе, што можа быць?


Арыёні (зноў узбуджана): Усё. Літаральна ўсё. Гэтае састарэлае жыццё можа ўрэшце нас нагнаць, і тады мы, Рыза, мы над ім... заваладарым... Тады я змагу быць... нават... дыктатарам!


Аблівія (агаломшаная і захопленая): Ральф!



Твор цалкам можна спампаваць тут:

Пераклад з польскай – Алена Пятровіч © 2013

Чытайце таксама

Макс Бірбам

Макс Бірбам

Ангельскі эсэіст, парадыст, мастак-карыкатурыст, кніжны ілюстратар

Фрэнсіс Стывенс

Фрэнсіс Стывенс

Гертруд Бэраўз Бэнэт была першай буйной пісьменніцай у жанрах фэнтэзі і навуковай фантастыкі ў ЗША

Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

Культавы беларускі паэт і перакладчык

Рышард Крыніцкі

Рышард Крыніцкі

Польскі паэт, перакладчык і выдавец, прадстаўнік літаратурнай групы “Новая хваля” (Nowa Fala)

934