№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Стывен Крэйн

Як маладая прыехала ў Елаў-Скай (The Bride Comes to Yellow Sky)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Марына Дзергачова


І

Вялікі хуткі цягнік так горда імчаў наперад, што нават аднаго погляду з акна хапіла б для таго, каб упэўніцца: самі прэрыі Тэхаса імчацца на ўсход. Вялізныя абшары зялёнае травы, панурыя кактусы і мескітавыя дрэвы, маленькія купкі каркасных хатак, невялікія маляўнічыя ляскі беглі на ўсход, знікаючы ў бездані далягляду.

Маладая пара села ў цягнік у Сан-Антоніё. Твар мужчыны быў чырвоным ад праведзеных на ветры і сонцы дзён, а цягляна-чырвоныя рукі няспынна рухаліся, спрабуючы адпавядаць новаму чорнаму строю. Час ад часу ён аглядаў свой строй з павагай. Урэшце ён паклаў рукі на калені, бы чакаючы чаргі ў цырульні. На іншых пасажыраў ён спадцішка кідаў сарамлівыя позіркі.

Нявеста не была ні прыгожай, ні вельмі маладой. На ёй была блакітная кашміравая сукенка з аксамітнымі ўстаўкамі тут і там і надзвычайнай колькасцю стальных гузікаў. Яна ўвесь час круціла галавой, каб усачыць за пышнымі высокімі рукавамі, якія вельмі яе бянтэжылі. Яна відавочна пакутавала ад спёкі і пакорліва чакала яшчэ большых пакутаў. Дзіўна было бачыць на ейным простым, амаль невыразным твары чырвань, выкліканую нясціплымі поглядамі, якімі сустрэлі яе пасажыры купэ.

Маладыя выглядалі насамрэч шчаслівымі.

– Ці ездзіла ты калі-небудзь у такім салон-вагоне? – спытаў ён з радаснай усмешкай.

– Не, – адказала яна. – Ніколі. Добра тут, праўда?

– Выдатна! А хутка мы пойдзем у вагон-рэстарацыю і патранжырым грошы. Найлепшая ежа ў свеце. Каштуе даляр.

– Даляр? – усклікнула маладая. – Цэлы даляр? Але... ці не зашмат гэта для нас, Джэк?

– Гэта асаблівае падарожжа, – мужна адказаў ён. – Сёння мы не шкадуем грошай.

Пазней ён расказваў ёй пра цягнікі.

– Разумееш, ад аднаго канца Тэхаса да іншага тысяча міляў, а гэты цягнік можа праехаць іх, спыніўшыся толькі чатыры разы, – ён ганарыўся цягніком, як сваім, звяртаў ейную ўвагу на шыкоўнае аздабленне вагона, а яна са шчырым захапленнем углядалася ва ўзорны аксаміт колеру мора, бліскучую латунь, срэбра і шкло і падобнае да цёмнага смарагду дрэва, якое мігцела, бы разліты алей. Перагародку паміж купэ падтрымлівала бронзавая статуя, а столь месцамі была ўпрыгожаная срэбнымі фрэскамі.

Для маладых такая прыгажосць была працягам урачыстага вяселля, якое адбылося ранкам у Сан-Антоніё. Яна адпавядала іх новаму становішчу, а твар маладога ззяў ад захаплення, што падавалася смешным правадніку-негру. Ён часам разглядаў іх здалёк, звысоку ўсміхаючыся. А то браўся перадражніваць іх – не без таленту, дарэчы, – так, каб яны не заўважылі. Ён тонка пераймаў усе праявы самага непераможнага з усіх відаў снабізму. Ён здзекаваўся з іх, але яны наўрад ці ведалі гэта і хутка забыліся на ўсіх падарожных, якія глядзелі на іх з іранічным задавальненнем. Маладым гістарычна не пазбегнуць таго, што яны ўсім падаюцца пацешнымі.

– Па раскладзе мы прыязджаем у Елаў-Скай у 3:42, – сказаў ён, з любоўю гледзячы ёй у вочы.

– О, праўда? – спытала яна, нібы першы раз пра гэта чула. Абавязкам закаханай жонкі для яе было здзіўляцца ўсяму, што скажа муж. Яна дастала з кішэні маленькі срэбны гадзіннічак і ўважліва паглядзела на яго, ад чаго твар маладога заззяў.

– Я набыў яго ў сябра ў Сан-Антоніё, – сказаў ён радасна.

– Зараз семнаццаць хвілін на першую, – сказала яна, паглядзеўшы на яго з няўклюдным і сціплым какецтвам. Адзін падарожны прыкмеціў гэтую гульню і з’едліва пасміхнуўся сам сабе ў адно са шматлікіх люстэрак.

Урэшце яны пайшлі ў вагон-рэстарацыю. Два шэрагі неграў-афіцыянтаў у асляпляльна белых строях сустрэлі іх з цікаўнасцю і стрыманасцю людзей, якія ўсё ведаюць наперад. Здавалася, што афіцыянту, якому пашчасціла іх абслугоўваць, было прыемна пільна сачыць за імі падчас ежы. Ён ці не па-бацькоўску аглядаў іх, а твар ягоны так і выпраменьваў добразычлівасць. Такое апекаванне было для іх нязвычным, і яны з палёгкай уцяклі назад у купэ.

Злева, на шмат міляў фіялетавага схілу, цягнулася тонкая стужка смугі – там несла свае воды Рыя-Грандэ. Цягнік набліжаўся да яе пад вуглом, вяршыняй якога быў Елаў-Скай. Было відавочна, што з набліжэннем да гарадка малады ўсё больш хваляваўся. Ягоныя чырвоныя рукі рухаліся яшчэ больш неспакойна. Ягоныя думкі былі так далёка, што ён нават не заўважыў, як жонка нахілілася да яго і нешта сказала.

Шчыра кажучы, Джэк Потэр заўважыў цень, які навісаў над ім свінцовай плітой. Ён, шэрыф Елаў-Скай, чалавек, якога ведалі, любілі і баяліся, выбітная асоба, паехаў у Сан-Антоніё, каб сустрэцца з дзяўчынай, якую, здавалася яму, ён кахаў, і там пасля звычайных просьбаў угаварыў яе выйсці за яго замуж, не параіўшыся з Елаў-Скай. Цяпер ён вёз сваю жонку да людзей, якія нічога не падазравалі.

Вядома, жыхары Елаў-Скай жаніліся, як ім таго хацелася, так было заведзена. Але інакш уяўляў свой абавязак перад сябрамі і іхнае пра гэта меркаванне Потэр, і ад таго ён адчуваў сябе брыдка. Там, у Сан-Антоніё, побач з гэтай дзяўчынай ён падпарадкаваўся нейкаму памкненню і разбурыў усе межы. У Сан-Антоніё ён быў нібы ў цемры, і ў гэтым далёкім горадзе яму лёгка было ўпраўляцца з нажом, якім ён пагражаў сяброўскім абавязкам. Але набліжаўся Елаў-Скай, і набліжалася дзённае святло.

Ён добра разумеў, што ягонае вяселле – значная падзея ў горадзе – больш значнай падзеяй стаўся б хіба пажар у новым гатэлі. Сябры яму не даруюць. Ён часта думаў, што трэба было б паслаць ім тэлеграму, але новая для яго баязлівасць перамагла. Ён баяўся гэта зрабіць. А цяпер цягнік нёс яго насустрач здзіўленню, радасці і дакорам. Ён паглядзеў у акно і ўбачыў наперадзе цьмяную смугу.

Елаў-Скай меў нешта накшталт духавога аркестру, які граў з надрывам, што быў даспадобы натоўпу. Ён сумна засмяяўся, узгадаўшы пра яго. Калі б гараджане толькі ўявілі, што ён можа з’явіцца з жонкай, яны ўрачыста сустрэлі б яго на станцыі і суправаджалі б да дому радаснымі крыкамі і віншаваннямі.

Ён вырашыў, што любым чынам трэба як мага хутчэй трапіць дадому. Там, у гэтай надзейнай цытадэлі, ён зможа выдаць нешта накшталт вуснай афіцыйнай заявы і адседзецца, пакуль гараджане крыху не супакояцца.

Жонка трывожна паглядзела на яго:

– Цябе нешта хвалюе, Джэк?

Ён зноў засмяяўся:

– Не, мілая, я проста думаю пра Елаў-Скай.

Яна збянтэжана пачырванела. Пачуццё агульнай віны раптам зблізіла іх і выклікала моцны наплыў пяшчоты. Яны з любоўю пазіралі адно на аднога. Аднак Потэр часта нервова смяяўся. Чырвань, здавалася, не збіралася пакідаць твар маладой.

Той, хто здрадзіў пачуццям да роднага гораду, глядзеў на імклівы пейзаж.

– Мы амаль на месцы, – сказаў ён.

Тут увайшоў праваднік і абвясціў набліжэнне станцыі Потэра. Ён трымаў шчотку і без слядоў былое насмешлівасці пачаў чысціць новы строй Потэра, а той павольна паварочваўся. Потар намацаў манету і даў яе правадніку, бо так рабілі астатнія. Гэта было для яго гэтак жа цяжка, як упершыню падкаваць каня.

Праваднік узяў рэчы, цягнік запаволіў свой бег. Яны рушылі ў тамбур. І вось увесь доўгі састаў уварваўся на станцыю Елаў-Скай.

– Тут ім трэба набраць вады, – хрыпла і жаласна сказаў Потэр, нібы абвяшчаючы чыюсьці смерць. Яшчэ да спынення цягніка ён вачыма прабег па ўсёй платформе і быў здзіўлены і ўзрадаваны, што на ёй не было нікога, акрамя працаўніка станцыі, які крыху трывожна і паспешліва скіраваўся да цыстэрнаў з вадой. Калі цягнік спыніўся, праваднік выйшаў першы і спусціў невялікую лесвічку.

– Давай, мілая, – хрыпла сказаў Потэр. Ён дапамог ёй спусціцца, і яны разам няшчыра засмяяліся. Ён забраў рэчы і сказаў жонцы трымацца за яго руку. Калі яны ледзь не крадком сыходзілі, ён кінуў позірк на станцыю і ўбачыў, што цягнік ужо заправіўся вадой, а станцыйны працаўнік ля багажнага вагона бяжыць да іх, жэстыкулюючы. Потэр са стогнам засмяяўся, убачыўшы першае ўражанне Елаў-Скай ад ягонага шлюбнага шчасця. Ён мацней прыціснуў да сябе жончыну руку, і яны ўцяклі. Праваднік дурасліва хіхікаў ім услед.


ІІ

Каліфарнійскі Экспрэс павінен быў прыехаць у Елаў-Скай праз дваццаць адну хвіліну па Паўднёвай чыгунцы. У салуне “Стомлены джэнтльмэн” было шэсць чалавек. Адзін з іх быў каміваяжорам, які няспынна балбатаў. Трое былі тэхасцы, не схільныя на той момант да размоваў, а двое – мексіканскія пастухі, якія наогул ніколі ў “Стомленым джэнтльмэне” не размаўлялі. На ганку, паклаўшы галаву на лапы, ляжаў гаспадарскі сабака. Ён млява азіраўся вакол з пільнасцю, якая сведчыла, што яго часта піналі нагамі. Уздоўж пясчанае вулачкі было колькі ярка-зялёных лугавінак, такіх прыгожых у атачэнні пяску, які палаў ад нясцерпна гарачага сонца, што яны падаваліся ненатуральнымі. Яны хутчэй нагадвалі травяныя дыванкі, якія ўдавалі з сябе на сцэне газоны. У цені чыгуначнае станцыі на крывым крэсле сядзеў мужчына без верхняга адзення і курыў люльку. Нядаўна пакошаны бераг Рыя-Грандэ падступаў тут так блізка да гарадка, што можна было разгледзець унізе вялізныя абшары мескітавых дрэваў колеру слівы.

Акрамя каміваяжора-балбатуна і іншых наведнікаў салуна ўвесь Елаў-Скай драмаў. Прыезджы зграбна абаперся на барную стойку і баяў з самазадаволенасцю барда, які натрапіў на новых слухачоў.

– ... і тады стары паваліўся з лесвіцы ўніз, не выпускаючы скрынкі з рук, а старая якраз падымалася з двума кошыкамі вугалю і, вядома ж...

Тут аповед каміваяжора быў перарваны раптоўным з’яўленнем у дзвярах маладога чалавека, які крыкнуў:

– Ліхі Ўілсан напіўся і сарваўся з ланцуга!

Мексіканцы адразу адставілі свае шклянкі і зніклі ў чорным выхадзе.

Каміваяжор весела і прастадушна адказаў:

– Хай сабе, стары! Што з таго? Заходзь і выпі чаго-небудзь.

Але на астатніх гэтыя словы зрабілі такое ўражанне, што каміваяжор не мог гэтага не заўважыць. Усе пасур’ёзнелі.

– Гэй, – сказаў ён, заінтрыгаваны, – што гэта значыць?

Тры тэхасцы зрабілі жэст, якім звычайна пачынаюць красамоўныя расказы, але малады чалавек апярэдзіў іх.

– Гэта значыць, дружа, – сказаў ён, увайшоўшы, – што ў найбліжэйшыя пару гадзінаў тут будзе не курорт.

Гаспадар падышоў да дзвярэй, зачыніў іх і апусціў засаўку, потым замкнуў цяжкія драўляныя аканіцы – таксама на засаўку. Адразу настаў урачысты паўзмрок, як у царкве. Каміваяжор пераводзіў позірк з аднаго на другога.

– Але, – усклікнуў ён, – што цяпер будзе, га? Вы ж не хочаце сказаць, што будзе перастрэлка?

– Не ведаю, ці будзе перастрэлка, – сказаў нехта змрочна, – але страляніна будзе. Крыху добрай страляніны.

Хлопец, які папярэдзіў іх, махнуў рукой:

– Будзе і перастрэлка, калі знойдзецца ахвочы. Для гэтага дастаткова выйсці на вуліцу. Там яго якраз чакаюць.

Каміваяжор разрываўся паміж цікаўнасцю навічка і страхам перад пагрозай.

– Як, вы сказалі, ягонае імя? – спытаў ён.

– Ліхі Ўілсан, – хорам адказалі яму.

– Ён заб’е каго-небудзь? Што вы збіраецеся рабіць? Гэта часта здараецца? Ён так шалее раз на тыдзень ці што? Ці можа ён зламаць дзверы?

– Не, дзверы ён не зламае, – адказаў гаспадар. – Ён спрабаваў ужо тройчы. Але калі ён падыдзе, лепей кладзіся на падлогу, незнаёмец. Ён будзе страляць у дзверы, і куля можа іх прабіць.

Пасля гэтага каміваяжор не адводзіў вачэй ад дзвярэй. Час валіцца на падлогу яшчэ не прыйшоў, але на ўсякі выпадак ён прыціснуўся да сцяны.

– Дык ці заб’е ён каго-небудзь? – зноў спытаў ён.

У адказ ён пачуў нягучны грэблівы смех:

– Ён ідзе пастраляць і напракудзіць. Думаю, лепей не правяраць яго.

– Але што вы робіце ў такіх выпадках? Што вы робіце?

– Ну, Джэк Потэр... – адказаў нехта, але яго хорам перабілі астатнія:

– Джэк Потэр у Сан-Антоніё.

– А хто гэта? Што ён можа з гэтым зрабіць?
– Ён наш шэрыф. Ён выходзіць на бой з Ўілсанам, калі той разбуяніцца.

– О, – сказаў каміваяжор, – мілая ў яго праца.

Тут усе перайшлі на шэпт. Каміваяжор хацеў працягнуць пытанні, якія ўзнікалі ў яго ад трывогі і разгубленасці, але на яго раздражнёна паглядзелі і зрабілі знак маўчаць. Настала цішыня. Вочы людзей, што прыслухоўваліся да гукаў з вуліцы, блішчэлі ў змроку. Адзін жэстамі паказаў нешта гаспадару, і той, рухаючыся, як прывід, даў яму шклянку і бутэльку. Той наліў поўную шклянку віскі, бязгучна адставіў бутэльку, выпіў адным глытком і зноў павярнуўся да дзвярэй. Гаспадар гэтак жа ціха дастаў з-пад стойкі вінчэсцер і зрабіў знак каміваяжору. Той на дыбачках падышоў да яго.

– Табе лепей пайсці са мной за стойку.

– Не, дзякуй, – каміваяжор змакрэў, – я лепей пакіну сабе магчымасць уцячы праз чорны ход.

На гэта гаспадар зрабіў мяккі, але загадны жэст. Каміваяжор падпарадкаваўся і сеў на скрыню так, што ягонай галавы не было відаць за стойкай. З унутранага боку стойка была ўпрыгожаная меддзю і цынкам, што стварала нешта накшталт шчыта і супакойвала яго. Гаспадар уладкаваўся на скрыні побач.

– Разумееш, – прашаптаў ён, – Ліхі Ўілсан – гэта цуд са стрэльбай, сапраўдны цуд. І калі ён шалее, мы, натуральна, усе хаваемся па норах. Ён апошні з хеўры, якая бадзялася тут уздоўж ракі. Калі напіваецца – жах! Калі цвярозы – усё нармальна, мухі не пакрыўдзіць, найлепшы хлопец у горадзе. Але як нап’ецца... ух!

Настала цішыня.

– Шкада, што Джэк Потэр не вярнуўся з Сан-Антоніё, – сказаў гаспадар. – Ён неяк прастрэліў Ўілсану нагу. Ён зрабіў бы што-небудзь.

І тут яны пачулі стрэл, а пасля тры дзікія крыкі. Гэта нібы абудзіла тых, хто сядзеў у цемры. Пачулася шорханне ног. Яны паглядзелі адзін на аднога:

– Вось і ён.

III

Чалавек у фланэлевай бурачнай кашулі, пашытай, напэўна, нейкімі габрэйкамі на ўсходзе Нью-Ёрку, відавочна, для форсу, збочыў за рог і выйшаў на сярэдзіну галоўнай вуліцы Елаў-Скай. У кожнай руцэ ён трымаў па даўгім цяжкім сінявата-чорным рэвальверы. Ён часта пачынаў лямантаваць, і крыкі разносіліся па пустынным гарадку, узляталі над дахамі –здавалася, звычайны чалавек так крычаць не можа. Цішыня навокал нагадвала узведзены над ім склеп. Лютыя крыкі натыкаліся на сцены маўчання. А на ягоных ботах былі чырвоныя з золатам халявы, як у хлопчыкаў, якія катаюцца на санках у Новай Англіі.

Ягоны твар палаў лютасцю, выкліканай віскі. Вочы шалёна круціліся, але былі яшчэ ў стане заўважыць засаду і аббягалі ўсе дзверы і вокны. Ішоў ён крадком, як кот апоўначы. Яму падавалася, што ён выкрыквае страшныя рэчы. Даўгія рэвальверы былі яму саломінкамі; ён круціў імі з надзвычайнай хуткасцю, гуляючы мезенцамі, як музыка. Нізкі каўнер ягонае кашулі не хаваў жылаў на ягонай шыі, якія надзімаліся і апускаліся, надзімаліся і апускаліся ў такт ягонай роспачы. Ягоныя выклікі былі адзінымі гукамі. Спакойныя цагляныя пабудовы былі абыякавымі да гэтай дробнай істоты пасярод вуліцы.

Ахвотных біцца не было. Ён крычаў у нябёсы. Адказу не прыходзіла. Ён палаў ад лютасці, размахваючы сваімі рэвальверамі.

Сабака гаспадара “Стомленага джэнтльмэна” не адчуў набліжэння пагрозы. Ён па-ранейшаму млява ляжаў ла дзвярэй салуна. Убачыўшы сабаку, чалавек спыніўся і весела ўзняў рэвальвер. Убачыўшы яго, сабака падскочыў і з рыкам адышоўся. Чалавек крыкнуў, і сабака кінуўся прэч. Калі ён ужо наблізіўся да завулка, выбухнуў шум, свіст, і нешта ўдарылася ў зямлю проста перад ім. Сабака завішчаў і ў жаху кінуўся ў іншы бок. Зноў выбухнуў шум, свіст, і перад ім заклубіўся пясок. Звар’яцеўшы з перапуду, сабака круціўся, як звер у загоне. Чалавек смяяўся, упершы рэвальверы ў бокі.

Нарэшце ягоную ўвагу прыцягнулі зачыненыя дзверы “Стомленага джэнтльмэна”. Ён падышоў да іх, загрукаў рэвальверам і запатрабаваў піць.

Дзверы не зварухнуліся. Тады ён падняў шматок паперы і прыбіў яго да дзвярэй нажом, потым грэбліва павярнуўся да любімага публікай месца спінай, адышоў на іншы бок вуліцы, хутка і зграбна развярнуўся на абцасах і стрэліў у паперку. Ён прамахнуўся на паўцалі. Вылаяўшыся, ён пайшоў прэч. У хуткім часе ён страляў па вокнах найлепшага сябра. Чалавек гуляў з горадам. Гэта была ягоная цацка.

Але дагэтуль ніхто не хацеў схапіцца з ім. Ён узгадаў Джэка Потэра, свайго даўняга ворага, і вырашыў, што будзе весела пайсці да ягонага дома, стралянінай вымусіць шэрыфа выйсці і прыняць выклік. Ён скіраваўся туды, напяваючы баявую песеньку апачаў.

Дом Потэра быў такі ж маўклівы, як і іншыя. Заняўшы зручнае месца, чалавек выгукнуў выклік. Але дом удаваў з сябе вялікага каменнага бога. Не было ні руху. Пачакаўшы для прыліку, чалавек зноў пачаў крычаць, падмешваючы ў гаворку сакавітыя выразы.


Тут пачаўся тэатр аднаго актора, які звар’яцеў ад нянавісці да нерухомага дома. Ён налятаў на яго, як зімовы вецер на самотную халупу ў паўночных прэрыях. Здалёк можна было падумаць, што б’ецца дзве сотні мексіканцаў. Ён спыняўся толькі каб аддыхацца ці зарадзіць рэвальверы.


IV

Потэр з жонкай ішлі хутка і баязліва. Часам яны ціха і асцярожна смяяліся.

– Тут за рогам, мілая, – сказаў ён урэшце.

Яны ішлі нібы супраць моцнага ветру. Потэр ужо амаль узняў руку, каб паказаць жонцы новы дом, як толькі ён стане відаць, калі яны збочылі і тварам у твар сутыкнуліся з чалавекам у бурачнай кашулі, які ліхаманкава пхаў у вялізны рэвальвер патроны. Ад нечаканасці ён выпусціў яго з рук, з хуткасцю маланкі выхапіў з кабуры другі і нацэліў у грудзі маладому.

Настала цішыня. У Потэра язык нібы прысох да паднябення. Інстынктыўна ён вызваліў сваю руку з жончынай і паставіў рэчы на пясок. Твар маладой зжаўцеў, як старая тканіна. Яна не магла зварухнуцца, быццам яе гіпнатызавала змяя.

Мужчыны глядзелі адзін на аднога, стоячы ў трох кроках. Той, што з рэвальверам, жорстка-спакойна ўсміхаўся.

– Хацеў падабрацца незаўважна, – сказаў ён. – Хацеў падабрацца да мяне! – ягоныя вочы сталі яшчэ больш злоснымі. Потэр зрабіў слабы рух, і той адразу ўзняў рэвальвер:

– Не, ты не зробіш гэтага, Джэк Потэр! Ты не дастанеш зброі! І вокам не міргнеш! Прыйшоў мой час адквітацца, і я зраблю гэта на свой густ. Нішто мне не перашкодзіць. Так што калі ты не хочаш стаяць пад руляй, слухай, што я табе скажу.

Потэр паглядзеў на свайго ворага.

– У мяне няма зброі, Ўілсан, – сказаў ён. – Напраўду, няма, – ён напружыўся і супакоіўся, але аднекуль у свядомасці выплыла бачанне хуткага цягніка з узорным аксамітам колеру мора, бліскучай латунню, срэбрам і шклом, падобным да цёмнага смарагду дрэвам, па якім нібы разліты алей, урачыстага вяселля, новага становішча. – Ты ведаеш, што я прымаю выклік, калі справа даходзіць да таго, Ліхі Ўілсан, але ў мяне няма з сабой зброі. Страляць табе давядзецца за дваіх.

Твар ягонага ворага збялеў. Ён зрабіў крок наперад і пачаў размахваць зброяй проста перад грудзьмі Потэра.

– Не кажы мне, што ў цябе няма зброі, ты, шчанюк! Не кажы мне такой дурной хлусні! Ніхто ў Тэхасе не бачыў цябе без зброі! Я не дзіця, з якім можна жартаваць! – ягоныя вочы блішчэлі, а горла працавала, як помпа.

– Не думаю я, што ты дзіця, – адказаў Потэр. Ён ні на цалю не зрушыўся назад. – Я думаю, што ты дурань. Я кажу, што ў мяне няма зброі, і ў мяне яе няма. Калі ты хочаш мяне прыстрэліць, то давай ужо. Больш у цябе такой магчымасці не будзе.

Такое ўпартае перакананне супакоіла Ўілсана.

– Калі ў цябе няма зброі, то чаму? – ашчэрыўся ён. – Няўжо быў у нядзельнае школе?

– У мяне няма зброі, бо я толькі што вярнуўся з Сан-Антоніё з жонкай. Я ажаніўся, – сказаў Потэр. – А калі б я ведаў, што ўсякія недарэкі накшталт цябе будуць швэндацца тут, калі я прывязу дадому сваю жонку, я б узяў зброю, не сумнявайся.

– Ажаніўся! – сказаў Ліхі, яшчэ не зразумеўшы.

– Так, ажаніўся. Я ажаніўся, – выразна сказаў Потэр.

– Ажаніўся? – перапытаў Ліхі. Тут ён упершыню заўважыў разгубленую жанчыну побач з ім. – Не! – сказаў ён. Перад ім стаяў нібыта прыхадзень з іншага свету. Ён пасунуўся назад, а рука з рэвальверам апусцілася долу. – Гэта твая жонка?

– Так, гэта мая жонка, – адказаў Потэр.

Зноў настала цішыня.

– Ну, – сказаў урэшце Ўілсан, – думаю, на гэтым усё.

– Ну калі ты так кажаш, то ўсё. Ты ж ведаеш, што праблема была не ўва мне, – Потэр узняў валізу.

– Ну, я лічу, што ўсё, Джэк, – сказаў Ўілсан. – Ажаніўся!

Высакародства духу не было яму ўласцівае. Але ў такіх дзіўных абставінах ён адчуў сябе дзіцем колішніх прэрыяў. Ён падабраў кінуты рэвальвер, засунуў абодва ў кабуры і пайшоў прэч. У глейкім пяску ён пакідаў сляды, падобныя да варонак.

Пераклад з ангельскай – Марына Дзергачова © 2010

Чытайце таксама

Мэцью Дзікман

Мэцью Дзікман

Амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review 2008 году

Андрыс Герардус Вісэр

Андрыс Герардус Вісэр

Адзін з самых значных паўднёваафрыканскіх паэтаў, што пісалі на афрыкаанс

Фрэнсіс Брэт Гарт

Фрэнсіс Брэт Гарт

Амерыканскі празаік, вядомы па творах пра каліфарнійскіх золаташукальнікаў

Андрэй Адамовіч

Андрэй Адамовіч

Беларускі паэт, аўтар зборніка "Дзень паэзіі смерці дзень". Перакладае з украінскай

864