Я ніколі не пасвіў статкаў
(Eu Nunca Guardei Rebanhos)
Я ніколі не пасвіў статкаў,
 Хоць падаецца мне – пасвіў.
 Мая душа, быццам пастух,
 Ведае вецер і сонца,
 І поруч з порамі году ступае,
 Іх сузірае й трымаецца іх.
 Спакой Прыроды бязлюднай
 Cядае са мною побач.
 Але я засмучаюся, нібы змярканне
 Агортвае нашы фантазіі,
 Калі халадок накрывае лагчыны,
 І адчуваеш: госцяй ноч завітала,
 Нібы матылёк праз акно.
 
 Але сумота мне дорыць спакой,
 Бо так быць і павінна,
 Ён мусіць душу напаўняць,
 Якая ўжо думае, што існуе,
 І рукі збіраюць кветкі, а яна не зважае.
 
 Нібы зычных званочкаў пералівы
 За паваротам дальняй дарогі,
 Усцешаныя мае думкі.
 Толькі журботна мне ад іх усцешанасці,
 Бо калі б я не ведаў пра іх,
 Усцешаныя і маркотныя, яны
 Сталі б усцешанымі і вясёлымі.
 
 Думаць няўтульна, нібы блукаць пад дажджом,
 Калі вецер дзьме ў твар і дождж, падаецца, мацнее.
 
 Я не маю ні мэтаў, ні жаданняў.
 Быць паэтам – не мэта для мяне,
 Гэта проста мой спосаб быць самотным.
 
 І калі часам мне хочацца
 Ўяўляць сябе ягнём
 (Ці быць цэлым статкам,
 Каб рассыпацца па спадзістых схілах узгоркаў
 І быць шматлікімі дробкамі шчасця адначасова),
 
 Гэта толькі таму, што я адчуваю тое, што пішу на змярканні,
 Ці калі хмарка засціць далонню праменні святла,
 Ці маўчанне імкне ў высокія травы.
 
 Калі я саджуся пісаць вершы
 Ці, гуляючы дарогамі й сцежкамі,
 Пішу вершы на паперы сваіх думак,
 Я адчуваю посах у руках
 І ўяўляю свой вобраз
 На вяршыні ўзвышша.
 Углядаючыся ў свой статак, я бачу свае ідэі,
 А ўглядаючыся ў свае ідэі, бачу свой статак,
 І ўсміхаюся няпэўна, як той, хто не разумее, пра што кажуць,
 А ўдае, што разумее.
 
 Вітаю тых, хто чытае мяне,
 Уздымаючы шырокі капялюш,
 Калі дыліжанс узбіраецца на ўзгорак
 І людзі бачаць мяне ля дзвярэй.
 Вітаю іх і зычу ім сонца,
 І дажджу, калі патрэбны дождж.
 І каб стаяла ў іх доме
 Перад адчыненым акном
 Улюбёнае крэсла,
 Куды б яны сядалі пачытаць мае вершы.
 І калі б чыталі іх, думалі,
 Што я такая ж частка прыроды,
 Як, да прыкладу, старое дрэва,
 У цень якога прыбягаюць дзеці,
 Садзяцца з шумам, стомленыя гульнямі,
 І выціраюць пот з гарачага ілба
 Рукавом паласатай кашулі.
 
пераклад з партугальскай –Юля Цімафеева
Месяцовае ззянне ў высокіх галінах
(O luar através dos altos ramos)
Месяцовае ззянне ў высокіх галінах,
 Кажуць усе паэты, – нешта большае,
 Чым месяцовае ззянне ў высокіх галінах.
 
 Але для мяне, таго, хто не ведае сваіх думак,
 Месяцовае ззянне ў высокіх галінах,
 Акрамя
 Месяцовага ззяння ў высокіх галінах,
 Не больш
 Чым месяцовае ззянне ў высокіх галінах.
 
пераклад з партугальскай –Юля Цімафеева
Часам у дні яскравага й дакладнага святла
(Às vezes, em dias de luz perfeita e exata)
Часам у дні яскравага й дакладнага святла,
 У промнях якога рэчы робяцца рэальнымі, наколькі магчыма,
 Я пачынаю задавацца пытаннем,
 Чаму надзяляю ўсіх іх
 прыгажосцю.
 
 Хіба ў кветкі ёсць прыгажосць?
 Хіба мае прыгажосць плод?
 Не, яны маюць толькі
 Колер, форму й быццё.
 А прыгажосць – назва няіснага,
 Я даю яе рэчам у абмен на радасць, што яны мне прыносяць.
 Яна нічога не значыць.
 Чаму ж я тады кажу пра хараство рэчаў?
 
 Так, нават да мяне, што жыве толькі жыццём,
 Незаўважна прыходзяць людскія памылкі
 Перад абліччам рэчаў,
 Рэчаў, якія проста існуюць.
 
 Як жа цяжка быць сабою і не бачыць таго, чаго няма!
 
пераклад з партугальскай –Юля Цімафеева
Гаворыш пра цывілізацыю, і што яе быць не мусіць
(Falas de civilização, e de não dever ser)
Гаворыш пра цывілізацыю, і што яе быць не мусіць,
 Прынамсі такой.
 Кажаш, што ўсе пакутуюць, ці пакутуе большасць,
 І ўсё праз наяўны чалавечы парадак.
 Кажаш, што каб склалася інакш, пакутавалі б менш.
 Кажаш, каб было ўсё па-твойму, было б лепш.
 Слухаю і цябе не чую.
 Для чаго б ты хацеў быць пачутым?
 Калі б пачуў я, што б ты зразумеў?
 Калі б было інакш, было б інакш – вось і ўсё.
 Калі б было па-твойму, было б толькі па-твойму.
 Гора табе і ўсім тым, хто бавіць жыццё
 Ў спробах стварыць машыну, што робіць шчаслівым!
 
пераклад з партугальскай –Юля Цімафеева
Калі вам так хочацца, добра, я містык
(Se quiserem que eu tenha um misticismo)
Калі вам так хочацца, добра, я містык.
 Містык, але толькі целам.
 Мая душа простая і бяздумная.
 
 Мой містыцызм – у нежаданні ведаў,
 Жыць і пра яго не думаць.
 
 Не ведаю, чым ёсць Прырода – пяю яе.
 Жыву ў самотнай беленай хаціне
 На вяршыні ўзгорка,
 Вось хто я такі.
 
пераклад з партугальскай –Юля Цімафеева
Усе тэорыі і ўсе вершы
(Todas as teorias, todos os poemas)
Усе тэорыі і ўсе вершы
 Жывуць больш за гэтую кветку.
 Але ўсе яны быццам сырое і брыдкае мроіва,
 Большае за гэту кветку...
 Але ні памер, ні ўзрост зусім не важныя...
 Яны толькі памер і ўзрост...
 А якая кветцы справа да сталення і здабыцця памеру...
 (Калі сапраўдная мера – рэальнасць)
 Быццё рэальным – адзіная праўда на свеце.
 
пераклад з партугальскай –Юля Цімафеева
Ты, містык, бачыш значэнне
(Tu, místico, vês uma significação em todas as cousas)
Ты, містык, бачыш значэнне ў кожнай рэчы.
 Па-твойму, усё мае таемны сэнс.
 Нешта схаванае ёсць ва ўсім, што ты бачыш.
 А ўсё, што бачыш, заўжды для цябе – нешта іншае.
 
 Я ж, дзякуй вачам, што мне толькі для зроку,
 Бачу ва ўсім, што мяне акаляе, адсутнасць сэнсу.
 Бачу гэта і люблю сябе, бо быць рэччу – значыць не мець сэнсу.
 Быць рэччу і не падлягаць вытлумачэнню.
 
пераклад з партугальскай –Юля Цімафеева
Калі пасля маёй смерці захочуць напісаць маю біяграфію
(Se depois de eu morrer, quiserem escrever a minha biografia)
Калі пасля маёй смерці захочуць напісаць маю біяграфію –
 Нічога няма прасцейшага.
 Ёсць усяго дзве даты – майго нараджэння і смерці,
 А паміж першай і другой усе дні – мае.
 
 Апісаць мяне лёгка.
 Бачыў усё, бы шаленец.
 Любіў усё без пачуцця.
 Ніколі не асляпляўся дарэмнаю прагай таго, што не мог здабыць.
 “Чуць” для мяне заўжды было толькі дапаўненнем да “бачыць”.
 Я разумеў, што рэчы рэальныя і ўсе розняцца між сабой.
 Я разумеў гэта толькі вачыма і ніколі – розумам.
 Бо разумець розумам – значыць лічыць рэчы аднолькавымі.
 
 Аднойчы я захацеў спаць, як любое дзіця.
 Заплюшчыў вочы і заснуў.
 А яшчэ я быў адзіным паэтам Прыроды.
 
пераклад з партугальскай –Юля Цімафеева
Прачытаў сёння амаль дзве старонкі
(Li hoje quase duas páginas)
Прачытаў сёння амаль дзве старонкі
 Нейкага паэта-містыка
 І засмяяўся, як той, хто шмат плакаў.
 
 Паэты-містыкі – гэта хворыя філосафы,
 А філосафы – гэта вар’яты.
 
 Бо паэты-містыкі кажуць, што кветкі адчуваюць,
 І што ў камянёў ёсць душа,
 І што рэкі ўпіваюцца месяцовым святлом.
 
 Але калі б кветкі адчувалі, яны былі б не кветкамі,
 А людзьмі.
 І калі б у камянёў была душа, яны былі б жывымі істотамі, а не камянямі.
 І калі б рэкі ўпіваліся месяцовым святлом,
 Рэкі сталі б людзьмі і звар’яцелі.
 
 Трэба не ведаць, што такое кветкі, камяні і рэкі,
 Каб гаварыць пра іхныя пачуцці.
 Гаварыць пра душу камянёў, кветак і рэк –
 Значыць гаварыць пра свае ж крывадушныя думкі.
 Дзякуй Богу, камяні – гэта толькі камяні,
 А рэкі – не больш чым рэкі,
 А кветкі – усяго толькі кветкі.
 
 Што да мяне, то я пішу прозу сваіх вершаў
 І задаволены,
 Бо ведаю, што спасцігаю Прыроду звонку
 І не спасцігаю знутры.
 Таму што ў Прыроды няма нутра,
 Іначай яна б не была Прыродаю.
 
пераклад з партугальскай –Кацярына Маціеўская
Я пастух, які пасвіць статкі
(Sou um guardador de rebanhos)
Я пастух, які пасвіць статкі.
 Статак – гэта мае думкі,
 А ўсе мае думкі – гэта адчуванні.
 Я думаю вачыма і вушамі,
 Рукамі і нагамі,
 Носам і ротам.
 Думаць кветку – значыць бачыць яе і нюхаць,
 А есці плод – значыць смакаваць яго сэнс.
 
 Таму калі аднойчы ў гарачыню
 Мне робіцца сумна ад такой асалоды,
 Я выпростваюся на траве,
 Закрываю гарачыя вочы
 І ўсім целам адчуваю паверхню рэчаіснасці.
 Я ведаю праўду, і я шчаслівы.
 
пераклад з партугальскай –Кацярына Маціеўская
Тэжу прыгажэйшая за раку ў маёй вёсцы
(O Tejo é mais belo que o rio que corre pela minha aldeia)
Тэжу прыгажэйшая за раку ў маёй вёсцы,
 Але Тэжу не прыгажэйшая за раку ў маёй вёсцы,
 Таму што Тэжу – не рака ў маёй вёсцы.
 
 Тэжу нясе вялікія караблі,
 І плыве па ёй
 Для тых, хто бачыць рэчы, якіх ужо няма,
 Памяць караблёў мінулых.
 
 Тэжу імкнецца з Гішпаніі,
 Тэжу ўпадае ў мора Партугаліі.
 Гэта ведаюць усе.
 Але мала хто ведае, што за рака цячэ ў маёй вёсцы,
 І дзе яе канец,
 І дзе яе пачатак.
 І, належачы нямногім,
 Яна больш свабодная і вялікая, рака ў маёй вёсцы.
 
 Тэжу можа вынесці нас у Свет,
 І дзесьці за Тэжу ляжыць Амерыка –
 Той, хто знойдзе яе, будзе шчаслівы.
 Але ніхто ніколі не думаў, што там –
 За ракой у маёй вёсцы.
 Ля ракі ў маёй вёсцы не думаеш ні пра што.
 Той, хто стаіць побач з ёй, проста стаіць побач з ёй.
 
пераклад з партугальскай –Ганна Янкута




