Падсвечнiк
(Svecturis)
> Паэма
 
 I
 
 Лясны жыхар, асаматнёны,
 Я травамi наскрозь прапах.
 I пелiкан там жыў зялёны,
 Як подых – далiкатны птах.
 
 Я жыў – не дбаў, без мудрагошчаў
 Сярод пячор i тайных нор,
 Выпойваў птаства я з прыгоршчаў,
 Звяроў склікаў я на падкорм.
 
 Падножна сам жыў, еў дасхочу,
 Паiўся з каменя расой,
 I спаў з казуляй побач ноччу –
 Iмгла ахутвала наш сон.
 
 Пад ногi слалася бяроста,
 Я строiўся – ў лiсцвяны май,
 I кожны пах даваўся проста –
 Пакволі ноздры, паўдыхай.
 
 Я жыў. I залаты мой кубак,
 Па бераг поўны шчасцем, пiў.
 I вецер цалаваў у губы
 I ўсе балячкi мне гаiў.
 
 Ды ў галаве паспела дзiва –
 Як распусцiўся куст гваздзiк,
 I стала скрушлiва, тужлiва,
 I ад усмешкi рот адвык.
 
 Як шнар зарубцаванай раны,
 Ў сабе я стаў шчаслiвы зноў.
 Бяскрай жыцця мне дараваны
 Вялiкiм розумам асноў.
 
 Так я бясконца цьмеў у высях,
 Блiшчаў, як з бронзы лiты бог.
 Схiлiўся вечар, зорны высеў
 I край нябёс прыпаў да ног.
 
 Угледзеў доўгі час у сконе,
 Жыцця распад i крутаверць,
 Як ліжа звер табе далонi,
 Перш чым пайсцi наверх у смерць.
 
 I што ў бясконцасцi, у высях
 Нiшто не гiне ў часе тым,
 Усё мяняецца, каб збыўся
 Я ў iм вялiкiм цi малым.
 
 Згалеў, здакучыўся, патух мой
 Жыццёвы час, прыйшла пара,
 Пакрыўся твар лупiнай жухлай,
 На сэрцы высахлым – кара.
 
 У кожнай ночы чую: морак,
 З дрэў лiсце падае, гнiе.
 Сцiскае песня птушкам горла,
 I зыб па сажалцы снуе.
 
 Мяне бярэ салодкi шолам,
 Так п'яна ходзiць галава,
 Зямля мне стала цёплым ротам,
 Так прагна хоча цалаваць.
 
 Я ж думаю: а што ў iстоце
 Ёсць iснае – жыццё цi смерць?
 А голас з-за плячэй: – Пастойце!
 Яно ратунак вам i цвердзь!ІІ
 
 I вось iдзеш ты: ноч, прадонне,
 Лунаеш iскрай залатой.
 Плывуць, як сон, твае далонi.
 На сонцы нiмб над галавой.
 
 З тваiх слядоў зляцелi птушкi,
 Ручай пацёк, разлiўся стаў.
 Твой подых долу горы зрушыў.
 І кашаль смерцi ўсмешкай стаў.
 
 Прыйшла ты – ранняе свiтанне.
 Прастора ў сяйве залатым
 Трымцела сарнаю, дыханне
 Палала клёнам залатым.
 
 З блакiтна-жоўтых зорак – строi.
 Нiбыта Млечны Шлях – твой стан.
 Я задрыжаў, як промень мроi,
 I моўчкi на каленi стаў.
 
 Усё блiжэй, блiжэй iдзеш ты –
 Як сена, зжухла ўсё наўкол.
 I час, збянтэжаны дарэшты,
 Разлiў мяне, як малако.
 
 Я зразумеў: былое – гiдка,
 Асуджана – тхаром смярдзець.
 Бо цi ж гару ўтрымае нiтка?
 I чым я пераважу смерць?
 
 Сказала ты – (цiшэй, ласкавей
 Бясконцасць гутарыць з крылом):
 – Я тут, паэце, каб па праве
 Бяссмерце да цябе прыйшло.
 
 Узвышу я цябе над нiцым,
 Ты будзеш, як падсвечнiк мой,
 Праменнем сонечным свяцiцца,
 Лунаць у небе над зямлёй.
 
 Ступаў ты па зямлi прыгожа,
 Пяшчотна клаўся мяккi крок,
 Як лёгкi шолах рызы божай,
 Як ружы райскае расток.
 
 Вазьмi мяне, нясi па свеце,
 Бо я твой зніч, са мной гары:
 – Не рвi агонь пунсовы, вецер,
 У змроку дай палаць зары.
 
 I цела залатое стала.
 Мая вiльготная далонь,
 Што далiкатна свечку брала,
 Ёй аддала цяпло й агонь.
 
 Вярнулася ты горда ў хорам,
 Адкуль назад няма хады.
 Ў пахучай ночы за пячорай
 Ззяў клён пажарам залатым.
 
 На п'едэстале тым высокiм
 Мяне спавiў зялёны шоўк,
 А як закончылiся скокi
 I кожны госць удаль сышоў,
 
 Салодкi муж iшоў з табою,
 А я, узнесены ўгару,
 I толькi свечачка са мною,–
 Я ўвесь пажадлiва гару.
 
 – Ты мой! – усмешлiва сказала
 З п'янючым галавы кiўком,
 Дыхнула холадам i палам –
 I рот прыкрыла гваздзiком.
 
 Спярша прыпаў ён на каленi,
 Схапiў i ярасна прынiк.
 I сцiснуў, быццам кветку ў жменi,
 Аглушана-свядомы ўмiг.
 
 Такая злосць апанавала
 Праз гэты нечаканы шок –
 Нiшто цяпер не замiнала,
 Я скiнуў прэч зялёны шоўк.
 
 Успыхнуў жарам я ў хвiлiну,
 З глыбiнь крывёю ўспалымнеў,
 I распалiў агонь мужчыну
 Ўва мне мацней, палiў мой гнеў.
 
 Твой ложак, ружамi спавiты,
 Духмяна водарыць пасцель,
 I ўбачыўшы, што ты адкрыта
 Пяшчотам, я аж звар'яцеў.
 
 Сляпыя ў логве звераняты.
 Глушэе паляўнiчы рог.
 Са сховаў праз густыя шаты
 Я ўсё, шалёны, бачыць мог.
 
 Мужчыну, што табой валодаў,–
 О мука, полымя, астынь! –
 Ён пiў з крынiцы асалодаў,
 Не стала моцы крыкнуць: – Згiнь!
 
 Ты мне назначана за тое,
 Што я нашу свой вечны боль,
 Што кроiць сэрца залатое
 Мая халодная далонь.
 
 Чым супраць бога i закону
 Падсвечнiк можа памагчы? –
 Ён кантам вострым i разьбёным
 Разбiць умее, затаўчы.
 
 – Далоў агонь! – I я звысока,
 Згары, дзе мой прытул завiс,
 Як з паднябесся стрункi сокал,
 Маланкай высмалiў унiз.
 
 Упаў. I ў галаву з размаху!
 Так сокал злёту птушку б'е, –
 Рассыпаўся ён пер'ем птаха;
 Падсвечнiк мне: – Не руш яе!
 
 Жахлiвы крык яе... Над ранкам
 Прыбралi слугi ўсё. Ўзялi
 Астылы труп яе каханка,
 Шнурком увязаны ў кiлiм.
 
 Мiнула ноч сляпая скора,
 Залоцiць сонца маслам даль –
 Кiлiм глынулi прорвы мора –
 Я кiнуты на волю хваль.
 
 
Франсуа Віён
(Fransua Vijons)
 Расказ пра каханне і дружбу
 
 Дружа Франсуа! У цемры ночы
 На вежы звон дванаццаць б’е гадзін;
 На мосце я, прагледзеўшы ўсе вочы,
 Стаю, цябе чакаючы, адзін.
 
 Прыйдзі хутчэй, вазьмі свой меч і кубак,
 Табе паведаю сваю бяду. –
 Вятрэц даносіць голас твой: – Галуба,
 Ужо іду.
 
 Б’е глуха тры, ў няпрогляднай пустэчы
 Над галавою бездань. У руцэ
 Заціснуўшы кульбаку, ля парэнчы
 Стаю. Вада булькоча у рацэ.
 
 І толькі што куранты адгучалі,
 Узнікла постаць з немай чарнаты,
 Нібы з паветра выявілі горы, –
 І кубак з ім, і меч. – Мой дружа, ты!
 
 Як вугаль, чорны ўвесь, акрыты
 Плашчом начным да ног, як тая здань,
 І толькі паліць позіркам, нібыта
 Наскрозь пранізвае твой твар і стан.
 
 Наструнены, як хвост у дзікай кошкі,
 Гатовы на атаку, на адпор,
 У кожным слове быў салодкі й горкі,
 Далёкі й блізкі, як мігценне зор.
 
 Як салавей начны, язык хмяльны ягоны,
 І смех, як смерч шалёны, ў ім гудзеў,
 Як смерць, няўхільны быў ён і раптоўны,
 Бо ні пачатку, ні канца не меў.
 
 Часцінка сонца ён ці з пекла зброднік?
 Шумела кроў у ім, як вечны бор.
 Ён кіраваўся розумам гасподнім,
 А ў дзёрзкасці яму за брата – чорт!
 
 Стаіць. Усмешкаю у страх мой меціць.
 Рукою рэзка шаблю з похваў – ззек! –
 Канцом ляза стрыкнуўшы з неба месяц,
 Яго ў далоні напалам рассек.
 
 – Бяры і еж. Як дружбы палавіну
 Прымі, на пабрацімства па крыві.
 Чым паслужыць? За сябра шаблю выму,
 І песняй удружу тваёй любві! –
 
 І зноў смяецца. Есць кавалак, чутка
 Чакаючы маіх таемных слоў.
 Ды што зламаная раскажа дудка? –
 Мне як язык раптоўна адняло.
 
 Я ўнурана стаю, у горле прыкра.
 Шпурляе ноч у прорву зорны гнеў.
 Мой друг затоеным у сэрцы крыкам
 Прарваўся раптам, грозна загрымеў.
 
 – Калі б не быў ты ворванню такою,
 Што згідзіць кату пэцкацца, – павер,
 Пасек бы шабляй я, сваёй рукою,
 Цябе цяпер. –
 
 Нагнуўся ён і, кубкам зачарпнуўшы,
 Парослай бросняю рачной вады,
 У твар мне выплюхнуў смурод – аж вушы
 Ад сораму гараць і ад жуды.
 
 – Хадзем, – сказаў, – я ведаю, што трэба:
 Паказвай мне акно ў яе жытло, –
 На неба ўзлезу, што там тое дрэва.
 З тваёй адвагі выйдзе памяло.
 
 Ты, бачу, слабаваты у каленках, –
 Тым часам там яна адным-адна:
 Я не дазволю, каб твая паненка
 Чакала марна давідна.
 
 Давай мне вопратку. А нораў труса
 Пакінь сабе. Мне толькі вобраз дай. –
 І я пакорліва яму здаюся:
 А гарам хай гарыць яно ўсё, хай!
 
 А свет жыве ў сваім бясконцым сненні.
 Імгненні порстка мчацца самахоць.
 Я ўвесь трымчу: на мост кладуцца цені,
 Я ўсё аддам: свой гонар, дух і плоць.
 
 Ідзем удвух. Удвух? – Якое двое,
 Калі я ззаду – дужа слабкі цуг.
 Няма ні звання тут мяне, затое
 Ступае з прагаю пакепнік-друг.
 
 Акно каханай. Ён у змроку тоне.
 Як пах, як бог, растаў у тым акне.
 Час убівае мне хвіліны ў скроні.
 У зайздрасці гару, як на ражне.
 
 Мне слепіць вочы бляск з акна каморкі –
 Бо нават камень пад разцом – і ён
 Выспеўвае шчасліва боль твой горкі,
 І мне карціць, няўдальцу, да акон.
 
 Чакаю. Што мне боль твой, камень! Млосна.
 Што вечнасць мне, калі і тут я – шлак.
 Чакаю. Душна. Дыхаць невыносна.
 Над галавою неба, як кулак.
 
 Даволі! Хай няздара я, хай дурань,
 Але ж цярпенню ёсць свая мяжа.
 Я – ў дзверы. Ні душы... Адно каптурык
 На ложку, як апошні смех, ляжаў.
 
 Куды ўцяклі? Маўчаць нямыя сцены.
 Яны смяюцца. Стогн. Адчай. І млосць.
 І раптам бачу зрокам чарадзейным,
 Хто гаспадар тут, хто нязваны госць!
 
 Адкуль узяўся нож? Каптур дзявочы –
 На сечку дробную. Я стрымгалоў
 Кідаюся спытацца праўды ў вочы:
 Куды ўцяклі? Нажу падайце кроў!
 
 Лячу, і ўсё ляціць. А не ўцячэце!
 Нішто! Не ўкрые іх ніякі змрок!
 – Не стрыкай крапівой, калючы вецер,
 Не звернеш ты мяне з дарогі ўбок!
 
 Ага, карчма, над уваходам певень
 Бляшаны. Тут яны. І я – ў карчму.
 Яны! Хоць нож мой п’яны – але пэвен!
 Дастань да сэрца – не бяда яму!
 
 Калю імгненна, слепа, ненажэрна,
 Як бык. Кароткі крык. Кароткі ўдар.
 Ачуўся. Божа!.. Скура з жаху сшэрхла –
 Забіты мною падае карчмар.
 
 Як гэта так? Што мне рабіць? Хавацца?
 Змахнуўшы кубкі, міскі са стала,
 Пад ногі ўтрупянелым пагулянцам,
 Крычыць насмешнік едкі Франсуа:
 
 – Калі б не быў ты ворванню такою,
 Што згідзіць кату пэцкацца – павер,
 Пасек бы шабляй я, сваёй рукою,
 Цябе цяпер. –
 
 Рагоча звонка. Любіць смех і кпіны.
 Віно ракою, ім усё адно.
 Што ім натоўп, яны яму не вінны,
 Яны шчаслівыя і п’юць віно.
 
 – Эй, прэч назад! Не рушце! Стойце, слугі!
 Паслухайце, вось так было: – крычыць, –
 Я закалоў гаспадара, заслугі
 Ягонай тут няма, ён ні пры чым!
 
 На стол ускочыў, зброяй грозна бразнуў,
 Натоўп знямеў, як быццам грымнуў гром.
 З усмешкай сонечнай: – Пусціце блазна,
 Калі не хочаце ісці за карчмаром! –
 
 Натоўп раздаўся. Ногі падкасіла
 Нянавісць, ганьба, я ісці не мог.
 Разбіты сорамам, упаў без сілы
 Туды, у цемру, за парог.
 Перакладзена з выдання: Caks A. Izlase. 1, sejums.– Riga: Latvijas Valsts
 Izdevnieciba, 1961.– 422 lpp.
 
 Зборнік Чака “Плача ў вокны туман...” выкладзены на сайцеkamunikat.org




