З “Гімнаў Начы”
(Hymnen an die Nacht)
Стаіш ты ўжо даўным-даўно, юнак,
 На нашым надмагіллі ў задуменні;
 У цемры, нібы суцяшальны знак, —
 Вышэйшай чалавечнасці ўзнікненне.
 Туга нас соладка завабіць так,
 Перш чым жалоба жарсліва сустрэне...
 Жыцця адвечнага — у смерці адкрыццё;
 Ты — Смерць: нам толькі ты нясеш Жыццё.
 
Пачатак
(Anfang)
Не шолах гэта — ці я народжаны
 Не дзеля зоркі гэтай — а толькі так, крыху
      Ў вар’яцкім свеце ў прыцягненне
 Кола магнітнага моцна трапіў?
 
 Ці быў той шолах зграбнай грацыі
 Усведамленым цэлым? — Ці была вера ўся
      У чалавецтва мімалётнай?..
 Што ёсць жыццё, калі гэта — шолах?
 
 Вечна адлучаным быць? — Ёсць у мяне
 Прадбачанне будучай еднасці, што
      Прызнаная ўжо намі — нашай,
 Ды не прыўлашчаная дарэшты...
 
 І гэта — шолах? тады ж бо й ісціны
 Цвярозасць — толькі маса, глей, пустаты
      Усведамленне, адчуванне
 Стратаў, знішчальнае адмовы.
 
 Чым за імкненне жыць узнагародзяць нам
 Памкненне дзікае — быць ворагам сабе,
      На бруд, што наўкола нас, глянуць
 Весела: можа ў тым — прызначэнне?
 
 Што мудраца вядзе праз жыццё, як не
 Паходня — да сэнсу найвышэйшага?
      Што ж мае ён — ствараць цярпліва,
 Легчы ды назаўсёды замерці?
 
 Не шолах ты, а — голас генія,
 Ты — ўвасабленне неўміручасці, ты —
      Усведамленне вартасці той,
 Што толькі тут цяпер пазнаецца.
 
 Некалі чалавецтва будзе мне
 Тым, чым Сафія ёсць — зграбнай грацыяй —
      Яе найвышэйшую свядомасць
 Блытаць не стануць з плачу відзежай.
 
[Двувершы 1798 г.]
([Distichen 1798])
1
 
 Бедная глеба, сябры: трэба рупліва насенне
      Сеяць, каб хоць бы крыху ўсё-ткі ўрадзіла зямля.
 
 2
 
 Клёку замала дасціпнаму — толькі ствараць сусветы:
      Сэрца ў любові натоліць духу памкненні, аднак.
 
 3
 
 Хай рой стракоз ляціць, гэтых чужынак цнатлівых,
      Следам за зоркай двайной, проста з дарамі да нас.
 
 4
 
 Неяк камусьці ўдалося ўзняць шлейф багіні Саіса —
      Што ж ён убачыў? — Дзіва дзівосаў, самога сябе.
 
 5
 
 Князь — гэта нуль, сам сабою — нішто. Ды як лічбы
      Побач адвольна паставіць, значыць ён шмат.
 
 6
 
 Як тыя сеткі, гіпотэзы: як не паставіш, не зловіш...
      Ці ж без гіпотэз Амерыку нехта адкрыў бы?
 Слава гіпотэзе: толькі яна застаецца заўсёды
      Новаю — хоць бы й сябе перамагла самую.
 
 7
 
 Ці ж неразумна шукаць нам хаўруснікаў на начаванне?
      Значыць, і той не дурны, любіць нябожчыкаў хто.
 
 8
 
      Шчаснае спадзяванне Quintus’a
 
 Пятым я нарадзіўся, спазнаў пакуты, жабрацтва.
      Радасна паміраю: трэці сканаў раней.
 
[Сябе самога спазнай]
([Kenne dich selbst])
Ёсць адно, што здаўна шукалася чалавекам;
      І паўсюль — то ў вышыні ці то ў глыбінях зямлі —
 Ён пад імёнамі рознымі — марна — схавацца імкнуўся;
      Ён адчуваў заўжды гэта, толькі не спасцігаў.
 Некалі нехта з’явіўся: дзецям у міфах прыязных
      Шлях да таемнага схову-замку ён апісаў.
 Ды мала хто зразумеў адгадкі сэнс шыфраваны
      Люду наогул няшмат бачыла мэту сваю.
 Часу шмат уцякло, бо памылкі чуццё абвастраюць —
      Што нам і міфы ўжо праўду не хочуць сказаць.
 Шчасны, хто стаў мудрацом і ламаць галаву не мусіць,
      Хто ўжо арэх раскусіў вечнае мудрасці той...
 Толькі разумны — ў адэптах сапраўдных: ён пераўтварае
      Ў золата ўсё і ў жыццё — без цуда-сродкаў зусім.
 Пáра ў свяшчэннай колбе — дух царскі; а вось — Фэбаў храм...
      І ўрэшце кеміць ён: Сябе самога спазнай.
пераклад з нямецкай — Лявон Баршчэўскі
 Пераклад зроблены з выдання:
 Novalis. Werke in einem Band. — Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1983.© Лявон Баршчэўскі, пераклад, 2010
 




